Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён жа чакаў гэтага моманту шмат гадоў. Ён рыхтаваўся да яго, у думках гартаваў дух, чакаючы сустрэчы з прывiдам. Ён заўсёды ведаў, што яе не абмiнуць.

Адрыяну не хацелася прымушаць Генерала чакаць яго, i, не апранаючыся, малады барон пайшоў за iм. Ён толькi сцягнуў з ложка прасцiну i захiнуўся ёю.

I толькi тады, калi ён стаяў пасярод мансарды, яму раптам прыйшло ў галаву, што ўсё ж небяспечна вось так даверыцца ўладзе iстоты з таго свету, i ён адступiў назад. Але ўбачыў, як Генерал працягнуў да яго абедзве рукi i, быццам у адчаi, прасiў аб нечым.

"Што за глупства?! - падумаў ён. - Няўжо я перапалохаўся, не паспеўшы яшчэ выйсцi з мансарды?"

Ён наблiзiўся да дзвярэй, а Генерал тым часам быў ужо на гарышчы, але iшоў увесь час азiраючыся, нiбы жадаючы пераканацца ў тым, што малады чалавек iдзе за iм.

Перад тым, як пераступiць парог i пакiнуць мансарду, каб выйсцi на гарышча, Адрыян адчуў, як ад жаху ў яго зашчымела сэрца. Штосьцi падказвала яму: патрэбна б зачынiць дзверы i вярнуцца ў ложак. У iм варухнулася цьмянае прадчуванне таго, што ён не разлiчыў сваiх сiл. Ён быў не з тых, каму дадзена беспакарана зазiрнуць у таямнiцы таго свету.

Аднак ён захаваў яшчэ крупiнку мужнасцi. Ён сказаў сабе, што Генерал, пэўна, не збiраецца заманiць яго ў якую-небудзь пастку, а хацеў толькi паказаць яму, дзе знаходзiцца пярсцёнак. Толькi б яму выцерпець яшчэ некалькi хвiлiн, i ён даможацца таго, да чаго iмкнуўся столькi гадоў, i зможа даць стомленаму падарожнiку вечны спакой.

Генерал спынiўся пасярод гарышча, чакаючы маладога барона. Тут было больш змрочна, чым у мансардзе, але Адрыян усё ж выразна бачыў цёмную фiгуру з працягнутымi рукамi. Сабраўшыся з духам, ён пераступiў парог, i яны пайшлi па гарышчы.

Прывiд накiраваўся да паддашкавай лесвiцы, а ўбачыўшы, што Адрыян iдзе следам, пачаў спускацца. Ён па-ранейшаму адыходзiў задам, спыняючыся на кожнай прыступцы i, падпарадкоўваючы сваёй волi нерашучага юнака, нiбы цягнуў яго за сабой.

Павольна, не раз спыняючыся, яны ўсё-такi iшлi наперад. Адрыян спрабаваў падбадзёрыцца, успомнiўшы, колькi разоў ён, бывала, выхваляўся перад сёстрамi, кажучы, што пойдзе за Генералам, калi той толькi яго паклiча. Ён прыгадаў таксама, як з самага дзяцiнства гарэў жаданнем адкрыць невядомае i пранiкнуць у таямнiчае. I вось вялiкае iмгненне наступiла, ён iшоў за прывiдам у невядомае. Няўжо цяпер яго нiкчэмнае маладушша перашкодзiць яму спазнаць нарэшце гэта нешта?

Такiмi разважаннямi ён прымушаў сябе трымацца, але асцерагаўся падыходзiць да прывiду вельмi блiзка. Iх пастаянна раздзяляў прамежак у некалькi аршынаў. Калi Адрыян дайшоў да сярэдзiны лесвiцы, Генерал знаходзiўся ўжо пад лесвiцай. Калi Адрыян стаяў на самай нiжняй прыступцы, Генерал быў ужо ўнiзе ў сенцах.

Але тут Адрыян зноў спынiўся. З правага боку ад яго, зусiм побач з лесвiцай, была бацькоўская спальня. Ён узяўся за ручку дзвярэй, але не для таго, каб адчынiць, а толькi для таго, каб з любасцю дакрануцца да яе. Калi б толькi бацькi яго ведалi, з кiм ён стаiць за дзвярыма! Ён прагнуў кiнуцца ў матчыны абдымкi. Яму думалася, што варта адпусцiць ручку гэтых дзвярэй, i ён цалкам апынецца ва ўладзе Генерала.

Пакуль юны барон стаяў так, трымаючыся за ручку, ён убачыў, як адны з дзвярэй у сенцах адчынiлiся i Генерал пераступiў парог, збiраючыся выйсцi з дому.

I на гарышчы i на лесвiцы было даволi змрочна, але тут цераз дзвярны праём хлынуў струмень святла, i Адрыян упершыню разгледзеў Генерала.

Як i чакаў Адрыян, гэта быў твар старога. Ён добра ведаў яго па партрэце ў гасцiнай. Але рысы гэтага твару не веялi вечным спакоем, у ягоных рысах праглядвала жахлiвая сквапнасць, а на вуснах прывiду была зласлiвая ўсмешка радасцi i ўпэўненасцi ў перамозе.

Як страшна было бачыць, што зямныя пачуццi апанавалi мерцвяка! Нябожчыкаў мы хочам уявiць сабе дзесьцi далёка, без усiх чалавечых уцех, захапленняў i пачуццяў. Адлучаных ад усяго людскога хочам бачыць мы iх, прасякнутымi толькi думкамi нябеснымi. У гэтай жа iстоты, якая заставалася прыхiльнай да ўсяго зямнога, Адрыяну падаўся спакуснiк, злы дух, якi хоча наклiкаць на яго пагiбель.

Iм авалодаў жах. Ад падсвядомага страху ён з сiлай iрвануў на сябе дзверы бацькоўскай спальнi i кiнуўся туды з крыкам:

- Тата! Мацi! Генерал!

I ў той жа момант, страцiўшы прытомнасць, звалiўся на падлогу.

Пяро выпадае з рук. Ну, цi ж не марнае маё старанне запiсаць усё гэта? Гэту гiсторыю мне расказвалi ў змроку каля палымнеючага ачага. У маiх вушах дагэтуль гучыць пераканаўчы голас апавядальнiцы. Я адчуваю, як мароз прабягае ў мяне па скуры, тое трымценне жаху, якое бывае не толькi ад боязi прывiдаў, але i ад прадчування таго, што адбудзецца!

А як уважлiва слухалi мы гэту гiсторыю, думаючы, што яна прыўзнiме краёчак заслоны над невядомым! I якi дзiўны настрой пакiдала яна пасля сябе, быццам адчынiлi нейкiя дзверы. I думалася: штосьцi павiнна нарэшце паявiцца ў апраметнай цемры!

Наколькi праўдзiвая гэта гiсторыя? Адна апавядальнiца пачула яе ад iншай, адна сёе-тое дадавала, iншая - выкiдала. Але цi ёсць у гэтай гiсторыi хоць невялiкае зерне праўды? Хiба не ствараецца ўражанне, быццам гiсторыя гэта перадае нешта такое, што адбывалася наяве?

Прывiд, якi блукаў у маёнтку Хедэбю, прывiд, якi з'яўляўся сярод белага дня, якi адшукваў згубленыя рэчы, - кiм i чым ён быў?

Цi няма чаго-небудзь незвычайнага, шматзначнага i загадзя вызначанага ў яго з'яўленнi? Цi не адрознiваецца ён пэўнай своеасаблiвасцю ад многiх iншых прывiдаў у панскiх маёнтках? Цi не выглядае ўсё гэта так, быццам дзяўчына Спак i на самай справе чула, як ён шпурляў яблыкi ў сценку залы, а малады барон Адрыян на самай справе суправаджаў яго на гарышчы i паддашкавай лесвiцы?

Але ў такiм выпадку, у такiм выпадку... Мабыць, разгадаць гэту загадку дадзена аднаму з тых, хто ўжо зараз бачыць яву, схаваную ад той явы, у якой жывём мы.

XI

Малады барон Адрыян ляжаў бледны i нерухомы ў вялiкiм бацькоўскiм ложку. Памацаўшы ягоны пульс, можна было адчуць, што кроў яшчэ струменiцца ў ягоных жылах, але амаль непрыкметна. Ён не ачуняў пасля глыбокай непрытомнасцi, аднак жыццё ў iм яшчэ тлела.

Лекара ў прыходзе Бру не было, але ў чатыры гадзiны ранiцы ў Карлстад паехаў вярхом слуга, каб паспрабаваць каго-небудзь прывезцi. Язды было туды шэсць мiль, i калi б лекар быў дома i пагадзiўся адразу ж выехаць, то яго можна было б чакаць з горада самае ранняе праз дванаццаць гадзiн. Але трэба было таксама быць гатовым да таго, што пройдзе дзень, а тое i два, пакуль ён прыедзе.

23
{"b":"79000","o":1}