Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Але ён не адштурхнуў мяне, а моцна прытулiў, i я адчуваў яго добрыя рукi, якiя як бы абаранялi мяне ад зла.

- Унучак, - сказаў ён гучна, каб Ведэр i Кадэр пачулi. - Дзе ты быў увесь гэты час? I што ты нарабiў, дзiцятка, раз цябе суправаджаюць салдаты?

Мой бедны дзядуля, як яму папала ад Ведэра i Кадэра! Яны ўсё крычалi i крычалi на яго, маўляў, калi ён не можа сачыць за сваiмi ўнукамi i дазваляе iм бадзяцца ў гарах Наджыялы, то ён наогул iх не ўбачыць, i ён павiнен помнiць пра гэта. На гэты раз яны яму даруюць, - сказалi яны i паехалi. Неўзабаве iх шаломы ператварылiся ўдалечынi ў маленькiя кропкi. Я пачаў плакаць, усё яшчэ знаходзячыся ў абдымках дзядулi... Можа, таму, што ноч была такая доўгая i цяжкая ў мяне i нарэшце ўсё скончылася. Дзядуля даў мне выплакацца, пацiху супакойваў мяне. Як добра было б, каб ён быў маiм сапраўдным дзядулем. Мне захацелася сказаць яму пра гэта, хоць я ўсё яшчэ працягваў плакаць.

- Можа, я i змагу стаць тваiм дзядулем. Мяне завуць Мацiяс, а цябе, дзiцятка?

- Карл Львi.. - пачаў я, але спахапiўся: неразумна было б называць гэта iмя ў Далiне Дзiкай Ружы.

- Дзядуля, дарагi, маё iмя... - сакрэт, - сказаў я. - Называй мяне Сухарык.

- А, Сухарык, - засмяяўся дзядуля Мацiяс. - Iдзi ў кухню i пачакай мяне там, а я завяду твайго каня ў стайню.

Я ўвайшоў у маленькую бедную кухню, дзе, акрамя стала, лаўкi, некалькi крэслаў i плiты, нiчога не было. Яшчэ каля сцяны стаяў буфет.

Неўзабаве прыйшоў i Мацiяс.

- Такi самы буфет i ў нас дома, у Вiш... - пачаў я i замаўчаў.

- Дома ў Вiшнёвай Далiне? - здагадаўся Мацiяс.

Я з жахам зiрнуў на яго. Зноў сказаў тое, чаго не трэба было гаварыць.

Але Мацiяс больш нiчога не сказаў, а падышоў да акна i выглянуў на двор, некаторы час пастаяў, каб пераканацца, што нiкога няма вакол, потым павярнуўся да мяне i цiха кажа:

- У маiм буфеце сёе-тое ёсць. Пачакай хвiлiнку i ты пераканаешся ў гэтым.

Ён адсунуў буфет плячом - за iм былi патаемныя дзверы. Калi ён адчынiў iх, высветлiлася, што за iмi - пакой. Хтосьцi ляжаў на падлозе i спаў.

Гэта быў Джанатан.

9

Я магу прыгадаць усяго некалькi выпадкаў, калi я быў такi шчаслiвы, што не ведаў, на якiм свеце знаходжуся. Аднойчы, яшчэ ў маленстве, на каляды Джанатан падарыў мне санкi, на якiя ён збiраў грошы вельмi доўга. I другi раз, калi я ўпершыню трапiў у Наджыялу i знайшоў Джанатана каля рэчкi. Потым увесь той дзiўны вечар у Сядзiбе Рыцараў, калi я быў такi шчаслiвы, што ледзьве стрымлiваў сябе. Але нiшто не iшло нi ў якое параўнанне з тым, як я знайшоў Джанатана на падлозе ў доме Мацiяса! Уявiце, як можа быць шчаслiвы чалавек усё ўва мне спявала!

Я не чапаў Джанатана, не будзiў яго, нават не ўскрыкнуў ад радасцi. Проста лёг побач з iм, зусiм цiха, i заснуў.

Колькi я спаў - не ведаю. Мабыць, цэлы дзень. Але калi я прачнуўся, Джанатан сядзеў на падлозе побач са мной. Ён проста сядзеў i ўсмiхаўся, а нiхто не ўсмiхаецца так, як ён. Думалася, што ён не вельмi ўзрадуецца майму з'яўленню. Магчыма, ён ужо i забыўся, што клiкаў мяне на дапамогу. Але цяпер бачыў я, што ён быў гэтак жа рады, як i я. Я таксама заўсмiхаўся. Мы так i сядзелi, гледзячы адзiн на аднаго, i нiчога не гаварылi.

- Ты клiкаў на дапамогу, - сказаў я нарэшце. Джанатан адразу перастаў усмiхацца. - Чаму ты клiкаў? - запытаўся я.

Ясна, штосьцi такое было, пра што яму цяжка гаварыць. Ён адказаў вельмi цiха, як быццам адказаць мне было яму вялiкай цяжкасцю.

- Я бачыў Катлу, - сказаў ён. - Я бачыў, што яна робiць.

Я не хацеў мучыць яго пытаннямi пра Катлу, у рэшце рэшт у мяне было шмат усяго, што трэба было яму расказаць, i ў першую чаргу - пра Джосi.

Джанатан не хацеў усяму гэтаму верыць. Яго твар збялеў, i ён ажно заплакаў.

- Не, не, не Джосi, - паўтараў ён, i слёзы цяклi з яго вачэй.

Потым Джанатан спахапiўся.

- Трэба неадкладна расказаць пра ўсё Сафii, - заклапочана прамовiў ён.

- Але як мы зможам гэта зрабiць? - здзiвiўся я.

- Тут знаходзiцца адзiн з яе галубоў, - сказаў ён. - Б'янка. Сёння вечарам яна можа вярнуцца назад.

Я так i думаў. Гэта ж галубок Сафii! I расказаў яму, што дзякуючы гэтаму галубку я апынуўся тут, а не ў пячоры ў Катлы.

- Гэта было проста дзiва, - расказваў я. - Сярод усiх дамкоў Далiны Дзiкай Ружы я пад'ехаў менавiта да таго, дзе ты. Але калi б я не ўбачыў Б'янку, то, напэўна, праехаў бы мiма.

- Б'янка, Б'янка, дзякуй за тое, што ты сядзела тут, - сказаў Джанатан.

Але ў яго ўжо не было часу далей слухаць мяне: трэба было спяшацца. Ён злёгку пастукаў у патаемныя дзверцы, неўзабаве яны адчынiлiся, i ў праёме паявiўся Мацiяс.

- А, маленькi Сухарык усё спiць, - пачаў Мацiяс, але Джанатан не даў яму дагаварыць.

- Калi ласка, прынясi Б'янку, - папрасiў ён. - Яна павiнна ляцець, як толькi сцямнее.

Ён растлумачыў чаму, расказаў Мацiясу пра Джосi. Мацiяс пакiваў галавой так, як гэта робяць старыя людзi, калi яны нечым азмрочаны.

- Джосi! Так, я ведаў, што гэта нехта з Вiшнёвай Далiны. Вось чаму Орвар знаходзiцца зараз у пячоры Катлы. Так, розныя людзi бываюць на свеце.

Зачынiўшы за сабой дзверы, ён пайшоў, каб злавiць Б'янку.

Добрае сховiшча знайшлi Мацiяс i Джанатан: маленькi патаемны пакойчык, у якiм не было нi дзвярэй, нi акна, адзiны ўваход у якi хаваўся за буфетам. Мэблi таксама нiякай не было, на падлозе ляжаў толькi матрац, маленькая лямпа асвятляла пакой.

Пры святле гэтай лямпы Джанатан напiсаў запiску Сафii: "Iмя здраднiка, якое павiнна быць праклята навечна - Джосi "Залаты Певень". Тэрмiнова злавiце яго. Мой брат - тут, са мной".

- Вось чаму Б'янка прыляцела сюды ўчора вечарам, - пакiваў галавой Джанатан. - Каб сказаць мне, што ты знiк i паехаў шукаць мяне.

- Ты толькi падумай! Значыць, Сафiя зразумела загадку, якую я напiсаў у кухнi на сцяне, - усклiкнуў я. - Вiдаць, калi яна прынесла мне суп.

- Якую загадку? - здзiвiўся Джанатан.

- "Я пайшоў, каб знайсцi яго далёка-далёка ў гарах", - напiсаў я. - I зрабiў гэта, каб Сафiя не непакоiлася.

- "Не непакоiлася", - Джанатан засмяяўся. - Гэта ты так думаеш, а я? Уяўляеш, якiм спакойным быў бы я, калi б даведаўся, што ты недзе высока ў гарах Наджыялы!

Вiдаць, я выглядаў прысаромленым, таму што ён паспяшаўся супакоiць мяне.

- Адважны маленькi Сухарык, - сказаў ён, - як здорава, што ты ёсць, а яшчэ лепш, што ты тут са мной.

Гэта было ўпершыню, калi мяне назвалi адважным i смелым. I я падумаў, што калi так будзе i далей, то я змагу называць сябе Львiным Сэрцам.

16
{"b":"79485","o":1}