- Вы ведаеце, калi б выйшла па-мойму, мы былi б там, дзе змаглi б патанцаваць, не звяртаючы на сябе ўвагi, як зараз. - I яна здагадалася, што я меў на ўвазе наша адзенне.
- Праўда? - яе губы крыху крывiлiся ва ўсмешцы, яна ўзняла вочы i перавяла iх на танцораў.
- Можа, Хэму i Каралiне хутка надакучыць, i мы паедзем у якое другое месца. Не думаю, што вам тут дужа падабаецца.
- Ат, не звяртайце на мяне ўвагi.
- Але я хачу, каб вы добра прабавiлi час. Вы любiце танцаваць? Бо ў такiм разе я ведаю некалькi месц, дзе танцуюць удзень. Вось, хоць бы ў суботу, па полуднi, калi вы толькi будзеце вольныя. - Я зрабiў нацiск на слове "вольныя", каб яна пераканалася, што я меў на ўвазе яе адну, без Хэма.
- У суботу я планавала паабедаць разам з маёй даўняй сяброўкай, з якой разам вучылася ў коледжы Рандольф-Мэкон. - Яна змоўкла i зручней ўселася ў крэсле. - Але дзе вы чулi, каб дзве дзяўчыны ў Нью-Ёрку маглi праседзець на адным месцы палавiну дня? Я думаю, да трох гадзiн мы нагаворымся, а пасля я проста прайдуся па Парк-авеню ў бок будынка Вандэрбiльта, i калi так здарыцца, што я сустрэну каго-небудзь...
- Гэта акурат тое месца, дзе мне трэба быць, - сказаў я. - Я буду на Парк-авеню каля трох гадзiн.
Я налiў вiскi ёй i сабе, i мной авалодала пачуццё спакою, якое бывае, калi ўсё ўладкавана i без лiшнiх слоў. Наколькi мне вядома, Хэм размаўляў з Каралiнаю ў такой жа манеры. Акурат яшчэ адзiн нумар скончыўся, i зноў была змена аркестраў. Пары спынiлiся на той час, пакуль адны аркестранты сыходзiлi з эстрады, а iх месца займала новая група. Да парэнчы каля нашага стала падышлi хлопец з дзяўчынай, якiх я ўжо прыкмецiў. Дзяўчына абаперлася спiной на парэнчы. Хлопец, у якога была вельмi чорная скура, стаяў тварам да нас. У iх быў упэўнены выгляд сапраўдных артыстаў i, безумоўна, яны былi найлепшай парай ва ўсёй зале i, магчыма, на маiм твары таксама было вiдаць, што мне падабаецца iх майстэрства. Гэта не так важна.
- Хэм, - сказала Элi.
- Чую, любая, - азваўся Хэм.
- Хэм, гэты нiгер на мяне глядзiць, - сказала Элi.
Я паглядзеў на яе i на яе мужа.
- Пачакайце хвiлiначку, - сказаў я.
- Каторы, любая, - спытаў Хэм.
- О, божа, - усклiкнула мая сястра.
Я ўстаў.
- Падымайцеся! Уставайце ўсе! Пайшлi! - я паклаў на стол грошы i ўзяў Элi за руку. - Iдзём адсюль зараз жа.
- Толькi пасля таго, як я... - сказаў Хэм.
- Слухай ты, сукiн сын, - сказаў я. Я пацягнуў за сабой Элi, спадзеючыся, што Каралiна ўчэпiцца за Хэма, што яна i зрабiла. Мы хутка выйшлi i зараз жа апынулiся ў таксi. Мы ехалi па Парк-авеню да цэнтра моўчкi, пакуль не апынулiся сярод будынкаў нiжэй 59-стрыт.
- Джым, - сказаў Хэм, - табе не трэ было называць мяне сукiным сынам.
- Ведаю, - адказаў я. - Прабач.
- Ну, калi ты просiш прабачэння, то ўсё ў парадку, - ён выскалiўся ва ўсмешцы. - Як ты наконт таго, каб усiм паехаць у рэстаран Эль-Марока.
- Нiяк, - адказаў я.
- Ну, ўсё ж у парадку, Джым, - сказаў Хэм. - Я табе ўсё дараваў. Я ўлiчваю тое, што ты занадта доўга жывеш на Поўначы.
- Можа, i так, - адказаў я.
Яны завезлi дадому Каралiну, потым мяне. Я лёг спаць з цвёрдым намерам, што гэта апошняя мая сустрэча з Элi, але калi прыйшла субота, я сеў у машыну i а трэцяй гадзiне сноўдаўся ў нiжняй частцы Парк-авеню, усхваляваны, як хлопчык. Але калi я ўбачыў яе на самой справе, як яна iдзе ўнiз па Парку-авеню на спатканне са мной, зноў стаў дарослы i асцярожны i паехаў прэч, далей ад яе i ад яе бяды, што падарожнiчала з ёю.