У лесе стаяла цiшыня. Пакрысе надыходзiў вечар; знiжанае сонца разбiвалася аб дрэвы; ад ракi цягнула прахалодай.
З гэтага дня паляваннi наладжвалiся часта.
16
Настаўнiк выключыў эвальвентар, бо першы з яго падапечных быў надзвычай узбуджаны, а другi адвярнуўся ад экрана.
- Мы хочам асвоiць планету Хi, - прамовiў Настаўнiк. - Такая галоўная мэта?
- Так, - прашаптаў Першы. - Ты ведаеш...
- Вы бачылi, як прыблiзна гэта робiцца.
- Так...
- У такiм разе што цябе прыгнятае?
- Я нiколi не бачыў, як гэта робiцца...
- Паляванне наладзiў былы лон, - з невясёлай усмешкай заўважыў Другi. Па-твойму, ён наш папярэднiк?
- Мы не ад лонаў! - з роспаччу запярэчыў Першы.
- Хто гэта даказаў?
- Настаўнiк нагадаў, што падабенства формаў...
- Настаўнiк гаварыў таксама пра спецыфiчныя токi Хi...
- У такiм выпадку я гэта даказаў, я! Нашы лоны вымерлi! Мой вучнёўскi эвальвентар адзначыў гэта дакладна!
- Ты сказаў, што ён быў недасканалы, некалькi стадый прамiльгнула.
- Не трэба такiх спрэчак! - строга вымавiў Настаўнiк. - Яны не памогуць нам.
- Хi - дзiкая планета! - не могучы супакоiцца, гаварыў далей Першы. - Наш эвальвентар працуе па нашай лагiчнай схеме. А логiка Хi...
- Табе дзiўна, што iх лоны сталi птушкамi?.. Не дае табе супакою Спiу.
- Яны на гэтай планеце маглi б стаць кiм хочаце!
- А мне падыходзiць гэта планета, - задумлiва сказаў Другi. - Так i здаецца, што я дома. Амаль адэкватныя ўмовы.
- Ты ўвесь час забываеш, што падабенства формаў...
- У нас урок, - сказаў Настаўнiк. - Урок патрабуе ўвагi, глыбокага разумення сутнасцi матэрыялу i пранiкнення ў яе. Мы даследуем нiжэйшых i пакуль што толькi з гэтага павiнны рабiць вывады.
- Я хачу бачыць вышэйшых! - упарцiўся Першы.
- Ты iх ужо бачыў, - адказаў Другi.
- Тыя тры на беразе?
- Урок не скончаны! - Голас Настаўнiка быў суровы, i спрэчка спынiлася.
"I зноў замiльгаў экран, - пiша Пасвячоны, - i жахлiвы iх урок працягваўся..."
* * *
"Жахлiвы ўрок"... Прызнае, такiм чынам, што жахлiвы. А вось каб перашкодзiць iм... Цi слушнасцi няма, цi этыка навуковая не дазваляе. А калi разабрацца, дык на якой падставе, па якiм праве нейкiя страшыдлы прылятаюць на нашу Зямлю, як да сябе дамоў (юнаку, бачыце, "падыходзiць гэта планета"!), i спакойненька, на вачах, разыгрываюць свае забавы?! Смальнуць бы з лазернай гарматкi, каб дарогу сюды забылiся. Вось i быў бы iм эксперымент.
Але ўжо працягнем, i няхай не пакрыўдзiцца Пасвячоны, што перапыняю яго апавяданне на свой манер.
17
Нягледзячы на ўсялякiя меры i засцярогi, у вотчыне грознага Аквiлы Рэгii пачалi адбывацца неверагодныя рэчы. Нечакана-негадана раптам высветлiлася, што Вялiкая Княгiня Сава, загадчыца складамi, не чыстая на руку i што, значыцца, начны спосаб яе жыцця ўвогуле, папулярна кажучы, павiнен быць лепшы ва ўсiх адносiнах.
Следства скончылася за самы кароткi час, "а калi яшчэ, - пiша Пасвячоны, мець на ўвазе хуткасць, з якой гэта дэманстраваў наш цудадзейны эвальвентар ноблаў, дык выйдзе толькi кароткае iмгненне". Факты, адным словам, пацвердзiлiся цалкам, нават з лiшкам, i Яго Недаступнасць асабiста распарадзiўся лёсам злачынкi: сарваў з яе акуляры, шпурнуў у фiзiяномiю i тупнуў так, што задрыжалi скляпеннi замка.
- Цяжка ўявiць! Неверагодна! У маiм уладаннi! У маiм доме! На маёй службе!!! Погань ненасытная! - Ён у знямозе павалiўся на трон i зайшоўся ў нервовым кашлi. - Лiквiдаваць!
Вялiкую Княгiню прыбралi ў чорнае адзенне, прывязалi на шыю камень, занеслi на мора i кiнулi ў самым глыбокiм месцы. Перад пакараынем яна паспела толькi пралепятаць:
- Перадайце гэтаму даўганосаму падлюгу, што... - Але дагаварыць не паспела.
Галоўны фiлосаф Грыфус Мантанус Прэдзiтус з прычыны гэтага сумнага здарэння нiбы сказаў, што ў гады росквiту i дабрабыту, у хвiлiну зацiшша пiльнасць асаблiва патрэбная. Бо ўсе, бачыце, клопатаў не ведаюць, усе радуюцца сытасцi i цiшынi, i святочны стан распаўсюджваецца падобна эпiдэмii. А гэта, сказаў ён, вельмi небяспечны i шкодны стан.
Уладар абазваў яго балбатуном, а цiкаўная Аракулька выдала сваё спакойнае "ку-ку".
А сiтуацыя мiж тым развiвалася далей.
Не паспела зацiхнуць гамонка пра складскiя справы, як з Заходнiх лясоў прыйшла вестка пра бясчынствы драздоў: збiралiся вялiкiмi чародкамi, наладжвалi шумныя i недапушчальныя банкеты, у часе якiх абгаворвалi Яго Недаступнасць, а таксама апаганьвалi мясцiны палявання. Каб навесцi парадак, прыйшлося паслаць туды эскадрыллю шулёнкаў. Авохцi! - неўзабаве нешта ж падобнае адбылося i на Паўднёвых Пласкагор'ях, у вотчыне Гэ-Гэ; гэтым разам вызначылiся перапёлкi. Гэтыя пайшлi яшчэ далей: зрабiлi чучала свайго гаспадара-фiлосафа, вiлiся вакол яго i выкрыквалi (лiтаральна так), "што не хочуць падпарадкоўвацца ўсялякiм калматым жывадзёрам". Акрамя таго, яны знеслаўлялi Прыгожую Галубку, абзываючы яе рознымi брыдкiмi словамi. Над гэтымi нахабнiкамi зрабiлi паказальны суд.
А Зязюля-Аракулька не стамлялася прадказваць смуты, хоць ужо i так было зразумела, што птушыны мацярык перажывае крызiс. Пасля перапёлак слухалася справа аб хабарнiцтве гракоў; потым на павальным браканьерстве папалiся кулiкi, а ў дадатак нешта з вадаплаўнымi... I так - адно за адным... Ды ўсё ж яшчэ можна было мiрыцца, калi б не гэта жахлiвая навiна пра змову. Так-так! у самым палацы рыхтавалася змова, i на чале - хочаце верце, хочаце не - стаяў нiхто iншы, як фанабэрысты Строгi Сарыч.
Спачатку было два-тры сiгналы, якiм уладар не надаў значэння, бо лiчыў гэта чыстай лухтой. Але прыйшоў Яго Непазбежнасць Выпадак - ён заўсёды, урэшце, прыходзiць, i - вочы раскрылiся.
Было так. Магутны Арол iшоў калiдорам, i раптам з пакояў Прыгожай Галубкi пачуўся шчаслiвы смех. Магутны Арол прыслухаўся i пазнаў голас свайго сябра i мiнiстра настрою i парадку. Сумненняў не было, бо ён пазнаў бы гэты цудоўны голас сярод тысячы падобных - столькi Ўлажэнняў было iм зачытана! А праз некалькi хвiлiн адчынiлiся дзверы, i мiнiстр з'явiўся ўласнай персонай. Без адзiнага гуку ўладар адразу сам арыштаваў яго. На допыце Строгi Сарыч прызнаўся, што задумваў пераварот. Калi афiцыйная частка закончылася, Магутны Арол наведаў зняволенага ў камеры.
Строгi Сарыч быў распасцёрты на падлозе i нагадваў хутчэй бясформенную кучу зваляных пёраў, чым жывое цела. Магутны Арол сеў i закрыў вочы крыламi: яму было цяжка бачыць свайго нядаўняга любiмца, якi так нiзка паў.