Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Спярша мы з Сяргеем часта перагуквалiся, але ягоны голас усё аддаляўся i нарэшце зацiх. Я трохi пакрычаў i супакоiўся, бо мы ўсё адно павiнны былi сустрэцца на недалёкай шашы, якая час ад часу нагадвала пра сябе гулам машын.

На краi балацявiны я нарваўся на цэлую чараду маладых падасiнавiкаў, i калi, нацешыўшыся гэтым грыбным краявiдам, узяўся зразаць першы, спiнаю адчуў нечы позiрк. Цiшыня ўмомант напялася, i трэск сухой галiнкi прагучаў, быццам стрэл. Я, прыгнуўшыся, адскочыў убок i, сцiскаючы ў руцэ свой кухонны нож, павярнуўся тварам да небяспекi.

За пяць крокаў ад мяне з фiнкаю ў адведзенай руцэ стаяў Сяргей. Мяне апякла думка, што ён ведае пра нашае з Лiнай адзiнае спатканне. Мой труп ён утопiць у балоце, i яго нiколi не знойдуць. Я вырашыў, што без бою не здамся, i пачаў шаптаць малiтву. Бясконцую хвiлiну мы стаялi насупроць адзiн аднаго, а тады ён засмяяўся i, спружынiста крутануўшыся, кiнуў фiнку ў стаўбур старой ялiны. Фiнка ўпiлася ў дрэва на ўзроўнi чалавечага росту i азвалася тонкiм вусцiшным звонам.

Збiраць грыбы пасля такой прыгоды мне не хацелася, i праз чвэрць гадзiны мы ўжо галасавалi на шашы. Гэта была шаша на Рыгу, якою мы з Дзiнай, пакуль яна не зацяжарала ад Колi, дамаўлялiся ў першае студэнцкае лета дайсцi да мора. Машыны з латвiйскiмi нумарамi праляталi на крэйсерскай хуткасцi. Беларускiя грузавiкi i легкавушкi iшлi цiшэй, аднак не спынялiся. Нейкiя "Жыгулi" пачалi былi гамаваць, ды, наблiзiўшыся да нас, кiроўца нечакана рвануў наперад. Я ўважлiва паглядзеў на стрыжаную Сяргееву галаву i даў яму сваю кепурку. Гэты нескладаны манеўр змянiў сiтуацыю, i неўзабаве мы трэслiся ў кабiне спадарожнага "ЗiЛа".

Сяргей папрасiў спынiцца каля могiлак. Сонца пякло па-летняму, i на ўзбочыне мы скiнулi штармоўкi i швэдры, застаўшыся ў адных кашулях. Сярод крыжоў i помнiкаў сям-там мiльгалi падазроныя постацi. Хтосьцi, не тоячыся, збiраў бутэлькi, хтосьцi - зладзеявата - кветкi.

Хрызантэмы на мамiнай магiле былi яшчэ цэлыя.

Сяргей няўпэўнена азiраўся, i я адно тады ўцямiў, што ён не ведае, дзе пахавалi Лiну. Я, безумоўна, не ведаў бы таксама, каб яе магiла не была за пяць крокаў ад помнiкаў маiм бацькам. "Пайшлi", - сказаў я, i Сяргей зразумеў.

На Лiнiнай магiле акуратным крыжам зелянелi смолкi. Каля нядаўна пафарбаванай сiняй агароджы вырас вялiкi крамяны падасiнавiк. На фотакерамiчным медальёне Лiна выглядала значна цiкавейшаю, чым у жыццi. Сяргей пагладзiў адбiты рог помнiка i выцягнуў пляскатую пляшачку з нержавейкi.

На закуску ў мяне засталiся два яблыкi i лусцiк з сырам. "За што?" недарэчна запытаўся я. "Не будзем", - адказаў Сяргей i акрапiў з пляшачкi край магiльнага грудка.

У пляшачцы аказаўся спiрт.

Ехаць дахаты не хацелася, i з могiлак мы пайшлi цераз поле да Дзвiны. Сцежка плыла пад нагамi, i, не згаворваючыся, мы павярнулi да стажка саломы.

Сяргей узяўся перабiраць грыбы. Наверсе ў ягоным кошыку ляжаў магiльны падасiнавiк.

Я выцягнуўся на спiне i, адчуваючы, як мякка пагойдваецца пада мною зямля, стаў глядзець у высокае неба i думаць, што добра было б памерцi, каб на маёй магiлцы таксама вырас падасiнавiк i каб хтосьцi прыйшоў туды i выпiў спiрту, а потым ляжаў на цёплай саломе, слухаў, як па шашы з сухiм шоргатам праносяцца машыны i думаў, што добра было б памерцi...

Я прачнуўся, калi ў хмызняку ўжо варушылiся прыцемкi i ад ракi плыла халодная свежасць.

Сяргея i ягонага кошыка не было, а мой стаяў прыцярушаны дзеля маскiроўкi саломаю. Сонца сядала ў хмару, i прамiнулы дзень мог застацца апошнiм усплёскам цеплынi перад восеньскай стынню. Я скiнуў з грыбоў салому i ўбачыў зверху той самы сцiзорык, што ўмеў ператварацца ў фiнку. Гэта магло азначаць, што Сяргей зноў пайшоў да жанчыны - цi да той, што пiсала яму лiсты, цi да якой-небудзь яшчэ, i я пажадаў яму, каб зашытыя куды трэба шарыкi ўсё-такi не адыгрывалi ў ягоным вiзiце вырашальнае ролi.

Але ўсё, што мяне абкружала, чамусьцi здавалася выцвiлым малюнкам са старой дзiцячай кнiжкi. Я адчуў, што павiнен зараз успомнiць нешта надзвычай важнае, тое, што ўжо само страпянулася ў душы i прасiлася на свет.

Я спусцiўся да ракi i змыў халаднаватай вадою рэшткi сну. На жвiрыстым плыткаводдзi гулялi пячкурыкi, а крыху воддаль, дзе ўжо мацнела плынь, плыла аднекуль з Полацка ясеневая галiнка з трыма лiсткамi.

I раптам я ўспомнiў.

Я ўспомнiў, як аднойчы мы купалiся з табой у Дзвiне, i як ты заплыла на быстрыню, i як, нечакана адчуўшы моцныя абдымкi плынi, спалохалася i рванулася да мяне ўсiм сваiм маладым палевым целам...

Я стаяў над ракой i яшчэ не зусiм цвяроза думаў, што нiколi не здолею забiць цябе.

2
{"b":"81221","o":1}