Литмир - Электронная Библиотека
A
A

IV

Новая школа была адчынена на пакровы. Раней гнiлавостраўцы не пусцiлi дзяцей на вучобу - нельга, пакуль не кончыцца ўборка.

У той год ужо было два класы. Памятаю, Вера Мiкалаеўна, як бы памаладзелая пасля адпачынку, доўга расказвала нам пра дзiўнае мора, i кожны падоўгу слухаў, як яно шумiць у гладкай ружаватай ракавiне. Потым яна гаварыла пра тое, што будзе на месцы Гнiлавострава, калi мы вывучымся i станем дарослыя: палi без межаў, а на асушаным балоце будуць працаваць машыны, што самi ўмеюць араць, сеяць i малацiць. Мы гатовы былi хоць зараз iсцi руйнаваць межы, i толькi Лiстрат Iпатаў усмiхаўся сваёй дурнаватай недаверлiвай ухмылкай. На перапынку мы добра палiчылi яму рэбры, i ён здаўся.

Вера Мiкалаеўна засталася жыць у Яўпраксii, i кожны дзень дзяжурны па школе памагаў ёй адносiць вучнёўскiя сшыткi дамоў. У той пахмурны, слотны дзень дзяжурства выпала на маю долю. Не помню чаму, але мы затрымалiся ў школе. Я быў у баковачцы, ставiў у шафу чарнiлiцы-невылiвайкi, а Вера Мiкалаеўна збiрала ў стосiк сшыткi, калi ў школу прыйшоў Епафрадзiт Таркайла.

На iм быў шырокi парусiнавы балахон з башлыком i балотныя, за калена, боты. Ён стаў ля дзвярэй, абапёршыся мокрым плячом аб вушак.

- Прыйшоў з вамi пагаварыць па-харошаму, - пачаў Епафрадзiт, i яго маленькiя вочы прыкрылiся густымi вейкамi. - Мы з вамi, Вера Мiкалаеўна, людзi разумныя, i таму хочацца пагутарыць без хiтрыкаў, напрасткi, як кажуць.

- Ну што ж, давайце. Можа сядзеце?

- Нам стаяць больш спадручна, - але ён сеў на парту насупраць настаўнiцы. Праз шчылiну мне добра вiдаць былi абое.

- Пра што ж мы будзем гаварыць, Епафрадзiт Мiленьцевiч? - запыталася настаўнiца.

- Хачу вам пра нашых людзей расказаць. Вы тут, Вера Мiкалаеўна, чужая, законаў нашых не ведаеце. Дзяды нашы сюды, у Беларусь, з Клязьмы ад ганенняў на веру нашу стараверскую данiканiянскую ўцяклi. Звычкi нашы свой пачатак ад самога Ўладзiмiра святога Кiеўскага бяруць. Яны, як скала, вякi мiнулi, а не змянiлiся. Нi цар, нi яго мiнiстры i генералы разам з папамi-нiканiянцамi нiчога зрабiць не маглi. Гэта вы помнiць павiнны.

- Я знаю гiсторыю старавераў, але не разумею, навошта вы мне яе расказваеце?

- А вось навошта. Я, канечне, добра разумею, што i кнiгачытанне, зноў жа пiсьменнасць i арыфметыка чалавеку патрэбныя i богаўгодныя. Вось i давайце дамовiмся, што гэтаму будзеце вучыць дзяцей. А супраць веры нашай нiчога не кажыце. I парадкi не чапайце. Мы вам будзем павек жызнi дзякаваць, i жыць вы ў нас будзеце цiха i мiрна. Потым, чуў я, што вы пра камунiю людзям гаворыце... Не трэба... У нас свая камунiя, стараверская, i другой мы не хочам. Вы, значыцца, сваёй мяжы не пераступайце, а мы сваёй. Людзям трэба ў мiры i згодзе жыць.

- А калi я не згодна? - запыталася Вера Мiкалаеўна, i твар яе пабляднеў.

- Ну, тады наракайце на сябе. Край у нас цёмны, глухi. Адзiн бог за людскiя справы i помыслы ў адказе.

- Значыць, вайна?

- Чаму ж, мiрна трэба дамовiцца.

- Мiрная вайна... Ну што ж, я згодна.

- А дазвольце пацiкавiцца, навошта вам рызыкаваць? Што за карысць? Можа вы пагарачылiся, дык я не падганяю. У такiх справах не трэба спяшацца.

- Не, я ўсё абдумала. I я раю вам, грамадзянiн Таркайла, не стаяць упоперак на нашым шляху. А што папярэдзiлi, дзякую...

Епафрадзiт Таркайла ўстаў. Ягоны голас стаў рыпучы i незнаёмы:

- Толькi не ўздумайце скардзiцца: я начыста адракуся ад сваiх слоў, а сведак у нас няма.

Ён пайшоў. Было чуваць, як там за сцяной гулка чаўкаюць ягоныя цяжкiя боты. Я нясмела зазiрнуў у клас. Вера Мiкалаеўна, быццам нiчога не здарылася, складала сшыткi ў брызентавую сумку.

V

У канцы сакавiка, апошнiмi маразамi, у вёску прыехаў дзiўны, доўгi, як жэрдка, чалавек у блiскучай хромавай скуранцы. Быў ён калючы, як ажынавы куст. Нiзка прыгiнаючы галаву на парозе школьных дзвярэй, ён укулiўся ў клас на апошнiм, чацвертым уроку. Мы, як i належыць, гулка загрукалi вечкамi парт - усталi. Даўгалыгi махнуў рукой.

Такога цiкавага, трохi страшнаватага дзядзьку мы бачылi ўпершыню. Ён дыбаў па класе, смешна прысядаючы ў каленях, кудлацiў чорныя пакручастыя валасы i ўвесь час дудзеў, быццам гаварыў у пустую бочку. Нам здавалася, што ад гэтага гучнага голасу пачала глухнуць Вера Мiкалаеўна: яна, абапёршыся падбародкам на далонi, пальцамi закрыла вушы.

З усёй крыклiвай размовы мы зразумелi не багата: наша Вера Мiкалаеўна - гнiлая iнтэлiгентка. Яна мiндальнiчае, баязлiва нечага чакае, а не ўзрывае знутры сялянскую абыякавасць, а гэта пахне правым ухiлам.

Вера Мiкалаеўна ўвесь час апраўдвалася.

- Вы - дзiвак, Маркаў, - казала Вера Мiкалаеўна. - Вялiкiя справы так не робяцца... Вы, Маркаў, забываецеся, што Ленiн вучыў цярплiвасцi... Царкву няхай людзi закрываюць, а не мы з вамi... Ды баюся, Маркаў, iншага, што гэта перашкодзiць галоўнай задачы... Слухайце, Маркаў, камунiзм ад вашай паспешлiвасцi не наблiзiцца хутчэй... I вось што, Маркаў, вы мяне на левы загiб не збiвайце... Я гатова, вядома, выконваць указаннi, толькi баюся, што на гэта не партыя, а вы, павятовыя кiраўнiкi, скiроўваеце...

Нарэшце яна змоўкла. Нас распусцiлi, загадаўшы аб'явiць бацькам, каб прыходзiлi ў школу на сход.

Вёска трывожна гула, бо людзi пачулi, што прыезджы збiраецца закрываць стараверскую царкву. Яшчэ нядаўна, калi стварыўся калгас, у вёсцы было шумна. Спрэчкi паступова ацiхлi. I вось цяпер яны ўзгарэлiся зноў.

У Гнiлавостраве рабiлася нешта недарэчнае. У стараверскай царкве з васьмiканечным крыжам на вiльчыку малiлiся жанчыны i старыя дзяды. Гарэлi свяцiльнiкi i васковыя свечкi. Цяжкi лампадны дух быў чуцён за вярсту. Епафрадзiт Таркайла чытаў дванаццаць апосталаў - жахi пра пакуты Хрыста, i хворыя жанчыны падалi ў непрытомнасцi на земляную падлогу. Быў чысты чацвер.

Позна ўвечары, калi мацi вымятала памялом печку, а бацька рыхтаваў снасцi для рыбалкi, у нас паявiўся Яўпраксiн Цiмох.

- Куды ты? - здзiвiлася мацi, калi на Цiмохаў клiч я сабраўся ўцячы з хаты.

Давялося схлусiць. Мы выскачылi на вулiцу. Яркiя, на мароз, зоркi мiгцелi ў небе, як свечкi ў царкве. З поўначы, з-за Талыняў, дзьмуў марозны сiвер, апякаў твар. Недзе на тым канцы вёскi вылi сабакi, як галодныя ваўкi.

- Слухай, царкву патрашыць будуць...

- Хто? - напалохаўся я.

- Маркаў i настаўнiца. Яна не хацела, але ён прымусiў яе. А Епафрадзiт, помнiш, казаў, што царква - святое месца, калi хто дакранецца, дык яго адразу заб'е... Давай паглядзiм.

3
{"b":"81389","o":1}