Гiзэ меў не надта спрытны розум, але спрытны розум можа толькi нашкодзiць вывучэнню планеты Салярыс. Бадай, нiдзе ўяўленне i здольнасць хутка ствараць гiпотэзы не становяцца гэткiмi згубнымi, як тут. У рэшце рэшт, на гэтай планеце магчыма ўсё. Неверагодныя апiсаннi плазматычных "узораў" хутчэй за ўсё адпавядаюць сапраўднасцi, хоць праверыць iх звычайна немагчыма, бо Акiян вельмi рэдка паўтараецца. Назiральнiка, якi ўпершыню сутыкнуўся з акiянiчнымi з'явамi, здзiўляе iх велiзарны памер i цалкам адсутны на Зямлi характар. Калi б гэта адбывалася ў маленькай лужыне, усе вырашылi б, што тут звычайная "гульня прыроды", яшчэ адна праява выпадковасцi i сляпога ўзаемадзеяння сiл. Перад незлiчонай разнастайнасцю салярысных формаў аднолькава бездапаможныя i пасрэднасць, i генiй. Гiзэ не адносiўся нi да тых, нi да iншых. Ён проста быў класiфiкатарам-педантам, з гатунку тых, хто пад знешняй абыякавасцю хавае ўсёпаглынальную, невыкараняльную працавiтасць. Гiзэ спрабаваў усё апiсваць, а калi яму не хапала слоў, прыдумляў новыя, часта няўдалыя, не адпаведныя сутнасцi з'явы. Зрэшты, нiводзiн тэрмiн не перадае сутнасцi таго, што адбываецца на планеце Салярыс. Яго "горадрэвы", яго "даўгуны", "грыбавiкi", "мiмоiды", "сiметрыяды" i "асiметрыяды", "хрыбетнiкi" i "мiгценнiкi" гучаць вельмi ненатуральна, але ўсё-ткi даюць хоць нейкае ўяўленне пра Салярыс нават тым, хто не бачыў нiчога, акрамя невыразных фотаздымкаў i надта недасканалых фiльмаў. Вядома, гэты добрасумленны класiфiкатар часам не ўтрымлiваўся ў строгiх рамках класiфiкацый. Чалавек заўсёды прапануе гiпотэзы, нават калi не iмкнецца да гэтага, нават несвядома. Гiзэ лiчыў, што "даўгуны" ўяўляюць зыходную форму, i супастаўляў яе са шматразова павялiчанымi i нагрувашчанымi ў некалькi ярусаў прылiўнымi хвалямi зямных мораў. Той, хто знаёмы з першым выданнем яго працы, памятае, што спачатку Гiзэ называў гэтую форму менавiта "прылiвамi", пад уплывам геацэнтрызму. З такога азначэння можна было б пасмяяцца, калi б яно не сведчыла пра бездапаможнасць даследнiка. Гэтыя ж утварэннi па сваiх памерах пераўзыходзяць - калi ўжо шукаць зямныя параўнаннi - Вялiкi каньён Каларада, да таго ж iх верхнi слой - пенiста-сцюдзянiсты (пена застывае вялiзнымi крохкiмi фестонамi, велiзарнымi карункамi - частка даследнiкаў палiчыла iх "шкiлетападобнымi нарастамi"), а слаi, што ляжаць нiжэй, становяцца ўсё больш пругкiмi, нiбы мускул, якi скарацiўся, i мускул гэты на глыбiнi паўтара дзесяткаў метраў - больш цвёрды, чым камень, але пругкасцi не губляе. Мiж сцен, паверхня якiх нагадвае скуру на спiне нейкай пачвары i ўся пакрытая прылiплымi да яе "шкiлетамi", на цэлыя кiламетры разлёгся сам "даўгун", знешне самастойнае ўтварэнне, якое падобна на вялiзнага пiтона. Здаецца, нiбыта пiтон цалкам праглынуў некалькi гор i моўчкi пераварвае iх, час ад часу ўздрыгваючы. Але такi выгляд "даўгун" мае толькi зверху, з лятаючага апарата. Калi ж апусцiцца на некалькi соцень метраў, амаль на самае дно "цяснiны", то бачна, што пiтон - гэта паласа, якая працягнулася аж да самага гарызонту, дзе плазма рухаецца з неверагоднай хуткасцю, у вынiку чаго i ўзнiкае ўражанне застылага цылiндра. Спачатку лiчыш гэты рух за кручэнне па кругу слiзiстай шэра-зялёнай масы, якая блiшчыць на сонцы, але ля самай паверхнi (адкуль берагi "цяснiны", дзе супакоiўся "даўгун", здаюцца чорнымi хрыбтамi) заўважаеш, што маса рухаецца па значна больш складаным прынцыпе. Тут ёсць i канцэнтрычныя акружнасцi, i перакрыжаваныя цячэннi больш цёмных струменяў, i люстраныя ўчасткi верхняга слоя, якiя адлюстроўваюць неба i хмары. Часам на гэтых участках грымяць вывяржэннi змешанага з газамi паўвадкага асяроддзя. Паступова разумееш, што проста перад табой - цэнтр дзеяння сiлы, якая падтрымлiвае сцюдзянiстыя сцены, што ўзнялiся ў неба i лянiва застываюць, ператвараючыся ў крышталi. Але тое, што вiдавочна для назiральнiка, не надта паддаецца навуцы. Колькi гадоў доўжылiся непрымiрымыя спрэчкi з нагоды таго, што адбываецца ў "даўгунах", мiльёны якiх плаваюць у бязмежных прасторах жывога Акiяна. Iх лiчылi нейкiмi органамi, лiчылi, што ў iх адбываецца абмен рэчываў, працэсы дыхання i пераварвання ежы i нешта там яшчэ, аб чым памятаюць зараз толькi запыленыя бiблiятэчныя палiцы. Кожная з гэтых гiпотэз была ў рэшце рэшт абвергнута тысячамi цяжкiх, часам небяспечных доследаў. А справа ж толькi пра "даўгуны", пра форму, якая па сутнасцi прасцейшая, найбольш устойлiвая (iх iснаванне доўжыцца некалькi тыдняў - што на планеце Салярыс наогул з'яўляецца выключэннем).
Больш складаная i капрызная форма, якая выклiкае сама рашучы пратэст (вядома, несвядомы) - гэта "мiмоiды". Iх без перабольшання можна назваць любiмай формай Гiзэ. Да сваiх апошнiх дзён вывучаў ён i апiсваў мiмоiды, спрабуючы адгадаць iх сутнасць. У назве Гiзэ спрабаваў перадаць iх сама дзiўную, з чалавечага пункту погляду, уласцiвасць: пэўную схiльнасць быць падобнымi на навакольныя формы, незалежна ад таго, дзе гэтыя формы размешчаны - блiзка або далёка.
I вось надыходзiць дзень, калi ў глыбiнi Акiяна пачынае арганiзоўвацца пляскаты шырокi круг з няроўнымi берагамi i чорнай як смоль паверхняй. Праз некалькi гадзiн на iм можна ўжо адрознiць асобныя сегменты, ён дзелiцца i адначасова прабiваецца ўсё блiжэй i блiжэй да паверхнi. Назiральнiк мог бы прысягнуць, што там iдзе шалёная барацьба: сюды з усiх бакоў збягаюцца бясконцыя шэрагi кругавых хваляў, што нагадваюць прагныя раты, жывыя кратэры, якiя могуць вось-вось стулiцца; хвалi ўздыблiваюцца над расплывiста цёмным углыбiнi прывiдам i, становячыся на дыбкi, кiдаюцца ўнiз. Кожны такi абвал тысячатонных грамадзiн суправаджаецца хлюпаннем, якое доўжыцца цэлыя секунды i падобнае на грымоты, - маштабы таго, што адбываецца, неверагодныя. Цёмнае ўтварэнне спаўзае ўнiз; чарговы ўдар, здаецца, вось-вось расплюшчыць i пашчапае яго; сегменты дыска вiсяць, як мокрыя крылы, ад iх адрываюцца даўгаватыя гронкi, выцягваюцца ў доўгiя пацеркi, злiваюцца адна з адной, цягнучы за сабой i дыск, якi iх утварыў, а тым часам зверху ў гэты ўсё больш выразны круг трапляюць новыя i новыя хвалi. Гэта доўжыцца часам дзень, а часам - месяц. Часта ўсё на гэтым i канчаецца. Добрасумленны Гiзэ назваў гэты варыянт "няспелым мiмоiдам", нiбыта ён аднекуль даведаўся, што канчатковая мэта кожнага такога катаклiзму - "спелы мiмоiд", гэта значыць тая калонiя падобных на палiпы бляклых нарастаў (яна звычайна нават большая за цэлы зямны горад), прызначэнне якiх - перадражнiваць знешнiя формы. Вядома, знайшоўся другi салярыст, Юйвенс, якi прызнаў менавiта гэтую, апошнюю фазу, самалiквiдацыяй, адмiраннем, а новыя формы - несумненнай адзнакай вызвалення "парасткаў" ад уздзеяння зыходнага ўтварэння.