Зараз уся ўвага гасьцей зьвярнулася на Васiля. Добрая сотня пар вачэй абмацвала яго волатаўскую постаць, нязграбна ўцiснуўшуюся ў крэсла. Усё гэта было-б нават i добра, каб не пякучы позiрк адной пары блакiтных, як само неба, вачэй, - яны пяклi, пранiзвалi, прыцягвалi, i прымушалi трапятаць душу...
Рэгiна й Келябовiч адразу не заўважылi Васiля й старалiся з усiх сiлаў вiтаць Князя. Аднак пасьля таго, як Князь гукнуў яго да сябе й ласкава ўсадзiў побач, яны трохi разгубiлiся. I ня дзiва: ад iх вачэй ня ўкрылася паражаючая перамена ў Васiлёвай вопратцы, на якой жарам гарэў залаты Рыцарскi пас. Значыць: Васiль - Драб! Ад гэтага й разгубiлiся яны, але толькi на адзiн момант. Бо ня ўкрылася й тое, што Васiль пазнаў яе й надалей кахае... Хуценька перакiнуўшыся караценькiмi заўвагамi з бацькам, Рэгiна ўжо не адрывала сваiх вачэй ад свайго адрынутага паклоньнiка. "Яго трэба вярнуць!" - думала яна. "Трэба, каб ён забыўся пра крыўду апошняга спатканьня!..."
Малады шляхцiц, упарта ўвiваўшыся перад гэтым каля Келябовiчанкi й карыстаючыся яе ласкай, цяпер адчуў рэзкую перамену. Яна больш не рагатала зь яго жартаў, адмахвалася ад яго паслугаў, не заўважвала яго прысутнасьцi. Скрыўджаны такiм абаротам справы й прасачыўшы яе позiрк, ускiпеў страшэннай ненавiсьцю да вiнаваўцы сваёй няўдачы, i рашыў адпомсьцiць яму пры першай-жа нагодзе. Пахмура засеў за стол, i, не дакранаючыся да вiна, зпадылба пазiраў на Васiля.
Служкi, тым часам, разносiлi вялiзарныя мiсы ежы. Цалкам усмажаныя бараны й цяляты, вялiзарныя падвэнджаныя шынкi, гусi, цяцярукi, качкi... Смажанае й варанае горамi грувасьцiлася на сталох. Вiно, мёд, пiва - у цэбрах, бачурках, глечыках i збанках падносiлася ўпярамежку з квасам i сокам. Князь устроiў вячэру на славу, а госьцi не прымушалi сябе прасiць. Сьмех i гутаркi перамяшалiся з хрустам храшчоў i сочным чмяканьнем. Звон кубкаў зьлiўся зь пiскам валынак, громам бубнаў i сьвiстам дудаў...
Чым даўжэй цягнулася бяседа, тым большыя горы абгрызеных косткаў расьлi пад сталамi, тым меней сусед прыслухоўваўся да суседа, заняты вiном, закускай i сваёй собскай гутаркай...
Выкарыстаўшы агульнае вясельле, i не знаходзячы пакою пад упартым позiркам Рэгiны, Васiль памаленьку вылез з-за стала й выйшаў з залi. Малады шляхцiц, разпалены прагай помсты, пасьпяшаўся сьледам, паспрабаваўшы загадзя, цi лёкка вылазiць меч з похвы.
Нiхто, акрамя Рэгiны, не заўважыў, як абодва зьнiклi за дзьвярыма, нават i сам Келябовiч...
Васiль у задуме накiраваўся проста перад сабой, нiчога не шукаючы й нi ад каго не хаваючыся. Яму хацелася пабыць на самоце, удыхнуць начнога сьвежага ветру й разабрацца ў наплыве пачуцьцяў. Непрыкметна для самаго сябе, апынуўся на каменным памосьце муру, i, углядаючыся ў чорную ноч, цяжка задумаўся, абапёршыся аб мураваны зубец забарола. Унiзу цiха булькацела вада, квакталi жабы. Хвалямi даносiўся гоман бяседы...
Раптам пачуцьцё небясьпекi пранеслася ў сьведамасьцi. Мiмаволi крута абярнуўся, зрабiўшы паўкроку ўбок. I ў гэты-ж мiг, стальное лязо мяча чырканулася аб зубец, высекшы сноп iскраў.
Хапацца за зброю ўжо няма калi, i Васiль са ўсяго размаху задзялiў напасьнiку кулаком у скiвiцу, аж нешта храснула.
Цёмная постаць напасьнiка захiсталася, i толькi зубец забарола, за якi ён ухапiўся, утрымаў яго на нагах, меч з жаласным звонам пакацiўся па каменных плiтах памосту. Васiль кiнуўся ўперад i, ня даўшы працiўнiку апамятацца, згроб яго ў ахапак.
- Хто ты?... Чаго ад мяне хочаш?...
Напасьнiк, яшчэ канчаткова не прачухаўшыся, iрвануўся, але Васiль сьцiснуў яго мацней, аж енк вырваўся з прыдушаных грудзей.
- Хто цябе паслаў? - шыпеў далей, яму на вуха, Васiль, адчуваючы прылiў шалу й баючыся, каб нiхто не пачуў яго слоў i не перашкодзiў. - Кажы!... Князь Брачыслаў?... Цi хто iншы?... Кажы, бо прыдушу як пса!...
- Пусьцi, нягоднiк! - iзноў iрвануўся напасьнiк. - Нiхто мяне не пасылаў... Выцягвай свой меч... тады пабачым, хто каго! Цi мо' баiсься?...
- Ты ня варты гэтага гонару! - iзноў зашыпеў Васiль. - Той, хто нападае ззаду, той...
- А той, хто крадзе чужых нарачоных, iншага й не заслугоўвае! - гнеўна перабiў шляхцiц. - Пусьцi!
Ад гэтых слоў Васiль аж атарапеў, i на момант аслабiў уцiск. Гэтага якраз i хапiла. Шляхцiц крутнуўся i, як зьмяя высьлiзнуўшы з рук, падхапiў свой меч.
- Чыю-ж нарачоную я ўкраў? - зьдзiўлена спытаў Васiль, выцягваючы свой меч.
- Маю! I за гэта загiнеш! - кiнуўся ўперад шляхцiц, цэлячы мячом Васiлю ў чэрава.
Васiль спрытна адвёў удар i, у некалькi заходаў, абяззброiў працiўнiка, выбiўшы яму меч з рук.
Бачачы, што тут ня жарты, i апынуўшыся ў такiм бязвыхадным становiшчы, шляхцiц кiнуўся ўцякаць. Аднак не пасьпеў ён зрабiць i некалькi крокаў, як Васiль ухапiў яго ўпоперак i, падняўшы над галавой, перакiнуў цераз забарола ў непраглядную ноч. З гучным енкам бухнуўся бядак у цёмную ваду рова. Сьледам паляцеў меч.
Узбуджаны й разьюшаны Васiль накiраваўся назад у залю, з намерам спытаць у Князя Брачыслава, што мае значыць гэты начны напад. Няўжо так сустракаюць Гаспадарскiх пасланцоў у Полацку?...
У цемры абазначыўся вузкi праход у галярэю, вядучую з муру ў нутраныя пакоi Замку. У глыбiнi галярэi цьмяна сьвецiцца паходня, кiдаючы чырвоныя водблiскi...
Раптоўна, нейкая цёмная постаць засланiла дарогу. Яна вырасла як з-пад зямлi - бязгучна, нечакана й таямнiча. Васiль уздрогнуў i, адступаючы на крок у тыл, выхапiў iзноў меч. Постаць не варухнулася. Яна, нiбы прывiд, маўклiва засланiла праход. Чырвонае сьвятло паходнi вандруючымi касмылямi перабягала ў яе за сьпiнай. Штось жудаснае, пякельнае, было ў гэтым вiдовiшчы. Мурашкi папаўзьлi па сьпiне, i на галаве заварушылiся валасы...
- Хто ты? - глуха спытаў Васiль, заносячы меч. - Кажы!
- Васiль, я ўсё бачыла... - пачуўся жаночы шопат. - Толькi, за радзi Бога, цiха!...
- Рэгiна! Ты?... - ускрыкнуў уражана Васiль. - Што ты тут робiш?...
Уся душа, здавалася, ускалатнулася ў няшчаснага Драба. Тысячы супярэчных пачуцьцяў, у адзiн момант, зблыталiся ў зачараваны клубок. Немагчыма стала разабрацца, дзе ненавiсьць, каханьне, агiда, дзе пяшчота, жаль, гонар, абраза, надзея, безнадзейнасьць... Хацелася ганарыста прайсьцi мiма, паказаць сваю пагарду, каб i яна адчула боль уражанага самалюбства. Але, з другога боку, так i карцела схапiць яе ў абдымкi, прыцiснуць да сябе яе хiсткую постаць, i цалаваць, цалаваць без канца й бяз краю... Упiвацца дурманам каханьня й забыцца пра ўсё на сьвеце... Але...
- Што ты тут робiш? - нарэшце выцiснуў зь сябе Васiль.
- Я ўсё бачыла й чула... Гэта ён пра мяне казаў. Я баялася за цябе, Васiль... Я... кахаю цябе... Толькi цябе аднаго! Яго я нiколi не хацела, гэта татусь мой настаяў...
- Дык ты зару...
- Маўчы! - засланiла яна рукой рот Васiлю. - Дай я скажу... Дай мне пакаяцца перад табой...
- Ну?..
- Я вiнаватая... Памятаеш, тады, перад тваiм ад'ездам?.. Ты паехаў скрыўджаны... Мы-ж кахалiся з табою, Васiлёк, з самага маленства... Пазьней я не магла сабе прабачыць. Прабач хоць ты?... Скажы, што кахаеш, што не забыў, i гэтага будзе досыць... Нявольнiцай тваёй буду... Васiль!... - яна ўхапiла яго за руку й паднесла яе да вуснаў.
Галава пайшла колам у беднага Васiля. Дотык яе рукi, яе вуснаў, яе словы хмелем асядалi ў душы, блыталi намеры, i густой iмглой засьцiлалi розум. Ён адчуваў блiзiню яе трапёткага стану, адчуваў сваю ўладу над ёю i ўсё болей i болей губляўся. Рэгiна-ж па свойму зразумела яго маўчаньне. Яна ня вычула той неймавернай барацьбы, якая бушавала зараз пад сталёвым нагруднiкам i, баючыся выпусьцiць Васiля з рук, працягвала:
- ...I заручыны, супраць маёй волi, татусь справiў зь iм. За багацьцем пагнаўся. Але я нiколi не хацела яго й не хачу... Вось глянь! - яна хутка сарвала з пальца пярсьцёнак i кiнула ў цемру...
Гэты яе ўчынак разам прабудзiў у памяцi Васiля недалёкае мiнулае. Успомнiлася, як гэтак-жа бязьлiтасна, яна парвала зь iм самiм. З выглядам i пыхаю каралевы, абразiла яго, абразiла ягоны род, i бедную адзiнокую сiрацiну Марылю, ды дала зразумець, што болей не жадае бачыцца. I што-ж гэта раптам здарылася? Сама прызнаецца ў каханьнi, цалуе рукi, абяцае быць нявольнiцай?... Цi мо' яна сапраўды адумалася, цi мо' якая iншая прычына? Бядак забыўся, што зараз на iм блiшчыць залаты пас, а значыць, не абы якая маёмасьць. Забыўся, што ён сёньня першы госьць у Князя Брачыслава. I забыўся, што бываюць дробныя людзiшкi, ласыя на золата, i подлыя, здольныя апляваць найвышэйшыя пачуцьцi чалавека, за такое-сякое багацьце й дастатак. Ён ня мог-бы паверыць, што каханьне Рэгiны, так адчынена ёю выказанае, было не да Васiля, а да Драба з Копыля. Гатоў быў ужо прыгарнуць яе, але нейкая падсьведамая сiла ўтрымала, i прымусiла яшчэ раз задумацца над яе ўчынкам зь пярсцёнкам.