Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Але ж, апрача паэзii, у беларускай эмiгранцкай лiтаратуры йснуе й багатая проза, у прыватнасьцi, мэмуарная. Нават пасьля "Архiпэлягу Гулагу" моцна ўражвае выдадзеная ў ЗША кнiга Аўгена Калубовiча "На крыжовай дарозе". Чаго вартыя хоць бы старонкi, што апавядаюць, як у разгар рэпрэсiяў увязьненыя беларускiя iнтэлiгенты ствараюць у камэры менскае турмы новую "сталiнскую" канстытуцыю рэспублiкi.

"Дзяржава мае назоў БССР: Будуйце Самi Сваё Рабства. Ганаровае права мець грамадзянства БССР належыць дзьвюм катэгорыям ейных жыхароў: тым, хто ўжо арыштаваны, i тым, хто будзе арыштаваны. Дзяржава ўрачыста гарантуе: права на працу - у вынайдзеных Ленiным i Сталiным для росквiту сацыялiстычнага грамадзтва канцэнтрацыйных лягерох; права на адпачынак - у спэцыяльна абсталяваных дамох адпачынку, якiя капiталiстычная прапаганда называе турмамi; права на сьмерць - ад кулi ў патылiцу..."

Лiтаратурны мэтар нашае гадоўлi цалкам паважна кажа з "блакiтнага экрану", што мы ўжо памахалi ручкаю "жизни во лжи". Значыцца, ужо ня хлусiць нам "Правда"? Значыцца, ня хлусiць ЦТ, аддадзенае на кармленьне Л. Краўчанку, аднагалосна выключанаму днямi са свайго творчага саюзу калегамi па маскоўскай журналiсцкай арганiзацыi?

Значыцца, можна без уздрыгу ўспомнiць студзень, падзеi ў Летуве. Там гiнулi ад куляў бяззбройныя людзi, а на экранах сьпявалi аголеныя прыгажунi ды йшло нiзкапробнае, замяшанае на самых прымiтыўных страсьцях "Аляксандар-шоў".

Памятаю, уключыў тэлевiзар у надзеi злавiць няўлоўную ў тыя днi праграму ТСН i ўбачыў мардаваротаў у чорных камбiнэзонах, якiя, зьмятаючы ўсё на сваiм шляху, несьлiся па лесьвiчных пралётах. Першая думка: штурм летувiскага парляманту! I раптам на экран выплыў месяцападобны, зь вясёлаю ўхмылкаю твар кумiра ахвiцэрскiх жонак Сашы Масьлякова. Аказваецца, гэта толькi шоў, прысьвечанае сьмелым i мужным хлопцам - "нашым".

Польскi афарыст Станiслаў Ежы Лец раiў: "Памыляйцеся калектыўна!" Вяртацца да праўды таксама больш надзейна й бясьпечна гуртам.

Улаўраны сацрэалiст паведамiў нам, што мы ўжо апынулiся ў "жизни без лжи".

Так i жывем.

Ура!

Красавiк, 1991 г.

2
{"b":"81385","o":1}