Калi звесткi Сатэлоiда рэальна не iснуюць, а толькi народжаны маiм хворым уяўленнем, яны не супадуць з другiм радам лiчбаў. Мой мозг можа быць хворым, але ён нiколi не можа выканаць разлiкi, якiя зрабiў вялiкi калькулятар Станцыi, бо спатрэбiлася б шмат месяцаў. А з гэтага вынiкае, што - калi лiчбы супадуць - вялiкi калькулятар Станцыi iснуе рэальна i я карыстаўся iм наяве, а не ў трызненнi.
У мяне калацiлiся рукi, калi я даставаў з шуфляды тэлеграфную стужку i раскладваў яе на стале побач з такой жа, толькi крыху шырэйшай, стужкай калькулятара. Абодва рады лiчбаў супадалi, як я i меркаваў, да чацвёртага знака ўключна. Разыходжаннi з'явiлiся толькi ў пятым.
Я схаваў усе паперы ў шуфляду. Калькулятар iснаваў незалежна ад мяне; значыць, iснавала i Станцыя, i ўсё, што на ёй адбывалася.
Я збiраўся зачынiць шуфляду, калi заўважыў у ёй цэлы стос лiсткоў, скрэмзаных нейкiмi лiчбамi. Я дастаў iх; з першага позiрку было бачна, што нехта праводзiў ужо эксперымент, падобны на мой. Толькi замест звестак пра зоркавую сферу ў Сатэлоiда папрасiлi замеры асветленасцi планеты Салярыс з саракасекунднымi iнтэрваламi.
Я не з'ехаў з глузду. Апошняя надзея патухла. Я выключыў перадатчык, выпiў рэшткi булёну ў тэрмасе i пайшоў спаць.
ХЭРЫ
Я рабiў вылiчэннi з нейкай маўклiвай зацятасцю, i толькi яна трымала мяне на нагах. Атупеўшы ад стомленасцi, я не здолеў нават раскласцi ложак у кабiне, i замест таго, каб адчапiць верхнiя клямары, я цягнуў за край, пакуль уся пасцель не ўпала на мяне. Нарэшце я апусцiў ложак, скiнуў з сябе на падлогу ўсё адзенне i бялiзну i амаль несвядома звалiўся на падушку, нават не напампаваўшы яе як след. Заснуў я пры святле, але не ведаю калi. Расплюшчыўшы вочы, я вырашыў, што спаў толькi некалькi хвiлiн. У пакоi стаяў чырвоны прыцемак. Было халаднавата i прыемна. Я ляжаў голы, нiчым не накрыўшыся. Насупраць ложка, ля напаўзачыненага iлюмiнатара, нехта сядзеў на крэсле ў промнях чырвонага сонца. Гэта была Хэры, у белай сукенцы, босая, нага на нагу, цёмныя валасы зачасаны назад, тонкая тканiна напiналася на грудзях; апусцiўшы загарэлыя да локцяў рукi, яна пiльна пазiрала на мяне з-пад сваiх чорных вейкаў. Я доўга зусiм спакойна разглядваў яе. Першая мая думка была: "Як добра, што гэта такi сон, калi ведаеш, што ўсё снiцца". I ўсё ж хай бы лепш яна знiкла. Заплюшчыўшы вочы, я з усяе моцы жадаў сабе гэтага, але калi расплюшчыў iх, Хэры сядзела ў ранейшай позе. На твары застыла звыклая грымаса, нiбыта яна збiралася свiснуць, але ў вачах не было нiякiх прыкмет усмешкi. Я згадаў усё, што думаў пра сон вечарам, перш чым заснуць. Яна нiяк не змянiлася, была такая ж, як i тым апошнiм разам, калi я бачыў яе жывой. Тады ёй было дзевятнаццаць; зараз было б дваццаць дзевяць. Так, яна, вядома, не змянiлася - памерлыя не старэюць. Яна мела тыя ж вочы, што здзiўлена пазiраюць на свет; i па-ранейшаму яна не зводзiла з мяне позiрку. Трэба кiнуць у яе чым-небудзь, падумаў я. I ўсё адно, хоць гэта мне толькi снiлася, я не мог нават у сне кiдаць што-небудзь у памерлую.
- Бедная, - сказаў я, - ты з'явiлася адведаць мяне, праўда?
Я трохi спалохаўся - мой голас прагучаў рэальна, а пакой i Хэры мелi выразныя абрысы, як наяве.
Якi жывы сон, я не толькi адрознiваю колеры, але i бачу на падлозе шмат рэчаў, на якiя ўчора, калi клаўся спаць, нават не звярнуў увагi. Калi прачнуся, трэба будзе праверыць, цi ляжаць яны тут, цi проста сняцца мне, як i Хэры...
- I доўга ты збiраешся так сядзець?.. - спытаўся я i заўважыў, што гавару цiха, каб нiхто не пачуў, нiбыта можна падслухаць сон!
Тым часам сонца ўжо трохi паднялося. Гэта не вельмi кепска. Калi я лёг спаць, быў чырвоны дзень, пасля павiнен пачацца блакiтны i толькi пасля яго другi чырвоны. Не мог жа я праспаць пятнаццаць гадзiн, значыць, мне ўсё гэта снiцца!
Супакоiўшыся, я ўважлiва прыгледзеўся да Хэры. Яна сядзела спiнай да святла; прамень, якi пранiкаў праз занавеску, залацiў аксамiтны пушок на яе левай шчацэ, а вейкi кiдалi на твар доўгi цень. Яна была прыгожая. Якi ж я скрупулёзны нават у сне: пiльную рух сонца i хачу, каб ямачка ў Хэры была на сваiм месцы - нiжэй куточка губ, больш нi ў кога я не бачыў такой ямачкi; але хай бы ўсё гэта скончылася. Мне ж трэба займацца справай. Я зажмурыўся, iмкнучыся прачнуцца, i раптам пачуў рыпенне. Я адразу ж расплюшчыў вочы. Хэры сядзела побач са мной i ўважлiва пазiрала на мяне. Я ўсмiхнуўся ёй, яна таксама ўсмiхнулася, нахiлiлася да мяне; першы пацалунак быў ледзь адчувальны, зусiм як дзiцячы. Я цалаваў яе доўга. Хiба можна так паводзiць сябе ў сне? думаў я. Але ж гэта нават не здрада яе памяцi, бо яна снiцца мне, менавiта яна. Такога здарэння са мной яшчэ не было... Мы па-ранейшаму маўчалi. Я ляжаў на спiне; калi яна падымала твар, я мог зазiрнуць у яе маленькiя, пранiзаныя сонцам ноздры - пастаянны барометр яе пачуццяў; кончыкамi пальцаў я пакратаў яе вушы, заружавелыя ад пацалункаў. Не ведаю, што мяне непакоiла; я ўсё даказваў сабе, што гэта сон, але сэрца маё сцiскалася.
Я вырашыў устаць, абавязкова ўстаць; але ўнутрана быў падрыхтаваны, што мне гэта не ўдасца, бо ў сне цела часта не слухаецца нас, яно быццам чужое або яго наогул не адчуваеш. Я разлiчваў, што, iмкнучыся ўстаць, прачнуся, але замест гэтага сеў, апусцiўшы ногi на падлогу. Нiчога не зробiш, давядзецца даглядзець сон да канца, - падумаў я, але настрой сапсаваўся дарэшты. Мне стала страшна.
- Што ты хочаш? - спытаўся я хрыплым голасам i адкашляўся.
Звыкла пашукаў босымi нагамi пантофлi i перш чым успомнiў, што iх тут няма, так стукнуўся пальцам, што нават заенчыў. Ну, цяпер-то ўжо я напэўна прачнуўся, падумаў з задавальненнем.
Але нiчога не змянiлася. Калi я сеў, Хэры адсунулася. Яна прыхiнулася да спiнкi ложка. Было бачна, як у яе б'ецца сэрца: сукенка злева прыкметна ўздрыгвала. Яна разглядвала мяне спакойна i з цiкаўнасцю. Добра было б схадзiць у душ, але хiба душ, якi снiцца, можа разбудзiць?
- Як ты сюды трапiла? - спытаўся я.
Яна падняла маю руку i пачала забаўляцца з ёю, знаёмым рухам падкiдвала i лавiла мае пальцы.
- Не ведаю, - адказала яна. - Хiба гэта дрэнна?
Голас у яе быў гэткi ж нiзкi, i гаварыла яна гэтак жа абыякава, як i заўсёды, нiбыта яе турбавалi не вымаўленыя словы, а нешта зусiм iншае; таму часам здавалася, што Хэры нi пра што не думае, а часам - што яна нiчога не саромеецца. Яна прыглядалася з ледзь прыкметным здзiўленнем, якое свяцiлася i ў яе ў вачах.