Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Я толькi што быў у кансьержкi на вулiцы Бондзi.

- Яна, канечне, не магла паверыць?..

- Не магла. Вiдаць, што яна яго любiла.

- Яго ўсе любiлi. - Панна Леон пачырванела. - Якi ён быў добры! - таропка дадала яна.

- Вы яго часта бачылi?

- Ён прыходзiў да мяне... Нячаста, вядома. Я жыву далёка ад цэнтра, а ён чалавек заняты.

- Вы ведаеце, чым ён займаўся апошнiм часам?

- Я ў яго пра гэта нiколi не пыталася. Па-мойму, ён жыў нябедна. Думаю, пан Луi меў уласную справу - ён мог заявiцца да мяне ў любы час дня.

- А ён не расказваў пра людзей, з якiмi кантактваў?

- Мы пераважна ўспамiналi нашае жыццё ў Капланаў, пана Макса... А жонку яго вы бачылi? - неяк нерашуча запыталася яна.

- Учора ўвечары.

- I што яна вам сказала?

- Яна не разумее, чаму ў яго ў момант смерцi былi нагах жоўтыя чаравiкi. Яна лiчыць, што iх надзеў забойца.

Але панна Леон, як i кансьержка, таксама бачыла яго ў жоўтых чаравiках.

- Ён iх часта надзяваў.

- Ужо тады, калi яшчэ працаваў у Каплана?

- Не, толькi пазней. Прайшло досыць шмат часу, як яго першы раз у iх убачыла.

- А колькi прыблiзна, не скажаце?

- Прыблiзна год.

- Вас здзiвiла, што ён быў у жоўтых чаравiках?

- Здзiвiла. Гэта было не ў яго стылi.

- Што вы тады падумалi?

- Што ён змянiўся.

- Ён i праўда змянiўся?

- Ва ўсякiм разе, ён быў ужо не такi, як раней. Жартаваў iнакш. Нават рагатаў.

- А раней ён смяяўся?

- Цiшэй. У ягоным жыццi з'явiлася штосьцi новае.

- Жанчына?

Мэгрэ разумеў, што пытанне жорсткае, аднак яго трэба было задаць.

- Магчыма.

- Ён дзялiўся з вамi сваёй тайнай?

- Не.

- А за вамi ён нiколi...

- Нiколi! - пачырванеўшы, таропка перапынiла яна. - Клянуся! Я ўпэўнена, што яму гэта нават у галаву не прыйшло б.

Кошка, якая сядзела на каленях у старой, пераскочыла на каленi да Мэгрэ.

- Няхай сядзiць, - сказаў ён панне Леон, калi тая хацела сагнаць кошку.

Старая расчаравана пазiрала на яго. Камiсару захацелася запалiць люльку, але дзе тут запалiш!

- Закрыццё фiрмы Капланаў для вас усiх было цяжкiм ударам?

- Вельмi цяжкiм.

- А для пана Турэ асаблiва?

- Пан Луi быў больш за ўсiх прывязаны да гэтага дома. Там яму ўсё было роднае. Ён жа, зразумейце, пачаў працаваць там кур'ерам з чатырнаццацi гадоў!

- Адкуль ён прыехаў?

- З Бэльвiля. Ён расказваў мне: калi памёр яго бацька, мацi пераехала ў Парыж. Гэта яна прывяла яго да старога Каплана.

- Мацi памерла?

- Даўно ўжо.

Мэгрэ чамусьцi здавалася, што жанчына нешта ўтойвала. Яна глядзела яму ў самыя вочы, аднак камiсар адчуваў у iх нейкi няўлоўны рух.

- Я чуў, што яму было цяжка знайсцi новае месца.

- Хто гэта вам сказаў?

- Мне так здалося са слоў кансьержкi.

- Самi разумееце, як гэта цяжка - знайсцi працу, калi табе ўжо за сорак i няма спецыяльнасцi. Мне самой...

- Прыйшлося шукаць працу?

- Толькi некалькi тыдняў.

- А пан Луi як?

- Ён шукаў нашмат больш.

- Вы гэта дакладна ведаеце?

- Дакладна.

- Ён заходзiў да вас тады?

- Заходзiў.

- Вы яму чым-небудзь дапамаглi?

Цяпер камiсар ужо не сумняваўся, што панна Леон сабрала на чорны дзень сякiя-такiя грошы.

- Чаму вы ў мяне пытаецеся пра гэта?

- Таму, што пакуль я не буду ведаць, якi гэта быў чалавек у апошнiя гады, у мяне няма анiякага шанцу натрапiць на след забойцы.

- Я раскажу вам усё, - сказала яна, падумаўшы. - Але прашу вас, каб усё засталося памiж намi. Галоўнае, каб пра гэта не даведалася жонка.

- Вы яе ведаеце?

- Ён расказваў мне пра яе. Яе швагры ўсе добра ўладкаваныя, у кожнага свой дом.

- У яго таксама.

- Гэта яна прымусiла яго купiць дом i пасялiцца ў Жувiзi, побач з яе сёстрамi.

Голас у панны Леон задрыжаў.

- Ён баяўся сваёй жонкi?

- Проста ён нiкому не мог зрабiць балюча. Калi за некалькi тыдняў да Новага года мы засталiся без працы, ён не захацеў псаваць сваiм родным настрой пад канец года.

- I нiчога iм не сказаў, каб яны па-ранейшаму думалi, што ён у Каплана?

- Ён спадзяваўся знайсцi працу праз некалькi дзён, потым - праз некалькi тыдняў. Але ж гэты дом... Ён купiў яго ў крэдыт i павiнен быў плацiць за яго штогод. Самi разумееце, у якое становiшча трапiў бы ён, калi б не заплацiў тады.

- У каго ён пазычыў?

- У мяне i пана Сэмброна. Гэта наш бухгалтар. Ён ужо не працуе. Жыве адзiн, на набярэжнай Межысэры.

- Як у яго з грашыма?

- Ён ледзьве зводзiць канцы з канцамi.

- Чаму пан Луi не звярнуўся да пана Каплана?

- Той нiчога не даў бы. Такi ўжо ў яго характар. Дарэчы, у дзень закрыцця фiрмы ён выдаў кожнаму канверт з трохмесячнай зарплатай, дык пан Луi пабаяўся з-за жонкi пакiнуць гэтыя грошы пры сабе.

- Яна правярала яго кашалёк?

- Напэўна. Я захоўвала яго грошы ў сябе. Тры месяцы забiраў iх у мяне па частцы, усё роўна як зарплату. Калi гэтыя грошы кончылiся, тады i пазычыў у мяне. Але ён мне ўсё аддаў.

- Калi?

- Месяцаў праз восем-дзевяць.

- Вы доўга яго не бачылi пасля таго, як ён узяў у вас грошы?

- З лютага па жнiвень.

- Вы тады не хвалявалiся?

- Я ведала, што ён прыйдзе. Нават калi i не зможа iх аддаць...

- Ён сказаў вам, што знайшоў новую працу?

- Сказаў.

- Ён быў ужо ў жоўтых чаравiках?

- Угу. Потым ён зрэдку заходзiў да мяне. I кожны раз прыносiў якi-небудзь падарунак, цукеркi маме.

Толькi цяпер Мэгрэ здагадаўся, чаму старая ўвесь час глядзела на яго з расчараваннем. Госцi, напэўна, прыносiлi ёй салодкае, а ён прыйшоў з пустымi рукамi. Наступным разам трэба будзе прыйсцi з цукеркамi, падумаў ён.

- Ён не гаварыў пра сваiх новых знаёмых?

- Якiх новых знаёмых?

- Па працы.

- Не.

- А не казаў, у якiм квартале працуе?

- З усiх вулiц ён згадваў толькi адну - Бондзi. Ён туды часта заходзiў. Паглядзець, цi не разбурылi яшчэ наш дом. Дом стаяў, як i раней, i пан Луi ўсё шкадаваў: мы маглi б яшчэ й дагэтуль працаваць там.

Пазванiлi. У краму ўвайшла жанчына. Панна Леон, выцягнуўшы шыю, паглядзела на яе.

- Не хачу вас болей затрымлiваць, - узняўся Мэгрэ.

- Заўсёды буду вам радая.

- Дзякую.

Мэгрэ ўзяў з прылаўка свой капялюш i выйшаў.

- Куды паедзем, шэф? - спытаўся вадзiцель.

- У блiжэйшы бар.

- Дык тут зусiм побач, насупраць крамы.

Але Мэгрэ было б няёмка, калi б ён адразу ж пасля сустрэчы зайшоў у бар на вачах у панны Леон.

- Праедзем куды-небудзь далей.

Цяпер яму трэба было патэлефанаваць пану Каплан i знайсцi па адраснай кнiзе пана Сэмброна.

А раз ужо дзень пачаўся з кальвадосу, то ён вырашыў выпiць яшчэ кiлiшак.

3. ЯНКА ЎСМЯТКУ

Мэгрэ паабедаў у пiўной "Дэльфiн", за сваiм улюбёным кутнiм столiкам. У яго не было нiякай тэрмiновай справы, i ён мог бы паесцi дома, але хацелася пабыць аднаму. Як заўсёды ў гэты час тут пацягвалi аперытыў iнспектары з набярэжнай Арфэўр. Яны скосу пазiралi на камiсара, а ён глядзеў праз акно на Сену.

Iнспектары моўчкi пераглянулiся. Яны былi з iншага аддзела, але добра ведалi камiсара. Калi паходка ў Мэгрэ рабiлася цяжкая, позiрк - туманны, а выгляд - пануры, усе разумелi, што ён разгадвае нейкую галаваломку. Нехта мог усмiхнуцца, але кожны паважаў яго, бо ведаў: рана цi позна злачынца будзе знойдзены i прызнае сваю вiну.

- Цяляцiна ў вас сёння добрая?

- Вядома, пан Мэгрэ. Хочаце пiва?

- Не. Паўбутэлькi чырвонага бардо.

Ён заказаў вiно толькi таму, што прапанавалi пiва. Калi б яму прапанавалi вiно, ён пэўна папрасiў бы пiва. Мэгрэ быў раздражнёны пасля наведвання Сэмброна.

А было ўсё так.

Спачатку ён патэлефанаваў Максу Каплану, але яму адказалi, што той паехаў у Анцiб, на сваю прыморскую вiлу, i калi вернецца ў Парыж, невядома. Тады Мэгрэ i накiраваўся да Сэмброна, на набярэжную Межысэры. Каб прайсцi ў дом, дзе жыў стары бухгалтар, камiсару прыйшлося працiснуцца памiж клеткамi з выстаўленымi на продаж птушкамi, што займалi амаль усе ходнiкi.

6
{"b":"124305","o":1}