Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Мы ўсё яшчэ пераважна мысьлiм катэгорыямi эпохi вайны культураў. I не жадаем заўважаць, што ў прасторы камунiкатыўна адкрытага грамадзтва гэтая вайна заканчваецца татальнай паразаю самой вайны. Але з гэтай нагоды я не сьпяшаўся б пляскаць у ладкi, бо вайна культураў была тым мэханiзмам, якi забясьпечваў функцыяваньне асобных культураў. А без гэтага мэханiзму рана цi позна ўсе культуры будуць пераможаныя нечым, што мы ўмоўна называем мэтакультураю: тым, што будзе мець усе прыкметы культуры, але ня будзе iдэнтыфiкавацца нi зь якою культурай канкрэтна, нi, у традыцыйным разуменьнi, з культурай увогуле.

Асноўная характарыстыка традыцыйнага культурнага знаку палягае на яго трывалай зафiксаванасьцi ў кантэксьце нацыянальнай цi сусьветнай культуры. У адрозьненьне ад традыцыйных знакаў культуры, знакi мэтакультуры пазбаўленыя трывалай фiксацыi i нечым апрычонага кантэксту (хаця кожны зь iх мае свой "адрас" i свой "атэстат"), бо ў сытуацыi камунiкатыўна адкрытага грамадзтва ўсе культурныя прасторы, праз разгалiнаваныя i эфэктыўныя камунiкатыўныя сродкi, зыходзяцца ў адзiн кантынуум. I разам з культурнымi прасторамi ў гэтую ямiну кантынууму скочваюцца ўсе знакi ўсiх культураў, ды яшчэ з такой хуткасьцю, што iх цяжка адрасна разрозьнiць, зрэшты i няма ў гэтым сэнсу, бо пакуль будзеш кадыфiкаваць адзiн зь iх, яго заслоняць дзясяткi iншых.

Хуткасьць культурных экспансiяў, калейдаскапiчная множнасьць i рознавэктарнасьць iх тэндэнцыяў анiгiлююць агрэсыўную сутнасьць самой культурнай экспансii. Да таго ж электронныя сродкi iнфармацыi, якiя робяцца дамiнуючымi ў транспартацыi знакаў культуры, падчас працэсу транспартацыi кастрыруюць культурны знак (такая iх тэхналягiчная прырода), гэта значыць вымыкаюць зь яго iдэнтыфiкат (такая iх сацыяльная задача), бо толькi пазбавiўшы iдэнтыфiкату, можна прыстасаваць культурны знак да патрэбаў масавага спажыўца. Таму мне падаюцца няўзважанымi турботы тых, хто непакоiцца, што ўладальнiкi асноўных камунiкатыўных сродкаў (i ў прыватнасьцi iнтэрнэту), будуць праз сваю ўладу экспансаваць знакi таго цi iншага культурнага коду i такiм чынам сфармулююць культурную iмпэрыю, якая праглыне ўсе iншыя культуры. Зрэшты, калi б падобнае i здарылася, то з гледзiшча нашых традыцыйных каштоўнасьцяў, гэта было б яшчэ не найвялiкшай бядою, бо тады мы мелi б хоць адну - вартую нашых традыцыйных уяўленьняў - культуру. Сапраўдная бяда (для тых, хто лiчыць культуру за каштоўнасьць) у тым, што празь нейкi час (i гэта зусiм верагодна) мы ня будзем мець нiякай культуры - нiякай у яе традыцыйным разуменьнi, а будзем мець культуру без культуры, культуру, якую будзе немагчыма iдэнтыфiкаваць нават адносна самой сябе.

Зрэшты, калi наканавана такому здарыцца, то тут, як кажуць, i казаць няма пра што. Культура перастане быць культураю, i iдэнтыфiкаваць сябе чалавек (i супольнасьць) будзе не з нацыянальнаю культурай цi культурай пэўнага рэгiёну, а зь нечым зусiм iншым. Аднак, магчыма, гэтыя мае футурулягiчныя трызьненьнi ёсьць толькi штучнай унiвэрсалiзацыяй патэнцыйна лякальнай падзеi, прэвэнтыўным перапалохам ад зруху ў прасторы, якая раптам бязьмежна расхiнулася ва ўсе бакi ад нечаканага выбуху камунiкацыяў. Паспрабуем пагадзiцца, што гэта насамрэч так, i сытуацыя камунiкатыўна адкрытага грамадзтва кардынальна ня зьменiць адвечнай сутнасьцi чалавека, якi i надалей будзе шукаць i знаходзiць свае асновапалеглыя праекцыi ў нацыянальным культурным кодзе. Але якраз у гэтым выпадку мы i маем драматычную праблему, дзеля актуалiзацыi якой прапануецца гэты тэкст. Бо нават калi мы бязьмежна перабольшваем тую радыкальную навiзну культурнай сытуацыi, якую нясе з сабою камунiкатыўна адкрытае гармадзтва, то ўсё роўна ня зможам зусiм адмаўляць, што многiя тут згаданыя працэсы (натуральна, невымерна больш iх засталося за кантэкстам гаворкi) маюць месца ўжо цяпер i, вiдавочна, будуць iнтэнсыўна разгортвацца ў недалёкай будучынi. А гэта азначае, што да звыклай вайны культураў дадаецца яшчэ адзiн актыўны i пагрозьлiвы для кожнай культуры дзейнiк - татальная камунiкацыя. Яна небясьпечная для ўсiх.культураў, але гэтая небясьпека не для ўсiх аднолькавая. Для тых культураў (напрыклад, iталiйскай, нямецкай), якiя даўно i цалкам сфармавалiся, трывала ўгрунтавалiся ў сацыяльныя iнстытуты, iндывiдуальную мэнтальнасьць, штодзённы побыт - гэта толькi магчымая небясьпека, пакудь больш гiпатэтычная, чым рэальная. А вось для тых культураў (найперш маю на ўвазе беларускую), працэс фармаваньня якiх яшчэ не завершаны, у якiх ледзьве хапае сiлаў трымаць апошнiя межы абароны ў вайне з больш магутнымi культурамi, гэты нечаканы вораг за сьпiною робiцца ўжо сёньня рэальнай i звышнебясьпечнай пагрозай.

На вялiкi жаль, у нас на гэтую небясьпеку амаль не зьвяртаюць увагi, мы па-ранейшаму скiраваныя на вайну культураў (з аднаго баку, на вайну з расейскай культурай, з другога - на вайну з культурай Захаду). Мiж тым, на маю думку, сытуацыя камунiкатыўна адкрытага грамадзтва неўпрыкмет робiцца цi не найбольш драматычнай праблемай, якая ставiць пад пытаньне саму магчымасьць культурнай iдэнтыфiкацыi. А значыць, i саму магчымасьць беларускай культуры ўвогуле.

2
{"b":"80977","o":1}