— Адкуль ты даведаўся пра школу? — спыталася яна.
— Джэры ходзiць у школу. У дзiцячы сад, — старанна вымаўляючы склады, адказаў ён. — Джэры бывае ў многiх месцах там, на волi. Калi ж я выйду адсюль на волю, мiс Фэлоўз?
У яе балюча сцiснулася сэрца. Яна, вядома, разумела: нiшто не зможа перашкодзiць таму, што Цiмi непазбежна будзе даведвацца ўсё больш i больш пра вонкавы свет, той свет, у якi яму нiколi не суджана ўступiць.
Пастараўшыся надаць свайму голасу больш бадзёрасцi, яна спыталася:
— А што б ты рабiў у дзiцячым садзе, Цiмi?
— Джэры кажа, што яны там гуляюць у розныя гульнi, што iм паказваюць стужкi з рухомымi карцiнкамi. Ён кажа, што там многа-многа дзяцей. Ён расказвае… — Цiмi на iмгненне задумаўся, потым урачыста раскiнуў рукi, з растапыраннымi пальцамi i толькi тады скончыў фразу. — Вось як многа ён расказвае!
— Табе хацелася б паглядзець рухомыя карцiнкi? — спыталася мiс Фэлоўз. — Я прынясу табе гэтыя стужкi i стужкi з запiсам музыкi.
Так ёй на нейкi час удалося супакоiць яго.
* * *
У атсутнасць Джэры ён з цiкавасцю разглядаў рухомыя карцiнкi, а мiс Фэлоўз гадзiнамi чытала яму ўголас кнiгi.
У сама просценькiм апавяданнi было столькi яму незразумелага, што даводзiлася тлумачыць сутнасць сама звычайных рэчаў за межамi трох пакояў Стасiса. Цяпер, калi ў яго думкi ўварваўся навакольны свет, ён усё часцей пачаў бачыць сны.
Яму снiлася заўсёды адно i тое ж — той невядомы свет за межамi яго домiка. Ён няўмела спрабаваў расказаць мiс Фэлоўз змест сваiх сноў, у якiх ён звычайна пераносiўся ў велiзарную пустую прастору, дзе, апрача яго, былi яшчэ дзецi i нейкiя дзiўныя, незразумелыя прадметы, створаныя яго ўяўленнем на аснове далёка не да канца зразумелых iм кнiжных вобразаў. Iншы раз яму снiлiся карцiны з яго прызабытага далёкага мiнулага, калi ён яшчэ жыў сярод неандэртальцаў.
Тыя дзецi i невядомыя яму прадметы, якiя ён бачыў у снах, не заўважалi яго. Хоць ён i адчуваў, што знаходзiцца з iмi за межамi Стасiса, ён у той самы час разумеў, што не належыць таму свету, i заставаўся заўжды ў страшэннай адзiноце, нiбы i не пакiдаў свайго пакоя. Прачынаўся ён заўсёды ў слязах.
Спрабуючы супакоiць яго, мiс Фэлоўз старалася звесцi яго расказы на жарты, смяялася з iх, але колькi начэй яна сама праплакала ў сваёй кватэры.
Аднойчы, калi яна чытала ўголас, Цiмi працягнуў руку да яе падбародка i, асцярожна прыўзняўшы яе твар ад кнiгi, прымусiў яе зiрнуць яму ў вочы.
— Мiс Фэлоўз, адкуль вы ведаеце, што тут трэба гаварыць?
— Ты бачыш гэтыя значкi? Яны-та i кажуць мне пра тое, што я потым ужо расказваю табе. З гэтых значкоў складаюцца словы.
Узяўшы з яе рук кнiгу, Цiмi доўга з цiкаўнасцю разглядаў лiтары.
— Некаторыя значкi зусiм аднолькавыя, — сказаў ён нарэшце.
Яна засмяялася ад радасцi, што ён такi кемлiвы.
— Правiльна. Хочаш, я пакажу табе, як пiсаць гэтыя значкi.
— Добра, пакажыце. Гэта будзе цiкавая гульня.
Ёй нават у галаву не прыйшло, што ён можа навучыцца чытаць. Да таго самага моманту, калi ён прачытаў ёй уголас кнiгу, яна не хацела верыць у гэта. Праз некалькi тыдняў яна раптам асэнсавала ўсю велiзарную важнасць гэтай надзеi, i яна была агаломшана. Седзячы ў яе на каленях, Цiмi чытаў ёй уголас дзiцячую кнiгу, не прапускаючы нi слова. Ён чытаў!
Узрушаная, яна паднялася з крэсла i сказала:
— Я хутка вярнуся, Цiмi. Мне неабходна пабачыць доктара Хоскiнса.
Яе ахапiла на мяжы ўтрапёнасцi ўзбуджанасць. Ёй здалося, што цяпер ёй удасца, нарэшце, знайсцi сродак зрабiць Цiмi ў нейкай меры шчаслiвым. Калi Цiмi нельга ўвайсцi ў сучаснае жыццё, то само гэтае жыццё павiнна ўвайсцi ў яго трохпакаёвую турму, адлюстраванае ў кнiгах, фiльмах i гуках.
Яму неабходна даць адукацыю, скарыстаўшы ўсе яго прыродныя здольнасцi. Гэтым чалавецтва магло б хоць неяк кампенсаваць тое зло, якое яно яму прычынiла.
* * *
I Хоскiнс быў у настроi, дзiўна падобным на яе настрой. Уся яго iстота выпраменьвала непрыкрытую радасць i трыумф. У праўленнi кампанii панавала незвычайнае ажыўленне, i мiс Фэлоўз, калi яна разгублена спынiлася ў прыёмнай, нават падумала, што ёй не ўдасца сёння пагаварыць з Хоскiнсам.
Але ён заўважыў яе, i яго шырокi твар расплыўся ўсмешкай.
— Хадземце сюды, мiс Фэлоўз, — паклiкаў ён.
Ён хуценька дагаварыў штосьцi па iнтэркому i выключыў яго.
— Вы ўжо чулi? Ну, вядома, вы яшчэ нiчога не можаце ведаць. Мы ўсё-такi дабiлiся свайго! Мы цяпер можам фiксаваць аб'екты з нядаўняга мiнулага.
— Вы хочаце сказаць, што цяпер вы можаце перанесцi ў наш час чалавека, якi жыў ужо ў гiстарычную эпоху? — спыталася мiс Фэлоўз.
— Вы абсалютна правiльна мяне зразумелi. Толькi што мы зафiксавалi аднаго iндывiдуума, якi жыў у чатырнаццатым веку. Вы толькi ўявiце сабе ўсю важнасць гэтае падзеi! Каб вы толькi ведалi, як я буду рады пазбавiцца, нарэшце, ад гэтай канцэнтрацыi ўсiх сiл на мезазойскай эры, якой, здавалася ўжо мне, не будзе канца, якое задавальненне атрымаю я ад замены палеантолагаў гiсторыкамi… Вы, здаецца, штосьцi хацелi паведамiць мне? Ну, давайце выкладвайце, што ў вас там? Кажыце ж. Вы засталi мяне ў добрым настроi i можаце атрымаць усё, што пажадаеце.
— Я вельмi рада, — мiс Фэлоўз усмiхнулася. — Мяне якраз цiкавiць адно пытанне: цi не маглi б вы распрацаваць сiстэму адукацыi Цiмi?
— Адукацыi? Якой яшчэ адукацыi?
— Ну, агульнай адукацыi. Я маю на ўвазе школу. Трэба даць яму мажлiвасць вучыцца.
— Але цi можа ён вучыцца?
— Безумоўна, ён ужо вучыцца.
Ёй падалося, што настрой у Хоскiнса раптам рэзка пагоршаў.
— Я нават не ведаю, што вам на гэта i адказаць, мiс Фэлоўз.
— Але ж вы толькi што паабяцалi, што выканаеце любую маю просьбу…
— Я гэта помню. На жаль, у дадзеным выпадку я зрабiў гэта неабдумана. Я думаю, што вы добра разумееце, мiс Фэлоўз, што мы не можам працягваць эксперымент з Цiмi да бясконцасцi.
Ахопленая раптоўным жахам, яна глянула яму ў вочы, яшчэ не ўсвядомiўшы да канца сэнсу сказаных толькi што слоў. Што ён меў на ўвазе пад гэтым «не можам працягваць»? Яе раптам нiбы азарыла — яна ўспомнiла прафесара Адэмеўскага i мiнерал, адасланы назад пасля двух тыдняў яго знаходжання ў Стасiсе…
— Але цяпер гаворка iдзе пра хлопчыка, а не пра абломак каменя…
Хоскiнсу вiдавочна было не па сабе.
— У выпадках, падобных на гэты, нават дзiцяцi не трэба надаваць занадта вялiкай увагi. Цяпер, калi мы спадзяёмся раздабыць людзей, што жылi ў гiстарычную эпоху, нам спатрэбяцца ўсе памяшканнi Стасiса.
Яна ўсё яшчэ нiчога не разумела.
— Але вы не зробiце гэтага. Цiмi… Цiмi…
— Ну, ну. Не прымайце ўсё так блiзка да сэрца, мiс Фэлоўз. Магчыма, Цiмi прабудзе тут яшчэ некалькi месяцаў, i за гэты час мы пастараемся зрабiць яму ўсё, што ў нашых магчымасцях.
Яна ўсё так жа моўчкi глядзела на яго.
— Цi хочаце вы чаго-небудзь выпiць, мiс Фэлоўз?
— Не, — прашаптала яна. — Мне нiчога не трэба.
Ледзь усведамляючы, што робiць, яна з цяжкасцю паднялася на ногi i нiбы ў кашмары выйшла з пакоя.
«Ты не памрэш, Цiмi, — думала яна. — Ты не памрэш».
* * *
З таго часу яе неадступна мучыла думка пра неабходнасць неяк ухiлiць Цiмi ад гiбелi. Але думаць гэта адно, i зусiм другое — ажыццявiць задуманае. Спачатку мiс Фэлоўз упарта трымалася за надзею, што спроба перанесцi каго-небудзь з ХIV стагоддзя ў наш час закончыцца поўнай няўдачай. Хоскiнс мог дапусцiць памылку, з пункту гледжання тэорыi эксперыменту, маглi таксама выявiць пралiкi ў метадзе яго ажыццяўлення. I тады ўсё засталося б па-старому.
Астатняя частка чалавецтва спадзявалася, вядома, на супрацьлеглы зыход, i мiс Фэлоўз насуперак розуму ўзненавiдзела за гэта ўвесь свет. Ажыятаж, якi ўзняўся вакол «Праекта Сярэднявечча», дасягнуў найвялiкшага напалу. Друк i грамадскасць згаладалiся па чым-небудзь надзвычайным. Акцыянерная кампанiя «Стасiс Iнкарпарэйтэд» даўно ўжо не давала такой сенсацыi. Нейкi там новы камень альбо выкапнёвая рыба ўжо нiкога не хвалявалi. А гэта было якраз тое, што трэба.