Палова тэксту на двух лiстках з вучнёўскага сшытка ў кратку засталася пад беспрасветным цэнзарскiм атрамантам. Найбольш iстотным у ацалелай частцы была згадка пра Валерку Акаркова. Юрка пiсаў, што, калi яму давялося ўпершыню страляць у афганца, ён уявiў перад сабой Окарка.
Мяне дагэтуль кусае сумленне: чаму не адказаў Юрку? Можна ж было напiсаць у Афганiстан i прамаўчаўшы пра Окаркава вяртанне з зоны, як i пра тое, што ён жыў у Ларысы, пакуль праз пару месяцаў зноў не паехаў пад канвоем кудысьцi ў Мардовiю, пасля чаго Ларыса скруцiлася з падазроным тыпам з Задзвiння i ўзялася гандляваць каля Палаца культуры шклозавода пiвам.
Больш салдацкiх лiстоў - нi з маскоўскiм, нi з якiм iншым штэмпелем - мне не прыходзiла.
Фiнал гэтае гiсторыi я магу аднавiць толькi са слоў клiўлендца з двума адарванымi пальцамi, таму мая спроба будзе непазбежна пазначаная пячаткаю суб'ектывiзму. Але ўяўленне малюе апошнiя Юркавы хвiлiны настолькi выразна, што я наважваюся выкласцi сваю версiю на паперы. (Вiдаць, тут прысутнiчае i эгаiстычнае iмкненне пазбыцца сiндрому бензапiлы, бо пасля вечара ў Клiўлендзе я не здольны спакойна чуць яе гук, i лепей не ўспамiнаць, што чынiлася са мною, калi днямi ў нашым двары спускалi стары бераст.)
Заплюшчыўшы вочы, я бачу вечаровую горную цяснiну ў ваколiцах Герата. Бой адгрымеў зусiм нядаўна, i ў паветры яшчэ стаiць пах парахавога дыму. Юрка з туга скручанымi рукамi ляжыць на спiне ў фiялетавым ценю вострай двухгаловай скалы, падобнай да раскрытай драпежнай глюгi. У ногi яму ўпiваецца тонкi шнур, хоць нi бегчы, нi нават паўзцi з раздробленай галёнкаю немагчыма.
Стамлёны, з гарачымi вуглямi гагатавых вачэй камандзiр афганскiх партызанаў ведае цану кожнаму слову i растуляе вусны не болей пяцi разоў. "Жыць хочэш - бэры iслам", - грэблiва перакладае тлумач. Юрка не адказвае, гледзячы ў выцвiлае ад спёкi неба, дзе, быццам зрэнка неабдымнага абыякавага вока, плавае сокал.
Камандзiр загаворвае зноў, але цяпер тлумач маўчыць, i пад скалою пульсуе чаканне непазбежнасцi. Да Юркi кiдаецца малады партызан у брудным зялёным турбане, з-пад якога вочы блiскаюць нетутэйшым валошкавым блакiтам. "Соглашайся, Веселов, слышь, соглашайся... - захлынаючыся i глытаючы словы, шэпча ён. - Я обрезался, и ничего... Кормежка нормальная... бабы есть такие... закачаешься..." Юрка пазнае сяржанта з iхняе роты, што прапаў пад час акцыi ў мiнулым месяцы. Той, яшчэ больш прыцiшыўшы голас i палахлiва касавурачыся на камандзiра, угаворвае: "А там, слышь, через Пакистан на Запад мотанем... Блядь буду... Не боись... Не мы первые, не мы последние... Х...ня этот ихний ислам..."
Юрка маўчыць. Магчыма, ён бачыць Дзвiну i нашае падарожжа пад мостам. Магчыма, збiрае Ларысе букецiк верасу. А можа, гледзячы на афганцаў, узгадвае Окарка...
Але - найверагодней - бязлiтасны боль у назе не дае яму засяродзiцца нi на чым, i, прагнучы як мага хутчэй правалiцца ў ратавальную непрытомнасць, ён проста няўцямна глядзiць, як высокi сухарлявы афганец акуратна надзявае даўгi скураны фартух, i да астатняга моманту не разумее, навошта той заводзiць трафейную бензапiлу...