«У рэактары Альбатроса пачалася непадуладная нам ланцуговая рэакцыя кропка маю страты людзей кропка ёсць абгарэлыя кропка прашу дактароў кропка перадатчык пашкоджаны выбухам кропка пацёк рэактар кропка гатоў да катапульты рэактара калі не спыню яго працяканне кропка», — расшыфроўваў Піркс мірганне кропкі.
«Альбатроса» ўжо не было бачна. Пасярод зорак вісеў цяжкі бурштынава-бела-буры клуб дыму, выпучаны зверху грывастым нарастам. Ён апускаўся ўсё ніжэй, перабіраўся ў ніжні левы вугал экрана — «Тытан» прайшоў над ім, пракладваючы новы курс з сектара катастрофы.
У глыбіню цёмнага пакоя з дзвярэй радыёрубкі ўпала доўгая палоска святла. Быў чутны глас «Балістычнага»:
— «Балістычны восем» Месяцу Галоўнаму. Застопарыў у цэнтральнай частцы сектара 65. «Парыў» у нанапарсеку пада мной сігналізуе аптычна пра страты людзей і пра пацёклы рэактар, гатовы да катапульты рэактара, выклікае лекарскую дапамогу. Пошукам экіпажа «Альбатроса» перашкаджае заражэнне вакуума радыёактыўным воблакам з тэмпературай на паверхні звыш 1200 градусаў. Знаходжуся ў аптычнай зоне «Тытана» Марс — Зямля, які рухаецца каля мяне поўным ходам, выходзячы ў сектар 66. Чакаю з’яўлення «Кобальда сем нуль два» для правядзення сумесных мераў выратавання. Канец.
— Усе на свае месцы! — пачуўся моцны голас. Адначасна ўспыхнулі сігнальныя агні ў рулявой рубцы. Запанаваў рух, людзі ішлі каля сцен у тры бакі, Міндэл аддаваў загады, стоячы ля размеркавальнага пульта; адначасова гулі некалькі зумераў. Нарэшце зала апусцела, і акрамя камандора, Міндэла і Піркса застаўся толькі малады тэлеграфіст, які стаяў у кутку насупраць экрана і пазіраў на бэмбаль дыму, які паступова рассейваўся, усё больш расплываўся і знікаў.
— А, гэта вы, — сказаў камандор «Тытана», нібыта толькі зараз убачыў Піркса, і падаў яму руку, — ці адгукаецца «Кобальд»? — спытаўся ён у чалавека, які з’явіўся ў дзвярах радыёрубкі.
— Так, камандор, ідзе зваротным.
— Добра.
Яны пастаялі хвіліну, пазіраючы на экран. Апошні шматок брудна-шэрай хмары знік. Экран быў зноў повен чыстай, зорнай цемры.
— Хто-небудзь уратаваўся? — спытаўся Піркс, нібыта камандор «Тытана» мог ведаць больш за яго самога. Але той быў першы, а першы павінен ведаць усё.
— Мабыць, у іх заела дроселі, — адказаў камандор. Ён быў на галаву ніжэйшы за Піркса. Валасы меў як з волава — было невядома, ці то ссівеў, ці заўсёды былі гэткія.
— Міндэл, — кінуў камандор інжынеру, які ішоў міма, — зрабіце ласку, дайце адбой. Няхай танцуюць. Вы ведалі «Альбатрос»? — спытаўся ён, звяртаючыся да Піркса.
— Не.
— Заходняя кампанія. Дваццаць тры тысячы тон. Што там?
Радыётэлеграфіст наблізіўся і падаў яму спісаны бланк. Піркс прачытаў першыя словы: «Балістычны» да…»
Піркс адступіўся на крок. Аднак цяпер ён замінаў людзям, якія штохвілінна праходзілі праз рулявую рубку, і таму ён стаў ля самай сцяны ў кутку. Прыбег Міндэл.
— Як «Парыў»? — спытаўся ў яго Піркс. Міндэл выціраў хусцінкай успацелы лоб. Пірксу здалося, што яны ўжо былі знаёмыя — яшчэ з даўняй даўніны.
— Не найгорш, — засоп Міндэл. — Дасталося ад выбуху. Сістэма ахалоджвання рэактара выйшла са строю — гэтая брыдота заўсёды ляціць першая. Маюцца апёкі першай і другой ступені. Лекары ўжо там.
— З «Балістычнага»?
— Ага.
— Камандор! Месяц Галоўны! — загукаў нехта з дзвярэй радыёрубкі, і камандор выйшаў. Піркс стаяў насупраць Міндэла, які машынальна дакрануўся да сваёй апухлай шчакі і схаваў хусцінку ў кішэню.
Піркс хацеў далей распытваць Міндэла — але той нічога ўжо не сказаў яму, толькі хітнуў галавой і пайшоў у радыёрубку. Рэпрадуктар гаварыў дзесяццю галасамі, караблі з пяці сектараў дапытваліся пра «Альбатроса», пра «Парыў», Месяц Галоўны загадаў нарэшце, каб усе змоўклі, і спрабаваў аднавіць графік руху ракет, які быў парушаны ў 65 сектары. Камандор сядзеў побач з тэлеграфістам і нешта пісаў. Нечакана тэлеграфіст зняў слухаўкі і адклаў іх — нібыта яны сталі ўжо непатрэбныя яму. Ва ўсякім разе так здалося Пірксу. Ён падышоў да яго ззаду. Хацеў спытацца, што з людзьмі «Альбатроса» — ці ўдалося ім выбрацца. Радыётэлеграфіст адчуў яго прысутнасць, узняў галаву і зірнуў Пірксу ў твар. Піркс нічога ў яго не спытаўся. Ён выйшаў з залы праз дзверы з надпісам: «ТОЛЬКІ ДЛЯ ЗОРНАГА ПЕРСАНАЛУ».