Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Шитик Владимир

Шорахi чужой планеты (на белорусском языке)

Уладзiмiр Мiкалаевiч Шыцiк

Шорахi чужой планеты

Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялiзныя зоркалёты i накiруюцца да далёкiх галактык.

Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзi, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб iх прыгодах, лёсе i знаходках расказваецца ў гэтым зборнiку фантастычных апавяданняў.

Усё навокал было аднастайнае, панылае: голыя, разбураныя часам горы, кратэры з аплаўленымi схiламi, пясчаныя плато, звiлiстыя, як рэчышчы колiшнiх рэк, сухiя далiны. Нешта сярэдняе памiж Месяцам i Марсам. Углядаючыся ў гэты сумны пейзаж, Балачан iншы раз сам здзiўляўся, чаго гэта ён трапiў сюды, хаця менавiта цераз ягоную настойлiвасць i адкрылi тут назiральную станцыю. Аднак на Зямлi яму ўсё ўяўлялася iнакшым.

Экспедыцыя Тураўца, якая вярнулася з прасторы паўстагоддзя назад, заўважыла на гэтай планеце сiстэмы Лаланда нешта незвычайнае. Быццам, як толькi далёкi i яркi Лаланд хаваўся за небасхiлам i на небе блакiтным россыпам успыхвалi зоркi, у вузкiх цяснiнах, што былi паблiзу стаянкi зоркалёта Тураўца, узнiкалi таямнiчыя шорахi.

Тады Тураўцу не вельмi паверылi. Ад планеты, якую папярэднiя экспедыцыi назвалi Каменным мячыкам, нiхто нiчога незвычайнага не чакаў. Паведамленне паклалi ў архiў, i там яно праляжала аж да таго часу, пакуль на яго не наткнуўся ён, Балачан.

Хто iншы наўрад цi звярнуў бы ўвагу на гэтыя радкi мiж вялiзнай па аб'ёму i разнастайнасцi iнфармацыi, якую даставiла экспедыцыя. Балачан жа любiў касмiчныя загадкi, лiчыў, што кожная з'ява павiнна мець тлумачэнне. Гэта не мела.

Балачан адшукаў Тураўца, якi ўжо не хадзiў у прастору, i папрасiў расказаць пра тыя шорахi больш падрабязна, чым было ў справаздачы. Начальнiк экспедыцыi нiчога асаблiвага не дадаў. Сказаў, што iх уразiла адчуванне нейкай перамены ў начным жыццi планеты, i хаця яны яе не зразумелi, у дзённiку, аднак, зрабiлi запiс. Чаму не пранiклi ў сутнасць? Пашкадавалi часу, бо нiчога пэўнага не бачылi. Балачан, калi ўжо яму што ўбiвалася ў галаву, рабiўся напорыстым. Ён цэлы дзень тузаў пытаннямi Тураўца, i ўрэшце ў густым тумане, якi ахутваў таямнiцу шорахаў, нiбы блiснуў няпэўны промнiк. У адну з начэй, як успомнiў Туравец, у iх двойчы прападала радыёсувязь памiж зоркалётам i пошукавымi групамi, якiя працавалi ў цяснiнах. Ненадоўга, хвiлiны на тры кожны раз. Прычыну высветлiць, аднак, не ўдалося.

Спецыялiсты зоркалёта тады выказалi меркаванне, што ва ўсiм было, вiдаць, вiнаватае пераменнае сiлавое поле планеты, якое на той выпадак магло рэзка ўзмацнiцца. I хаця нiхто раней гэтага поля не заўважаў, слова "пераменнае" адыграла сваю ролю i з вывадам спецыялiстаў пагадз'шiся. Таму i трапiла паведамленне Тураўца на палiцу ў сховiшча. А Балачана супадзенне насцярожыла.

Пасля размовы з Тураўцом Балачан распачаў бурную дзейнасць. Хадзiў па камiтэтах Акадэмii навук, даказваў, пераконваў, патрабаваў. I дамогся свайго. Разам з двума добраахвотнiкамi, такiмi ж шукальнiкамi касмiчных таямнiц - Камаем i Тарасевiчам, - ён апынуўся на Каменным мячыку. З таго дня прайшло ўжо сорак зямных сутак, а ён усё яшчэ не мог па-шчырасцi сказаць, дарэмна цi не ляцелi яны сюды. Калi i была таямнiца, то планета моцна трымала яе, паспяхова хаваючы ад чужых вачэй i вушэй. Здавалася, не хопiць таго года, якi быў адмераны Балачану i таварышам на пошукi таямнiцы планеты.

Кожны вечар адзiн з iх тройкi адпраўляўся да цяснiн, дзе людзi Тураўца адзначылi начныя шорахi. Там была створана назiральная станцыя. Ва ўтульным домiку, абсталяваным дасканалай тэхнiкай, можна было, не баючыся нiчога непрадбачанага, сачыць за тым, што адбываецца на схiлах гор i ў далiнах. А сачыць, уласна, не было за чым. Праўда, шорахi ўзнiкалi. Чуйныя прыборы ўлаўлiвал! нешта падобнае на рух, быццам нехта спрытны i асцярожны краўся паўз сцены назiральнай станцыi. Прынамсi, так гучалi ў навушнiках гэтыя шорахi. Але калi iх пакiдалi iстоты, то былi яны, напэўна, невiдзiмкамi, бо на экранах нi разу не мiльгнуў нават цень. I Камай з Тарасевiчам усё часцей заўважалi Балачану, што шорахi хутчэй за ўсё ўзнiкаюць у вынiку значнай рознiцы дзённых i начных тэмператур, якiя параджаюць пэўныя электрычныя з'явы.

Гэта было вельмi падобна на праўду, i ў Балачана пасля такiх размоў пачынала трывожна ныць сэрца. Ён пакутлiва думаў тады, цi не дапусцiў памылкi, паддаўшыся ўяўнай загадкавасцi выпадку. Потым перакананасць брала верх. Шорахi ж iснавалi, а сiлавое поле - не. I нават калi ён з хлопцамi высветлiць, чаму перарывалася сувязь, вядома, калi гэтая з'ява мае дачыненне да планетных умоў, то i тады яны не дарэмна прыбылi сюды. Але, як на тое, сувязь працавала бездакорна, i Балачан губляўся, што яму разгадваць - шорахi цi правалы ў сувязi.

- Слухай, Балачан, - сказаў аднойчы Тарасевiч, вярнуўшыся з начнога дзяжурства, - давай адкладзём наша паляванне за шорахамi. Усё роўна, калi iх робяць зданi, мы iх не заўважым.

Наставала ранiца iх сорак першага дня на Каменным мячыку. У далёкай вышынi засвяцiлiся няпэўныя залацiстыя водблiскi.

- Падман, бутафорыя, - працягваў Тарасевiч, кiваючы на пасвятлелае неба. - Гэта сiмвалiчная атмасфера не захоўвае нi цяпла, нi холаду. Таму i трашчыць усё навокал.

- Уначы? - нечакана пачулася з суседняга пакоя, дзе спаў Камай.

Балачан прыслухаўся. У гэтым пытаннi-рэплiцы мiльгнуў нейкi прыхаваны сэнс.

- Табе мала начных? - Тарасевiч зазiрнуў у пакой таварыша.

- Мала! - Камай выйшаў, не апрануўшыся, у трусах, нiбы былi яны на роднай Зямлi, а не за трыльёны кiламетраў ад яе. - Ты мне скажы, чаму ўдзень мы нiчога падобнага не чуем?

- Бо не слухаем, - пацiснуў плячыма Тарасевiч i падышоў да столiка, на якiм дзяжурны Балачан рыхтаваў яму сняданак. - Быка з'еў бы!

- Учора слухаў, - не адставаў Камай.

Тарасевiч насмешлiва зiрнуў на яго i адправiў у рот ладны кавалак смажанага мяса. Не пражаваўшы добра, з'едлiва спытаў:

- Трашчыць?

- Як тонкi лёд пад нагамi...

Камай быў сур'ёзны, i Балачан раптам адчуў непакой.

- Пакуль ты вартаваў зданi, я параўноўваў запiсы шумаў...

- I што? - не вытрымаў Балачан.

- Ёсць рознiца. Дакладней, уначы выдзяляюцца iншыя шумы, вiдаць, тыя, якiя мы ўмоўна называем шорахамi. - Ён заскочыў у лабараторыю i прынёс стужку, на якой пяро асцылографа пакiнула хвалепадобныя сляды. - Вось паглядзiце самi.

Балачан быў гатовы расцалаваць Камая. Але стрымаў эмоцыi, пабаяўся кпiнаў вострага на язык Тарасевiча. I яшчэ яму было нiякавата, што гэта простая думка аб параўнаннi шумаў прыйшла ў галаву не яму, старшаму ў iх маленькай групе, а Камаю, хлопцу, якi толькi-толькi скончыў унiверсiтэт. Узяўшы стужку, ён нiчога не сказаў таварышам i зачынiўся ў лабараторыi.

- Што гэта са старым? - здзiвiўся Тарасевiч. Балачан быў старэй iх год на дзесяць, не болей. Аднак iм, дваццацiпяцiгадовым, ён здаваўся пажылым. Да таго ж, яны не забывалi, што за яго плячыма адкрыццё лёсу зоркалёта, якi адправiўся некалi да Палукса. Таму i называлi Балачана памiж сабой старым.

- А ты спакойны? - не адказваючы, спытаў Камай.

- Парсекi - не тая адлегласць, якую мераюць дзеля забавы. Я таксама хачу знайсцi нешта новае. I нi ты, нi стары не можаце папракнуць мяне, што я раблю нешта не так. Але хiба мая вiна, што мы гонiмся за мiражом?

- Не верыш Балачану?

- Я не ў адпачынку i буду рабiць усё, што ён загадае.

- Ты нiбы перакладваеш адказнасць.

- Дзiвак ты, Камай, у нас адзiн лёс. Але я аддаю перавагу надзейнай iдэi.

Камай хацеў нешта адказаць на гэта. Тарасевiч перабiў яго:

- Даруй, я стамiўся.

Камай пачакаў, пакуль ён пойдзе, i падышоў да акна. Iх база была абсталявана на тэрасе, якая ўтварылася на паўднёвым схiле старой гары. Тэраса была роўная, як спецыяльна прыгладжаная, навiсала над шырокай далiнай, i з яе добра прагледжвалiся нават аддаленыя на дзесяткi кiламетраў горы. Самае месца для базы на планеце, дзе няма зручных дарог.

1
{"b":"99106","o":1}