Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Добра. А як Сухарык, у сэнсе Карл? - запытаў брат. - Яму трэба пра ўсё расказаць?

- Вядома, - сказала Сафiя. - Хадземце хутчэй.

Разам з галубкай, якая працягвала сядзець у яе на плячы, Сафiя рушыла паперадзе. Яна прывяла нас у маленькi пакойчык каля кухнi, зачынiла дзверы. Вiдаць, ёй не хацелася, каб хто-небудзь чуў цi бачыў, што мы робiм.

- Палома, галубка мая, - сказала Сафiя, - можа, сённяшняя твая вестачка лепшая, чым апошняя?

Яна працягнула руку да галубкi i дастала з-пад крыла птушкi маленькую капсулу, у ёй аказаўся маленькi камячок паперы, акурат такi, як Джанатан аднойчы выцягваў з кашолкi i хаваў у шафе ў нас дома.

- Чытай жа хутчэй, - прашаптаў Джанатан, - хутчэй, хутчэй!

Сафiя прачытала, i ў яе вырваўся ўскрык.

- Яны Орвара таксама схапiлi, - прамовiла яна. - Цяпер не засталося нiкога, хто мог бы хоць што-небудзь зрабiць.

Яна працягнула кавалачак паперы брату, ён прабег вачамi, i братавы вочы пацямнелi яшчэ больш.

- У Вiшнёвай Далiне - здраднiк, - пераканана сказаў ён. - Як ты думаеш, хто гэты нягоднiк?

- Я не ведаю, - адказала Сафiя. - Пакуль не ведаю. Але хто б ён нi быў, я знайду яго, i яму тады нiхто не пазайздросцiць.

Сафiя ўздыхнула i сказала:

- Ты раскажы Карлу, а я пакуль пайду i збяру вам кашолку.

Яна знiкла ў кухнi.

Джанатан сеў проста на падлогу, прытулiўся спiнай да сценкi, паглядзеў на свае брудныя пальцы i, нарэшце, загаварыў:

- Ну, добра, калi Сафiя дазволiла, я раскажу табе ўсё.

Ён жа i раней расказваў мне пра Наджыялу, але нiчога падобнага на тое, што мне давялося пачуць тут, у пакоi Сафii, не гаварыў.

- Памятаеш, я казаў табе, што жыццё тут, у Вiшнёвай Далiне, лёгкае i простае. Усё гэта было так i павiнна было быць так, але, падобна, больш гэтага не будзе. Таму што калi ў якой-небудзь iншай далiне няшчасце i гора, то i ў Вiшнёвай Далiне таксама робiцца кепска.

- А хiба ёсць яшчэ адна далiна? - здзiвiўся я.

I тады Джанатан расказаў пра дзве зялёныя далiны ў гарах Наджыялы. Пра Вiшнёвую Далiну i Далiну Дзiкай Ружы, мiж высокiмi гарамi, якiя цяжка пераадолець, але калi ведаць таемныя сцяжынкi, то можна трапiць з адной далiны ў другую. Жыхары гэтых мясцiн ведалi сцяжынкi i спакойна пераадольвалi горы, каб пабачыцца адзiн з адным.

- Але, калi быць дакладным, то так было калiсьцi, - сказаў Джанатан. Цяпер жа нiхто не мае права пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы i нiхто не мае права трапляць у яе. Толькi галубы Сафii.

- А чаму? - запытаў я.

- Таму што цяпер Далiна Дзiкай Ружы не свабодная, яна ў руках ворагаў.

Ён паглядзеў на мяне так, быццам яму было шкада гаварыць мне горкае.

- А цяпер невядома, што будзе i з Вiшнёвай Далiнай.

У словах брата было адчуванне бяды. Мне жылося так весела i бесклапотна, што ад пагрозы гэтаму жыццю мяне агарнуў жах.

- А хто нам пагражае? - запытаўся я.

- Яго iмя Тэнджыл, - адказаў Джанатан, i ў гэтым iменi была нейкая злавеснасць.

- А дзе той Тэнджыл? - дапытваўся я.

Джанатан расказаў мне пра Карманьяку, краiну Старажытных Гор за Старажытнай Ракой, дзе некалi валадарыў Тэнджыл, жорсткi, як той змей.

Мне стала яшчэ больш жахлiва, але я стараўся гэтага не паказаць.

- Чаму ён не хоча заставацца ў сваiх Старажытных Гарах? - не вытрымаў я. I чаму ён павiнен прыйсцi ў Наджыялу i разбурыць усё тут?

- Ну, ведаеш, той, хто зможа адказаць на гэта пытанне, мог бы адказаць на мноства iншых. Я не ведаю, чаму ён павiнен разбурыць усё тут. Проста так адбываецца, i ўсё. Ён зайздросцiць таму жыццю, якое выпала людзям гэтых далiн. Яму патрэбны рабы.

Ён замоўк, разглядваючы свае рукi, потым штосьцi прамармытаў, але я не пачуў - што.

- Так, яшчэ ў яго ёсць страшыдла, Катла! - паўтарыў Джанатан.

Катла! О, я не ведаю чаму, але гэта слова гучала больш жахлiва, чым што-небудзь на свеце.

- Хто гэта - Катла?

У адказ Джанатан толькi пакiваў галавой.

- Не, Сухарык, ты такi напалоханы. Я не буду расказваць пра Катлу, бо ты сёння ноччу не заснеш.

Замест гэтага ён расказаў сёе-тое цiкавае пра Сафiю.

- Яна - галоўная ў нашай тайнай барацьбе супраць Тэнджыла, - сказаў Джанатан. -Мы, каб ты ведаў, змагаемся супраць яго, каб дапамагчы Далiне Дзiкай Ружы. Але мы павiнны рабiць гэта ў тайне.

- А чаму менавiта Сафiя?

- Таму што яна моцная, шмат ведае i нiчога не баiцца.

- Не баiцца? Але ж ты таксама не баiшся, хiба не?

Ён крыху падумаў, потым сказаў:

- Гэта праўда, я нiчога не баюся.

Эх, як бы мне хацелася, каб я мог нiчога не баяцца, як Сафiя i Джанатан! Але замест гэтага я сядзеў такi напалоханы, што ледзьве мог што-небудзь думаць.

- А тое, што галубы Сафii лётаюць з тайнымi лiстамi, гэта вядома ўсiм?

- Толькi тым, каму мы сапраўды можам давяраць. Але сярод iх аказаўся здраднiк. I гэтага дастаткова.

Вочы ў Джанатана зноў пацямнелi, i ён з сумам сказаў:

- У Вiяланты, калi яе падстрэлiлi мiнулай ноччу, было сакрэтнае пасланне ад Сафii, i калi гэта пасланне трапiць у рукi Тэнджыла, то гэта прынясе няшчасце многiм жыхарам Далiны Дзiкай Ружы.

Я падумаў: "Як гэта жахлiва, што хтосьцi забiў галубка - такога белага i невiнаватага, нават калi ён нёс сакрэтны лiст".

Раптам мне згадалiся таямнiчыя лiсты, якiя захоўвалiся ў нас у шафе. Я запытаўся ў Джанатана, цi бяспечна захоўваць iх у нас?

- Так, гэта небяспечна, - адказаў Джанатан. - Але было б яшчэ больш небяспечна захоўваць iх у Сафii. Шпiёны Тэнджыла, калi б яны прыйшлi ў Вiшнёвую Далiну, пачалi б шукаць iх перш за ўсё ў яе, а не ў хлопчыка-садоўнiка.

Мне было прыемна чуць, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк, якi працуе ў Сафii, а яе блiзкi таварыш па барацьбе супраць лiхадзея Тэнджыла.

- Сафiя так вырашыла сама, - сказаў ён. - Яна не хацела, каб хто-небудзь у Вiшнёвай Далiне ведаў пра гэта. I ты паклянiся, што нiкому нiчога не скажаш, пакуль Сафiя не скажа пра ўсё гэта сама.

Я пакляўся, што хутчэй памру, чым скажу што-небудзь пра пачутае.

Мы паснедалi ў Сафii, а потым паехалi дадому.

Але быў яшчэ адзiн чалавек, якi выязджаў з дому ў гэту ранiцу. Мы сустрэлi яго, калi выязджалi з Далiны Цюльпанаў. Гэта быў чалавек з рыжай барадой. Як жа яго называлi? Губерт?

- Вы, здаецца, наведвалi Сафiю? Што вы ў яе рабiлi, цiкава?

- Я палоў у яе агарод, - адказаў Джанатан, паказваючы яму свае рукi. - А вы што, палюеце? - запытаў ён у сваю чаргу ў рыжабародага, звярнуўшы ўвагу на лук, прывязаны да яго сядла.

7
{"b":"79485","o":1}