Я баюся гэтага прысуду. Плюну на сваю рамантыку! Пайду разам з усiмi касiць! Пайду ў гурт! У калгас! Я пакажу сябе ранейшага - селянiна, якi ўмее ўсё: i касiць, i малацiць, i сеяць, i веяць. Ды што там - "пакажу"? Бацька вон як пяклуецца, дык стань побач i "пакажы"! Зарабi працадзень якi - з яго-ж жывуць цяпер усе! Пабыў гасьцём i досыць!
У хаце я не застаў нiкога. Мацi прыходзiла з працы i пайшла зноў. Справiлася з усiм: падаiла карову i справадзiла яе пастуху, згатавала нешта сабе, зьела, панесла абед бацьку i сястры на поле. Яны з нецярпеньнем чакаюць матчынага прыходу з абедам - з гаршчэчкамi ў махрачы. У гаршчэчках на першае суп, на другое - грэцкая каша. У мацi зьвiсае торба, цiсьне плячо. У торбе лыжкi, акрайчык хлеба, сьвежыя агуркi з свайго агароду. Поле тое за тры вярсты, i каб не пазьнiцца, мацi сьпяшаецца, аблiваецца потам. Бацьку-ж ня церпiцца, ён выглядае яе на дарозе, чакае, калi яна пакажацца, злуецца, калi яе ўсё ня вiдаць.
Для мяне-ж мацi пакiнула на стале смачнейшае - яешню i бульбяныя аладкi дранiкi, якiя, яна ведае, я люблю асаблiва. Мяне ўбiвае матчына дабрыня. Чым я заслужыў такое?
У хаце нязвычайна цiха ад таго, што ў ёй усё прыбрана i нiкога няма. Толькi звоняць у шыбы мухi, б'юцца ў шкло. Ад таго, што ў хаце нiкога няма i цiшыня, я лепш усьведамляю сябе, бачу сябе. Хачу нешта зрабiць для мацi, каб ёй, калi яна прыйдзе ўвечары з працы, лягчэй было ходацца па гаспадарцы. Але нiчога не магу прыдумаць. Узяўся за кнiжку. Але й кнiжку адкiнуў. Пацягнула да сшытку, куды я часам запiсваю, што мне набяжыць. Вось i набегла:
Цiхi захад у лагчынах
сонца тушыць.
Гонiць статак на спачынак
свой пастушка.
Жыта коласам багатым
дасьпявае.
Падганяе яна статак
i сьпявае.
Сьпеў лiецца i па полю
i па рэчцы.
Кiне яна быстры погляд,
усьмiхнецца.
Асядае пыл на плечы
i на косы.
У траву халодны вечар
ронiць росы.
Яркнуць радасьцяй нязнанай
яе вочы.
- Сенажацi, лес, паляны,
Добрай ночы!
Няўжо гэта пра яе? Дзiўна!
Сонца ўжо - бачу ў вакно - барабанiць залацiстым дажджом у дах школы, залiло сваiм бляскам усю сьцяну, промнямi, быццам якiм вастрыём, праколвае сасновы бор, заходзiць - хутка вечар. Пайду ў агарод, нарэжу бацьвiньня парсюку, пасяку, будзе чым кармiць, як прыбяжыць з поля. Накалю дроў, знайду смалякоў - мацi лягчэй будзе распалiць у печы сырыя дровы. Трэба-ж будзе нешта гатаваць на вячэру.
Бацька ўвайшоў на двор з касою на плячы - брыгадзiр усё-ткi i сёньня паслаў на касавiцу, ня даў, як абяцаў, лягчэйшай працы. Пагавару з iм зноў, а то й з самiм старшынёй - бацька выбiўся з сiлаў, ды й з страўнiкам нешта ў яго не ў парадку.
Мацi з сястрой жалi - прыйшлi з сярпамi. Бацька з двара ўвайшоў у хату, зiрнуў на мяне, але нiчога не сказаў, лёг адпачыць. Мацi з сястрой узялiся за сваю жаночую працу. А мне - сорамна, нiякавата. Пайду заўтра на працу касiць.
Мацi высыпала на стол - зварылася ўжо - з чыгунка бульбу. Пасыпала ўкропам. Ядзiм з кiслым малаком - смачна. Гэта i ўсё - нанач наядацца нельга.
Не пасьпелi вылезьцi з-за стала, як прыбег Вяркееў - ведаю, будзе запрашаць мяне некуды пайсьцi з iм на вечар.
- Лявонавiч (гэта ён да майго бацькi), намахалiся-ж за дзень касою, дык па аднэй не зашкодзiць, косьцi памякчэюць, - i дастаў з кiшэнi паўлiтра.
- Можа-б яно й не зашкодзiла, Сямёнавiч, ды нечым закусiць - цыбулька толькi.
Мацi засаромiлася: як бацька мог сказаць такое пры настаўнiку?
- Ды можа-ж знойдзецца што й да цыбулькi, - сказала яна.
Пасьпешна пачала прыбiраць на стол, запрашаючы Вяркеева садзiцца. Мацi ведала - бацька хоча выпiць. Гэта-ж рэдкi для яго дар. Калi такое зноў надарыцца? Купляць самому - купiла няма. Гарэлка стала дарагою ў капэрацiве. Бацька па гарэлцы не сумаваў - ня пiў. Толькi калi да якого сьвята гнаў яе, i ўжо тады, у кампанii, любiў выпiць i засьпяваць якую-небудзь, абавязкова сумную песьню. Маўклiвы, рабiўся гаваркiм i вясёлым. З бяды, ня гледзячы на свой страўнiк, бацька мог, што называецца, i запiць. Тады ён бунтаваўся, быў нязгодным, аж пакуль, ап'янелы, не расслабляўся сьлязьмi.
Вяркееў разьлiў свой паўлiтэрак на нас траiх (мацi нiколi нават на губы ня брала гарэлкi). Выпiлi. Я рады, што бацька загаманiў - мяне мучыла ягоная маўклiня. Але Вяркееў рваўся ўжо з хаты, увесь час сыгналiзаваў мне сваiмi вiрлiвымi вачыма.
- Ну, ваша дзела маладое. Iдзеце, гуляйце!
Невядома было, цi гэта тычылася толькi Вяркеева, цi й мяне. Мы выйшлi. Мацi толькi й пасьпела сказаць:
- Надта-ж не пазьнiся.
Пра сваю гутарку з упаўнаважаным я не сказаў Вяркееву, хоць, дапушчаю, ён ведае пра яе. Я нiчога не гаварыў пра гэтую гутарку i ў хаце.
- Ну, куды сьвiсьнем? - пытаецца ў мяне Вяркееў.
Я, канешне, i ня думаў заходзiць да Вусьцiна, каб ён завёў мяне да той, што "доўга не ламаецца", i адказаў Вяркееву:
- Куды хочаш сьвiшчы, я нiкуды не пайду. Глядзi, якая прыгожая ноч! А месяц! Такога болей нiколi ня будзе! Пойдзем да ветрака, адтуль, з вышынi, ты пабачыш, якое прыгожае ў месячным сьвятле Макранскае навакольле! Ты жывеш тут ужо колькi гадоў, а тутэйшага хараства i не прыкмячаеш. Гэта-ж проста зачараваны край, а ты ня можаш спазнаць яго. Хочаш пакiнуць гэты край.
Вяркееў, як-бы раззлаваўшыся:
- Табе ўсё высокая матэрыя, а мяне вабiць нiзкая матэрыя. Пройдзем на вёску, я адскочу на хвiлiнку, а ты пачакаеш.
- Што такое ў цябе?
- Ведаеш, калi на тое ўжо пайшло - прызнаюся табе - бяда. Папаўся. Але можа як яшчэ й абыдзецца.
I Вяркееў расказаў мне пра сваю Акулiну, маладую i, як ён сказаў "дзябёлую" дзеўку, прыбiральшчыцу ў школе. Напачатку Акулiна прыходзiла прыбiраць - мыць падлогу - разам з сваёю мацi, потым пачала ўпраўляцца сама. Прыходзiла Акулiна мыць падлогу ў суботы, калi ня было заняткаў. Вяркееў нiколi не зьвяртаў на яе нейкай асаблiвай увагi - няпрыгожая, "грубая матэрыя". Мые ну й мые - нехта-ж мусiць мыць. Ды аднойчы выйшаў Вяркееў з свае кватэры - невялiкага пакойчыку - на карыдор. Зьдзiвiўся: у ягоны клас адчыненыя дзьверы. Стаў у пройме адчыненых дзьвярэй i пабачыў... упяршыню пабачыў - Акулiна, нагнуўшыся, шаруе анучай падлогу. Павернутая да яго задам, шпарка ходзiць - туды i сюды. Кароткая сукенка на ёй, задраўшыся, лезе на сьпiну, агаляе ейныя пругкiя iкры. Яна не прыкмячае настаўнiка - робiць сваё, а ў Вяркеева памутнелi вочы - такой спакусы ён яшчэ ня бачыў. Заманiў Акулiну ў свой пакойчык i сталася тое, чаго не магло ня стацца.
Школа цяпер пустуе - лета, няма заняткаў, i Акулiне нязручна заходзiць у школу бяз дзела, а Вяркеева яна хоча мець. Выйшла з хаты спаць на двор, у iмшанiк, куды цяпер i хоча на хвiлiнку "адскочыць" Вяркееў. Ён хацеў-бы i збавiцца ад яе, але ня можа - цягне, ды й яна горнецца да яго ўсёй душой, жаркая, лiпкая. Пастанаўляе ня йсьцi да яе, а наступiць вечар - ня можа ўстрымацца, бяжыць да яе. Пагатоў, што яна быццам ужо зацяжарыла, i яму ўжо не адчапiцца ад яе - ухлёпаўся. А мо яна толькi пужае яго? Можа яно як i пройдзе.
- Я хутка спраўлюся, - гаворыць Вяркееў.
А мне не па сабе: чаму я мушу яго чакаць, пакуль ён "справiцца"? Мiжволi мяне ахоплiвае ўяўленьне таго, што чакае Вяркеева ў Акулiны.
Мы ўжо на Акулiнiным панадворку. Месяц сьвецiць, як назнарок, зырка. Нiякага ценю - нас могуць пабачыць з вокнаў бацькi Акулiны. Як праз мiннае поле, праскочылi панадворак. Апынулiся ў садзе. Вяркееў цiхенька стукае ў сьцяну, за якою сьпiць Акулiна. Чуткая, яна саскоквае (чуваць было) з свайго ложку - чакала, ня спала. Адсоўвае завал у дзьвярох, i Вяркееў нырае ў тыя дзьверы, як у якую ямiну. Я толькi цяпер усьведамiў, у якiх дурнях я апынуўся. Хаваюся ў цень разложыстай грушы. Ды сад, увесь залiты месячным сьвятлом, здрадлiвы, выкрывае мяне. Мне трэба было пакiнуць Вяркеева, не чакаць яго пакуль ён "скончыць". Але мне ўявiлася ў гэты момант Акулiна - у кароткай ночнай сарочцы, i я стаю, ня йду, чакаю Вяркеева.