Канцлер паважна выступiў уперад i, зварочваючыся да Сыча, прамовiў:
- Падсудны Сыч! Ясьнейшы Суд жадае ведаць, пад якiм iменям будзеш адказ трымаць за свае лiхадзействы? I зь якога ты роду й паходжаньня?
- Адказываць буду пад тым iмём, пад якiм жыў дасюль! Сыч - маё ймя, а паходжаньнем я з Пушчы, - Сыч з Пушчы! - Атаман апрышак трымаўся ганарова, але з належнай павагай да Высокага Суда. Ён ведаў, што ад яго вытрымкi й захаваньня залежыць лёс яго собскi, i лёс яго верных сяброў.
Канцлер павярнуўся да Вiтаўта й паўтарыў:
- Падсудны просiць дазволу баранiцца пад iменям: Сыч з Пушчы.
Вiтаўт незадаволена скрывiўся, бо ведаў, што гэта не сапраўднае ймя падсуднага, аднак, зiрнуўшы на Фёдара, прамовiў:
- Хай будзе й так! Горш для яго самаго!... Скаргу чытай!
Канцлер, каторага Ваявода Фёдар ужо пасьпеў схiлiць на свой бок, з дакорам зiрнуў на Сыча, разгарнуў скрутак паперы й пачаў чытаць пералiк правiнаў, якiя падалi на галаву падсуднага, як удары кавальскага молату. Скарга выявiлася непамерна доўгаю...
У часе чытаньня, Сыч то падымаў зьдзiўлена брывы, то весела ўсьмiхаўся, то дапытлiва паглядаў на твар Вiтаўта. Апрышкi, час ад часу, падымалi глухi гоман, выказваючы сваё зьдзiўленьне й незадавальненьне.
Ваявода Фёдар, стоячы побач трону, пераносiў найцяжэйшыя душэўныя мукi. Было вiдавочна, што пасьля такога даўжэзнага пералiку злачынстваў, Суд вынясе найстражэйшы вырак. Нават, калi ня сьмерць ад рукi ката, то ўвязьненьне "на жывот". Аглядаючыся наўкола, Ваявода бачыў, як пачыналi блiшчэць у страшэнным гневу й ненавiсьцi вочы Дастойнiкаў Судовых. Шмат хто зь iх аж прыўстаў з крэсла, каб лепей было чуваць. Князь Жыгiмонт Карыбут нецярплiва церабiў дзяржальну мяча. Пасаднiк Вiленскi ледзь утрымаў сябе ў крэсьле, каб ня скочыць на падсуднага. Барадаты й прастакаваты Драб - Сенька з Пагосту - грыз сабе пальцы, вачамi мечучы маланкi. Сiла Вахрэмчык - Войт з-пад Лiды скрыгатаў у гневу зубамi. Драб Кур'ян Рэпiн, упёршыся нагамi ў брук, матляў галавой, як дзiкi конь, якi вось-вось сарвецца й усё разьнясе на сваiм шляху. Князь Глiнскi шыпеў, як разпаленае жалеза...
А Канцлер усё чытаў. Не прамiнуў ён: нi ганца, павешанага гакам за рабрыну, нi засечанага гусьляра, нi зруйнаваных Чапрукоў, нi забойства сям'i Вадзянiка - перавожчыка на Прыпяцi, нi налёту на працоўны аддзел пад Барысавам. Упамянуў пра захоп Конева й павешаньне там Самойчыка, Белагрудзкага й Несьцяровiча, пра рабункi ў пасаднiцтве Берасьцейскiм, пра пусканьне пад лёд жывых людзей, пра напад на Кандрата Тура пад Слуцкам, ды шмат, шмат iншых страшных i крывавых праступстваў, за якi кожны адзiн - належалася аддаць вiнаваўцу ў рукi ката.
Сыч слухаў моўчкi. Апанаваўшы сябе, супакойна ўглядаўся на скрутак у руках Канцлера. Адзiн толькi раз ён уздрыгануўся й мiмаволi зiрнуў на Ваяводу Фёдара...
Калi нарэшце ў абвiнавачаньнi Канцлер дайшоў да Турна, Сенька з Пагосту ня вытрымаў i, выхапiўшы меч, падскочыў на ногi з крыкам:
- Сьмерць! Галаву зьняць душагубу! - i кiнуўся к Сычу.
Але, у гэты момант, зь цяжкiм звонам, перад Сычом упала баявая рукавiца, i глухi голас, як-бы прыдушаны гневам, выкрыкнуў:
- Хто пасьмее без Судовага выраку дакрануцца да гэтага чалавека, той мусiць спачатку падняць маю рукавiцу!
Сенька крута павярнуўся, i выраз нестрыманага гневу адразу-ж зьмянiўся шчырым зьдзiўленьнем - рукавiцу кiнуў Ваявода Фёдар. Ён зараз стаяў бледны й пiльна ўглядаўся ў Драба з Пагосту. Рука Фёдара спачывала на дзяржальне мяча.
Вiтаўт - супакойна ўсьмiхаўся. Рэшта Дастойнiкаў паўскоквалi зь мейсцаў ад зьдзiўленьня й, адначасна, цiкавасьцi - спадзяючыся немiнучае сваркi мiж Фёдарам i Сенькай, бо Сенька з Пагосту, як зубр, нiколi й нiкому не ўступаў, i рад быў пры кожнай нагодзе паказаць сваю сiлу. А сiлай ён славiўся далёка за межы Лiтвы. Аднак сталася неспадзеўка - Сенька ўпхнуў свой меч у похву й вiнавата прамовiў:
- Калi ты, Ваявода, становiсься ў яго абарону, то й мне дазволь далучыцца... Двох, гэта ўжо сiла! - з гэтымi словамi ён кiнуў сваю рукавiцу к нагам Сыча. - Але скажы мне, Ваявода, чаму? Цi мо' ён табе сваяк, цi мо' грошы вiнават? - прастадушны твар Сенькi выказваў такую мешанiну неўразуменьня й рашучасьцi, што ўсе на пляцы, уключаючы варту й апрышак, выбухнулi рогатам.
Не рагатаў толькi Ваявода Фёдар, ён зьбег з Гаспадарскага падвышэньня й, парыўчата абняўшы Сеньку, прамовiў:
- Я заўсёды любiў цябе! А зараз... - Фёдару забракла слоў. Ён моўчкi сьцiснуў магутныя Сенькавы плечы й радасна ўсьмiхаўся.
- Ваявода, пусьцi... - нарэшце ўзмалiўся Сенька. - Духу бракуе... - i калi Фёдар апусьцiў рукi, павярнуўся да Вiтаўта й папрасiў: - Ваша Высокасьць, дазвольце мне на Суду Гонару баранiць жыцьцё й гонар гэтага Сыча? Ён нявiнны! Ваявода Фёдар так кажа, i я гатоў давесьцi гэта кожнаму, мячом i сякерай, конна цi пеша!
Новы выбух сьмеху пракацiўся па пляцы. Аднак ня шмат хто адважыўся-б падняць гэтыя рукавiцы...
- Хай дачытаюць да канца Скаргу! - заўважыў праз рогат Вiтаўт. Нельга на палове кiдаць...
Канцлер прыняўся чытаць, але Сенька больш ня слухаў. Страшэнна вылупiўшы вочы, ён выклiкаюча пазiраў на бакi, як-бы чакаючы, што вось-вось нехта кiнецца на Сыча...
- Сыч з Пушчы! - загутарыў Вiтаўт. - Ты чуў Скаргу ад пачатку й да канца, адказывай цяпер - баранiся! А мы пабачым, на колькi ты вiнен.
- Вялiкi Гаспадар! I дастойныя Драбы! - пачаў Сыч. - Ад сваёй правiны я не адмаўляюся, i з пакорай прыйму кожны вырак, якi Высокi Суд вынясе! Я без супрацiву паддаўся ў Камянцы Гаспадарскаму Сотнiку Васiлю з Копыля, хаця мог адбiцца... Праз усю дарогу сюды, у Трокi, я нават не падумаў уцячы, хаця быў без кайданоў, бо верыў у справядлiвасьць Суду Гаспадарскага. Але са Скаргой я не пагаджаюся! Там поўна такога, аб чым я нават i ня чуў. А закiдаць гэтыя правiны мне, значыць хлусiць! I я гэта давяду! Чаму я павiнен у сьмерцi гусьляра Макара? Хто давядзе, што гэта зрабiў я?
- Доказаў пэўных няма, - заўважыў Канцлер. - Але калi ты не давядзеш, што гэта ня ты, то вiна падзе на цябе! Хто-ж iншы?
- Я давяду! - ускрыкнуў Сыч i, павярнуўшыся к апрышкам, гукнуў. - Мiколка, хадзi сюды!
Дрыжучы як асiнавы лiст, хлапчук выйшаў уперад. I, як-бы шукаючы падтрымкi, ухапiся за руку Сыча.
- Вось! - указаў на яго Сыч. - Гэты падлетак - унук таго гусьляра, i быў яму за павадыра. Ён сам ледзь жывы ўцёк, я знайшоў яго ў лесе галоднага й хворага. Спытайцеся яго, i ён скажа, хто забiў яго дзеда!
Апавяданьне Мiколкi было кароткае, але яснае, хаця голас хлопца дрыжэў i зьбiваўся ад страху. Ён добра памятаў, як разьюшаны Рыцар з арлiным крылом на шоламе, наводмаш секануў дзеда Макара па галаве, выгукваючы праклёны. Як сам Мiколка, зразумеўшы небязьпеку, нырнуў у кусты й пад градам стрэл дабраўся да лесу...
- За што той Рыцар разгневаўся на дзеда? - спытаў зьдзiўлена Вiтаўт.
- Ня ведаю... - ледзь чутна адказаў Мiколка.
- Ну, а што той Рыцар хацеў ад яго?
- Песьню... пра Караля хацеў... - страх забiваў хлапчуку дух, i ён аж захлынаўся словамi. - А дзедка сказаў, што няма ў яго Караля... Мо' дасьць Бог, Гаспадар наш карануецца, тады й песьнi будзе пра Караля сьпяваць...
- Гм... - спахмурнеў Вiтаўт. - Досыць! Гэтая вiна адпадае, далей што?
- Далей? - iзноў загутарыў Сыч. - Далей Скарга кажа, што я спалiў Чапрукi. А як я мог Чапрукi палiць, калi я ў той час пад Лiдаю быў, зусiм у другiм баку... А Чапрукi вунь аж дзе, пад Бранскам...
- А напад, на працоўны аддзел пад Барысавам?
- Гэта ня ён! - устаў Кур'ян Рэпiн. - Я ў той час у Барысаве быў. Воi апавядалi, што нейкi Драб з арлiным крылом на шоламе, напаў на iх, бо нехта з вояў пазнаў у iм напасьнiка на тыя самыя Чапрукi. Тут выглядае так, што нехта яшчэ злыднi правiць, а на Сыча вiна падае. Шукалi мы тады таго Драба па ўсёй Барысаўшчыне, але зьнiк, як у ваду.
Пiсары старанна запiсвалi прабег суда. Ваявода Фёдар крыху падбадзёрыўся пачатак быў нядрэнны. Пасаднiк Вiленскi ўжо зусiм лагодна пазiраў на падсуднага. Толькi Вiтаўт яшчэ хмурыўся ды глядзеў не ласкава.