Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Але такое параўнанне, хоць яго ўдасканальвалi i развiвалi, нават спрабавалi праiлюстраваць спецыяльнымi мадэлямi i фiльмамi, у лепшым выпадку доказ нашай бездапаможнасцi, у горшым - спроба ўхiлiцца ад праблемы, а мо проста падман, бо сiметрыяда не падобная нi на што зямное...

Чалавек можа ўспрымаць адразу не вельмi шмат; мы бачым толькi тое, што адбываецца перад намi, тут, цяпер; але мы не здольныя ўявiць сабе мноства адначасовых працэсаў, няхай нават узаемазвязаных, нават тых, што дапаўняюць адзiн аднаго. Гэта датычыць нават параўнальна простых з'яў. Гiсторыя аднаго чалавека можа мець вельмi вялiкае значэнне, гiсторыю некалькiх сотняў цяжка прасачыць, а гiсторыя тысячы або мiльёна не азначае па сутнасцi нiчога. Сiметрыяда - мiльён, не, нават мiльярд, узведзены ў ступень бясконцасцi, сiметрыяда - сама неймавернасць. Мы стаiм у адным з яе завулкаў удзесяцяронай прасторы Кронекера, - быццам мурашы, якiя замерлi на жывым скляпеннi, перад намi - плоскасцi, што iмкнуцца ўгору i цьмяна мiльгаюць у святле нашых асвятляльных ракет, мы назiраем iхняе ўзаемапранiкненне, плаўнасць i бездакорную дасканаласць, i ўсё гэта - толькi момант, бо галоўнае тут - рух, засяроджаны i мэтанакiраваны. Мы бачым толькi асобнае трымценне адной струны ў сiмфанiчным аркестры звышгiгантаў i ведаем - але толькi ведаем, а не разумеем, - што адначасова над намi i пад намi, у спiчастых нетрах, за межамi зроку i ўяўлення адбываюцца тысячы i мiльёны пераўтварэнняў, звязаных мiж сабой, як ноты, матэматычным кантрапунктам. Нехта назваў сiметрыяду геаметрычнай сiмфонiяй, але ў такiм разе нас варта назваць яе глухiмi слухачамi.

Каб хоць што-небудзь тут убачыць, трэба было б адысцiся, адступiцца на неверагодную далеч, але ж у сiметрыядзе ўсё - нутро, размнажэнне, лавiны нараджэнняў, няспыннае фармаванне, дарэчы, тое, што фармуецца i само фармуе. Нiякая мiмоза так чуйна не адгукнецца на дотык, як адгукаецца аддаленая ад нас на шмат мiль i на сотнi ярусаў частка сiметрыяды на змяненнi, што адбываюцца ў тым месцы, дзе мы стаiм. Кожная канструкцыя, якая iснуе толькi адно iмгненне, сама мадэлюе ўсе iншыя i дырыжыруе iмi, а яны ў сваю чаргу ўздзейнiчаюць на яе. Так, гэта сiмфонiя, але такая, якая сама сябе стварае i сама сябе заглушае.

Фiнал сiметрыяды страшны. Калi назiраеш за iм, здаецца, што з'яўляешся сведкам трагедыi, а мо нават забойства. Праз дзве-тры гадзiны - столькi доўжыцца працэс разрастання, павелiчэння, самастварэння - жывы Акiян пераходзiць у атаку: гладкая паверхня моршчыцца, супакоены, пакрыты засохлай пенай прыбой закiпае; ад самага гарызонту iмчыць мноства канцэнтрычных хваляў, гэткiх жа мускулiстых кратэраў, як i тыя, што суправаджаюць нараджэнне мiмоiда, але на гэты раз яны неверагодна большыя. Падводная частка сiметрыяды выцясняецца, калос паволi ўздымаецца ўгору, нiбыта выцiскаецца за межы планеты, верхнiя слаi Акiяна актывiзуюцца, залазяць усё вышэй на бакавыя сцены, застываюць на iх, замуроўваюць адтулiны, але гэта не iдзе нi ў якое параўнанне з тым, што адбываецца ў глыбiнi сiметрыяды. Спачатку формаўтваральныя працэсы - самастварэнне i самапераўтварэнне архiтэктонiкi на кароткi час замаруджваюцца, а пасля шалёна паскараюцца. Рухi, якiя да гэтага былi плаўныя, мерныя, такiя ўпэўненыя, нiбыта яны мусiлi доўжыцца стагоддзямi, набываюць стрымгаловую хуткасць. Узнiкае прыгнечанасць ад таго, што быццам бы перад пагрозай небяспекi калос iмкнецца нешта паспець. Але чым хутчэй адбываюцца змены, тым больш вiдавочным становiцца страшнае, агiднае перараджэнне самога матэрыялу i яго дынамiкi. Спiчастыя скрыжаваннi дзiўна гнуткiх плоскасцей правiсаюць, становяцца мяккiмi, вялымi; з'яўляюцца няскончаныя, пачварныя, скалечаныя формы; з нябачнай глыбiнi чуваць штораз мацнейшы шум, гул, у перадсмяротных пакутах паветра нараджае ў велiзарных горлах, пралётах i скляпеннях, пакрытых слiззю, неверагодны стогн i храпенне; адчуваецца, як усё навокал памiрае, i гэта насуперак iмклiваму руху. Гэты рух - знiшчальны. I вось ужо толькi вiхор, якi скавыча ў бяздонных калодзежах, падтрымлiвае, раздзьмухвае велiзарнае збудаванне; яно пачынае спаўзаць, раставаць, нiбыта ахопленыя полымем соты; дзе-нiдзе яшчэ бачны апошнiя сутаргi, бездапаможнае трымценне; затым велiкан, якi няспынна атакуецца звонку i падмываецца хвалямi, паволi куляецца i знiкае ў гэткiм жа вiры з пены, у якiм ён нарадзiўся.

I што ўсё гэта азначае? Так, што гэта азначае?..

Памятаю, як адна школьная экскурсiя наведала Iнстытут салярыстыкi ў Адэне. Я быў тады асiстэнтам Гiбарыяна. Праз бакавую залу бiблiятэкi школьнiкаў правялi ў галоўнае памяшканне, якое ў асноўным з'яўлялася сховiшчам мiкрафiльмаў. На плёнках былi зняты нязначныя фрагменты нутра сiметрыяд, якiя, вядома, ужо даўно не iснавалi. Усяго ж там - не асобных кадраў, а цэлых шпуляў з плёнкай - больш за дзевяноста тысяч. I вось тады таўсматая дзяўчынка гадоў пятнаццацi, рашуча i запытальна пазiраючы праз акуляры, спыталася:

- А навошта ўсё гэта?..

У няёмкiм маўчаннi, якое наступiла адразу ж, настаўнiца сурова зiрнула на свавольную вучанiцу, а мы, салярысты-экскурсаводы (я таксама быў там), не маглi адказаць. Сiметрыяды ж непаўторныя, i, як правiла, не паўтараюцца працэсы, што ў iх адбываюцца. Часам паветра перастае праводзiць у iх гук, часам павялiчваецца або змяншаецца каэфiцыент праламлення. У асобных месцах рытмiчна пульсуе прыцягненне, нiбыта ў сiметрыяды пачынае бiцца гравiтацыйнае сэрца. Часам нашыя гiракомпасы проста вар'яцеюць; дзе-нiдзе з'яўляецца i знiкае павышаная iанiзацыя. Гэта можна доўжыць бясконца. Зрэшты, нават калi загадка сiметрыяд будзе адгадана, застануцца яшчэ асiметрыяды...

Яны ўзнiкаюць такiм жа чынам, але фiнал у iх - iншы. У iх нельга нiчога адрознiць: у iх усё трасецца, палае, мiльгае. Мы ведаем толькi адно: асiметрыяды - гэта ачагi працэсаў, хуткасць якiх мяжуе з фiзiчна магчымымi велiчынямi; часам асiметрыяды называюць "велiзарнымi квантавымi з'явамi". Матэматычнае падабенства асiметрыяд з мадэлямi пэўных атамаў такое часовае i мiмалётнае, што некаторыя лiчаць яго другараднай або нават выпадковай прыкметай. Асiметрыяды жывуць значна менш, чым сiметрыяды, - не больш за дваццаць хвiлiн, а iхняя пагiбель яшчэ больш страшная: адразу за вiхурай, якая з аглушальнымi грымотамi запаўняе i ўзрывае iх, на месцы асiметрыяд з неверагоднай хуткасцю ўздымаецца бурлiвая гiдкая вадкасць. Яна разлiваецца пад бруднай пенай i залiвае ўсё, а пасля адбываецца выбух, якi нагадвае вывяржэнне вулкана гразi: ён выкiдвае слуп пашкуматаных рэшткаў, якiя доўга яшчэ падаюць на неспакойную паверхню Акiяна. Вецер ганяе гэтыя шматкi, высахлыя, жаўтлявыя, пляскатыя, яны нагадваюць закасцянелыя перапонкi або празрыстыя храсткi. Пазней iх можна знайсцi на хвалях за дзесяткi кiламетраў ад месца выбуху.

32
{"b":"79165","o":1}