Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Iх было дваццаць пяць, адданых космасу, адважных i самаахвярных. Касай ганарыцца iмi. А Балачан успрымаў iх подзвiг неяк раздвоена. Ён аддаваў iм данiну, як людзям, якiя, магчыма, аддалi ўсё, што мелi, на карысць чалавецтву. I ён часам лавiў сябе на думцы, што не ўпэўнены, цi была патрэбная iх ахвяра чалавецтву.

Балачан не выпадкова выбраў раннюю касмiчную гiсторыю. У той час людзi ўпершыню здолелi вырвацца з зямнога прыцягнення, дасягнулi суседнiх планет. Прастору Сонечнай сiстэмы, як некалi зямныя акiяны, перасякалi караблi новых касмiчных Калумбаў. Напэўна, многiя з сучасных ведаў чалавека аб прыродзе былi здабыты менавiта тады. Але ўжо ў той час чалавека павiнна была насцеражыць адна акалiчнасць. Людзi дабралiся нават да Плутона. I ўсюды бачылi адно i тое ж: мёртвую пустыню. Планеты рознiлiся толькi ў будове цi знешнiм выглядзе. Распалены пясок, халодны газ або чорныя непрыветныя скалы. Варыянтаў шмат - сутнасць адна.

Энтузiязм дваццаць першага стагоддзя, калi тэхнiка дазволiла чалавеку трывала асталявацца ў космасе, Балачан тлумачыў спрадвечнай марай людзей пра сустрэчу з сабе падобнымi. Адсутнасць жыцця на планетах сваёй сiстэмы не паменшыла гэтага ўздыму - наперадзе былi палёты да iншых сонцаў i iншых планет. Тады верылi, што там будзе iнакш. Але мiналi дзесяцiгоддзi, а Зямля заставалася адзiным светлым кутком сярод чорнай маўклiвай прасторы, якая з кожнай новай экспедыцыяй адсоўвала свае межы ўсё далей i далей. Дык цi не варта спынiць гэтыя пошукi! Яны надта дорага каштуюць чалавецтву, адбiраючы i выдатных вучоных, i вялiкiя матэрыяльныя сродкi. Балачан недзе чытаў, што ператварэнне Марса ў прыгодную для жыцця планету накшталт Зямлi эквiвалентна па затратах пабудове i экiпiроўцы дваццацi зоркалётаў. Мажлiва, гэта i перабольшанне, але доля iсцiны ў iм ёсць. Балачан ведаў, што гэту ягоную думку не падзяляе большасць зямлян. Таму i працягваюць адпраўляцца з месячных касмадромаў зоркалёты. Аднак быў упэўнены, што некалi людзi спахопяцца. Ён будзе адным з тых, хто ўрэшце дакажа iм неабходнасць гэтага. I частку такiх доказаў ён сабярэ тут, працуючы над дыпломнай.

Сховiшчы Цэнтральнага архiва ўразiлi Балачана агромнiстым аб'ёмам самай разнастайнай iнфармацыi. I ён не ўтрымаўся - перш чым пачаць работу над сваёй тэмай, патрацiў цэлы дзень на прагляд запiсаў, якiя датычылi папярэднiх перад "Чырвонай маланкай" экспедыцый, Гэта быў велiчны i драматычны гiмн чалавеку i яго розуму. Перад Балачанам на экране праходзiлi сцэны будзённага жыцця на зоркалётах, запiсаныя i перасланыя сюды з далёкага космасу. Як на тое, яму трапiлiся дзённiкi менавiта тых экiпажаў, якiя перасталi паведамляць пра сябе. Тады яны жылi i верылi, што вернуцца, прынясуць на Зямлю вялiкiя тайны Галактыкi. Балачан iх назiраў менавiта такiмi - спакойнымi, упэўненымi. Але ён ужо ведаў, што яны не вернуцца. I было да болю ў сэрцы тужлiва ад лаканiчных каментарыяў да здымкаў: "Планета, падобная на Марс", "А гэта як наш Сатурн, толькi без кальца"... Потым былi iншыя словы: "Дзiм захварэў", "Баркун загiнуў", "У Рана i Нэi нарадзiлася дачка"... Жыццё для iх там iшло, быццам зоркалёт i не адрываўся ад роднай планеты.

Пазней, калi Балачан заняўся "Чырвонай маланкай", ён не мог забыцца на прагледжаныя паведамленнi. Яны нiбы прыгняталi яго, загадзя афарбоўваючы новыя матэрыялы ў змрочны колер. Тым болей што лёс гэтага зоркалёта быў, вiдаць, такi ж, як i тых, што ў час не вярнулiся.

Апошнi рапарт "Чырвонай маланкi" станцыя дальняй сувязi прыняла яшчэ тры гады таму назад. Экспедыцыя наблiзiлася да Палукса. Балачан вельмi хацеў зразумець, чаму гэта перадача была апошняй. I ён пачаў з яе, спадзеючыся, што, мажлiва, ужо тады астралётчыкi прадбачылi што-небудзь небяспечнае.

Ажыў экран, i нехта прамовiў: "Яркае жоўтае свяцiла мае адзiнаццаць планет. Тры з iх абарочваюцца амаль па кругавой арбiце. Пяць маюць атмасферу". Балачан механiчна адзначыў, што там могуць быць умовы для жыцця, а сам думаў: чый гэта голас? Крыху стомлены, спакойны, разважлiвы. Як у Шарэпы ў той дзень, калi ён выступаў перад зямлянамi на старце свайго карабля. Балачану ён запомнiўся стрыманасцю, якая так не адпавядала ўрачыстай ! хвалюючай хвiлiне. Быццам не чалавек гаварыў, а кiбернетычны робат. Няўжо ён не змянiўся за гэты час? Няўжо нават блiзкая мэта не выклiкала ў iм эмоцый? Балачан слухаў i дзiвiўся, пакуль раптам не зразумеў, што гэта не Шарэпа, а Гай. Астраном i штурман. I тады здзiвiўся яшчэ болей. У голасе Гая знiклi жартаўлiвыя ноткi. Або ён пасталеў i пасур'ёзнеў, або яны там развучылiся смяяцца?

Балачан перарваў перадачу i паставiў папярэднюю, якая прыйшла за паўгода да апошняй, спрабуючы ў ёй знайсцi прычыну перамены ў характары штурмана. Аднак нiшто не давала нават намёку на гэта. Перадача была звычайная. У справаздачы аб жыццi i дзейнасцi экiпажа не ўпамiналiся нiякiя канфлiктныя падзеi.

Адчуваючы, як у iм нарастае неспакой - быццам, разгадаўшы прычыну, ён мог бы чым-небудзь дапамагчы камандзе "Чырвонай маланкi" - Балачан вярнуўся да апошняга паведамлення.

Зноў на экране заблiшчалi планеты-зорачкi, раскiданыя вакол свайго сонца.

"Мы пачнём з восьмай. Тры апошнiя нагадваюць Плутон".

"Як заўсёды", - з расчараваннем адзначыў Балачан, бо яшчэ толькi ўчора чуў гэта з iншых крынiц некалькi разоў. Ён ведаў, што пасля гэтага абяцання з карабля адправяцца ракеты. Спачатку з робатамi, потым, калi дазволяць умовы, - з людзьмi. А што яны там убачылi, так i застанецца невядомым.

Балачан доўга ўглядаўся ў экран, спынiўшы паказ на кадры з дзённiка. На iм была бiяхiмiчная лабараторыя. Чара сядзела за сталом. Iмгненне назад яна задумлiва, нiбы гаварыла сама з сабой, расказвала пра новы метад уздзеяння на спадчынны механiзм клеткi, якi ёй удалося адкрыць. Балачан не мог выслухаць яе да канца. На Зямлi гэта адкрылi раней Чары гадоў на дваццаць. Мажлiва, Чара сама не выключала, што яе навiна ўжо не навiна, таму i не было ў яе голасе задаволенасцi зробленым.

Уначы Балачан не мог заснуць. Ён упершыню падумаў, што гады, якiя астралётчыкi правялi ў прасторы, асуджаныя па сутнасцi на вечную адарванасць ад Зямлi, прымусiлi iх зразумець праўду. Iх подзвiг урэшце будзе толькi iх подзвiгам, а не ўсяго чалавецтва. Бо што б там яны нi ўбачылi i нi знайшлi, усё роўна вестка аб гэтым прыйдзе на родную планету са спазненнем.

Напэўна, нiколi раней Балачан не працаваў так напружана. Ён напiсаў дыпломную. Але не так, як думаў, складаючы план, як чакаў ад яго настаўнiк. "Чырвонай маланцы" быў прысвечаны толькi адзiн раздзел. Астатнiя тры, насычаныя шматлiкiмi прыкладамi, служылi доказам яго думкi пра марнасць палётаў да зорак. Балачан ведаў, што расчаруе свайго настаўнiка. Больш таго, падаўшы ў святле сваiх вывадаў апошнюю справаздачу з "Чырвонай маланкi", зробiць настаўнiку балюча. I не мог паступiцца сваiмi пераконаннямi. Яго вывады датычылi не толькi iх двух.

Можна было вяртацца на Зямлю. Але Балачан быў добрасумленным студэнтам, нават залiшне педантычным. Там, дзе iншыя абмяжоўвалiся рэкамендацыйным спiсам кнiг i дапаможнiкаў, яму абавязкова трэба было ведаць ледзь не ўсё, што датычыла тэмы. Гэта часта замiнала нармальнай вучобе, бо, збiваючыся на дробязi, ён адставаў ад аднакурснiкаў. Аднак пераламiць сябе не мог. Такi ўжо быў у яго характар.

Гэты самы характар прымусiў Балачана затрымацца. Нехта з супрацоўнiкаў архiва ў самы апошнi момант сказаў яму, што ёсць яшчэ адзiн сiгнал, нерасшыфраваны, якi, магчыма, належыць "Чырвонай маланцы", бо прыняты на яе хвалi. А цi мог ён паехаць, не ўпэўнены, што сiгнал не мае нiякага дачынення да яго зоркалёта? Вядома, не. I хоць да адпраўлення рэйсавага планеталёта Марс-Зямля заставалася нямнога часу, ён пайшоў у сховiшча.

Наўрад цi можна было назваць гэта сiгналам, пасланым рукой чалавека. Каб не хваля, на яго нiхто не звярнуў бы нават увагi. На экране мiтусiлiся хаатычна раскiданыя рысачкi, у дынамiку чулася патрэскванне, як ад звычайных выпраменьванняў з космасу. Аператар спачувальна паглядзеў на Балачана, але дапамагчы не мог. З жалем параiў:

2
{"b":"99104","o":1}