Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Гэта вельмi важна, - ажывiўся Корзун. - Ва ўсiм гэтым ёсць нейкi сэнс.

- Не будзем спяшацца з вывадамi, - спынiў яго Савацееў.

Тым часам увiшныя робаты прыгналi гiдраплан. Потым сабралi будынiну, дзе людзi маглi б адпачыць, устанавiлi там пульты i экраны прыбораў назiрання.

Хвiлiны цяклi марудна, складваючыся ў яшчэ больш марудныя гадзiны. I нiякiх вестак ад Шабанава.

- Не прабiваюцца радыёсiгналы, - канстатаваў Савацееў.

- Я пра гэта думаў, - Корзун зiрнуў на гадзiннiк. - Хвiлiн праз дваццаць сiгнал павiнен быць. Аўтазонд вырвецца на паверхню.

- Ты малайчына, Васiль!

- Адзiн тэрмiн ужо мiнуў, - уздыхнуў Корзун.

Савацееў збянтэжана прыцiх.

Вестка прыйшла са спазненнем на пяць хвiлiн. Кароткая, як знясiленая. Пiльныя аўтаматы "Памiра" i радыёмаякоў запеленгавалi аўтазонд. Ён зрабiў перадачу з адлегласцi ў сто васемнаццаць кiламетраў.

Праз лiчаныя хвiлiны гiдраплан быў ужо над раёнам, вызначаным пеленгатарамi. Аднак Корзуна, якi адправiўся на пошукi, чакала расчараванне. Нi на паверхнi, нi ў глыбiнi яму не ўдалося заўважыць нiчога значнага. Тоўшча вады хавала ў сабе таямнiцу.

- Кепска, - сказаў Савацееў, выслухаўшы Корзуна. - Сяргей недзе глыбока, вельмi глыбока, там страшэнны цiск. Чалавек не вытрымае.

- А як я? - запярэчыў Корзун.

- Будзем чакаць, нiчога iншага не застаецца.

Цямнела. Неба пакрывалася хмарамi, чорнымi, як сама ноч. Падзьмуў вецер. Слабы спачатку, ён павольна разгульваўся, выносячы з цяснiн воблакi пылу. Пачаўся дождж, ён сцябаў вадзянымi каскадамi па тонкiх металiчных сценках часовага прытулку касманаўтаў. Надыходзiла ноч, шквальная, лiўневая.

Савацееў павялiчыў яркасць экранаў, што назiралi за берагам. Ён убачыў вузкую берагавую паласу, нерухомых робатаў, прымацаваных тросамi да слупа на абрыве, а за некалькi крокаў ад iх - бурлiвае мора, якое пасылала на бераг хвалю за хваляй.

Вiдовiшча было жудаснае, i Савацееву за надзейнымi сценкамi стала нiякавата. А як Шабанаву, калi ён яшчэ жывы?

- Мой час мiнуў, - Корзун як прачытаў думкi таварыша.

- У яго аварыйны запас кiслароду. - Суцяшэнне было слабае, i сам Савацееў не вельмi верыў. Але iншага не было. - Адпачывай, Васiль, пазней зменiш.

Парывы ветру пачасцiлiся, перайшлi ў няспынны гул. Прыцiшаны гукаiзаляцыяй сцен, ён быў манатонны, наганяў сон. Савацееў уключыў метраном. Звонкiя секунды напоўнiлi пакой трывогай. Гэта хвалявала, прымушала ўвесь час быць насцярожаным. Савацееў, седзячы ў крэсле, утаропiўся ў экран.

Стыхiя лютавала. Хвалi ўжо захлёствалi сумныя адзiнокiя постацi робатаў, спрабуючы сарваць iх з месца. Але яны, варухнуўшыся, зноў стаялi, як укапаныя. I гэтак гадзiну, дзве... Каб не заснуць, Савацееў раз-пораз моргаў вачыма.

Напэўна, ён нешта ўсё-такi празяваў. Бо калi расплюшчыў вочы, то левага робата на месцы не было. У дынамiку рэзка сцебанула: "Чалавек у моры!" I ўжо другi робат кiнуўся ў хвалi.

Яны выбралiся з вады разам з Шабанавым. Да памяшкання ён дайшоў сам, трымаючыся за робатаў. Ён быў зняможаны, кiнуў адно: "Пасля, пасля" - i асунуўся, заснуўшы на хаду.

Прачнуўся Шабанаў гадзiн праз дваццаць. Зноў была ноч. Зноў за тонкiмi сценамi iх часовага жытла вар'яцеў вецер, з гор кацiлiся вадзяныя валы. Але гэта ўжо на людзей не дзейнiчала, здавалася неiстотным. Яны былi зноў разам. Касманаўты сабралiся ля праектара. Плёнкi ўжо былi праяўлены.

- Спачатку я раскажу, што захавалася ў памяцi, - прапанаваў Шабанаў, бо плёнкi могуць мне зрабiць непатрэбную падказку.

Шабанаў трымаўся зусiм iнакш, чым тады Корзун, больш упэўнена. Гэта i здзiвiла, i ўзрадавала Савацеева.

- Калi я пайшоў да берага другi раз, - пачаў Шабанаў, - то быў хiтрэйшы. Я прыкладна ведаў, што мяне чакае. Калi закружылася галава, я не стаў працiвiцца чужому ўздзеянню, таму хутчэй упаў на пясок, стараючыся не варушыцца. Не ведаю чаму, але гэта аказалася правiльным. Галаве стала крыху лягчэй, i праз трызненне мне ўдалося тое-сёе ўбачыць. Помню, як змыла хваляй, як пацягнула па паверхнi, як пачаў правальвацца глыбей. Вось тады ў вадзе я адчуў нейкi рух, не плынь, а нешта iншае, абмежаванае вузкiмi рамкамi. Ты, Васiль, успамiнаў пра рыб. Можа, гэта былi яны. А можа, якiя iншыя iстоты. Вакол мяне ўвесь час бурлiў вiр, i хаця ў касцюме было паветра, яно не трымала мяне, я працягваў апускацца ўсё нiжэй. Мяне здзiвiла, што ўжо досыць глыбока, а цiску вады не адчуваю. Я спалохаўся. Зрабiў спробу вырвацца i дапусцiў гэтым самым памылку. Зноў закружылася галава, я правалiўся ў небыццё, з якога выйшаў толькi апынуўшыся на беразе. Каб не кiбы, паплаваў бы яшчэ. А цяпер давайце паглядзiм плёнкi.

У касцюм Шабанава былi ўманцiраваны шэсць маленькiх кiнакамер. Калi ён вярнуўся, iх засталося пяць. Шостая недзе прапала.

- Зачапiўся за што, а можа, робаты, як цягнулi, адарвалi, - сказаў Шабанаў.

Ды хапiла i астатнiх. Яны ўключылiся ў той момант, як мора хлынула на бераг.

Савацееву ўдалося сiнхранiзаваць зафiксаванае плёнкамi так, каб на экране атрымлiвалася цэльная i аб'ёмная карцiна. Мора было такое ж, якiм людзi яго бачылi кожны дзень, на глыбiнi нават яшчэ спакайнейшае. Тым больш было дзiўна, што Шабанаў рухаўся рыўкамi.

Апараты з аўтаматычнай наводкай хутка прывыклi да навакольнага асяроддзя. У вадзе яны заўважылi ценi, якiя кружылi навокал Шабанава. Апараты павялiчылi рэзкасць, выбралi адпаведную падсветку, i ценi ператварылiся ў незвычайных... рыб. Доўгiх, велiчынёй з чалавека, вузкiх i вастраносых.

- Васiль не памылiўся, - узрадаваўся Шабанаў.

Касяк, гаворачы зямной мовай, быў немалы - рыбы акружалi чалавека шчыльна, час ад часу кранаючы яго цела рабрыстымi плаўнiкамi.

- Навошта я варушыўся, - пашкадаваў Шабанаў.

- Апараты раскажуць, што трэба, - супакоiў Корзун.

- Не, я заўважыў бы больш. Хоць ты паўтары дослед.

Паказалася жоўтае дно. I тут яно нагадвала бераг - пясчанае, без прыкмет якой-небудзь раслiннасцi. Рыбы, не спыняючыся, плылi далей з вялiкай хуткасцю.

Нарэшце рух рыб запаволiўся. На экране з'явiлiся нагрувашчваннi каменняў, якiя зблiзку аказалiся гротамi. Цi то рыбы жылi тут, цi што iншае было, кiнаапараты не ўлавiлi. Вiдаць, рыбы перасталi падтрымлiваць Шабанава, i ён апусцiўся на дно, бо па экране ў гэты час прабеглi цёмныя палосы. Потым зноў праяснела.

Шабанаў ляжаў ля ўвахода ў грот. Рыбы трохi пакруцiлiся каля яго i паплылi некуды. I зноў палосы прабеглi па экране.

- Навошта было цябе несцi? - усмiхнуўся Корзун.

- Ты таксама, напэўна, пабываў на гэтым дне. Хаця!.. - Шабанаў здзiўлена паглядзеў на таварышаў. - Здаецца, успомнiў. - Ён адвярнуўся ад экрана. - Зараз мяне перанясуць да другога грота. Там ля ўвахода будзе кучка цi то водарасцяў, цi то тутэйшых актынiй.

- Праўда! - падхапiўся Савацееў.

Па экране трэцi раз прайшлi палосы.

- Успомнiў! Га? - дзiвiўся сам Шабанаў.

Перанёсшы яго, рыбы доўга не вярталiся. Амаль увесь дзень. I столькi ля экрэна прасядзелi касманаўты, баючыся лрапусцiць якую-небудзь дэталь.

- Шкада, што не вiдаць майго цела, - сказаў Шабанаў задумлiва. Што-небудзь яшчэ ўспомнiў бы.

- Глядзi, глядзi! - перапынiў яго Савацееў.

Падплыла рыба, павiсла нерухома, паводзячы плаўнiкамi, як сом вусамi. Вочы - вузкiя шчылiны - паблiсквалi чырванаватымi агеньчыкамi. Праз некаторы час рыба варухнула носам кучку водарасцяў i зноў замерла. Неўзабаве да яе далучылiся яшчэ дзве. Звёўшы галовы ў адно месца, яны быццам раiлiся. Шабанаў аж засмяяўся, такiм недарэчным здалося яму гэтае меркаванне. I раптам рыб пабольшала. Яны зноў утварылi кальцо. Шабанаў адарваўся ад дна, i рыбы рушылi ў дарогу.

Мора хвалявалася. Вяртаўся Шабанаў ужо ноччу. Рыбы паводзiлi сябе цяпер неспакойна. Частка iх адлучылася, закруцiлася ўсё хутчэй i хутчэй. Пасярод круга ўзнiкла варонка, якая ўсё павялiчвалася. I тады ў вiр кiнулiся астатнiя рыбы. А на экран з вялiкай хуткасцю пачаў наплываць чорны бераг.

3
{"b":"99097","o":1}