– І што мне з табой рабіць? Тэлевізар – гэта як цукеркі, ты ж ізноў палезеш сваю калыханку глядзець, – Юзік пачаў задумліва хадзіць узад-уперад. – Табе тэрмінова трэба купіць тэлевізар, – нарэшце сказаў ён.
– Ага. Тэлевізар! Ды ён трыста талераў каштуе! – адказаў Казік.
– Праблема, – пагадзіўся Юзік. – Але я што-небудзь прыдумаю. А пакуль, – чао…
3. ПЛАН
Сонейка, на якое апоўдні нельга было зірнуць, увечары пачало цямнець і рабіцца барвовым. Дзень рыхтаваўся да сну, а разам з ім і сонца. Яно пакрысе хавалася за суседнім домам.
Дахавік Казік сядзеў на краі свайго даху, звесіўшы ножкі, і займаўся вельмі сур’ёзнай справай – пускаў бурбалкі.
Казік быў майстрам у пусканні бурбалак. Нават чэмпіён горада, шасцігадовы Янук Ладыжка, не мог выдзімаць бурбалкі такога памеру і такой рознакаляровасці. І толькі інтрыгі арганізатара чэмпіянату па пусканні мыльных бурбалак, які адначасова быў яшчэ і бацькам Янука, не дазволілі Казіку атрымаць медаль чэмпіёна.
Як толькі Казік на чэмпіянаце надзімаў цудоўную бурбалку, Базыль і Юрась, пяцігадовыя агенты Януковага бацькі, стралялі па бурбалцы з трубачак. Кулямі служылі яблычныя зярняткі. Казік ледзь не плакаў ад крыўды і несправядлівасці. Ён вырашыў узмоцнена трэніравацца, каб да наступнага чэмпіянату навучыцца пускаць бурбалкі, якім не будуць страшныя ніякія зярняткі.
Сонейка хавалася за дом, а Казік сядзеў, пускаў бурбалкі і назіраў, як яны плаўна апускаліся на брук тратуара і пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі.
Раптам каля дома прыпынілася таксоўка. З салона «Фальксвагена» вылез сябар Юзік. На плячы ў яго сядзела варона. Казік прыгледзеўся і пазнаў Карыну, якая была іх агульнай знаёмай.
Юзік і Карына задралі галовы ўгору і, прыкмеціўшы Казіка, весела памахалі яму: Юзік – ручкай, Карына – крылом. Праз некалькі хвілін сябры ўжо сядзелі разам і весела сакаталі.
– Памятаеш, я казаў, што табе патрэбны тэлевізар? – спытаўся ў Казіка Юзік.
– А як жа, – адказаў Казік і пацёр бок, які ён моцна ўдарыў падчас прагляду калыханкі.
– Ну дык вось, у Карыны ёсць план, як зарабіць грошы на тэлек.
– Так, так, кар-р, – пацвердзіла варона.
Варта адзначыць, што Карына ніколі не кідала слоў на вецер. Калі сказала, значыцца, сапраўды ведае, як зарабіць трыста талераў. Доўгае жыццё прывучыла варону трымаць слова.
Карына, як усялякая дама, утойвала свой узрост, але ўсе знаёмыя ведалі, што ёй вось-вось будзе дзевяноста гадоў, і паціху рыхтавалі падарункі на юбілей.
– Значыцца, так, – працягвала Карына, —неўзабаве пачнецца перапіс насельніцтва, і я дамовілася праз знаёмую варону з магістрату, што вас возьмуць перапісчыкамі. Аплата 150 талераў. Фотакарткі ў вас ёсць?
– У мяне няма, – ціха сказаў Казік, – я не фотагенічны.
– Не фота які? – перапытала Карына.
– Ну, у мяне заўсёды нос крывым на картачцы атрымліваецца.
– Галоўнае, каб рукі не былі крывымі, бо пісаць давядзецца. А крывы нос перапісчыку не зашкодзіць. Тэрмінова сфатаграфавацца!
– А навошта гэты перапіс? – нясмела спытаўся Казік.
Тут да размовы падключыўся Юзік.
– Як гэта, навошта? Каб ведаць, колькі трэба дзіцячых садкоў і школак, колькі трэба тралейбусаў і трамвайчыкаў, колькі… Ну, ты зразумеў, Казік?
– Ага. Зразумеў. А вось сабак, мяркую, ніхто не перапісвае.
– Чаму ты так думаеш? – у адзін голас запыталіся Карына і Юзік.
– Каб іх перапісвалі, то напыснікаў у крамах ставала б для ўсіх сабак. А ў нас у двары, вунь паглядзіце, у паловы гаспадароў сабакі без напыснікаў. Неяк мяне адзін баксёр нават укусіў за лытку. Вось я і мяркую, што сабак не перапісваюць.
– Які ты, Казік, разумны, кар-р, – сказала Карына.
– Геній! – захапляльна дадаў Юзік.
Сонейка схавалася за суседні дах. Дзень скончыўся, і сябры, дамовіўшыся сустрэцца зноў, развіталіся.
4. ГЕРОЯМІ НЕ НАРАДЖАЮЦЦА
Казік прачнуўся ад пілікання тэлефончыка. Не расплюшчваючы вачэй, ён намацаў мабілку.
– Казік слухае.
– Спіце, пан пажарнік? – у слухаўцы зарагаталі, – Юзік ля апарата. Давай хутчэй падымайся, мы з пані Карынай цябе абчакаліся.
Казік падхапіўся і пачаў мітусліва гойсаць па гарышчы, збіраючы адзенне і запіхваючы ў рот печыва
Праз паўгадзіны сябры ўжо былі каля гарадской ратушы. Казік і Юзік зайшлі ў будынак, а Карына засталася на вуліцы, матывуючы нежаданне ісці разам з сябрамі тым, што яна, маўляў, сёння кепска выглядае.
Дахавікі блукалі па магістраце, можа, з гадзіну, пакуль, нарэшце, не натрапілі на дзверы з шыльдай «ГАЛОЎНЫ ПЕРАПІСЧЫК».
Юзік прыадчыніў дзверы, і яны зайшлі ў кабінет.
За вялікім бліскучым сталом, на якім стаяла мноства розных прычындалаў, сядзеў маленькі вусаты чалавек.
– Добры дзень, сказаў Казік.
– Дзень добры, – адказаў вусач. Ён падняўся з-за стала і, падышоўшы да дахавікоў, працягнуў руку: – Галоўны перапісчык.
Казік паціснуў яму руку і адрэкамендаваўся:
– Казімір.
– Юзік таксама павітаўся і сказаў:
– А я Юзік.
– Начуты, начуты, як жа, – прабасіў Галоўны перапісчык, – Ну што ж, панове, зоймемся інструктажам…
Нараніцу сябры прыступілі да перапісу. Ранак быў пахмурны, імжэў дожджык. Першым на іх шляху быў дом нумар 13 па вуліцы Кароткабродскай. Дахавікі з варонай падыйшлі да пад’езда. За імі да дома наблізіўся бамбіза ў цёмных акулярах. Галава ў бамбізы была лысая і круглая, як більярдны шар, а твар з трохдзённай поўсцю расплываўся ў інтэлігентнай усмешцы.
Казік націснуў пімпачку дамафона.
– Хто там? – данеслася пытанне.
Дахавік прыўзняўся на дыбачках і крыкнуў у мікрафон:
– Гэта мы! Перапісчыкі!
«Пілім-пілім», – раздаўся гук, і дзверы адчыніліся.
Перапісчыкі падняліся на другі паверх і пазванілі ў дзверы кватэры. Ім адчыніла гаспадыня – мажная пані ў фартуху.
– Заходзьце, калі ласка, – амаль дзявочым голасам прапанавала гаспадыня.
Перапісчыкі зайшлі ў вітальню. І тут раптоўна… Раптоўна прагучаў хрыпаты голас:
– Усім заставацца на месцы! Гэта рабаўніцтва!
Хрыпаты голас належыў лысаму бамбізу, у руках ён трымаў вялізны пісталет.
– Я сказаў, рабаўніцтва! – нядобра паўтарыў лысы.
Пачуўшы гэта, гаспадыня і Юзік сінхронна згубілі прытомнасць. Плюх! – грукнуўся на падлогу Юзік. Ба-бах! – а гэта гаспадыня.
Казік нечакана для сябе ўпіўся зубамі ў руку лысаму рабаўніку. Сківіцы сціснуліся, быццам у бультэр'ера, і толькі пасля гэтага Казік услед за Юзікам і гаспадыняй страціў прытомнасць. Рабаўнік, які не чакаў такога развіцьця падзей, упусціў пісталет і заскуголіў ад болю:
– А-а-ааа!!!!
Але Казікавы зубы ўчапіліся моцна.
Тут Карына імгненна прадубліравала Казікаў укус кантрольным дзяўбком у лоб лысага. Бамбіза узвыў ад болевага шоку і, знепрытоміўшы, таксама грукнуўся на падлогу. Справа была скончана.
Калі паліцыя, выкліканая суседзямі, увалілася ў кватэру, на падлозе ляжалі чатыры непрытомныя целы, і толькі варона Карына пераможна махала крыламі, выгукваючы пры гэтым:
– Кар-р! Кар-р-р!!!
Інспектар паліцыі зірнуў на нерухомага бандыта і радасна сказаў:
– Знаёмы твар!
Як выявілася, гэта быў жулік па мянушцы Глобус, аб’яўлены Інтэрполам у міжнародны вышук. Глобус займаўся рабункам цацак і дзіцячых кніжак. Доўгі шлейф злачынстваў цягнуўся за ім па цэлай Еўропе. Сотні дзяўчынак і хлапчукоў засталіся праз бандыта без улюбёных цацак. Нават пісталет у Глобуса быў вадзяным. Ён яго адабраў у беднага іспанскага хлопчыка. І толькі дзякуючы Казіку і Юзіку з Карынай удалося пакласці канец Глобусавым злачынствам.
На наступны дзень у будынку гарадской паліцыі шэф паліцыі у прысутнасці бургамістра горада і шматлікіх гасцей ўзнагародзіў Казіка, Юзіка і Карыну значкамі «Ганаровы паліцыянт», а прадстаўнік Інтэрпола абвясціў аб прэміі ў 500 талераў для герояў.