— Хлопцы, праз пяць хвілін поўны ход. Ага, так, — адказваў ён таму, хто быў на другім канцы провада.
Камандор выйшаў. З другога пакоя быў чуваць яго голас:
— Увага! Увага! Пасажыры! Увага! Увага! Пасажыры! Перадаём важнае паведамленне! Праз чатыры хвіліны наш карабель прыбавіць хуткасць. Мы атрымалі сігнал SOS і спяшаемся…
Нехта зачыніў дзверы. Міндэл дакрануўся да пляча Піркса.
— Трымайцеся за што-небудзь. Зараз будзе больш за два.
Піркс хітнуў галавой. Два жэ — гэта для яго нічога не значыла, але ён разумеў, што зараз не час выхваляцца сваёй вынослівасцю. Паслухмяна ўзяўся за падлакотнік крэсла, у якім сядзеў пажылы тэлеграфіст, і зноў чытаў праз яго плячо:
«Альбатрос чатыры Тытану кропка на працягу гадзіны не пратрымаюся на палубе кропка аварыйны люк заціснула пэнкаючымі шпангоўтамі кропка тэмпература ў рулявой рубцы 81 кропка пара паступае ў рубку кропка паспрабую разрэзаць браню на носе і выйсці кропка канец».
Міндэл выхапіў у яго з рук спісаны бланк і пабег у другі пакой. Калі ён адчыняў дзверы, падлога крыху здрыганулася, і ўсе адчулі, што іх целы набрынялі цяжарам.
Увайшоў камандор — ён ступаў з відочным высілкам. Сеў у сваё крэсла. Хтосьці падаў яму вісячы мікрафон. У руках ён трымаў скамячаны лісток — апошнюю радыёграму з «Альбатроса». Камандор выпрастаў лісток і доўга пазіраў на яго.
— «Тытан» Марс — Зямля «Альбатросу-4», — прамовіў ён нарэшце. — Будзем каля вас праз пяцьдзесят хвілін. Падыдзем курсам восемдзесят чатыры коска пятнаццаць кропка восемдзесят адзін коска два кропка пакідайце карабель. Пакідайце карабель. Мы знойдзем вас. Так, знойдзем вас. Трымайцеся. Канец.
Чалавек у расшпіленым кіцелі, які быў замяніў маладога сувязіста, раптам ускочыў і паглядзеў на камандора, які падышоў да яго. Тэлеграфіст зняў з галавы слухаўкі, аддаў іх камандору, а сам пачаў рэгуляваць назойліва хрыплівы рэпрадуктар. Раптам усе здранцвелі.
У кабіне стаялі людзі, якія лёталі ўжо шмат год, але гэткага ніхто з іх яшчэ не чуў. Той, чый голас чуўся з рэпрадуктара, змешаны з працяглым шумам, нібыта адгароджаны сцяной агню, крычаў:
— Альбатрос — усім — раствор — рулявая рубка — тэмпература — немагчыма — экіпаж да канца — бывайце — праводка…
Голас перапыніўся, і стаў чутны толькі шум.
З рэпрадуктара даносілася нейкае рыпенне. Было цяжка ўстаць, аднак усе падняліся, згорбіўшыся, абапіраючыся на металічныя сцены.
— «Балістычны восем» Месяцу Галоўнаму, — пачуўся моцны голас. — Іду да «Альбатроса-4». Дайце мне дарогу праз сектар 67, іду поўным ходам, манеўраваць пры абыходах не магу. Прыём.
Некалькі секунд панавала маўчанне.
— Месяц Галоўны да ўсіх у сектарах 66, 67, 68, 46, 47, 48 і 96. Аб’яўляю сектары закрытымі. Усе караблі, якія не ідуць поўным ходам да «Альбатроса-4», павінны неадкладна застопарыць і паставіць рэактары на халасты ход, а таксама запаліць пазіцыйныя агні. Увага, «Парыў»! Увага, «Тытан» Марс — Зямля! Увага, «Балістычны восем»! Увага, «Кобальд сем нуль два»! Да вас звяртаецца Месяц Галоўны! Адкрываю вам вольную дарогу да «Альбатроса-4». Усякі рух у сектары вядучага радыуса пункта SOS прыпыняецца. Пачынайце тармазіць у нанапарсеку ад пункта SOS. Сачыце, каб тармазныя агні ў аптычным радыусе «Альбатроса» былі патушаныя, бо яго экіпаж ужо мог пакінуць карабель. Хай пашанцуе. Хай пашанцуе. Канец.
А зараз адгукнуўся «Парыў» — марзянкай. Піркс услухоўваўся ў пішчанне сігналаў:
«Парыў Марс — Месяц да ўсіх хто ідзе на дапамогу Альбатросу чатыры кропка ўвайшоў у сектар Альбатроса кропка праз 18 хвілін буду ля яго кропка ў мяне перагрэўся рэактар коска пашкоджана сістэма ахалоджвання кропка пасля выратавальных работ мне патрэбна медыцынская дапамога кропка пачынаю тармазіць поўным заднім ходам кропка канец».
— Вар’ят, — прамовіў нехта, і тады ўсе, хто стаяў да гэтага часу нібыта статуі, пачалі шукаць вачыма таго, хто гэта сказаў. Пачулася кароткае, гнеўнае мармытанне.
— «Парыў» з’явіцца першы, — сказаў Міндэл і зірнуў на камандора.
— Яму самому патрэбна будзе дапамога. Праз сорак хвілін…
Ён змоўк. Рэпрадуктар усё хрыпеў і хрыпеў. Раптам праз трэск пачулася:
— «Парыў» Марс — Месяц да ўсіх, хто ідзе на дапамогу «Альбатросу-4». Знаходжуся ў аптычным радыусе «Альбатроса». «Альбатрос» дрэйфуе прыблізна па эліпсе Т-348. Карма напалілася да вішнёвага колеру. Сігнальных агнёў няма. «Альбатрос» не адказвае на пазыўныя. Спыняюся і распачынаю выратавальныя аперацыі. Канец.
У другім пакоі адгукнуліся зумеры. Міндэл і яшчэ адзін мужчына выйшлі. У Піркса ад напружання здранцвелі ўсе мышцы. Божа! Як хацелася яму быць там! Вярнуўся Міндэл.
— Што там? — спытаўся камандор.
— Пасажыры пытаюцца, калі можна будзе танцаваць, — адказаў Міндэл. Піркс нават не пачуў гэтага. Ён пазіраў у рэпрадуктар.
— Ужо хутка, — спакойна адказаў камандор. — Уключыце мне аптычную сувязь. Мы падыходзім. Праз некалькі хвілін павінны ўбачыць іх. Калега Міндэл, дайце другое папярэджанне — мы будзем тармазіць на фарсажы.
— Ёсць, — адказаў Міндэл і выйшаў.
Рэпрадуктар загуў, і пачуўся голас:
— Месяц Галоўны «Тытану» Марс — Зямля, «Кобальду сем нуль два»! Увага! Увага! Увага! «Балістычны восем» заўважыў у цэнтры сектара 65 аб’ект свяцільнасцю мінус чатыры. «Парыў» і «Альбатрос» не адказваюць на пазыўныя. Існуе магчымасць выбуху рэактара на «Альбатросе». Для захавання бяспекі пасажыраў «Тытан» Марс — Зямля павінен застопарыць і неадкладна адгукнуцца. «Балістычны восем» і «Кобальд сем нуль два» дзейнічаюць далей згодна са сваім рашэннем. Паўтараю: «Тытан» Марс — Зямля павінен…
Усе пазіралі на камандора.
— Калега Міндэл, — сказаў ён. — Застопарым у нанапарсеку?
Міндэл пазіраў на цыферблат свайго гадзінніка.
— Не, камандор. Мы ўваходзім у аптычную зону. Спатрэбілася б шэсць жэ.
— Тады зменім курс.
— Усё роўна будзе ў крайнім выпадку тры, — прамовіў Міндэл.
— Цяжка.
Камандор устаў, падышоў да мікрафона і пачаў гаварыць:
— «Тытан» Марс — Зямля Месяцу Галоўнаму. Не магу застопарыць, у мяне надта вялікая хуткасць. Мяняю курс абыходным манеўрам на палове магутнасці рухавікоў і выходжу курсам дзвесце два з сектара 65 у сектар 66. Прашу адкрыць мне шлях. Прыём.
— Прыміце паўтор, — звярнуўся ён да мужчыны, які раней сядзеў побач з ім. Міндэл штосьці крычаў па ўнутраным тэлефоне. Няспынна гулі зумеры. На насценных табло ўспыхвалі агеньчыкі. Раптам нібыта пацямнела — гэта кроў адхлынула ад вачэй. Піркс шырока расставіў ногі. «Тытан» тармазіў на павароце. Карабель ледзь прыкметна вібраваў, чулася працяглае, на высокай ноце гудзенне рухавікоў.
— Сядайце! — крыкнуў камандор. — Мне не патрэбны тут героі! Зараз тры жэ!
Усе селі на падлогу, дакладней, паваліліся на яе. Яна была ўкрыта тоўстым слоем пенапласту.
— Ну і ну! Зараз усё там патаўчэцца! — прамармытаў чалавек, які сядзеў побач з Пірксам. Камандор пачуў гэта.
— Страхавое таварыства заплаціць, — адказаў ён са свайго крэсла.
Здаецца, было больш за тры жэ — Пірксу цяжка было паднесці руку да твару. Усе пасажыры ляжалі, напэўна, у каютах, але што рабілася на кухнях, у сталоўках! Ён уявіў сабе аранжарэю. Гэтага ж ніводнае дрэва не вытрымае. А ўнізе? Цэлыя вагоны разбітай парцэляны! Неблагое відовішча!
Рэпрадуктар адгукнуўся:
— «Балістычны восем» да ўсіх. Знаходжуся ў аптычнай зоне «Альбатроса». Ён — у хмары. Карма перагрэлася. Перапыняю тармажэнне і пасылаю ў прастору атрады для пошуку экіпажа «Альбатроса». «Парыў» не адказвае на пазыўныя. Канец.
Паскарэнне змяншалася. Хтосьці з’явіўся ў дзвярах і нешта крыкнуў. Ужо можна было ўстаць. Усе рушылі ў тыя дзверы, што вялі ў галоўную рулявую рубку. Піркс увайшоў апошні. Экран восем на шаснаццаць метраў займаў усю пярэднюю сцяну — увагнуты, вялізны, як у кінатэатры для гігантаў. Усе агні ў рубцы былі патушаныя. У прасторы, на чорным з зоркамі фоне, ніжэй галоўнай восі «Тытана», у левым квадранце, тлела тоненькая рысачка, якая заканчвалася распаленым вішнёвым вугельчыкам, падобным на агеньчык цыгарэты. Яна была ядром бледнага, крыху сплюшчанага пухіра, ад якога ва ўсе бакі разыходзіліся танклявыя вострыя парасткі; праз гэта шарападобнае воблака ўсё больш выразна прабівалася святло найбольш яркіх зорак. Раптам усе таргануліся наперад — нібыта хацелі ўвайсці ў экран. Зусім нізка, у правым ніжнім кутку, бліснула паміж сапраўдных зорак белая кропачка — і стала хуценька міргаць. Гэта быў «Парыў».