Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Пружыны ложка здрыганулiся.

- Крыс... гэта я, - пачуў я блiзкi шэпт.

- Гэта ты, Хэры?.. А дзе Гiбарыян?

- Крыс, Крыс... яго няма... ты ж сам казаў, што яго няма.

- У сне ўсё можа быць, - прамовiў я няспешна. Цяпер я не быў упэўнены, што бачыў сон. - Ён нешта сказаў, ён быў тут, - прамовiў я.

Мне страшна хацелася спаць. Калi так хочацца спаць, значыць, сплю, прамiльгнула дзiўная думка. Я дакрануўся губамi да халоднага пляча Хэры i ўлёгся ямчэй. Яна нешта адказала мне, але я ўжо засынаў.

Ранiцай у залiтым чырвоным святлом пакоi я ўспомнiў, што адбылося ноччу. Гаворка з Гiбарыянам мне прыснiлася, а што было пасля? Я чуў яго голас, у гэтым я перакананы, але ўспомнiць, што ён сказаў, не магу. Праўда, ён не гаварыў, а чытаў лекцыю. Лекцыю?..

Хэры мылася. Чуўся шум вады ў душавой. Я зазiрнуў пад ложак, куды некалькi дзён таму закiнуў магнiтафон. Яго там не было.

- Хэры! - гукнуў я.

Яе твар, залiты вадой, паказаўся з-за шафы.

- Хэры, ты не бачыла пад ложкам магнiтафон? Маленькi, кiшэнны...

- Там ляжала шмат рэчаў. Я склала iх туды, - яна паказала на палiчку з лякарствамi каля аптэчкi i знiкла ў душавой.

Я ўскочыў з ложка i пашукаў там, але нiчога не знайшоў.

- Ты не магла яго не заўважыць, - сказаў я, калi Хэры вярнулася ў пакой.

Яна моўчкi расчэсвалася перад люстэркам. Толькi зараз я заўважыў, якая яна бледная. Яе вочы ў люстэрку пазiралi на мяне насцярожана.

- Хэры, - упарта, як асёл, пачаў я зноў, - магнiтафона на палiцы няма.

- Ты нiчога больш не хочаш сказаць мне?

- Даруй, - мармытнуў я, - ты маеш рацыю, гэта глупства...

Не хапала, каб мы пасварылiся!

Мы пайшлi снедаць. Хэры рабiла ўсё не так, як звычайна, але я не мог зразумець, якая тут рознiца. Яна да ўсяго прыглядалася, часам не чула, што я ёй кажу, захопленая сваiмi думкамi. Я заўважыў, што вочы ў яе блiшчаць.

- Што з табой? - спытаўся я шэптам. - Ты плачаш?

- Ат, не чапай мяне. Гэта несапраўдныя слёзы, - прашаптала Хэры.

Вiдаць, трэба было высветлiць усё да канца, але я больш за ўсё на свеце баюся "шчырых размоў". Мяне турбавала зусiм iншае. Хоць я i ведаў, што iнтрыгi Снаўта i Сарторыуса мне толькi прыснiлiся, я пачаў успамiнаць, цi ёсць на Станцыi хоць якая-небудзь зручная зброя. Я не думаў, навошта яна мне, - проста хацелася яе знайсцi. Я сказаў Хэры, што мушу пайсцi ў трум i на склады. Яна моўчкi пайшла са мной. Я капаўся ў скрынях, вынюхваў у кантэйнерах, а калi спусцiўся на самы нiз, не змог адолець жадання зазiрнуць у халодную камеру. Мне не хацелася, каб Хэры заходзiла туды, таму я толькi прачынiў дзверы i агледзеў усё памяшканне. Пад цёмным покрывам па-ранейшаму адрознiвалiся абрысы цела нябожчыка, але з таго месца, дзе я стаяў, нельга было ўбачыць, ляжыць там чарнаскурая цi не. Мне здалося, што яе няма.

Я працягваў блукаць, так i не знайшоўшы нiчога вартага ўвагi. Настрой усё больш i больш псаваўся. Нечакана я заўважыў, што побач са мной няма Хэры. Зрэшты, яна адразу ж з'явiлася - затрымалася ў калiдоры, але ўжо адно тое, што Хэры спрабавала аддалiцца - а ёй жа дорага каштавала пакiнуць мяне хоць на хвiлiнку, - павiнна было насцярожыць мяне. Я па-ранейшаму iмiтаваў пакрыўджанага, карацей, паводзiў сябе надзвычай дзiўна. Разбалелася галава, я не мог знайсцi нiякiх парашкоў i, злосны, як чорт, перакапаў усю аптэчку. У аперацыйную iсцi не хацелася, i наогул у мяне нiчога не ладзiлася. Хэры, як цень, блукала па пакоi, часам некуды знiкала. Пасля поўдня, калi мы паабедалi (зрэшты, яна наогул не ела, а я жаваў без апетыту - у мяне так трашчала галава, што я нават не спрабаваў прымусiць Хэры паесцi), яна раптам села побач i пачала скубцi мой рукаў.

- Што? - неахвотна азваўся я.

Мне хацелася пайсцi наверх, бо здавалася, што трубы перадаюць слабы водгук стуку - вiдаць, Сарторыус займаўся апаратурай высокага напружання. Але ад адной думкi, што давядзецца браць з сабой Хэры, знiкала ўсялякае жаданне iсцi. Прысутнасць Хэры ў бiблiятэцы была хоць крыху зразумелая, але там, сярод машын, гэта можа даць падставы Снаўту для непажаданых заўваг.

- Крыс, - прашаптала Хэры, - а як у нас з табой?..

Я мiжволi ўздыхнуў. Нельга сказаць, што гэта быў шчаслiвы дзень.

- Усё цудоўна. А ў чым справа?

- Я хачу з табой пагаварыць.

- Калi ласка. Я слухаю.

- Але не так.

- А як? Я ж табе казаў, што ў мяне вельмi балiць галава, ды i клопатаў шмат...

- Каб толькi было жаданне, Крыс.

Я прымусiў сябе ўсмiхнуцца. Напэўна, гэта выглядала пакутлiва.

- Добра, каханая, кажы.

- А ты скажаш мне праўду?

Я падняў бровы. Такi пачатак мне не падабаўся.

- Навошта я буду цябе падманваць?

- У цябе могуць быць прычыны. Сур'ёзныя. Але калi хочаш, каб... ну, ведаеш... тады не падманвай мяне.

Я прамаўчаў.

- Зараз я нештачка табе скажу, але i ты мне скажы. Добра? Усю праўду. Нягледзячы нi на што.

Я не пазiраў у яе вочы, а яна лавiла мой позiрк. Я зрабiў выгляд, што не заўважаю гэтага.

- Я ўжо сказала табе, што не ведаю, адкуль я тут з'явiлася. Хiба мо ты ведаеш. Пачакай, я яшчэ не ўсё сказала. Мо i ты не ведаеш. А калi ведаеш i не можаш цяпер сказаць, то, магчыма, скажаш калi-небудзь пазней? Гэта не будзе сама страшнае. Ва ўсякiм разе дасi мне шанц.

Мне стала холадна.

- Дзiцятка, што ты кажаш? Якi шанц?.. - мармытаў я.

- Крыс, кiм бы я нi была, але я не дзiця. Ты ж абяцаў. Скажы.

Тое "кiм бы я нi была" так перахапiла мне горла, што я знямеў i мог толькi пазiраць на яе, бязглузда кiваючы галавой, нiбы абараняючыся ад таго, што я меў пачуць.

- Паслухай, неабавязкова ж казаць зараз, проста скажы, што не можаш...

- Я нiчога не хаваю... - адказаў я хрыплым голасам.

- Вось i добра, - прамовiла яна i ўстала.

Я хацеў што-небудзь сказаць, адчуваючы, што нельга так заканчваць размову, але словы заселi ў горле.

- Хэры...

Яна стаяла ля акна, спiнай да мяне. Цёмна-сiнi пусты Акiян раскiнуўся пад пустым небам.

- Хэры, калi ты думаеш, што... Хэры, ты ж ведаеш, што я кахаю цябе...

- Мяне?

Я падышоў да яе. Хацеў абняць. Яна вызвалiлася, адпiхнуўшы маю руку.

- Ты такi добры... - сказала яна. - Кахаеш? Мяне? Я хацела б, каб ты лепш бiў мяне!

- Хэры, каханая!

- Не! Не. Лепей памаўчы.

Хэры падышла да стала i пачала збiраць талеркi. Я пазiраў у цёмна-сiнюю пустэчу. Сонца заходзiла, i вялiзны цень ад Станцыi паволi хiстаўся на хвалях. Талерка ўпала з рук Хэры. Вада булькала ў ракавiне. Рыжы колер па краi небасхiлу пераходзiў у залацiста-руды. Калi б я ведаў, што рабiць. Калi б я ведаў! Наступiла цiшыня. Хэры стаяла за маёй спiнай.

36
{"b":"79165","o":1}