Шарль Пэро
ЧАРАДЗЕЙНЫЯ КАЗКI
ПРЫГАЖУНЯ Ў СОННЫМ ЛЕСЕ
Жылi сабе кароль з каралевай, i не было ў iх дзяцей. Так яны сумавалi праз гэта, так сумавалi, што i сказаць няможна. Ужо i ўсе святыя крынiцы на свеце пааб'ездзiлi, i малiлiся, i бажылiся, i пацеры ўвесь час казалi - чаго толькi не рабiлi, а ўсё дарма. Але нарэшце каралева такi зацяжарыла i нарадзiла дачку. Хрэсьбiны справiлi пышныя. За хросных мацi да маленькай прынцэсы паклiкалi ўсiх чараўнiц, якiх толькi ўдалося знайсцi ў каралеўстве (а iх аказалася сем). Бацькам хацелася, каб кожная паводле звычаю, якi тады быў у чараўнiц, надзялiла iх дачку якiм-небудзь дарам i каб прынцэса, такiм чынам, мела ўсе найлепшыя якасцi, якiя сабе можна ўявiць.
Пасля хрэсьбiнаў госцi ўсёй кампанiяй вярнулiся ў каралеўскi палац, i там чараўнiцам зладзiлi вялiкi банкет. Перад кожнай паклалi раскошны футарал з чыстага золата, а ў iм ляжалi залатыя лыжка, вiдэлец i нож, аздобленыя дыяментамi i рубiнамi. Калi ўсе сядалi за стол, у залу раптам увайшла старая варажбiтка, якую нiхто не запрашаў, бо яна больш за пяцьдзесят гадоў не выходзiла са сваёй вежы i ўсе лiчылi, што яна памерла цi ляжыць там зачараваная.
Кароль загадаў прынесцi кувэрт i ёй, але залатога футарала больш не знайшлося: iх зрабiлi толькi сем - столькi, колькi было запрошана чараўнiц. Варажбiтка палiчыла, што яе зняважылi, i пачала бурчаць скрозь зубы розныя праклёны. Маладая чараўнiца, якая сядзела побач, пачула гэтае бурчанне i зразумела, што старая можа наклiкаць на прынцэсу якое-небудзь лiха. I таму, калi ўсе ўсталi ад стала, яна адразу адышла ўбок i схавалася за фiранкай, каб гаварыць апошняй i мець такiм чынам магчымасць крыху ўхiлiць лiха, якое зробiць старая.
Тым часам чараўнiцы пачалi надзяляць прынцэсу дарамi. Сама маладая паабяцала, што прынцэса будзе найпрыгажэйшая дзяўчына ў свеце; другая - што розум у яе будзе светлы, як у анёлка; трэцяя - што яна будзе майстрыха на ўсе рукi; чацвёртая - што яна будзе цудоўна танцаваць; пятая - што голас у яе будзе, як у салавейкi; а шостая - што яна будзе дзiвосна граць на сама розных iнструментах. Калi ж настала чарга старой варажбiткi, яна, трасучы галавой не так ад старасцi, як ад злосцi, - сказала, што прынцэса ўколе руку верацяном i памрэ.
Ад такога страшнага выраку госцi аж скаланулiся, i нiхто не здолеў стрымаць горкiх слёз. У гэтую хвiлiну з-за фiранкi выйшла маладая чараўнiца i гучна прамовiла:
- Супакойцеся, кароль з каралеваю! Вашая дачка не памрэ. Праўда, я не маю такой улады, каб зусiм зняць чары старой варажбiткi, i прынцэса ўсё ж уколе руку верацяном. Але яна не памрэ, а толькi засне глыбокiм сном, якi будзе доўжыцца сто гадоў. А потым прыйдзе малады каралевiч i разбудзiць яе.
I ўсё ж, нягледзячы на гэтае абяцанне, кароль вырашыў зрабiць усё, каб запабегчы бяды, наканаванай старой варажбiткай. Ён выдаў загад, якi пад пагрозаю смерцi забараняў усiм i кожнаму прасцi верацяном цi нават проста трымаць верацёны дома.
Гадоў праз пятнаццаць цi можа шаснаццаць кароль з каралевай паехалi ў адзiн свой летнi маёнтак; i аднойчы прынцэса, бегаючы там па палацы - з пакоя ў пакой, з паверха на паверх, - залезла аж пад самы дах адной вежкi, дзе ў невялiчкай каморцы ўбачыла старую бабульку, якая прала на верацяно. Гэтая бабулька i чуць не чула, што кароль наклаў на верацёны строгую забарону.
- Бабуля, што вы тут робiце? - спытала прынцэса.
- Праду, маё дзiцятка, - адказала бабуля, якая не ведала, што перад ёю прынцэса.
- Ах, як гэта цудоўна! - сказала прынцэса. - А як гэта вы робiце? Дайце, я паспрабую, можа i ў мяне выйдзе.
Узяла прынцэса ручайку - а дзяўчына яна была няўрымслiвая, дый гарэзнiца добрая, а тут яшчэ над ёй панавала воля чараўнiц, i таму - ледзь толькi яна гэта зрабiла, як адразу ўкалола руку верацяном i ў той самы момант самлела.
Бабуля вельмi спалохалася, пачала крычаць, клiкаць на паратунак. На крык з усiх бакоў збеглiся людзi - i ў твар вадой прынцэсе пырскаюць, i гарсэт распускаюць, i па далонях пляскаюць, i скронi вугорскiм воцатам труць, ды нiяк да памяцi яна не прыходзiць.
Тады кароль, якi таксама прыйшоў у вежу на крык, успомнiў пра наканаванае чараўнiцамi ды падумаў, што, калi ўжо яны так сказалi, дык усё роўна ад лёсу нiкуды не дзенешся. I загадаў ён, каб прынцэсу паклалi ў найлепшым пакоi ў палацы на ложку, вышываным золатам i серабром.
Прынцэса ляжала, чыста анёльчык, такая яна была прыгожая; непрытомнасць зусiм не змянiла яе свежага тварыка: шчочкi ў яе былi пунсовыя, вусны - нiбыта з каралаў, i толькi вочкi былi заплюшчаныя. Але па яе роўным, цiхiм дыханнi можна было зразумець, што яна не памерла. Кароль загадаў, каб нiшто не турбавала прынцэсiнага сну, пакуль ёй не прыйдзе час прачнуцца.
Калi здарылася гэтая бяда, добрая чараўнiца, якая ўратавала прынцэсе жыццё, замянiўшы смерць стогадовым сном, была ў некаторым царстве, у далёкiм гаспадарстве, за цэлы тузiн тысяч вёрст. Але вестка пра няшчасце была ёй перададзеная ў адно iмгненне, i зрабiў гэта карлiк, у якога былi сямiмiльныя боты (а гэта былi такiя боты, у якiх адным крокам можна было прайсцi ажно сем мiль). Чараўнiца адразу рушыла ў дарогу i ўжо праз гадзiну пад'язджала да палаца на вогненнай каляснiцы, запрэжанай цмокамi.
Кароль выйшаў яе сустракаць, падаў руку i дапамог сысцi з каляснiцы. Чараўнiца ўхвалiла каралёвыя загады, але як бо была вельмi прадбачлiвая, падумала, што прынцэса засмуцiцца, калi прачнецца ў старым палацы зусiм адна. I вось што яна зрабiла.
Яна дакранулася сваёй чарадзейнаю палачкай да ўсяго, што было ў палацы (апроч караля з каралевай): да гувернантак, фрэйлiн, пакаёвак, кавалераў, служак, дварэцкiх, кухараў, кухарчукоў, брамнiкаў, пажоў, лёкаяў. Яна дакранулася таксама да коней у стайнях i да канюшнiкаў, да вартавых сабак на птушыным двары i да маленькага Пуфiка, прынцэсiнага сабачкi, якi ляжаў каля ложка. I ледзь яна да iх дакранулася, як усе адразу пазасыналi, каб прачнуцца разам са сваёй гаспадыняй i быць гатовымi ёй служыць, калi ў тым будзе патрэба.
Нават ражны ў печы разам з нанiзанымi на iх курапаткамi ды фазанамi - i тыя заснулi, i агонь - таксама. Усё гэта адбылося ў адну хвiлiну, бо чараўнiцам не трэба шмат часу, каб зрабiць сваю справу.
Тады кароль з каралевай пацалавалi сваю дарагую дачушку, што спала нязбудным сном, i, пакiдаючы палац, загадалi, каб нiхто да яго блiзка не падыходзiў. Ды гэтага й не трэба было загадваць, бо ўжо праз чвэртку гадзiны парк вакол палаца зарос такiм густым хмызняком, калючымi цернямi, ды вялiкiмi i маленькiмi дрэвамi, што праз iх не змаглi б прадзерцiся нi звер, нi чалавек. Палац зусiм схаваўся за гэтым зараснiкам, i цяпер можна было ўбачыць адны яго вежы, дый тое здалёк. Нiхто не сумняваўся, што i тут чараўнiца паклапацiлася, каб прынцэса спала спакойна i каб яе не турбавалi нiякiя цiкуны.