Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Тут мне i выдалi воўчы бiлет, ды без права паступлення на чыгунку...

Вось, браткi мае, якая гiсторыя!.. Перакаланула яна мяне ўсяго. Назаўсёды ўсе мухi з галавы маёй павыганяла, ды так, што i не вернуцца яны больш у яе. Шмат-шмат перадумаў я за гэты час. Вось тут i зразумеў я чыгунку. Гэта табе не забаўка якая. Гэта сур'ёзная вялiкая машына, якая робiць адказную працу. Гэта ж падумаць толькi - колькi грузаў яна розных перакiдае, ды што грузаў, - а людзей колькi перавозiць!

Якая ж гэта вялiкая адказнасць, падумайце самi! Якой напружанай, наладжанай працы вымагае яна! Ледзь сплашаў, вось табе i катастрофа.

Тут, як у машыне. Усе часткi яе павiнны быць правераны, кожны шрубочак, кожная шасцёрка, кожная гаечка павiнна быць на сваiм месцы, ведаць яго i выконваць як след сваю працу. А сапсуецца якая-небудзь частка - засклiгоча ўся машына, пачне рыпець, даваць перабоi, дый стане...

...Вось наша станцыя, частка вялiкай чыгуначнай машыны, запамятавала аб сваёй ролi. Пачалi шрубочкi, шасцёрачкi кепска працаваць, зарыпела, як нязмазаная, машына, сапсаваўся адзiн дробненькi шрубочак, i машына паламалася... А каб жа гэта ды пры пасажырскiм цягнiку, колькi б ахвяр бязвiнных было б!.. Дый так вось без ахвяр не абышлося.

Сваё я жыццё замарудзiў i чалавека загубiў. А чаму? Гарэлка ўсё вiнна! Яна са шляху зводзiць, на праступак штурхае...

Шмат-шмат думак у маёй галаве прабегла за гэты час... Чалавекам праз няшчасце зрабiла мяне чыгунка.

Зразумеў я яе ад таго, палюбiў... Ды выкiнулi з машыны сапсуты шрубок, i няма мне нiдзе цяпер месца.

А без чыгункi цяжка, нудна жыць мне цяпер, прызвычаiўся я да яе. Так хочацца паквiтацца за свой праступак, зрабiць што-небудзь добрае для яе, памагчы наладзiць машыну, каб добра працавала, але куды ж? Воўчы бiлет - i няма звароту. Выкiнуты на сметнiк, зламаны шрубок...

Вось кiм стаўся цяпер я...

Прайшлi гады. Адгрымелi громы рэвалюцыi, сцiхла завiруха, пачалi ўзводзiць рыштаванне новай, светлай пабудовы.

Далёка ад роднай вёскi апынуўся я. Давялося i мне папрацаваць на чыгунцы. Пад час працы не раз успамiнаў Сымона Мiгая i яго гiсторыю. Палюбiў i я чыгунку, захапiўся i я стройнасцю, своеасаблiвым хараством яе працы i зразумеў я Сымона. Зразумеў, чаму так цяжка было яму адчуваць сябе выкiнутым, нягодным шрубочкам гэтай вялiкай складанай машыны. Дбаў я, шчыра i ўважлiва дбаў аб тым, каб быць на сваiм месцы, добра выконваць сваю працу маленькага шрубочка, ад якога, бывае, залежыць праца машыны.

I зноў успамiнаў Мiгая.

Аднойчы давялося мне выехаць на маленькую станцыю. Хоць маленькая яна была, хоць зусiм мала было тут чыгуначнiкаў, але тут добра, прыкладна для iншых працаваў мясцком. Вёў вялiкую культурна-асветную работу сярод членаў свайго саюза, меў шэфства над вёскай суседняй i там дапамагаў сялянству выбрацца з векавечнай цемры, распачаць новае, светлае, прыгожае жыццё.

У гэтым мясцкоме спаткаўся я з Сымонам Мiгаём. Рэвалюцыя анулявала яго воўчы бiлет, звярнула шрубок на старое месца, дала магчымасць паквiтацца за былы, мо i несвядомы, праступак.

I шчыра, старанна квiтаўся Сымон Мiгай.

Уся вялiкая культурная работа, пра якую чутно было i за межамi станцыi, была справай рук Мiгая, старшынi мясцкома чыгуначнiкаў.

З вясёлым тварам спаткаў мяне Мiгай. Вiдаць было, што чалавек жыве, захоплены жыццём, бачыць у iм сэнс, працуе, закаханы ў працу.

- Квiтаюся, браток, квiтаюся, - казаў ён мне. - А галоўнае, родны мой, не пабачыш ты на нашай станцыi анiводнага п'янага. Няма, брат, гэтай брыдоты ў нас! На сваiм прыкладзе пераканаў я ўсiх. Наша частка машыны працуе добра, сумленна, кожны шрубок на месцы, не хiстаецца, роўна i гладка iдзе. За нашу частку машыны можна быць спакойным!

Я ахвотна паверыў Сымону Мiгаю.

1928 г.

2
{"b":"99098","o":1}