Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Так прайшло яшчэ тры днi...

Змагаючыся з холадам i голадам, конь i яздок прыкметна слабелi. Гнядко ўжо ледзь цягаў ногi. А коньнiк? Чым цяжэй рабiлася пераносiць невыгоды, тым упарцейшым i зацяцейшым ён рабiўся, тым пiльней сачыў за Наваградзкай дарогай i Турнаўскiм маёнткам. Хаваючыся ад выпадковых падарожнiкаў, ён аднак не спускаў зь iх вачэй - бачыў i шляхцiцаў, i сялянаў, i конныя вайсковыя аддзелы пад Берасьцейскiмi сьцягамi, i багатыя купецкiя абозы. Але нiхто зь iх нават i не прыкмецiў самотнага й змучанага коньнiка, нястомна наглядаючага за рухам на дарозе.

Наступiў сёмы дзень. У ночы пачалася завiруха. Парыўчасты вецер ганяў хмары сухога калючага сьнегу. Лес рыпеў i трашчаў пад яго моцнымi напорамi, гальлё сьвiстала ды выла, наганяючы тугу й трывогу. У такую непагоду, як кажуць: "i сабаку шкада з хаты выгнаць", аднак упарты коньнiк, як заўсёды, выехаў на сваю варту. Перамагаючы няўстрымныя вiхуры, ён памалу пасоўваўся па дарозе, напружана прыслухоўваючыся да нястрымнага напеву завiрухi. Дрыжучы ад холаду, ён нецярплiва падганяе каня - можа, хуткая язда хоць троху сагрэе. Аднак не, аслабелы конь ня мог спрачацца зь сiлаю ветру, якi рэзкiмi парывамi амаль валiў з ног бедную жывёлiну, а пранiкаючы пад плашч, халадзiў кроў у жылах коньнiка. Часам яму здавалася, што студзёная рука бязьлiтаснае Кастусi хапае яго за горла. З жахам азiраўся наўкола, але, акрамя сьнежных хмараў i пацямнелых акрэсаў лесу, нiчога ня бачыў. Адчай i паняверка пачалi паступова авалодваць iм, калi й па абедзе не напаткаў таго, каго чакаў.

Не зважаючы на завiруху, рух на дарозе не паменшыў, i беднаму коньнiку прыходзiлася штораз ад'яжджаць убок i хавацца ў зарасьнiках.

Якой-жа была яго радасьць, калi нарэшце, празь сьнежныя хмары, ён прыкмецiў колеры Случчыны, трапятаючыеся на кончыках дзiдаў. Не памятаючы сябе ад уцехi й шчасьця, ён выскачыў з зарасьнiкаў i кiнуўся насустрач тром коньнiкам, зьявiўшымся на дарозе. Пярэднi быў у рыцарскiм панцыры й з рысяй скурай на плашчы...

- Кандрат!... Кандрат!... Галубок сакалiны! - закрычаў Кiрым, размахваючы шоламам.

Коньнiкi ад неспадзеўкi асадзiлi коняў й разам апусьцiлi дзiды, рыхтуючыся да абароны, бо хадзiлi чуткi, што дзесь непадалёку зьявiўся Сыч з хеўраю. Але, разпазнаўшы круглы ўзбуджаны твар, яны з трывогай кiнулiся насустрач, яшчэ не зусiм верачы сваiм вачам i вушам.

- Кiрым? - ускрыкнуў адзiн зь iх, нарэшце поўнасьцю разпазнаўшы сустрэчнага. - Што ты тут робiш?

Кiрым, тым часам, залiваючыся слязьмi шчасьця, кiнуўся на шыю зьдзiўленаму й устрывожанаму Кандрату, мала ня вывалiўшы яго зь сядла.

- Гэй! Кiрым, што з табою?

- Кандрат!... Кандраце, нарэшце я цябе пачакаў!

- Слухай, Кiрым! - раззлаваўся Кандрат. - Кажы, у чым рэч! I не душы мяне так, бо па карку дам!

Кiрым адразу схамянуўся й, азiрнуўшыся на дарогу, гукнуў:

- Хутка! За мною! - i рашуча накiраваўся ў зарасьнiк. - Але цiха!...

Коньнiкi чарадой пасунулiся за iм, намагаючыся як мага меней шумець.

Нарэшце, пасьля доўгай, маўклiвай язды, паказаўся цагляны комiн i начлег Кiрыма. Кандрат зьдзiўлена азiрнуўся й нерашуча запытаў:

- А Ваявода тут?...

- Не! Ён там... у маёнтак...

Кандрат дзiвiўся ўсё болей i болей:

- То, хiба, i мы давай туды-ж, у маёнтак?...

Кiрым нiчога не адказаў. Рыўком спынiў каня й рэшце загадаў зрабiць тое самае - на сьнягу, перад хлявом чарнелi сьвежыя купы конскага гною...

Сасьлiзнуўшы зь сядла й перабягаючы ад куста да куста, Кiрым уважна, з усiх бакоў, агледзеў свой прытулак. Вярнуўшыся да сваiх спадарожнiкаў, ён супакоена прамовiў:

- Людзi быў i пайшоў. Нiчога не знайшоў.

Разьмясьцiўшыся ў хляву й разьдзьмухаўшы агонь, Кiрым, перамагаючы радаснае ўсхваляваньне, загутарыў:

- Слухай, Кандрат, бяда! Ваявода там у маёнтак. Можа жывы, можа не, я ня ведаю...

- Дык што-ж ты тут робiш, лайдак ты няхрышчаны? - перабiў уражаны Кандрат.

- Цябе, Кандрат, чакаю. Сем дзён i начэй чакаю... Бяда!

- Навошта чакаеш? Чаго сюды прывёў, а не да Ваяводы?

- Няможна да Ваяводы, схапiлi яго...

- Як схапiлi? А пачот?...

- Забiтыя ўсе... Няма! Ваяводу яны ў маёнтак забраў, а рэшту кiнуў на дарозе... Нехта другi потым забраў. А я цябе чакаю, сем дзён ужо. Бяда!

- Хто схапiў? Хто забiў? А ты як уцалеў? Цi мо' на развод пакiнулi? злосна зарычэў Кандрат, хапаючыся за меч.

Кiрым трохi памаўчаў, як-бы зьбiраючыся зь сiламi, i як умеў па парадку разказаў аб здарыўшымся, пачынаючы ад ад'езду з Кракава й канчаючы на толькi-што адбыўшайся iх сустрэчы.

Кандрат выслухаў гэтае жудаснае апавяданьне, не перабiваючы, i доўга сядзеў моўчкi, ня ведаючы, за што ўзяцца. Надта страшным было злачынства.

- Вось каб Васiль Капыльскi быў тут... - нерашуча прамовiў ён, задумлiва ўглядаючыся ў тлеючае вугольле.

- Няма Васiль, нам трэба думаць! - ускочыў Кiрым. - Залога ў маёнтку зараз невялiкая. Можа трыццаць, а можа й не. Можна варту ў ночы з лука паздымаць, а перабраўся за гарод[32] - нажом рэзаць! Ваколiцу я ведаю добра, увесь гарод рукамi абмацаў. Сам адзiн, хацеў iсьцi Ваяводу шукаць...

- I пэўную сьмерць знайшоў-бы, нiчога болей! - перабiў Кандрат. - Тут трэба йначай... Адзiн ты рады ня даў-бы, не дамо й у чатырох! Пугай абуха не пераб'еш! Тут трэба падумаць, моцна падумаць. От-бы Васiля сюды...

У гэтую ноч, прыкрываючыся сьнежнай завеяй, дзьве постацi бязгучна перасоўвалiся пад высокай сьцяной дубовага частаколу, выслухваючы перагукi вартавых i вымерваючы вышыню сьцяны.

Завея бушавала ўсю ноч, сьпяваючы нудныя песьнi адыходзячай зiме. Сьнег вялiкiмi гурбамi перасоўваўся па адкрытых прасторах, завальваючы ровы й выбоiны. Каля зарасьнiкаў, кустоў i сьцен маёнтку, гурбы парасьлi амаль на вышыню самаго частаколу. Але Кандрата гэта мала цешыла, бо суадношаньне сiлаў было аж занадта неспрыяльным. Неспадзяваны напад нi ў якiм разе ня мог удацца, i пагэтаму адпадаў. Быў яшчэ й другi плян, але i ад яго прыйшлося адмовiцца. Выглядаў ён так: зьвярнуцца за дапамогай да Берасьцейскага Пасаднiка й, апiраючыся на сiлу, патрабаваць выдачы Ваяводы Фёдара. Але тут было болей небязьпекi, чым магчымасьцi ўдачы - Фёдара маглi проста ўкiнуць у калодзезь цi спалiць i гэтым зьнiшчыць усе сьляды злачынства. Чым тады давядзеш, што ён тут быў? Не! Трэба было разьлiчваць толькi на собскiя сiлы й сьпяшацца. Сьпяшацца як мага! Застаецца толькi адно - падпалiць маёнтак i, паклаўшыся на лёс, чакаць зручнага моманту, каб вырваць палоннага. Так i вырашылi.

Наступную ноч правялi ў вышукваньнi найболей адпаведных мейсцаў для пусканьня "чырвонага пеўня". З вышынi сьнежных наносаў, вачам Кандрата й Кiрыма адчыняўся вiд на шырокi й багаты падворак маёнтку. Бязгучна, як ценi, перасоўваючыся з гурбы на гурбу, яны не прапусьцiлi нi воднай дробязi, могшай прыдацца ў будучынi... Заўтра...

* * *

Чатыры чалавекi, нiзка прыгiнаючыся за сьнежнымi наносамi, хутка наблiжалiся да Турнаўскага маёнтку. Адзiн зь iх цягнуў драбiну, зьвязаную з жордак, другi - скрутак вяроўкi.

Завея зацiхла, i лёккi вiльготны ветрык разганяў пахмурыя хмары, час-ад-часу адкрываючы срэбны серп месяца. Здрадлiвыя, няясныя ценi, як прывiды, блукалi на цэлым засьнежаным абшары наўкола маёнтку.

Раптам непадалёку нешта хруснула. Зашамацеў, абсыпаючыся, сьнег.

Кандрат i яго сябры прыпалi да гурбы, гатовыя да ўсяго...

Зьвiнячая цiшыня парушалася ледзь чутным шорахам вiльгатнеючага сьнегу. Далёка ў лесе пачулася конскае йржаньне, у маёнтку брахнуў сабака, i йзноў панурая цiшыня. Можна рухаць далей...

Але раптам хруст паўтарыўся, i на гэты раз болей выразна.

Кiрым хутка выхапiў кiнжал, узяў яго ў зубы, i нячутна папоўз на гук. Кандрат з трывогай назiраў за iм i на ўсякi выпадак падрыхтаваў лук.

Кiрым паступова аддаляўся, наблiжаючыся да вялiзарнай гурбы. Выплыў з-пад хмараў месяц i залiў срабрыстым сьвятлом раўнiну. Кiрыму здалося, што ўперадзе мiльгнула людзкая постаць...

38
{"b":"124333","o":1}