Юрка зь Лёшкам сядзелi ў Лябёдкi: з прачыненага вакна кiнабудкi вырывалiся iхныя галасы i жаласьлiвыя ўздыхi.
- Пiва, пiва... паперлiся як фофаны... - гукаў Лёшка Мандрык, футболячы па цэмэнтавай падлозе пустую канiстру.
- Хто ж ведаў... учора прадавалi, - апраўдваўся Юрка Гуль, i пустая канiстра зь левага кута пераляцела ў правы.
- Прадава-алi, - голас Лёшкаў панiк, чаравiкi ягоныя зашоргалi ля блiжняй сьценкi i з прачыненага вакна вылецеў сьлiнявы недакурак.
- Перапiхнуцца зь якой, цi што? Чуеш, Юрка? - Юрка прамаўчаў, а Лёшка, дзьмухнуўшы ў папяросу, запытаў: - А што гэта за лярва на матацыкле езьдзiць?
- Зь Ленiнграду. Баркоўскага пляменьнiца, - Юрка пазяхнуў i, выдыхаючы паветра, мацюкнуўся.
Ад такiх слоў ў Iвана перахапiла дыханьне. Ён прыцiснуўся да сьцяны кiнабудкi, наструнiў слых, але болей нiчога не пачуў, бо Лябёдка завёў сваю перамотку i галасы патанулi ў напорлiвым гудзе.
Iван пастаяў яшчэ пару хвiлiн, а потым пацёгся прэч, асуджана пацепваючы панiклай галавою. I поўныя жаху карцiны паўсталi перад вачыма: ён уявiў, як Лёшка будзе цалаваць Машу, як будзе зьдзiраць зь дзяўчыны вопратку, i ў галаве ягонай нарадзiлася iдэя. "Перапынiць Машу, перахапiць па дарозе, як на танцы паедзе", - i апанаваны такою думкаю, Iван рушыў на гатаўскую праселiцу.
Сядзець у кустах давялося аж да цёмнага. Ужо i зоркi высыпалi на небе, i кiно пачалося ў клюбе, а Маша ўсё ня ехала, i якраз у той момант, калi Iван хацеў ужо вылезьцi са свайго схову, з боку Гатава пачуўся матацыклетны рокат. Рокат мацнеў, убiраўся ў сiлу, сухiм трэскам рассыпаўся па кустах, i па тым нязладжаным пошчаку можна было зразумець, што па дарозе ехалi два матацыклы. Iван вытыркнуўся з кустоў, наструнiўся i ўпалым голасам прашаптаў:
- Сашка Собалеў.
Колькi часу ён сядзеў у непаразуменьнi, потым пацёр рукою лоб i, прадзершыся скрозь кусты, пабег насустрач бязладнаму рокату.
"Спыню на павароце, як Сашка праедзе. Самае зручнае месца", - мiтусiлiся ў галаве адрывiстыя думкi, а вусны раз-пораз паўтаралi кагадзе прыдуманую фразу: "Маша, спынiся... у клюбе бойка!"
Каб апраўдаць гэтую вэрсiю, ён на хаду расшпiлiў кашулю, пацёр кулаком вока, хацеў яшчэ i нос расквасiць, але перадумаў. I вось ужо праляцела мiма, дыхнуўшы ў твар халодным пылам, Сашкава "Панонiя", i новым строкатам - мерным i басавiтым - напоўнiлiся вушы, i з жахам адчуў Iван, што забыў тую фразу, якую зьбiраўся выгукнуць.
Матацыкл быў ужо зусiм блiзка, калi Iван, страцiўшы надзею згадаць патрэбныя словы, рынуў на дарогу. У вочы ўдарыла сьвятло ад фары, рухавiк "Iжа" завыў на фарсажы, i матацыкл са страшным трэскам абрынуўся ў алешнiк.
Хвiлiну панавала цiшыня, i парушыў яе дрыготкi Машын голас:
- Люся, ты жывая?
- Жывая, толькi нагу парэпала.
Зашамацела лiсьце, трэснула галiна, i Люська Халiмонава спачатку аддзьмулася, а потым натужлiва крэкнула. Мяркуючы па ўсiм, дзяўчыны выкочвалi матацыкл на дарогу.
- Хто гэта быў? - запыталася Маша, на хаду абабiваючы спаднiцу.
- Ванька Бянькоў. Я ж табе казала, што ён ненармальны.
Матацыкл чхнуў... раз... другi, потым завёўся, i сярод перарывiстага матацыклетнага рокату Iван яшчэ раз пачуў усхваляваны Машын голас:
- Iдыёт. Ледзь пад колы не патрапiў.
Дахаты ён цягнуўся, не разьбiраючы дарогi, i вочы ягоныя засьцiлi сьлёзы. Сьлёзы пякучай крыўды на Лёшку Мандрыка, на Люську Халiмонаву, на сябе самога вiхлястымi раўчукамi зьбягалi па твары, блiскучымi пацеркамi дрыжэлi на падбародзьдзi; i жоўты маладзiк калыхаўся ў небе, як на хвалях бязьмежнага акiяну, i Траянаў камбайн, што стаяў на ўзьмежку Карпачышынага агароду, здаваўся нейкай вялiзнай пачварай, якая выплыла на iмгненьне з акiянскiх глыбiняў.
Iдучы паўз камбайн, Iван выцер рукавом вочы, усхлiпнуў на астачу, i ўсхлiп гэты супаў з глухiм бразганьнем пад нагамi. Траян вось ужо другi дзень рамантаваў зламанае матавiла, i навакольле было закiданае рознымi жалязякамi. На прамасьленай ватоўцы ляжала кучка шрубных ключоў, стаяла, дзержаком угору, пудовая кувалда, а пасярод iржышча тырчэла, цьмяна блiскаючы ў месяцавым сьвятле, пакарабачаная манцiроўка. Iван зладзеявата шморгнуў носам, пужлiва агледзеўся. Страшная думка, ад якой зварухнулiся валасы на галаве, уварвалася ў сьвядомасьць, i падуладныя ёй дрыготкiя рукi спачатку прылашчылi валасы, а потым падхапiлi пакарабачаную манцiроўку.
Бычкоўскую краму - струхлелую, перабудаваную некалi з кулацкай хаты будынiну, - рабавалi ледзь не штогоду. Балазе рабаваць яе было адно задавальненьне. Торкнi пальцам у той жа дах - i праб'еш навылёт: дранка на даху зусiм збуцьвела. Дарэчы, Хведзька, брат Васькi Бохана, менавiта праз дах i ўлез. Сто рублёў тады ўзяў i дзесяць пляшак мятнага лiкёру. Тры днi пiў, у лазьнi схаваўшыся, а на чацьверты паехаў у Азярышча пляшкi здаваць - тут яго i злапалi. На судзе прасiўся, каб у Сьвярдлоўскую вобласьць паслалi, туды, дзе раней сядзеў. Казаў, дужа там мясьцiны прыгожыя. Хведзька Бохан быў адзiны, хто грошы ўзяў. Усе астатнiя рабаўнiкi - тыя як людзi... Скрыню вiна якога выносiлi ды пару бляшанак кансэрваў на закуску. Ноччу рабавалi, а ранiцай, працьверазеўшы, грошы прыносiлi. Вунь электралiнейшчыкi, дык тых i ў турму грэх было садзiць. Жылi, небаракi, у кузьнi - у хату нiхто не пускаў, бо яны ў суседняй вёсцы адрыну спалiлi па неасьцярожнасьцi. Вось i давялося электралiнейшчыкам у сярэдзiне лiстападу ў кузьнi жыць, зубамi ад холаду ляскаць. А на кастрычнiцкiя сьвяты, канчаткова адубеўшы, у краму ўлезьлi. Усю ноч гарэлкаю грэлiся ды на гармонiку гралi, а ранiцай да Пракопаўны прыйшлi... з пакаяньнем. Таго ж дня сьвятло ў вёску далi i крамныя дзьверы бляхаю абабiлi. Але ўсё адно брыгадзiр iхны на "хiмiю" паехаў - як высьветлiлiся, ён ужо так чацьверты сельмаг рабаваў. I вось, праз два з паловаю гады пасьля тых падзеяў, прабiў i Iванавы час лезьцi ў краму.
"Чарнiла", па словах вартаўнiка бычкоўскай крамы Гарашчэнi, стаяла ў прыбудове. "Вазьму пару пляшак, пакладу дзе-небудзь, каб Лёшка ўбачыў... З ночы нап'ецца, а ўраньнi мiлiцыя абудзiць..." - з гэтымi думкамi Iван i падышоў да Гарашчэневай хаты. У вокнах хаты лiпела кволае сьвятло: лямпачка гарэла дзесьцi ў прысенку i гэта сьведчыла за тое, што вартаўнiк мог зьявiцца на аб'екце ў любую хвiлiну.