Самую значную групу эксперыментаў складалi звязаныя з прайгравальнiкам. Адсюль цягнулася тонкая нiтачка хоць да нейкага тлумачэння сiтуацыi, закладнiкам якое я аказаўся. Факт заставаўся фактам: упершыню ментолавы пах матэрыялiзаваўся ў пакоi, калi я купiў кружэлку Шапэна.
Я правёў з прайгравальнiкам сотнi разнастайных доследаў: з дзесятак разоў пракруцiў кожны з маiх дыскаў; паставiўшы Шапэна, выходзiў з дому i раптоўна вяртаўся; пераносiў апарат то ў кухню, то, карыстаючыся электрападаўжальнiкам, у ванную... Не сказаў бы, што ў вынiку я iстотна прасунуўся наперад. Справаздача пра гэтыя манеўры змясцiлася б у два-тры пункты. Пах цыгарэтаў трансцэндэнтным чынам узнiкаў у кватэры толькi пры гучаннi прэлюда No 15. Разам з тым пад перазвон "кропелек" дым мог i не з'явiцца - наўпроставай залежнасцi доследы не выявiлi. Iншая рэч, што пад час астатнiх мелодыяў магчымасць з'яўлення паху раўнялася нулю.
Пытанняў набiралася болей, чым адказаў.
Шукаць адсутныя адказы я паспрабаваў у сваёй бiблiятэцы.
Адна з кнiг, аўтара якой анатацыя рэкамендавала як вучня Алены Блавацкай, на некалькi вечароў завалодала маёй увагаю. Напачатку падалiся цiкавымi думкi аб тым, што сутнасць мужчыны ёсць каханне, аблiчча ж ягонае ёсць мудрасць, у той час, як сутнасць жанчыны - мудрасць, а аблiчча яе - каханне, i я нават наладзiў з Наташаю абмеркаванне.
З той самай кнiгi я даведаўся, што ў дадатак да вядомых органаў успрымання кожны з нас мае яшчэ сорак дзевяць, што ў сучаснага чалавека бяздзейнiчаюць, як, напрыклад, размешчанае на патылiцы трэцяе, празорлiвае вока.
Са значна большай сур'ёзнасцю я чытаў пра астральны, альбо тонкi свет, у якiм таксама, уадначас з прысутнасцю ў свеце фiзiчным, працякае чалавечае жыццё.
Дапусцiўшы, што я сплю, iначай кажучы, знаходжуся ў тонкiм свеце, я атрымлiваў шанец спрытна растлумачыць сiтуацыю. Але ж маё жыццё цякло ў свеце рэальным i адчувальным кожную хвiлiну - з менскай ускраiнай, з вечна нецвярозым Лёнем, са смакам вiна, з аксамiтам Наташынага цела... i з пахам ментолавых цыгарэтаў...
Тысячу разоў меў рацыю фiлосаф, што, даючы вызначэнне чалавеку, назваў яго iстотаю, якая да ўсяго прывыкае. Абстрагаваўшыся ад гэтага паху, я сказаў бы, што жыццё ў кастрычнiку вярнулася ў звыклае рэчышча. Мне ўдалося закончыць адно апавяданне i накiдаць эскiз другога. Пра не азмрочаную радасць спатканняў з Наташаю я ўжо згадваў.
Правёўшы сяброўку на тралейбус, я выбiраў такi зваротны маршрут, каб трымаць на воку сваё вакно, аднак нiчога падазронага нi разу не заўважыў. Спыняючыся на пляцоўцы памiж другiм i трэцiм паверхамi, а потым каля кватэры, я ператвараўся ў слых, ды нiякiх мелодыяў цi iншых гукаў з-за маiх дзвярэй не даносiлася. Зрэдку пах дыму ў кватэры меў большую насычанасць, чым тады, калi я выкурваў абавязковую цыгарэту перад адыходам. У такiм разе, распрануўшыся, я даставаў з пачка яшчэ адну. Аднак выпадалi вечары, калi ў гэтым не было нiякае неабходнасцi, i ўва мне мацнеў голас, якi пераконваў, што грудкi попелу ў вачнiцах у аднарогага чорта, гэтаксама як уключаны не маёй рукою вентылятар, ценi за матавым шклом i ўсё астатняе, калi i не прымроiлася мне, дык адплыло ў невараць. Здаралася, я толькi прыслухоўваўся да супакойлiвага голасу, а здаралася - з ахвотаю браўся дапамагаць яму, успамiнаючы просценькую параду Дэйла Карнэгi: пасадзiце непрыемнасцi ў купэ i адпраўце цягнiк ва ўчарашнi дзень.
Я занатоўваю дэталi так падрабязна, бо хачу - гэта ўяўляецца мне вельмi iстотным - намаляваць як мага дакладнейшы "партрэт" свайго тагачаснага псiхiчнага стану.
Кастрычнiк стаяў пагодлiвы i прыгожы. Мой унутраны ландшафт вярнуў сабе раўнавагу, i эксперыменты працягвалiся ўжо пераважна па iнерцыi. Я навучыўся на далёкiх подступах блакаваць няўтульную думку, што хтосьцi паралельна ставiць доследы нада мною i што мае ўласныя эксперыменты - толькi запланаваная частка ягоных, падпарадкаваных свайму рытму i свайму строгаму графiку.
Здаецца, я пiсаў, што перыяд эксперыментаў завяршыўся першым сном, якi не быў у поўным сэнсе падарожжам. Згадзiцеся, гучыць настолькi ж няўцямна, як i велягурыста. Эксперыменты падразумяваюць канкрэтыку i матэрыяльныя доказы, таму ўношу ўдакладненне: той перыяд завяршыўся недакуркамi са слядамi памады.
Зноў была пятнiца, дзень, калi мы з Наташаю належалi адно аднаму даўжэй, чым звычайна. Ад ранiцы церусiў дождж - надвор'е, якое яна любiла болей за любое iншае. Нам з ёю нiколi не бывала сумна нi за сталом, нi ў пасцелi, але ў дажджлiвыя днi мы, дзякуючы Наташы, як быццам пiлi ўсё з поўных келiхаў. Яе фантазiя абавязкова нараджала што-небудзь незвычайнае на кухнi. Яшчэ больш пiкантныя стравы падавалiся ў ложак, якi ў дождж мая сяброўка залiшне рамантычна называла каравелай.
Таго дня наш карабель пад акампанемент кропляў на падваконнi плыў наперад пад усiмi ветразямi...
Мы выбавiлiся з дому каля дзевятай гадзiны, але па дарозе пачалi пад парасонам цалавацца i, не згаворваючыся, павярнулi назад. Я трымаў Наташу за руку, глядзеў на мокрае цёмна-бурштынавае лiсцё пад нагамi i ўпершыню думаў, што ў нас з ёю ўсё можа атрымацца i тады, калi мне не трэба будзе праводзiць яе ўвечары на тралейбус.
У калiдоры мы, быццам сустрэлiся пасля доўгай ростанi, проста задыхнулiся ў пацалунку.
Я ўпэўнены: наша фiзiчная iпастась, самi чалавечыя целы, таксама надзеленыя дарам прадбачання i прадчування i бываюць чуйнейшымi за душы. У той вечар душы залагоджана драмалi, а целы... Целы, чуючы блiзкае расстанне, кiнулiся развiтвацца.
Наташа, сяброўка мая, ты не прачытаеш гэтых старонак, аднак, калi ўсё ж прычынiцца неверагоднае, ведай, што, як мы другi раз iшлi на прыпынак, iшлi, забыўшы парасонку, хутка, быццам уцякаючы, i я стараўся думаць, што ў цябе на твары не слёзы, а дажджавыя кроплi, у тыя хвiлiны ты не пачула ад мяне нiводнага хлуслiвага слова. Гэта праўда, нi з кiм да цябе я не адчуваў сябе настолькi мужчынам i настолькi самiм сабою...
Але праўда i тое, што здарылася, калi мы запалiлi святло.
Наташа паднялася з ложка i прайшлася па пакоi ва ўсёй раскошы свайго жаночага хараства.
На вiшнёвым кiлiме стаялi шклянкi, недапiтая зялёная бутэлька i попелка. Наташа перанесла шклянкi на пiсьмовы стол i вярнулася па чорта з адбiтым рогам. Я працягваў любавацца ёю i тады, калi яна, паставiўшы поўную недакуркаў попелку на край стальнiцы, павярнулася да мяне з нязвычна разгубленым тварам.