19 траўня 1922 году Iльлiч загадаў рыцару рэвалюцыi Дзяржынскаму падрыхтаваць высылку за мяжу красы расейскае iнтэлiгенцыi. Дзеля гэтага правадыр раiў рыцару "собрать систематические сведения о политическом стаже, работе и литературной деятельности профессоров и писателей". А вось i гатовыя ворагi: "питерский журнал "Экономист"... по-моему, явный центр белогвардейцев. В No 3 напечатан на обложке список сотрудников. Все это явные контрреволюционеры, пособники Антанты, организация ее слуг и шпионов и растлителей учащейся молодежи" (у зб.: Ленин и ВЧК. Масква, 1975. С.566-567). Як вам ленiнскiя парады? А тэрмiналёгiя? Цi не нагадвае нешта вельмi знаёмае з 30-х гадоў?
Чую голас апанэнта: ну вось, пакланялiся Ленiну, вырываючы зь ягонай бясцэннай спадчыны адныя цытаты, а цяпер той самай мэтодаю выкрываем яго. На гэта я адкажу: генiяльныя iдэi Iльлiча, якiя доўгiя гады паўтаралiся як малiтвы-заклёны, так i не ўвасобiлiся ў "светлое будущее". А вось ленiнскiя ўказаньнi й запаветы, ад якiх робiцца вусьцiшна, вельмi хутка рабiлiся страшнай рэальнасьцю: расстрэламi, высылкамi, тэрорам.
Мiж iншым, цытаваны вышэй лiст напiсаны "самым чалавечным чалавекам" за колькi дзён да першага кровазьлiцьця ў мозак. Можна толькi здагадвацца, якiя б яшчэ запаветы выйшлi з-пад пяра Iльлiча, калi б не хвароба.
Дык хто ж усё-ткi быў стваральнiкам савецкай таемнай палiцыi? Хто быў пачынальнiкам тэрору, якi закрэсьлiў дзясяткi мiльёнаў чалавечых жыцьцяў? Ленiн цi Сталiн?
Нялiшне паразважаць над гэтым пытаньнем, калi вы бачыце, як афiцыйныя асобы ўскладаюць кветкi да велiчных помнiкаў. Нялiшне падумаць пра гэта, праходзячы па Ленiнскiм праспэкце й незьлiчоных вулiцах iмя Ленiна. Нам, беларусам, дарэчы будзе ўзгадаць на гэтых вулiцах i ля гэтых помнiкаў, як Ленiн i кiраўнiцтва ягонае партыi спачатку аддалi Беларусь немцам у Берасьцi ў 1918-м, а потым, не спытаўшыся ў нашага народу, не пусьцiўшы ягоных прадстаўнiкоў на перамовы, па жывым распалавiнiлi ейнае спакутаванае цела Рыскай дамоваю ў 1921-м.
Цi думалi вы пра гэта ў самай ганебнай савецкай чарзе? Не, я не пра чаргу па мiску нiшчымнае лягернае баланды. I не пра чаргу на кватэру. I не пра чаргу на выезд за мяжу. I не пра чаргу па вiно, мыла, цыгарэты... Я - пра чаргу да генiя, што разам з паплечнiкамi штурхануў краiну на шлях, якi давёў да бясконцага стаяньня ў гэтых чэргах. Пра чаргу ў Маўзалей.
Ну, а як наконт вашых дзяцей - "юных ленiнцаў" i "акцябрат" (слова настолькi чужое беларускай мове, што ягонае зьнiкненьне пройдзе зусiм незаўважна). Як наконт дэвiзу, якi яны мусяць ледзь не штодня паўтараць на лiнейках i зборах? Да якой "борьбы" яны павiнны быць гатовыя? За якое "дело"? Якой партыi? Ды той самай, дзякуючы якой мы зрабiлiся абязмоўленымi жабракамi са зьнявечанымi мазгамi. (Кажуць, недзе ў Францыi прызналi Ўладзiмiра Iльлiча найвыдатнейшым мысьляром XX стагодзьдзя. Пажылi б тыя французы хоць з тыдзень у краiне, што ледзьве не пабудавала ў 1980 годзе камунiзм).
А як ставiцеся вы да таго, што вашыя дзецi носяць значкi з выяваю чалавека, з блаславеньня якога (пасьля згаданага напачатку сакрэтнага лiста да Палiтбюро) толькi ў 1922 годзе расстралялi, паводле няпоўных зьвестак, 8100 "представителей реакционного духовенства и буржуазии", у тым лiку 3447 манашак i паслушнiц (Протопресв. М. Польский. Новые мученики российские. Джорданвиль, 1949-1957. Т. 1. С. 214). Цi ня больш лягiчна было б, каб "юныя ленiнцы" наладзiлi збор гэтых значкоў для сваiх старэйшых таварышаў з КПСС? Няхай бы насiлi, дэманстравалi вернасьць iдэалам. Вiдаць было б, хто ёсьць хто. Спрыяла б "конструктивному диалогу". Не баяцца ж насiць свае значкi сябры й прыхiльнiкi БНФ.
А цi добра пачуваюцца ў сьвятле новых штрыхоў да партрэту Iльлiча студэны й выкладчыкi Беларускага дзяржаўнага ўнiвэрсытэту IМЯ У.I.ЛЕНIНА?
Крый Божа, каб нехта падумаў, што я заклiкаю нiшчыць помнiкi й выкрэсьлiваць iмя Iльлiча з нашае памяцi. Я зусiм не прыхiльнiк барбарскiх бальшавiцкiх мэтадаў. Далiбог, можна вынайсьцi нешта больш цывiлiзаванае й дасьцiпнае. Чаму б, скажам, ня зьвезьцi помнiкi Iльлiчу да абкамаў i ЦК КПБ? Больш утульна пачувалiся б i гаспадары гэтых будынкаў (пад вокнамi ўвесь час дзейнiчаў бы своеасаблiвы бронзавы мiтынг у падтрымку iхняе лiнii) i самi ленiны - бачачы чорныя "волгi" ды iншыя сьведчаньнi таго, што хтосьцi ўсё-такi пабудаваў сабе сьветлую будучыню.
Што датычыць iмя правадыра, дык, замест вулiц, яго можна было б даваць цэкоўскiм калiдорам або лецiшчам верных ленiнцаў. Хiба кепска гучыць: "Дача товарища Соколова имени товарища Ленина"?
Iснуе думка, што Ленiна чакае свой XX зьезд.
Але хто яго будзе праводзiць?
Сталiн хаваўся за помнiкi Ленiну. Помнiкi Сталiну былi ўжо ненадзейнаю абаронаю й хутка пайшлi на пераплаўку. За каго ж схаваюцца верныя ленiнцы, калi не застанецца бронзавага Iльлiча? За "валюнтарыста" Хрушчова? За абчаплянага ардэнамi з галавы да пятаў Iльлiча No 2? За гэбiста тав. Андропава? За тав. Чарненку, за якога ня здолелi схавацца (памятаеце ТАССаўскае фота?) нават тыя, хто перастаўляў генсеку ногi, калi той прыйшоў на выбарчы ўчастак галасаваць за самога сябе?
Каб захаваць заснаваную Ленiным таталiтарную антыгуманную сыстэму, "ум, честь и совесть эпохи" можа схавацца сёньня толькi за яго самога. З-за помнiкаў генiяльнаму правадыру працоўных цiкуюць тыя, хто не зьбiраецца разьвiтвацца з вучэньнем, якое прывяло iх да свайго асабiстага камунiзму. Прывяло за кошт беднасьцi, абяздоленасьцi й зьнiшчэньня iншых.
А таму: ЛЕНIН - ГЭТА СТАЛIН СЁНЬНЯ.
Кастрычнiк, 1990 г.