Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Чамусьцi менавiта ў тую хвiлiну ты вырашыш: сёньня...

Валошак на ялцiнскiм рынку ня будзе, i ты купiш букет вялiкiх, пабiтых начным дажджом рамонкаў. Прыватнiк завязе цябе на гару колеру прывялага лаўровага лiста й высадзiць ля брамы старых Лiвадзiйскiх могiлак, а п'янаваты вартаўнiк растлумачыць, што трэба йсьцi па стрэлках, якiя паказваюць шлях да магiлы нейкага Бiрукова. На адным з паказальнiкаў пад словамi "К могиле Бирюкова" зусiм па-беларуску будзе цьвiком надрапана: "i М. Багдановiча", i ты ўдзячна падумаеш, што, можа, гэта зрабiў наш мiнiстар культуры, калi быў тут у траўнi са сваёй дэлегацыяй, адзначаючы ўгодкi Максiмавай сьмерцi...

На магiле ты ўбачыш стандартную цэмэнтаваную пiрамiдку зь пяцiканцоваю зоркай, якая, мусiбыць, значыць, што - каб не сухоты - Багдановiч атрымаў бы парцейную кулю ў патылiцу адзiн зь першых. Ты ўбачыш, што нейкi мастак замаскаваў зорку намаляванай зьверху валошкай, а таксама ўбачыш бел-чырвона-белую харугвачку, дзюбаты алюмiневы iмбрычак са збуцьвелымi кветкамi й яшчэ чатыры валошкi - капронавыя.

Казаць пра астатняе табе буцзе няёмка. Магчыма, ты прачытаеш сам сабе "Пагоню", магчыма, пагаворыш зь iм i нешта дакляруеш - яму й сабе...

Пасьля ты памяняеш ваду ў iмбрычку, напiшаш пад слупком датаў на харугвачцы сваю й пойдзеш, разы тры азiрнуўшыся на адвiтаньне, сьцежкаю да брамы з думкай, што яму добра ляжаць тут, над морам, у засенi старога кiпарысу, у краiне сьветлай, дзе суха, цёпла й не чуваць узьнёслых прамоваў мiнiстраў, намесьнiкаў i загадчыкаў нашае культуры: "Удзячные нашчядкi сабралiсь, штоб адзначыць..."

Жыцьцё ў творчым доме будзе кацiцца сваёй каляiнаю. Перакладчык Ашот будзе круцiцца вакол гнуткай ташкенцкай жыдовачкi Розы. На ганку сталоўкi будуць лайдакавата даядаць лiтфондаўскiя секунцы дзясятка паўтара катоў. Ад творчага перанапружаньня павалiцца на газон паўночнаасяцiнскi драматург. А з-за Максiмавай гары выпаўзе булгакаўская хмара з блiскавiцамi ("Дзесь у хмарах жывуць павукi, што снуюць павучыну дажджа...") i зьнячэўку ўпадзе на горад смужыстаю непрагляднай залевай, каб праз гадзiну пакiнуць па сабе неверагодна празрыстую ноч, празь якую далёкiя агнi на схiлах будуць зьзяць, быццам калядныя зоркi.

Ноч будзе поўная паўдзённых пахаў, юрлiвага ёкату лiтфондаўскiх катоў i дзiўных гукаў зь нiжняга гаўбца ("Жыцьцё чуваць з усiх старон, жыцьцём напоўнены ўвесь змрок..."), зiрнуўшы куды, ты мiжволi ўбачыш, як перакладчык Ашот i жыдовачка Роза стоячы займаюцца любоўю.

У гэтую ноч ты будзеш пачувацца ў згодзе з усiм сьветам: з катамi, з армянскiм калегам, з Розай, якой ты гатовы будзеш прысудзiць званьне ня толькi "мiс Дом творчасьцi", але й "мiс СССР"... У гэтую ноч ты дасi веры, што недзе сапраўды ёсьць Беларусь, дзе жывуць беларусы. Ты будзеш пэўны, што з такой самай думкай ляжаў на Божай пасьцелi й Максiм Багдановiч. Таму што ён прыехаў сюды, каб у свае астатнiя днi мець ня толькi сонца ды сiнюю бухту, але й Беларусь.

Бо яна ў параўнаньнi зь любой iншай краiнаю мае адну асаблiвасьць: iснаваць адно тады, калi ты ад яе ад'едзеш, калi будзеш хадзiць сярод чужанiцаў, пакуль табе нарэшце ня здасца, што i ў вас усё, як у людзей.

Твая Беларусь праiснуе, пакуль ты ня выйдзеш з самалёту.

З куплёнае ў аэрапортаўскiм шапiку расейскае (бо iншых тут нямашака) газэцiны ты даведаесься, што Нiна Андрэева праводзiць у Менску зьезд сваiх пячорных бальшавiкоў. Сярод сваёй пошты ты знойдзеш акуратна ўскрытую бандэролю з Таронта, ад беларускага нацыяналiста i, як пiша дасьведчаны недзе беларускi пiсьменьнiк Барыс Iванавiч Сачанка, гiтлераўскага паслугача (якi чамусьцi служыў Гiтлеру, ваюючы супраць таго ў войску саюзьнiкаў), а таксама знойдзеш абы-як разадраны канвэрт зь лiстом ад беларускага нацыяналiста зь Вiльнi, якi не пасьпеў паслужыць гiтлераўцам, трэба меркаваць, толькi з тае прычыны, што позна нарадзiўся. Ты зойдзеш у краму, i разьлезлая злая кабецiна параiць табе гаварыць "па-чалавечаску нармальным языком" i, пашкадаваўшы, растлумачыць, што "эта называiцца сахер". I хутка, вельмi хутка прыйдзе хвiлiна, калi нiякае тваё пачуцьцё ня здолее зраўняцца сiлаю з тваёй зайздрасьцю да Максiма, якi ляжыць над морам, i ягоная душа зьлятае пад кiпарысы, верачы, што недзе ёсьць Беларусь i даруючы гэтую веру тым, хто мяняе ваду ў алюмiневым iмбрыку.

Прыкладна ў той самы час удзячныя нашчадкi, пакрываючы помнiк белай татуiроўкаю, будуць пiсаць на бронзавым менскiм Максiме, што "чеснок полезен для здоровья" i даваць суайчыньнiкам iншыя "полезные советы". А празь дзень да цябе зьявiцца нацыянальна заклапочанае дзяўчо з даўжэзным сьпiсам подпiсаў: не за тое, каб паставiць на ялцiнскай магiле прыстойны помнiк бяз зорачкi, а за тое, каб раскапаць паэтаву магiлу i, хоць ён нiколi нас пра гэта не прасiў ("I разрытаю магiлай вее сумна на мяне..."), прывезьцi Багдановiчавы косткi ў Менск, дзе нашчадкi займеюць мажлiвасьць пiсаць "полезные советы" яшчэ й на надмагiльлi.

Ты будзеш марудзiць, перачытваючы знаёмыя прозьвiшчы, i дзяўчо пакрысе пачне пазiраць на цябе, як на ворага беларушчыны, i ты, слабы чалавек, ня вытрымаеш i паставiш свой подпiс. Вiзытантка з палёгкаю пацягне паперу на сябе, але ты не аддасi й дапiшаш побач з подпiсам: "Калi Беларусь будзе Беларусьсю".

Дзяўчо падзякуе й пойдзе, цешачыся ад усьведамленьня значнасьцi свае мiсii. Ёй будзе няўцям, што, калi Беларусь сапраўды стане Беларусьсю, нiхто й не надумае прыходзiць на паэтавыя магiлы ня з кветкамi, а з рыдлёўкай.

Лiпень, 1991 г.

2
{"b":"81294","o":1}