Урэшце, час: я адчуў невыразны сiгнал, зараз яны працягнуць..."
* * *
Божа мой, яны яму марочаць галаву, а ён iм падтаквае.
Цяжкавата тут, паслягэтага месца "Запiсак", не западозрыць нашага Пасвячонага ў залiшняй даверлiвасцi i мяккасардэчнасцi. Але што зробiш: ён Пасвячоны.
22
Магутны Арол перажываў першыя днi бяссмерця. Цялесных змяненняў нiякiх не было, толькi ўсярэдзiне нiбы нешта спынiлася i зацвярдзела. Не адчувалася i прылiву сiл, на якi ён так разлiчваў. Затое з'явiлiся дасюль незнаёмыя, якiя нарасталi, быццам прыступы, адчуваннi пазачасавасцi i абыякавасцi да ўсяго. Ён ужо не харашыўся перад люстэркам, не сачыў за сваёй знешнасцю, а хадзiў з апушчаным хвастом i валочачы крылы; апярэнне яго звалялася i набыло той неканкрэтны колер, якi звычайна лiчыцца адзнакай або поўнай адлучанасцi ад надзённага, або - хваробы. Ён ужо амаль не выходзiў са спальнi, i спатрэбiлася зусiм мала часу, каб ён яшчэ адвык мыцца, праветрываць пакой i лiчыцца з тым, што ад яго кепска пахне. Цiхi Дзяцел збянтэжана адварочваў сваю доўгую дзюбу i даваў iнфармацыю, амаль не раскрываючы яе. Ён даносiў на Аракульку, але Магутны Арол адмахваўся:
- Не мароч мне, нарэшце, галавы.
I той таропка пакiдаў яго.
Спачатку Магутны Арол цешыў сябе думкай, што будзе жыць вечна, ВЕЧНА! Аднак неўзабаве ён так асвойтаўся, што пачуццё "вечнасцi" зусiм прапала, i замест яго ўзнiклi пустата i холад, а ўсё, што адбываецца наўкола, здавалася мiражом або выдумкай. I яму было дзiўна, што нехта ўваходзiць, кажа "Ваша Недаступнасць", прыносiць абед, i толькi потым аслаблая памяць падказвала iмя таго, хто ўваходзiў, - "Сокал".
А ўладаннi яго канчаткова заняпалi: амаль усё жывое вымерла, рэкi перасохлi, як быццам яны тут i не цяклi нiколi. Потым пайшлi яшчэ i пажары: у адным месцы загарэлася ад навальнiцы i так полымя пачало шугаць ва ўсе бакi, што не суняло яго нi дажджом, нi паводкай. Пасля гэтага зямля зрабiлася роўная, чыстая i цёмная. Дарэмна над папялiшчам рыскалi шулёнкi - нi адно стварэнне не трапляла на вочы, нi адзiн рух жыцця не ажыўляў пустынi. Толькi вецер паднiмаў слупы попелу i пылу, i яны, упiраючыся ў неба, ламаючыся i ўючыся, неслiся да мора. I шулёнкi прыляталi нi з чым, ачмураныя спякотай i жахам, i Старэйшы Сокал забiваў каго-небудзь з iх i нёс Яго Недаступнасцi на абед. З гэтай прычыны шулёнкi пачалi ў вялiкiм страху разлятацца: адны старалiся прабiцца за мора, другiя - праз пажарышча, але большая частка гiнула, бо прасторы былi шырокiя, а шулёнкi знясiленыя.
Тады Старэйшы Сокал замкнуў астатнiх, хто не ўцёк, у падземныя казематы, выводзiў па адным, забiваў i нёс пану; рэшткi ж царскай трапезы пажыраў сам. А шулёнкi, каб не памерцi з голаду, рылi ў казематах зямлю i харчавалiся карэннямi, гнiллю i мышамi, калi яны траплялiся. Яны зусiм адзiчэлi i, мабыць, неўзабаве пачалi б пажыраць адзiн аднаго, як пацукi, калi б Старэйшы Сокал не здагадаўся трымаць iх кожнага асобна.
Невядома, чым жывiўся Старажытны Крумкач; невядома таксама, як гiбела Зязюля, затое дакладна вядома, што Цiхаму Дзятлу жылося прывольна. У замку развялася процьма насякомых: яны тачылi ўсё, што паддавалася тачэнню, мноства iх поўзала, лётала, скакала па ўсiм замку, i Дзятлу заставалася iх спакойна глытаць.
Магутны Арол тым часам зрабiўся абыякавы да ўсяго. Ён гаманiў толькi са Старэйшым Сокалам i толькi пра самае звычайнае; часцей жа ён сядзеў i драмаў i нi пра што не думаў. Нi голад, нi прага яго не даймалi - бо нi галодная i нiякая смерць яму не пагражала: яна не можа пагражаць бессмяротнаму. Таму прынашэннi Старэйшага Сокала з'ядалiся лянiва, па звычцы, без нiякага задавальнення.
А ўвогуле ён не адчуваў нiякай няёмкасцi, яму было проста ўсё роўна. I так днi iшлi i iшлi, але нiчога не мянялася.
23
Аднойчы вечарам, калi Магутны Арол драмаў на сваёй няўтульнай пасцелi, за дзвярыма пачулiся галасы.
- Нельга! - чаканiў Старэйшы Сокал.
- Вельмi важна! - настойлiва казаў цiхi голас.
- Яго Недаступнасць адпачываюць!
- Прэч!
Тут Магутны Арол канчаткова прачнуўся i крыкнуў:
- Сокал! Пусцi Дзятла!
I не паспеў Цiхi Дзяцел пераступiць парог, як апынуўся ва ўчэпiстых кiпцюрах уладара. Магутны Арол i сам быў здзiўлены такому спрыту i прылiву гневу i энергii, але раздумваць не стаў.
- Дрэнь! - закрычаў ён лютым голасам. - Колькi, Дрэнь, ты будзеш трывожыць душу? Дакуль будзеш мучыць мяне?! - I з гэтымi словамi шпурнуў яго ў сцяну так, што ў таго перад вачыма павiсла вясёлка. Але здзiўленне i страх былi настолькi вялiкiя, што Дзяцел умомант апамятаўся i залепятаў:
- Крумкач, Ваша Недаступнасць... Запiскi... Сшытак...
Але пан гэтым разам не захацеў выслухаць свайго надзвычайнага слугу: ён зрабiў крок наперад i наступiў на Дзятла, i той расплюшчыўся. Вось так сумна скончылася жыццё Дзятла.
А Магутны Арол адшпурнуў яго цела i, яшчэ калоцячыся ад злосцi, праклекатаў:
- Выкiнь, Сокал, гэту Дрэнь. Я яго нават есцi не стану. - I Старэйшы Сокал з'еў Дзятла сам.
Толькi потым, калi ўляглося абурэнне, Магутны Арол успомнiў перадсмяротныя словы з'едзенага - успомнiў, задумаўся i зразумеў, што будзе бяссонная ноч.
Ён падбадзёрыўся, пачысцiўся, наколькi гэта было магчыма без пабочнай дапамогi, i стаў у царскую позу, як гэта бывала раней, калi размаўляў з падначаленымi.
- Сокал! - паклiкаў ён i, калi той з'явiўся, сказаў: - Ты быў мне заўсёды самым адданым слугой. Ты адзiн не здрадзiў мне ў маiх няшчасцях. Дык вось, Сокал, мы застаёмся ўдвух - гэту дурнiцу з нiшы пад увагу браць не будзем. Таму скажы: ты не пакiнеш мяне, што б нi здарылася?
- Я не iсную без волi i клопатаў майго пана, Ваша Недаступнасць! - адразу адказаў целаахоўнiк.
- Я люблю цябе, Сокал. А цяпер iдзi i прывядзi Крумкача.
I вось перад вачыма Яго Недаступнасцi Магутнага Арла стаяў брамнiк замка Старажытны Крумкач. Ён, здаецца, чакаў гэтага спаткання i таму быў спакойны.
Доўга моўчкi пазiраў на яго Магутны Арол, потым глыбока ўздыхнуў i сказаў такiя словы:
- Служыў ты мне, Крумкач, доўга, надта доўга, каб не падазраваць цябе ў бескарыслiвасцi. Ты перажыў многiх, хто быў важнейшы i больш знатны за цябе. Перажыў, а мог i не перажыць. Мог, але перажыў. А вось чаму, што на гэта скажаш?
- Разумею, Ваша Недаступнасць, - адказваў Крумкач. - Мне, праўду кажучы, i самому дзiўна, як гэта дасюль так абыходзiлiся са мной.