Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Нехта, гаворачы пра жывапiс, заўважыў:

- Iдэальная, дасканалая карцiна - гэта тая, у якой можна выразаць у правым цi левым кутку кавалачак у дзесяць квадратных сантыметраў, i ён будзе ўяўляць сабою нешта цудоўнае.

Гэтыя словы праследавалi мяне ўжо тады, як я, невядомы - з прычыны шаснаццацi маiх псеўданiмаў i нягледзячы на iх, а таксама з-за штодзённага васьмiдзесяцiстаронкавага ўроку - пiсьменнiк, штодня дапускаў найцяжэйшыя памылкi i прамашкi ў адносiнах да мастацтва i добрага густу. Прымусiць жыць дрэва ў садзе насуперак трагедыi, што адбываецца побач... Надаць лiстам гэтага дрэва ўласцiвую iм важкасць... Здаецца, я знайшоў патрэбнае слова - важкасць. Важкасць аркуша паперы, шматка неба, якойсьцi рэчы, усiх тых рэчаў, якiя ў сама напружаныя моманты нашага жыцця набываюць патаемнае значэнне...

Важкасць электрычнага асвятлення, сонечнага промня, зеленаватага святла, якое льецца з-за аблокаў у марозны ранак, важкасць усяго, што вакол нас дажджу, вясны, гарачага сонца, сонечнага зайчыка на стале, ды цi ж мала чаго яшчэ... Важкасць рэчаў, цi, калi дазволiце выкарыстаць слова, якое з дзiўнай упартасцю круцiцца на языку, важкасць Жыцця.

Я не рашаюся гаварыць пра важкасць чалавека, а то ў мяне будзе адчуванне, што я спакушаю Бога. Не рашаюся гаварыць, але думаю, думаю ўвесь час, i мне хацелася б адным рухам вуснаў перадаць усё значэнне чалавечае тэмы, усю драматычнасць сутыкнення чалавека з жыццём.

Выбачайце. Я спрабаваў проста даць вызначэнне рамана, як я яго разумею, а дазволiў сабе заглыбiцца ў напышлiвыя словапляценнi. Аднак менавiта гэта i ёсць раман, а таксама многае iншае. Раман - гэта чалавек, чалавек аголены i чалавек адзеты, чалавек будзённы; часам гэта жорсткая драма, якая разыгрываецца памiж чалавекам аголеным i чалавекам адзетым, чалавекам вечным i чалавекам пэўнага адукацыйнага ўзроўню, пэўнае касты цi пэўнага гiстарычнага моманту, але перш за ўсё гэта драма Чалавека, якi змагаецца са сваiм лёсам.

Цi ж не праўда, пасля ўсяго, што я тут нагаварыў, не дужа лёгка прызнаць сябе раманiстам цi заявiць, што хочаш iм быць або стаць?

Разумееце цяпер маё параўнанне раманiста з богам-бацькам?

У шаснаццаць гадоў я аб'явiў сябрам:

- У трыццаць я напiшу свой першы раман!

У трыццаць я задаволiўся тым, што сказаў:

- Сваiм першым раманам я буду лiчыць той, якi напiшу ў сорак гадоў.

Ну а ў сорак... Цяпер мне сорак трэцi, i я ўсё адсоўваю назначаны тэрмiн, бо чым больш сталею, тым больш разумею ўсю пыхлiвасць сваiх намераў.

Першы раман? Можа, я напiшу яго ў пяцьдзесят, а можа, пазней, калi буду жывы; толькi дзеля гэтага мне i хочацца жыць, i толькi таму я зайздрошчу Гётэ, ягонай плённай старасцi. У яго быў час акрэслiць усю лiнiю i замкнуць круг. Паэт можа памерцi малады: у паэзii няма ўзросту, яна ўваходзiць у нас, калi мы яшчэ падлеткi, можа, нават калi яшчэ зусiм дзецi - ды што я кажу, яна звязаная з дзяцiнствам таямнiцаю... А раман - гэта цяжар, гэта сусвет, якi могуць трымаць толькi моцныя плечы.

Вы хочаце, каб я вам расказаў, як я пiшу раман? Вымушаны папярэдзiць, што гэта нi ў якiм разе нельга ўспрымаць як рэцэпт, бо ў кожнага аўтара свой метад, якi адпавядае ягонаму тэмпераменту цi, калi выкарыстоўваць слова, якое я не надта люблю, ягонаму натхненню. Скарыстаўшы выпадак, я хацеў бы абвергнуць адну легенду. У мяне часта высакамерна пытаюцца:

- Вы хутка пiшаце?

- Вельмi.

- Здаецца, за месяц раман?

- Не, за адзiнаццаць дзён*.

* Звычайны сiменонаўскi раман (накшталт "Порта ў тумане") - гэта найчасцей прыкладна 180 старонак такой кнiгi, якую вы цяпер чытаеце. Такiм чынам, пiсьменнiк у сталую сваю пару пiсаў прыблiзна 16 старонак у дзень. Калi ўлiчыць ягоную фенаменальную працаздольнасць, багатыя фантазiю i вопыт, характар i надзвычайную стылёвую простасць многiх раманаў, распрацаванасць абраных метадаў i выдатныя ўмовы жыцця, а таксама той факт, што з узростам Сiменон пiсаў раманы ўсё радзей (да чатырох на год), то ў гэтай, няхай сабе i неверагоднай, вынiковасцi няма нiчога фантастычнага. (Заўв. перакладнiка.)

- Усё правiльна! Усё правiльна!

Мой суразмоўца трыумфуе. Ён мяне не чытаў. А цяпер ён атрымаў пацвярджэнне, што мяне i чытаць няварта, бо раман, напiсаны за адзiнаццаць дзён, можа належаць толькi да сама нiзкасортнай прадукцыi.

Не думайце, што я перабольшваю. Многiя крытыкi гэтак жа прадузята настроены супраць аўтараў, якiя пiшуць хутка, але гэта сведчыць, што яны блага знаёмыя з гiсторыяй лiтаратуры. Не, яны, канечне, ведаюць, што вялiкi Бальзак вельмi часта выдаваў за ноч па сорак старонак. Але яны могуць палiчыць Бальзака нейкай пачвараю, а то i аўтарам народных раманаў.

Ну, а Стэндаль? Вось ужо хто з'яўляецца, i зусiм справядлiва, лiтаратарскiм аўтарытэтам. Аднак Стэндаль напiсаў "Пармскi манастыр", у якiм амаль тысяча старонак, калi я не памыляюся, менш як за паўтара месяца*.

* "Пармскi манастыр" - раман памерам прыкладна 560 старонак такой кнiгi, якую вы цяпер чытаеце. Калi Сiменон i праўда не памыляецца, то Стэндаль пiсаў па 12-14 такiх старонак у дзень. (Заўв. перакладнiка.)

Гюго закончыў "Марыён Дэлорм" за дзевяць дзён, iншыя п'есы забiралi ў яго таксама менш як месяц, i кожнае ранiцы, перш чым заняцца штодзённымi справамi, ён пiсаў па сотнi радкоў вершаў.

Я выглядаю так, нiбыта апраўдваюся. I тым не менш кажу з усёй шчырасцю: як на маю думку, дык хутка ты працуеш цi не, не мае анiякага значэння. У мяне ёсць сябры-мастакi, якiя пiшуць карцiну за некалькi гадзiн, а ёсць i такiя, якiя тыднямi працуюць над адным матывам, аднак i тыя i другiя ў роўнай ступенi адметныя жывапiсцы.

У мяне часта пытаюцца:

- Як вы знаходзiце сюжэт?

А нiяк не знаходжу. Я яго не шукаю. Я мог бы сказаць, практычна зусiм не перабольшваючы, што сюжэт мяне не цiкавiць. Давайце паглядзiм. Праз некалькi дзён я вярнуся ў свой канадскi дом i сяду за пiсьмовы стол. У мяне проста рукi чэшуцца пiсаць: ужо некалькi месяцаў я не пiсаў, а мне гэта неабходна, як наркаману наркотык.

Калi я апынуся дома, мне будзе вельмi проста ўвайсцi ў стан мiлаты. Гэты выраз, якi, несумненна, выклiча ў вас усмешку, - адзiны, якi я змог знайсцi, каб вызначыць стан, неабходны для творчае працы. Калi хочаце, гэта своеасаблiвыя ўцёкi ад рэальнага жыцця. За дзень да таго, як трэба сядаць за раман, я зазвычай прагульваюся i не пазнаю знаёмага наваколля, цi, дакладней, яно страчвае для мяне сваю рэальнасць, шчыльнасць. Я сустракаю людзей, з якiмi бачуся звычайна, i вiтаю iх усё роўна як у сне, а то i зусiм забудуся паздароўкацца.

Цi не ў трансе я? Гэта задужа гучнае слова, а я баюся i гучных слоў, i гучных iдэй. I тым не менш. Аднак прадоўжым...

Адвячорак... Гэта сама спрыяльны час... Мякчэюць абрысы, звычайны рог вулiцы, цёмны ўваход у дом, водблiск святла на вiльготным бруку - усё раптам становiцца невытлумачальна таямнiчым. Мне згадваюцца дзесяткi гарадкоў, дзе я вось гэтак жа бадзяўся; успамiны хлынулi патокам, яны захапляюць мяне. Маленькая кавярня ў Дзюнкерку, восеньскi вечар, падобныя да статуй рыбакi ў зюйдвестках, што блiшчаць ад марской вады... Зямля пасыпана апiлкамi, у нагах у людзей ляжаць рыбы, пакiнутыя на вячэру... Згадваецца яшчэ адна дэталь: зязюлька з гадзiннiка... Я тады ўздрыгнуў: яна пракукавала шэсць... Пах гарэлкi, якую там называюць "гарладзёркаю"... Здаецца, гэта была каманда маленькага судна "Мары Жанна"?..

Трэба пажыць некалькi дзён з iмi... Дарэчы, там быў адзiн тып, Маленькi Луi, якi, калi напiваўся, а напiваўся ён кожнага вечара, грыз шклянкi i глытаў аскепкi... Ён хадзiў на паруснiках да Нюфаўндленда... Паўгода ва ўсiм абмежаванага, цяжкага жыцця ў моры... Ён сыходзiў на бераг з невялiкiмi грашыма i кожнага разу даваў сабе слова заўтра паехаць у Брэтань наведаць сваiх старых бацькоў. Аднак назаўтра валяўся п'яны што цэп дзе-небудзь у канаве цi ў камеры палiцэйскага ўчастка. Праз тры-чатыры днi ў яго не заставалася нiводнага франка, так што пра бiлет на цягнiк думаць ужо не прыходзiлася, i ён падпiсваў новы кантракт, асуджаючы сябе на паўгода матроскага жыцця i ўстрымання. Маленькi Луi...* Iншыя... Дзюнкерк...

5
{"b":"124311","o":1}