- У гэты момант вы з бацькам, мабыць, пераглянулiся?
- Ён заўсёды, калi быў упэўнены, што мацi не бачыць, пераглядваўся са мною. З таго часу ён пачаў падкладваць мне ў сумку грошы. Уранку, калi-нiкалi.
- Каб заплацiць за вашае маўчанне?
- Не, чаму? Проста яму падабалася дапамагаць мне.
- Вы казалi, час ад часу ён запрашаў вас абедаць.
- Запрашаў. Шэптам прызначаў спатканне i частаваў у рэстарацыi сама дарагiмi стравамi. Ён мяне i ў кiно запрашаў.
- I ўвесь гэты час вы сустракалi яго ў Парыжы ў жоўтых чаравiках?
- Заўсёды. Я спыталася ў яго, дзе ён пераабуваецца, i ён сказаў, што здымае для сваiх спраў пакой у Парыжы.
- Ён вам даў адрас?
- Не адразу. Прайшло яшчэ багата часу.
- У вас ужо быў якi-небудзь сябра?
- Не.
- А калi вы пазнаёмiлiся з Альбэрам Жарысам?
Яна не запнулася, не пачырванела. Вiдаць, яна i да гэтага пытання падрыхтавалася.
- Месяцаў пяць назад.
- Вы яго, прабачце, кахаеце?
- Мы павiнны разам з'ехаць.
- Каб ажанiцца?
- Тады, калi можна будзе. Пакуль яму яшчэ толькi дзевятнаццаць i ён не можа ажанiцца без згоды бацькоў.
- А бацькi яе не даюць?
- I не дадуць.
- Чаму?
- Дык у яго ж яшчэ нiчога няма: нi працы нармальнай, нi адукацыi. Бацькi ж толькi пра гэта i думаюць. Як мая мацi.
- I куды ж вы збiраецеся ехаць?
- У Паўднёвую Амерыку. Я ўжо падала заяву на вiзу.
- У вас ёсць грошы?
- Трохi. Мацi пакiдае мне частку майго заробку.
- Калi вы першы раз папрасiлi грошай у бацькi?
На нейкi момант яна пiльна ўгледзелася ў Мэгрэ, потым уздыхнула.
- Дык вы i гэта ведаеце?
Але адразу ж перастала вагацца.
- Я так i думала, што ведаеце. Таму i кажу праўду. Я не думаю, што вы сподлiчаеце i перакажаце ўсё мацi. Хiба толькi калi вы такi ж, як i яна.
- Я нiчога не збiраюся расказваць вашай мацi.
- Зрэшты, гэта нiчога б i не змянiла.
- Вы хочаце сказаць, што з'едзеце нягледзячы нi на што?
- I вельмi хутка.
- Дык як вы ўведалi бацькаў парыжскi адрас?
Цяпер яна ўжо вiдавочна завагалася, але ўсё-такi сказала праўду:
- Альбэр знайшоў ягоны пакой.
- Высачыў?
- Высачыў. Мы ўсё гадалi, як гэта бацька так добра зарабляе. I вырашылi дазнацца. Альбэр меркаваў, што бацька займаецца нелегальнымi фiнансавымi аперацыямi.
- А чаму гэта так вас цiкавiла?
- Ён павiнен быў шмат зарабляць.
- Вы разлiчвалi, што ён дасць вам грошай?
- Толькi на аплату парахода ў Амерыку.
- А вы разумееце, як гэта называецца?.. Вымаганне.
- Я лiчу, што гэта натуральна, калi бацька...
- Карацей, дружок ваш, Альбэр, пачаў сачыць за бацькам...
- Толькi тры днi.
- I што ён выявiў?
- А вы што-небудзь таксама выявiлi?
- Я ў вас пытаюся.
- Па-першае, ён выявiў, што бацька здымае пакой у доме на вулiцы Ангулем, па-другое, што бацька не займаўся нiякiм страхаваннем, а бавiў час пераважна на лаўках у скверах Вялiкiх бульвараў. Па-трэцяе...
- Што - па-трэцяе?..
- Што бацька мае каханку.
- I як вы да гэтага паставiлiся, да трэцяга?
- Я думала, што яна прыгожая i маладая. А яна была зусiм не лепшая за мацi, нават падобная на яе.
- Вы яе бачылi?
- Альбэр паказаў мне, дзе яны зазвычай сустракалiся.
- На вулiцы Сэнт-Антуан?
- Ага. У кавярне. Я прайшла мiма нiбыта выпадкова i толькi зiрнула. Я не мела часу разгледзець яе, але пэўнае ўяўленне склала. З ёю, мабыць, не весялей, чым з мацi.
- А потым вы пайшлi на вулiцу Ангулем?
- Потым туды.
- I бацька даў вам грошы?
- Даў.
- Вы пагражалi яму, што выдадзiце мацi?
- Не. Я проста сказала, што згубiла канверт з укладамi клiентаў i што, калi я iх не знайду, мяне выганяць з працы i нават аддадуць пад суд.
- Як ён павёў сябе з вамi?
- Ён саромеўся. Я заўважыла на столiку фатаграфiю, узяла яе i спытала, хто гэта. Ён адказаў, што гэта сяброўка дзяцiнства, якую ён выпадкова сустрэў.
- Вам не здаецца, што вы... - абурана пачаў Мэгрэ.
- Не. Не здаецца. Я змагаюся, - перапынiла яна.
- З кiм?
- З усiм светам. Я не хачу скончыць, як мацi, у затхлым жабрацкiм доме.
- Альбэр таксама заходзiў да вашага бацькi?
- Я пра гэта нiчога не ведаю.
- Вы, мiлая мая, манiце.
Яна ўгледзелася ў камiсара, потым апусцiла галаву ў знак згоды.
- Чаму вы, калi гаворка заходзiць пра Альбэра, хлусiце?
- Таму, што з тае пары, як забiлi бацьку, я адчуваю, што Альбэру будуць чынiць непрыемнасцi.
- А вы ведаеце, што ён паспеў знiкнуць?
- Ён мне званiў.
- Калi?
- Перад тым, як знiк. Два днi назад.
- Ён сказаў вам, куды ён дзенецца?
- Не. Ён быў вельмi ўсхваляваны. Ён перакананы, што яго абвiнавацяць у забойстве.
- Чаму?
- Таму што ён заходзiў на вулiцу Ангулем.
- Калi вы зразумелi, што мы напалi на ягоны след?
- Калi ваш iнспектар сустрэўся з гэтай пляткаркаю, Блянш. Яна мяне ненавiдзiць. Потым выхвалялася ў аддзеле, што нагаварыла дастаткова, каб збiць з мяне, як яна сказала, пыху. Я хацела падбадзёрыць Альбэра. Сказала яму, што не трэба хавацца: гэтым адно навядзеш на сябе падазрэнне.
- Але ён не паслухаўся?
- Не. Ён быў такi напалоханы, што нават слова па тэлефоне сказаць не мог.
- А якiя ў вас ёсць доказы, што ён сапраўды не забiў вашага бацьку?
- А навошта яму было яго забiваць?
Гэтым разам яна i праўда была зусiм спакойная.
- Мы ж з Альбэрам пры жаданнi маглi атрымаць ад яго любыя грошы.
- А калi б бацька адмовiўся?
- Ён не змог бы. Альбэру трэба было адно: сказаць, што ён раскажа ўсё маёй мацi. Я ведаю, кiм вы мяне лiчыце. Але калi б вы пражылi лепшыя гады ў Жувiзi, ды яшчэ ў такiм доме, як наш...
- Вы бачылi бацьку ў дзень смерцi?
- Не.
- Альбэр таксама не?
- Я амаль упэўнена. Мы ў той дзень, як звычайна, разам абедалi i пра бацьку нават не загаварылi.
- Вы ведалi, куды звычайна бацька хаваў свае грошы? Наколькi я зразумеў, вашая мацi мела звычку правяраць увечары ягоны кашалёк.
- Яна заўсёды гэта рабiла.
- Чаму?
- Таму што аднойчы, гадоў дзесяць назад, мацi знайшла на ягонай насоўцы сляды губной памады. Я добра запомнiла гэты выпадак. Бацькi тады яшчэ не надта зважалi на мяне. А яна вусны не фарбуе. Бацька кляўся, што адной жанчыне ў яго на працы стала блага i ён змачыў насоўку шкiпiнарам i правёў ёй па вуснах, таму i сляды.
- Напэўна, ён казаў праўду.
- Але мацi не паверыла.
- Выходзiць, ваш бацька не мог вярнуцца дамоў маючы ў кiшэнi грошай больш, чым магло быць, калi ён працаваў у Капланаў?
- Грошы ён хаваў у сваiм пакоi на вулiцы Ангулем.
- На версе шафы?
- А вы адкуль гэта ведаеце?
- А вы?
- Аднаго разу, калi я прыйшла да яго папрасiць грошай, ён залез на крэсла i дастаў з шафы жоўты канверт. У iм былi тысячафранкавыя бiлеты.
- I шмат?
- Вялiкi пачак.
- Альбэр пра гэта ведаў?
- Ведаў. Але я ўпэўнена, што не ён забiў бацьку. Ды ён бы нажом i ўдарыць не мог.
- Адкуль такая ўпэўненасць?
- Неяк ён парэзаў сабе сцiзорыкам палец, дык ледзь не самлеў, як кроў убачыў.
- Вы, прабачце, жывяце з iм?
Яна пацiснула плячыма.
- Няўжо вы думаеце, што ў наш час...
- Дзе вы сустракаецеся?
- А дзе прыйдзецца. У Парыжы хапае месцаў для гэтага. Вы, можа, скажаце, што палiцыя пра гэта нiчога не ведае?
- Ну што ж. Падсумуем гутарку. Па-першае, зусiм вiдавочна, што вы шантажыравалi бацьку. Згодны?
Яна змаўчала.
- Па-другое, колькi за iм нi сачылi, так i не ўведалi, як жа ён зарабляе грошы.
- А мы i не надта старалiся ўведаць.
- Разумею. Вас цiкавiў вынiк.
Монiка неяк спачувальна ўсмiхнулася. Яна, канечне, лiчыла Мэгрэ прасцяком.