Яны кемлiвыя, i ў цнотаў хiтрыя пальцы. Але iм не хапае кулакоў - пальцы ў iх не ўмеюць сцiскацца ў кулак.
Цнотаю яны лiчаць тое, што робiць сцiплым i плохiм: так яны ператварылi ваўка ў сабаку, а людзей - у найлепшую хатнюю жывёлiну - чалавека.
"Пасярэдзiне мы паставiлi сваё крэсла, - так кажа мне iхняя ўсмешка, аднолькава далёка як ад памiраючых гладыятараў, так i ад задаволеных свiней".
Але гэта - пасрэднасць: хоць i называюць яе сцiпласцю.
3
Я хаджу сярод людзей i кiдаю слова-другое: яны ўжо не ўмеюць нi падняць, нi захаваць iх.
Яны здзiўляюцца, што я прыйшоў не выкрываць iх распусту i заганы; i праўда ж, не на тое прыйшоў я, каб асланяць ад дробных зладзюжак!
Яны здзiўляюцца, што не змыслены я вастрыць i выменчваць iхнюю мудрасць: нiбыта мала ў iх навостраных мудрацоў, чые галасы адгукаюцца ўва мне, як рыпенне грыфеля па аспiднай таблiцы.
I калi я заклiкаю: "Клянiце ўсiх баязлiвых дэманаў у вас, якiя любяць скуглу сваю, - пабожна складваць далонi i ўзносiць малiтвы", - яны кажуць абурана: "Заратустра - бязбожнiк".
I надта ж галаслiва лямантуюць iхнiя прапаведнiкi ўпакорвання - але якраз жа мне i падабаецца крычаць у гэтыя вушы: "Праўда! Заратустра - бязбожнiк".
Гэтыя настаўнiкi ўпакорвання! Усюды, дзе ёсць нiкчэмства, хвароба, струпы, поўзаюць яны, як вошы: i толькi агiда не дае мне душыць iх.
Ну што ж! Вось мая казань у iхнiя вушы: "Я Заратустра, бязбожнiк, якi пытаецца: "Хто бязбожнейшы за мяне, каб я парадаваўся ягонай навуцы?"
Я - Заратустра, бязбожнiк: усё Выпадковае вару ў сваiм катле. I толькi калi яно ўварыцца, я вiтаю яго, як сваю ежу.
I праўда, часта выпадак загадна наблiжаецца да мяне: але яшчэ больш загадна звярталася да яго мая воля - i адразу ён падаў на каленi; - благаючы, каб я сардэчна прыняў яго i даў прытулак, i лiслiва ўмаўляў: "Паглядзi, Заратустра, так толькi сябар падыходзiць да сябра!"
Але навошта я гавару там, дзе нiхто не слухае маiм слыхам! Тады я буду заклiкаць усе вятры.
Вы ўсе драбнееце, маленькiя людзi! Вы ўсе мiзарнееце i крышыцеся, вы, аматары камфорту! Вы яшчэ загiнеце, - праз многiя нiкчэмныя дабрадзействы, праз дробныя грахi, праз нiкчэмную вашу ўпакоранасць!
Занадта шмат мiлажалю, занадта шмат саступлiвасцi - вось ваша глеба. Але каб дрэва вырасла вялiкае, яму трэба пусцiць магутныя каранi ў цвёрдай скале!
Нават тое, што вы ўпускаеце, дапамагае ствараць тканiну будучынi ўсяго чалавецтва, нават вашае Нiчога - толькi павуцiна i павук, якi жыве крывёю будучага.
I калi вы бераце, вы быццам крадзеце, вы, маленькiя праведнiкi; але нават у шэльмаў ёсць свой гонар: "Крадзь толькi тады, калi нельга адабраць сiлаю!"
"Гэта даецца" - вось яшчэ адна запаведзь упакоранасцi. Я ж кажу вам, вы, самазадаволеныя: бярэцца i яшчэ болей будзе брацца ад вас!
О, калi б вы стрэслi з сябе ўсякае ваша паўляжанне i сталi рашучыя як у дзеяннi, так i ў бяздзеяннi!
О, калi б вы зразумелi маё слова: "Заўсёды рабiце тое, чаго хоча ваша воля, але спачатку станьце тымi, хто можа хацець!
Любiце i блiзкiх сваiх, як самiх сябе, - але раней станьце тымi, хто любiць самога сябе.
Любiць вялiкай любоўю, любiць вялiкай пагардай!" - так кажа Заратустра, бязбожнiк.
Але навошта я гавару там, дзе нiхто не слухае маiм слыхам! Тут мне яшчэ рана прамаўляць.
Я сам - мой папярэднiк сярод гэтых людзей, - пеўнеў крык на яшчэ цёмных вулiцах.
Але iхняя гадзiна падыходзiць! I мая - таксама! З кожнай гадзiнай яны драбнеюць, бляднеюць, робяцца бясплоднымi - чэзлая зелянiна! бедная глеба!
Праўда, неўзабаве станеце вы перад мною засохлаю травою, стэпам неўрадлiвым, стомленыя ад самiх сябе, асмяглыя, - але, бадай, сасмяглыя больш ад агню, чым без вады!
О, шчырахвальная гадзiна маланкi! О таямнiца надпалуднёвай гадзiны! Калi-небудзь я абярну вас у лёткае полымя, i вы будзеце вешчаваць вогненнымi языкамi - языкамi полымя пачняце вы звеставаць: "Ён настае, ён блiзкi, Вялiкi Полудзень!"
Так сказаў Заратустра.
На Елеонскай гары
"Зiма, госця лiхая, сядзiць у маiм доме; пасiнелi мае рукi ад яе прыяцельскага поцiску.
Я паважаю яе, гэтую лiхую госцю, але ахвотна пакiдаю адну. Я люблю ўцякаць ад яе, i калi бегчы борзда, можна ўцячы.
Борздымi нагамi, з палкiмi думкамi я бягу туды, дзе ацiхае вецер, - у асветлены сонцам закутак маёй гары Елеонскай.
Там я смяюся з суровай госцi, але я ёй заўдзячваю тое, што яна ў мяне ловiць мух i суцiшае шум.
Песнi нават аднаго камара яна не хоча слухаць, тым болей двух; яна спусташае вулiцу, аж нават месяц баiцца заглянуць туды ўначы.
Яна суровая госця, але я шаную яе i не малюся, як якi пестунец, пузатаму богу агню.
Лепей крыху паляскатаць зубамi, чым пакланяцца iдалам! - такi ў мяне характар. I асаблiва я не люблю ўсiх агнявых iдалаў - распаленых, дымных, задушлiвых.
Каго люблю, таго гарачэй люблю ўзiмку, чым летам; злей i весялей смяюся са сваiх ворагаў, калi зiма прыходзiць у мой дом.
Праўда, я шчыра смяюся нават тады, калi запаўзаю ў пасцель: тады смяецца i гарэзуе маё схаванае шчасце; смяецца i падманлiвы мой сон.
Я - плазун? Нiколi ў жыццi не слаўся плазам перад уладарамi; а калi i хлусiў, дык хлусiў толькi з любовi. Вось чаму я вясёлы нават у зiмовым ложку.
Просты ложак грэе мяне лепей за пышны, бо я раўнiвы да гароты сваёй. I зiмою яна верная мне.
Злосным выпадам пачынаю я кожны дзень i смяюся з зiмы халоднаю ваннаю: мая строгая госця толькi бурчыць.
Я люблю паказытаць яе васковаю свечкаю: каб яна, нарэшце, выпусцiла неба, мудрае, быццам старац з сiвою галавою, маўклiвае зiмовае неба, што часта маўчыць нават пра сваё сонца!
Цi не ў яго я навучыўся светла маўчаць? Або, можа, яно навучылася ў мяне? Або ж мо кожны з нас сам сабе адкрыў яго?
Шматграннае i складанае паходжанне ўсiх добрых рэчаў - усе добрыя, бадзёрыя рэчы апантана скачуць у жыццё: няўжо iснаваць iм толькi адзiн раз?
Доўгае маўчанне - таксама неблагая, бадзёрая рэч: маўчаць i, як зiмовае неба, шырока расплюшчанымi вачмi на ясным, светлым твары, доўга глядзець; падобна зiмоваму небу хаваць сваё сонца i сваю непахiсную сонечную волю: праўда ж, добра вывучаў я гэта мастацтва i гэтую зiмовую бадзёрасць!
Маё майстэрства i светлая нянавiсць у тым, што маё маўчанне навучылася не выдаваць сябе маўчаннем.