Пачалася новая старонка барацьбы за школу. Калiна выходзiў з памяшкання зрэдку, толькi тады, калi трэба было дапамагчы Аннушцы. Ён чэрпаў ваду, даносiў вёдры да ганка, а далей ужо несла яна. Вечарамi ляжаў на нарах i нудзiўся. Аннушка прыходзiла змораная, апускала рукi на каленi i так падоўгу сядзела. Яе прыземiстая постаць як бы ўрастала ў табурэтку. Аб чым яна думала? Каб разварушыць свайго вернага друга, Калiна пачынаў думаць уголас:
- Цяжка быць начальнiкам, - для пачатку ўздыхаў ён. - За ўсё адказвай. А дзе цяпер мой дылектар? Жывы? Забiты? Як ты думаеш, Аннушка?
- Ат, адчапiся, - нязлосна гаварыла яна.
- Аннушка, ты мяне не понял. Я хачу, каб дылектар быў жывы i дзецi ў школу прыйшлi...
Аннушка толькi кiвала галавой.
- Ах ты, Калiна, Калiна! Хiба ты не бачыш, якi цяпер дырэктар над намi? Рукi пачынаюць пухнуць ад вёдраў. I куды яны толькi жлукцяць гэтулькi вады?.. Спi. Я пайду казу дагледжу.
I Калiна пачынаў рагатаць шчыра, ад душы. Чаму ж не парагатаць? Ён жа дома, пры школе. Аннушка забылася, што казы ўжо няма. Камендант чамусьцi не любiць коз. Ён з першага ж дня загадаў, каб казы не было на двары, i Аннушка адвяла сваю рыжулю на сяло. Вось дык чалавек гэты камендант! Смешна. Колькi было дырэктараў школы, усе толькi хвалiлi Аннушкiну казу, бо малако было надта смачнае, густое. А тут гэты камендант чамусьцi назваў яе "юда" i ўзяўся пальцамi за нос. Каза, як на злосць, яшчэ некалькi разоў прыбягала з сяла i меркатала ў бярэзнiку, якраз насупраць акна каменданта. Яна клiкала Аннушку, але першы адгукаўся камендант. У школе паднiмаўся вэрхал. Пакуль камендант выбежыць з пiсталетам, Аннушка са сваёй рыжухай ужо схаваецца за сельскiмi хатамi. Так для рыжухi раз i назаўсёды было забаронена з'яўляцца на школьным двары. Камендант яшчэ некалькi разоў дапытваўся ў Аннушкi, цi жыва каза. Аннушка кiвала галавой, што не, яе, моў, "чык-чык", зарэзалi, i праводзiла рукой па горле. Ды Калiна i сам быў зацiкаўлены, каб каза тут больш не з'яўлялася. Гэта пагражала яго службоваму становiшчу - камендант мог выселiць са школьнага двара.
Калiну прыемна было хоць чым-небудзь развесялiць Аннушку. Аднак смех у Калiны праходзiў хутка. Было не да смеху. У школу прыводзiлi людзей на допыт, i знаёмых i незнаёмых. Калiна i Аннушка чулi i бачылi ўсё. Тых, каго прыводзiлi, называлi партызанамi i пасля допыту кудысьцi адпраўлялi. Дзiўна i балюча было чуць, калi замест вясёлых дзiцячых галасоў i смеху са школы даносiўся немы енк, галашэнне жанок, адтуль выводзiлi скрываўленых людзей. А калi ў школу прывялi падлетка, вучня сёмага класа, Калiна не стрымаўся. Вочы яго пацямнелi, твар перакасiўся, i Калiна стаў не падобным да сябе.
- Што зробiм, Аннушка?!
- А што ты зробiш? Сядзi i маўчы, пакуль за цябе не ўзялiся.
Аннушка стаяла перад Калiнам i плакала. З-пад хусткi, якая некалi была белай, выбiлiся чорныя з сiвiзной валасы. Слёзы разышлiся па маршчынках, як дажджавая вада па градках. Калiна пацямнеў з твару.
- Трэба далажыць дылектару, Аннушка.
Аннушка маўчала. Назаўтра яна пайшла ў сяло i ўсiм расказвала, як катавалi Янку, вучня сёмага класа. Гэта падобна было на заклiнанне кабет, каб пайшоў дождж у засуху цi каб хвароба адышла ад чалавека. Кажуць людзi, што чуткамi поўнiцца зямля. Пачуў дырэктар. Пачуў ён на другi цi на трэцi дзень. Не ведала Аннушка, што яна гаварыла i са звычайнымi людзьмi i з партызанскiмi сувязнымi. Неўзабаве ў зямлянку зайшла дзяўчынка. Ох узрадавалася Аннушка, дык гэта ж Ядзя, самая цiхая вучанiца ў школе. Аннушка кiнулася пачаставаць яе малаком, але так i паставiла конаўку на месца: казы ўжо не было.
- Гэта вам, дзядзька Калiна, - падала Ядзя бляшаную ручку, у якой з аднаго боку ўстаўляўся аловак, а з другога пяро.
Калiна агледзеў ручку з усiх бакоў i дастаў з сярэдзiны паперку. Аннушка надзела акуляры i доўга сядзела перад акенцам. Цяжка было ёй разбiраць лiтары, але яна разабрала.
- Дзякуй, Ядзя, усё зробiм. Толькi як жа ты скажаш дырэктару?
- Нiчога, скажу, - заспакоiла дзяўчынка.
Вечарам Аннушка чытала па складах:
"Дарагi Калiна Iванавiч!
Дзякую табе i Аннушцы за чэснае выкананне службовага абавязку. Я ведаю аб вас усё. Партызаны рашылi ачысцiць вёску ад акупантаў. Але каб ачысцiцца ад iх, нам трэба ваша дапамога. Да вас зойдзе Юзiк, памятаеце, што ў восьмым класе вучыўся, такi шчупленькi хлапчук у чорным фрэнчыку. Дык вось, ён прыйдзе. Раскажыце яму, калi ласка, колькi пры камендатуры ўсяго жандараў i палiцыi; дзе яны начуюць, чым узброены, дзе стаяць вартавыя. А што далей вам рабiць, скажа Юзiк. Бывайце здаровы. Да хуткай сустрэчы, дарагi Калiна. Гэтую запiску, як прачытаеш, спалi.
Канстанцiн Фёдаравiч".
Калiна не спаў усю ноч. Шумелi, гайдалiся бярозкi за акенцам зямлянкi. Да шыб прылiпала мокрае лiсце. Сукi перапляталiся памiж сабой, то апускалiся, то з шумам ускiдалiся ўгару. Вецер блытаўся ў галiнках, то шыпеў, як сырое галлё на агнi, то завываў ваўком. Калiну мроiлiся ў гэтым шуме невыразныя затоеныя скаргi, енк i мальба. Ён хацеў зразумець гэтую музыку начы i не мог...
Ранiцай прыбег Юзiк. Ён скiнуў ватоўку i пачаў заўзята церцi рукамi, каб сагрэцца.
- Золка. Замерзнуць можна.
Кашаль разбiваў Юзiку грудзi.
- Выпi вару з малiннiкам. Я табе драбок цукру знайду. - Аннушка была ласкавая да Юзiка, як мацi.
Юзiк, спяшаючыся, сёрбаў, ажно капелькi поту выступiлi ў яго на лбе. Калiна распытваў пра Канстанцiна Фёдаравiча.
- Дылектара бачыў?
- Угу, - сцвярджальна кiваў галавой Юзiк, - гаварыў з iм.
- Што гаварыў дылектар?
- Гаварыў, Калiна Iванавiч, што вы добры чалавек, што вас не трэба баяцца.
Калiна насцярожыўся.
- Нехарашо гаварыць так: баяцца Калiну...
Неўзабаве Юзiк меў поўную iнфармацыю аб камендатуры. Цяпер яго ўжо нельга было стрымаць. Ён быў настолькi шустры, што Калiна i не заўважыў, як хлапчук выслiзнуў з хаты.
- Бывайце! - толькi пачуў Калiна з дзвярэй.
Доўга не выходзiў з галавы Калiны вобраз гэтага хлапчука. Хударлявы беленькi тварык, завостраны носiк i быстрыя, як у мышкi, вочы. Пабачыўшыся з iм, Калiну здавалася, што ён сустрэўся з Канстанцiнам Фёдаравiчам, i стары аддаўся ўспамiнам пра любiмую школу. Аднак нядоўга лашчылi душу чалавека гэтыя салодкiя думкi. Нехта штурхнуў нагой дзверы, яны са скрыпам расчынiлiся.