Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- I Людачка, я думаю, любiць слухаць, як мама спявае, - цiха заўважыў Ярмолаў. - Дзецi наогул любяць песнi.

- Я цяпер не спяваю, - сумна сказала жанчына.

- А мы з Людачкай папросiм, каб вы заспявалi нам што-небудзь. Мы таксама вельмi любiм песнi. Праўда, Людачка?

Дзяўчынка зашамацела цацкай.

- У мяне ўжо, мабыць, i голасу няма, - сказала Зiна. - Мне толькi часта ў сне снiцца, што я спяваю...

Выспаўшыся, Валодзя зноў пайшоў гуляць у карты, а Ярмолаў доўга стаяў на калiдоры, слухаў хрыплае радыё, размовы i песнi тых пасажыраў, якiя не надта любiлi ехаць у цвярозым выглядзе, мiжвольна заглядваў у цёмнае акно i бачыў там свой лоб, вядома, больш бледны, як у люстэрку, i амаль зусiм гладкi. Праводзiў рукою па лбу i адчуваў на iм маршчыны, неглыбокiя яшчэ, але частыя. I ўвесь твар выглядаў у акне залiшне маладым. Значыць, не трэба верыць ценю. Пачынаў апаноўваць сум. На хвiлiну Ярмолаву здалося, што ён можа пазайздросцiць Валодзю. Той не сумуе ў дарозе, бадай-што i нiдзе ён не сумуе. I цяпер з купэ даносiлiся яго вясёлыя ўсклiкi, амаль бесперапынная гаворка i бязладныя посвiсты.

Ярмолаў узлез на верхнюю полку, лёг i заплюшчыў вочы. Ён спрабаваў заснуць, а сон чамусьцi не прыходзiў.

Праз адчыненыя дзверы купэ час ад часу даносiлася далёкае ад якой-небудзь меладычнасцi пасвiстванне. Кожны раз пры гэтым пасвiстваннi Зiна прыпаднiмала галаву, нервова азiралася i накрывала Люду. Дзяўчынка спала дрэнна, увесь час варочалася, ссоўвала з сябе прасцiну. А мацi, вiдаць, зусiм не магла заснуць. Гэта мiжволi непакоiла Ярмолава. Жанчына ўжо другую ноч не спiць. Збiралася ў дарогу - таксама не спала. Сам Валодзя аб гэтым гаварыў. Ды цi толькi гэтыя ночы былi ў яе бяссоннымi? Уяўлялася, што кожную ноч Зiна спiць вось так, як цяпер. Гэты неспакой, нервовыя азiраннi наўрад цi толькi сёння з'явiлiся.

На свiтаннi праваднiца цiхенька пастукала ў дзверы. Ярмолаў адразу пачуў, бо спаў вельмi нямоцна. З трывогай заўважыў, што пачула гэта i Зiна: яна ледзь прыкметна паварушыла рукой, якою абнiмала Людачку. Дзiця, мабыць, толькi нядаўна i заснула. Ноччу Людачка плакала. Можа, ад духаты, а можа, i жывоцiк ад чаго-небудзь балеў. Ярмолаў доўга чуў гэты плач, у яго балела ад гэтага на душы, а потым сон усё ж змарыў, - на нейкi час усё адышло. Затым зноў прачнуўся, таму што прыйшоў з гульнi Валодзя i ўключыў святло.

- Пяцьдзесят дурняў iм даў! - сказаў ён Зiне, калi тая прыўзнялася на пасцелi. Сказаў i палез на верхнюю полку.

Ярмолаву трэба было хутка выходзiць. Ён пачаў цiхенька i асцярожна збiрацца, каб нiкога не разбудзiць. Абуўся, выняў з-пад полкi чамадан. Аднак, калi ўзяўся за ручку дзвярэй, Зiна нечакана ўстала.

- Вы ўжо сходзiце? - папраўляючы валасы, прашаптала яна.

- Я разбудзiў вас? - занепакоiўся Ярмолаў. - Прабачце, Зiна. Мне i хацелася развiтацца з вамi, i баяўся перабiць вам сон.

- А я амаль што i не спала, - даверлiва загаварыла жанчына. - Нешта Людачцы нездаровiцца. Толькi яшчэ горш змучылася за ноч i бок стаў балець, пералежала. Усё на адным баку ляжу.

- А мая ўжо станцыя вось тут, блiзка, - нiбы з жалем сказаў Ярмолаў. Трэба сыходзiць. Будзьце здаровенькi! Шкада, што мы ўжо, мабыць, нiколi не ўбачымся... Але вы, Зiначка, павiнны спяваць! Спявайце абавязкова!..

- Жадаю вам шчаслiва вярнуцца ў Менск, - з кранаючай шчырасцю прашаптала Зiна i падала Ярмолаву цёплую, крыху пералежаную за ноч руку. - Вельмi прашу вас, калi ўбачыце там Макара Iванавiча, перадайце яму прывiтанне ад мяне. Маё дзявочае прозвiшча - Вiшнеўская.

- Добра, - паабяцаў Ярмолаў, - абавязкова перадам. Будзьце здаровы.

На цемнаватым пероне ён адышоўся крыху ўбок, паставiў чамадан i стаў чакаць адыходу цягнiка. Адразу пазнаў сваё акно, хоць яно нiчым не вылучалася. Было яно яшчэ цемнаватым, невыразным, як i ўсе астатнiя. Прыгледзеўшыся, ужо можна было заўважыць белыя фiранкi, але толькi прыгледзеўшыся. Вельмi б радасна было, каб гэтыя фiранкi хаця б крышачку, хаця б на адзiн момант заварушылiся.

Аднак што ж зробiш? Не заварушылiся фiранкi. Неўзабаве пачуўся кароткi гудок i адзiн за другiм пачалi ляскаць буферы. Праплыло акно перад вачамi Ярмолава... Блiзкае, незабыўнае акно, нiбыта было яно ў роднай хаце. Услед праплыў белы надпiс на сiне-блакiтным, як i неба ў гэты час, фоне: "Жорсткi". А затым - нумар дванаццаць. Не пакiдала ўяўляцца Зiна ў хвiлiну развiтання: ласкавая, шчырая, трошкi сумная. Пра яе хацелася думаць...

"Будзе яна яшчэ спяваць цi не?" Гэтае пытанне не давала Ярмолаву спакою нават i тады, калi ён выйшаў з маленькага стандартнага вакзала i накiраваўся ў вайсковы гарадок.

1956 г.

5
{"b":"79057","o":1}