Ля падножжа Альпаў, пад Лакарна ў Верхняй Італіі, у аднаго маркіза, быў стары замак, які сёння, калі ісці з Сэн-Гатара, убачыш у запусцелых руінах, замак з высокімі і шырознымі пакоямі, у адным з якіх колісь на пасланай саломе было дазволена пераначаваць старой нямоглай жанчыне, якая, жабруючы, апынулася перад брамай і была ўпушчана ўмілажаленай гаспадыняй дома. Маркіз жа той, вярнуўшыся з палявання, выпадкова зайшоўшы ў пакой, дзе ён звычайна пакідаў сваю паляўнічую стрэльбу, абурана загадаў жанчыне падвесціся з кута, у якім яна ляжала, і перабрацца за печ. Жанчына, падвёўшыся з клюкай у руцэ, на гладкай падлозе пакаўзнулася і, упаўшы, вельмі небяспечна пашкодзіла сабе крыж; пашкодзіла так, што хоць і з неверагоднай цяжкасцю, але ўсё-такі ўстала, і, як тое і было ёй загадана, павалаклася цераз увесь пакой у запечак, і там, са стогнам і енкам, апусцілася і сканала.