Ён гаварыў гэта i размахваў сваёю жалезнай булавою так, што вецер свiстаў вакол i камянi разляталiся на ўсе бакi.
Замест таго каб павярнуцца i ўцякаць, Тэзей кiнуўся насустрач велiкану i сутыкнуўся з iм так хутка, што Перыфет не паспеў стукнуць юнака, а Тэзей ужо абхапiў яго рукамi за пояс i моцна сцiснуў. Ад нечаканасцi Перыфет выпусцiў з рук сваю булаву i нагнуўся, каб падняць яе. Тэзей тут жа збiў кульгавага з ног i ўсадзiў яму ў грудзi бацькаў меч. Потым ён сцягнуў цела велiкана з дарогi, падняў яго булаву i пайшоў далей, радуючыся сваёй першай перамозе.
Але гэта быў толькi пачатак яго выпрабаванняў.
На Iстме, iдучы праз густы i цёмны хваёвы лес, юнак пачуў, як драпежныя птушкi з крыкам бiлiся ў вяршалiнах соснаў, нiбыта дзялiлi нейкую крывавую здабычу. Раптам люты велiкан Сiнiс напаў на Тэзея ззаду, збiў з ног, звязаў i павалок у лясныя нетры.
- Бачыш вунь тыя дзве высокiя сасны, верхавiны якiх глядзяць у неба? сказаў велiкан Тэзею. - Я сагну iх унiз, да самай зямлi, прывяжу цябе да iх за рукi, за ногi - i адпушчу. Так раблю я з тымi, хто прыходзiць у мой лес, нездарма мяне завуць Згiнальнiк Соснаў!
Сказаўшы гэта, велiкан ухапiў за макаўкi дзве блiжэйшыя сасны i пачаў прыгiнаць iх да зямлi, не звяртаючы ўвагi на свайго палоннага.
Тэзей зубамi выцягнуў бацькаў меч з ножнаў, перарэзаў вяроўкi на руках i нагах, цiхенька падкраўся i стаў за спiною велiкана разбойнiка. Як толькi верхавiны соснаў паслухмяна дакранулiся да зямлi i велiкан наступiў на iх нагамi, Тэзей моцна схапiў яго за рукi, аблытаў iх вяроўкамi, прывязаў да галiн i, адступiўшы, пусцiў сосны на волю. Са страшэннай сiлай выпрасталiся высокiя дрэвы i разарвалi Згiнальнiка Соснаў напалам.
А Тэзей узяў свой меч i булаву i, не азiраючыся, заспяшаўся прэч з гэтага страшнага лесу.
Ён iшоў усё далей i далей i прыйшоў на бераг мора. Тут на скалiстым выступе над морам сядзеў велiкан Скiрон, якi прымушаў усiх падарожных мыць яму ногi.
Тэзей зiрнуў унiз i ўбачыў мноства чалавечых касцей на беразе, а з вады высоўвала прагную пашчу вялiзная марская чарапаха. Юнак зразумеў, што яму пагражае; ён прыкiнуўся, нiбыта хоча выканаць патрабаванне велiкана, i нагнуўся, быццам хацеў зачэрпнуць вады з мора. Велiкан падняў нагу, каб сапхнуць юнака ў мора, як спiхваў усiх дагэтуль. Тэзей тут жа схапiў велiкана за нагу i скiнуў яго самога ў ваду на з'ядзенне марскому страшыдлу. Перамогшы i гэтага разбойнiка, Тэзей рушыў далей.
Недалёка ад Элеўсiна давялося яму схапiцца з асiлкам Керкiёнам, якога яшчэ нiхто нiколi не мог перамагчы. Тэзей быў малады, спрытны, i прыёмам барацьбы яшчэ з маленства вучыў яго мудры Пiтфей, а Керкiён быў няўклюдны i прывык перамагаць слабых, - i Тэзей хутка адолеў яго.
Задаволены сваiмi перамогамi i думаючы пра блiзкую сустрэчу з бацькам, Тэзей заспяшаўся далей i iшоў, не спыняючыся, аж да змяркання.
У цемры спынiў яго на дарозе чалавек i пачаў угаворваць зайсцi да яго ў дом адпачыць i пераначаваць.
- Уночы небяспечна iсцi аднаму па бязлюднай дарозе, - гаварыў чалавек, зайдзi ў мой дом, падсiлкуйся разам са мною i адпачнi на маiм ложку. Мяне завуць Пракруст, дом мой заўсёды адчынены для падарожнiкаў, i мой ложак гатовы для цябе.
Пракруст запрашаў так ласкава, што Тэзей ахвотна згадзiўся i зайшоў да яго ў дом. Але чалавек той быў каварны i люты разбойнiк: ён заваблiваў падарожнiкаў i ўкладваў iх на свой ложак; каму ложак быў малы - таму адсякаў галаву або ногi, а каму ложак быў завялiкi - таго выцягваў так, што падарожнiк памiраў у пакутах. Пракруст хацеў загубiць i Тэзея. Ды юны герой, убачыўшы акрываўлены Пракрустаў ложак i чалавечыя абрубкi вакол яго, так разгневаўся, што схапiў самога разбойнiка i шпурнуў яго на страшны ложак. А паколькi пасцель была кароткай, ён адсек Пракрусту яго доўгiя ногi. Пакiнуўшы яго на праклятым ложку, Тэзей выйшаў з дома разбойнiка i заспяшаўся да свяшчэннай крынiцы, каб адмыцца ад пралiтай крывi.
Нарэшце ён убачыў перад сабою Афiны i ўвайшоў у горад свайго бацькi.
Жыхары Афiн пазiралi на яго са здзiўленнем, калi ён iшоў па вулiцах: яго доўгая вопратка, доўгiя да плячэй валасы былi незвычайныя для афiнян, i яго палiчылi за дзяўчыну. Рабочыя, што будавалi храм на плошчы, пачалi смяяцца з яго. Тэзей узлаваўся, схапiў пустую каляснiцу i шпурнуў яе ў жартаўнiкоў з такой сiлай, што яна заляцела на дах храма. Усе ўбачылi, што перад iмi не кволая дзяўчына, а юны герой, якi валодае вялiкаю сiлаю, i як мага хутчэй правялi яго да палаца цара, куды ён iшоў.
Эгей быў тады ўжо стары. У яго доме ўсiм распараджалася чараўнiца Медэя, якая раней была жонкай арганаўта Язона, а потым уцякла з Карынфа i папрасiла прытулку ў афiнскага цара, паабяцаўшы вярнуць яму маладосць.
Медэя адразу ж здагадалася, што юнак, якi прыйшоў у палац, - сын Эгея. Прыход Тэзея ў Афiны абяцаў шмат змен, i яна зразумела, што яе ўлада над царом скончыцца. Медэя вырашыла звесцi са свету маладога царэвiча. Калi Эгею сказалi, што ў палац прыйшоў чужаземец i хоча пабачыцца з царом, Медэя пераканала старога цара, што госць гэты - злачынец, якога падаслалi ворагi, i ўгаварыла Эгея атруцiць яго.
Тэзей сядзеў побач з Эгеем за царскiм сталом i з хваляваннем чакаў выпадку, каб паказаць цару, што ён яго сын. I вось, калi Медэя, падаўшы знак цару, з каварнай усмешкай падала юнаку чашу з атручаным вiном, Тэзей дастаў з ножнаў бацькаў меч - нiбыта для таго, каб адкроiць сабе лусту хлеба. Эгей пазнаў свой меч i зразумеў, хто гэты юнак, што прыйшоў да яго. Ён вырваў у яго з рук i кiнуў вобземлю атручаную чашу i абняў свайго сына. Убачыўшы гэта, Медэя адразу ж выбегла з палаца i ўцякла з Афiн.
Эгей загадаў апавясцiць усiх афiнян, што прыйшоў яго сын, iх будучы цар, i наладзiў баль, каб адсвяткаваць сваю сустрэчу з Тэзеем.
Але ворагi Эгея, якiя даўно хацелi адабраць у яго Афiны i толькi чакалi смерцi старога цара, каб захапiць горад, былi вельмi незадаволены, што з'явiўся малады наследнiк. Яны парашылi сiлай перашкодзiць яму i паслалi ў Афiны атрад воiнаў; меншую яго частку накiравалi да гарадскiх варотаў, а другая - большая - павiнна была тайком абысцi горад i напасцi на афiнян з тылу. Тэзей разгадаў хiтрыкi ворагаў, знянацку сам напаў на тых, што былi ў засадзе, у тыле, i перабiў усiх воiнаў да адзiнага. А тыя, што падышлi да варотаў, даведаўшыся пра пагiбель другога атрада, разгубiлiся i кiнулiся наўцёкi. Так Тэзей пазбавiў бацьку ад даўнiх яго ворагаў i спадзяваўся, што нiхто больш не парушыць спакою i мiру ў Афiнах.
Ды аднойчы ранiцай яго пабудзiлi крыкi людзей. У горадзе быў пярэпалах. Тэзею расказалi сумную гiсторыю.
Было неяк раз свята ў Афiнах. З'ехалiся госцi з розных гарадоў. Юнакi спаборнiчалi ў сiле i спрыце, у бегу i барацьбе. Сын крыцкага цара Мiнаса перамог у спаборнiцтве ўсiх афiнскiх байцоў. Эгей не мог сцярпець гэтага. Ён прапанаваў пераможцу паказаць сваю сiлу - утаймаваць раз'юшанага быка, з якiм нiхто не мог справiцца. Бык забiў крыцянiна.
Тады Мiнас сабраў свае караблi, пайшоў вайною на Афiны i асадзiў горад. Афiняне не вытрымалi цяжкай асады - голад прымусiў iх здацца. Мiнас запатрабаваў з Афiнаў страшную данiну: кожныя дзевяць гадоў яны павiнны пасылаць сем дзяўчат, самых прыгожых, i сем юнакоў, самых дужых, на Крыт. Там на беразе мора стаяў вялiзны змрочны палац - Лабiрынт. Яго пабудаваў калiсьцi вядомы грэчаскi дойлiд Дэдал, калi жыў у палоне ў Мiнаса на Крыце. У гэтым палацы было столькi пакояў i залаў, столькi дзвярэй i пераходаў i так хiтра быў заблытаны план яго, што той, хто трапляў у палац, бясконца кружыў па iм i не мог знайсцi з яго выхаду. Нiбы вялiзная пастка быў Лабiрынт: пасярэдзiне яго, куды вялi ўсе заблытаныя хады, жыў людаед Мiнатаўр - страшыдла з галавою быка. Казалi, што Мiнатаўра нарадзiла Пасiфая, жонка Мiнаса, i цар загадаў пабудаваць Лабiрынт, каб схаваць у iм сваю ганьбу. На з'ядзенне Мiнатаўру аддаваў Мiнас афiнскiх юнакоў i дзяўчат.
I вось зноў надышла страшная часiна. У афiнскай гаванi рыхтавалi карабель i ў знак смутку падымалi на iм чорныя ветразi. Плач чуўся з дамоў асуджаных.