- Мы ўжо гэта заўважылi, - кiсла прамовiў Снаўт. - Новыя i звышновыя... хiба гэта, па-твойму, свечкi на алтары?
- Калi ты хочаш усё, што я кажу, трактаваць так даслоўна...
- А мо менавiта Салярыс з'яўляецца калыскай твайго боскага немаўляцi, заўважыў Снаўт. Ад усмешкi вакол яго вачэй з'явiлiся тонкiя зморшчынкi. - Мо менавiта ён у тваiм разуменнi першааснова, зародыш Бога роспачнага, мо жыццёвая сiла яго маленства пакуль пераўзыходзiць яго розум, а ўсё тое, што знаходзiцца ў нашых салярыстычных бiблiятэках, проста доўгi пералiк яго немаўляцкiх рэфлексаў...
- А мы нейкi час былi яго цацкамi, - закончыў я. - Так, мажлiва. I ведаеш, што табе ўдалося? Стварыць абсалютна новую гiпотэзу на тэму планеты Салярыс, а гэта сапраўды няпроста! Вось i тлумачэнне, чаму немагчыма ўстанавiць Кантакт, чаму няма адказу, адкуль узнiкаюць некаторыя - скажам так - экстравагантнасцi ў стасунках з намi. Псiхiка маленькага дзiцяцi...
- Я адмаўляюся ад аўтарства, - прамармытаў Снаўт, спыняючыся ля iлюмiнатара.
Мы доўга пазiралi на чорныя хвалi. На ўсходнiм баку гарызонту з туману выступала бледная прадаўгаватая пляма.
- Адкуль у цябе з'явiлася iдэя недасканалага Бога? - раптам спытаўся Снаўт, не адводзячы позiрку ад залiтай святлом пустынi.
- Не ведаю. Яна мне здалася вельмi, вельмi праўдзiвай. Разумееш? Гэта адзiны Бог, якому я мог бы паверыць. Яго пакуты - не адкупленне, яны нiкога не забаўляюць, нiчому не служаць, яны проста iснуюць.
- Мiмоiд... - прамовiў зусiм цiха, змененым голасам Снаўт.
- Што ты сказаў? Ага, праўда. Я заўважыў яго яшчэ раней. Вельмi старажытны.
Мы абодва ўзiралiся ў гарызонт, ахутаны рыжаватым туманам.
- Я палячу, - нечакана сказаў я. - Тым больш што я яшчэ нi разу не пакiдаў Станцыi, а тут добрая аказiя. Я вярнуся праз паўгадзiны...
- Што? - Снаўт шырока расплюшчыў вочы. - Ты паляцiш? Куды?
- Туды, - я паказаў на ледзь прыкметную ў тумане светлую плямку. - А што? Я вазьму маленькi гелiкаптэр. Было б смешна, калi б - на Зямлi - мне давялося калi-небудзь прызнацца, што я салярыст, якi нi разу нават нагi не паставiў на салярысны грунт...
Я падышоў да шафы i пачаў выбiраць камбiнезон. Снаўт моўчкi назiраў за мной, а пасля сказаў:
- Не падабаецца мне гэта.
- Што? - павярнуўся я з камбiнезонам у руках. Мяне ахапiла даўно забытая ўзбуджанасць. - Што ты хочаш? Давай, кажы! Баiшся, каб я... Нонсенс! Слова гонару. Я нават не падумаў пра гэта. Не, праўда, не.
- Я палячу з табой.
- Дзякую, але я хачу ляцець адзiн. Гэта ж нешта новае, нешта зусiм новае, - прамовiў я хуценька, нацягваючы камбiнезон.
Снаўт казаў яшчэ нешта, але я не надта яго слухаў, шукаючы патрэбныя рэчы.
Ён пайшоў за мной на ўзлётную пляцоўку, дапамог выкацiць машыну з бокса на сярэдзiну пускавога стала. Калi я нацягваў скафандр, Снаўт нечакана спытаўся:
- Ты не адмаўляешся ад сваiх слоў?
- Божухна, Снаўт, ты зноў? Не, не адмаўляюся. Я ж абяцаў табе. Дзе запасныя балоны?
Больш нiчога Снаўт не казаў. Я закрыў празрысты купал i даў знак рукой. Ён уключыў пад'ёмнiк, я паволi выехаў на верх Станцыi. Матор збудзiўся, працяжна зашумеў, вiнт закруцiўся, i апарат надзiва лёгка ўзняўся ўгору, пакiнуўшы пад сабой серабрысты дыск Станцыi, якi ўсё змяншаўся i змяншаўся.
Упершыню я быў над Акiянам адзiн; уражанне зусiм iншае, чым з iлюмiнатара. Магчыма, гэта залежала ад вышынi палёту - я слiзгаў усяго за некалькi дзесяткаў метраў ад паверхнi. Толькi зараз я не проста ведаў, а адчуваў, што тлустыя гарбы i нiзiны, якiя пачаргова тасавалiся, рухалiся не як марскi прылiў альбо хмара, а як жывёлiна. Несупынна, хоць i вельмi марудна, як сутаргi мускулiстага тулава. Паварочваючыся, грэбень кожнай хвалi палаў чырвонай пенай. Калi я выканаў паварот, каб iсцi дакладна па курсе надзвычай марудна дрэйфуючага мiмоiда, сонца ўдарыла мне проста ў вочы, крывавыя водблiскi заiскрылiся ў выпуклым шкле, а сам Акiян стаў чарнiльна-сiнiм з плямамi цёмнага агню.
Я не надта ўдала зрабiў круг i вылецеў далёка на падветраны бок, а мiмоiд застаўся ззаду, яго недасканалыя абрысы шырокай светлай плямай вылучалiся ў Акiяне. Ён быў ужо не ружовы, ён жаўцеў, як высахлая костка, на iмгненне я страцiў яго з вачэй, замест яго ўдалечынi з'явiлася Станцыя, якая вiсела проста над Акiянам, як вялiзны старажытны дырыжабль. Я паўтарыў манеўр, сканцэнтраваў усю сваю ўвагу: проста па курсе вырастаў увесь масiў мiмоiда са сваiм дзiўным крутым рэльефам. Здавалася, я вось-вось зачаплюся за сама высокi з яго клубнепадобных выступаў, я так рэзка набраў вышыню, што гелiкаптэр, губляючы хуткасць, захiстаўся. Засцярога была лiшняя: акруглыя вяршынi дзiўных вежаў праплылi далёка ўнiзе. Я выраўнаваў машыну i пачаў паволi, метр за метрам збаўляць вышыню. Нарэшце ламаныя вяршынi замiльгалi над кабiнай. Мiмоiд быў невялiкi. Ён меў не больш за тры чвэрцi мiлi ў даўжыню, а шырыня яго была ўсяго паўмiлi. У асобных месцах мiмоiд звузiўся: неўзабаве там мусiў адбыцца разлом. Вiдаць, гэта быў асколак значна буйнейшага ўтварэння. Па салярысных маштабах ён уяўляў толькi дробны абломак, рэшткi, што налiчвалi Бог ведае колькi тыдняў i месяцаў.
Памiж узвышэннямi, падобнымi на пражылкi, я адкрыў штосьцi накшталт берага, некалькi дзесяткаў квадратных метраў досыць спадзiстай, але амаль што пляскатай паверхнi, i спiкiраваў машыну туды. Пасадка была цяжэйшая, чым я ўяўляў, я ледзь не зачапiўся вiнтом за выраслую проста на вачах сцяну, але ўсё скончылася без прыгод. Я адразу ж выключыў матор i адкiнуў века купала. Стоячы на крыле, я праверыў, цi не пагражае гелiкаптэру небяспека спаўзцi ў Акiян; хвалi лiзалi зубчасты край берага за некалькi крокаў ад месца пасадкi, але гелiкаптэр упэўнена стаяў на шырока расстаўленых палазах. Я саскочыў на... "зямлю". Тое, што напачатку я палiчыў сцяной, за якую ледзь не зачапiўся, было вялiзнай, дзiравай, як рэшата, тонкай, як плёнка, касцяной плiтой, што тырчком стаяла i прарасла патаўшчэннямi накшталт маленькiх галерэй. Шчылiна шырынёй некалысi метраў наўскасяк падзяляла ўсю гэтую шматпавярховую плоскасць i выяўляла перспектыву глыбiнi. Тая ж перспектыва была вiдаць праз вялiкiя, раскiданыя абы-як адтулiны. Я залез на блiжнi выступ сцяны i адзначыў, што падэшвы скафандра незвычайна ўстойлiвыя, а сам скафандр зусiм не перашкаджае рухацца. Апынуўшыся на вышынi пяцi паверхаў над Акiянам, я павярнуўся тварам да шкiлетападобнага пейзажу i толькi зараз здолеў як след разгледзець яго.