Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Цяпер не Дзiкая Карова ёй iмя, а Носьбiтка Добрай Яды. Яна будзе даваць нам белы сырадой векi вечныя, i я згодна даглядаць яе, пакуль ты, ды наш Першы Друг, ды наш Першы Слуга будзеце ў лесе на паляваннi.

Дарэмна Кот прачакаў увесь дзень, каб хто-небудзь яшчэ з Дзiкiх Звяроў прыйшоў да Пячоры: болей нiхто не прыходзiў з Мокрага Дзiкага Лесу. Так што Кату паняволi прыйшлося блукаць аднаму. I вось убачыў ён Жанчыну, якая сядзела i даiла Карову.

I ўбачыў ён у Пячоры святло, i пачуў дзiвосны пах белага сырадою. I сказаў ён Жанчыне:

- Ты, мой Вораг, Жонка майго Ворага, скажы мне: куды ты падзела Карову? Жанчына засмяялася i сказала:

- Ты, з Дзiкага Лесу Дзiкае Стварэнне, iдзi сабе ў Лес па-добраму! Мне болей не трэба нi слуг, нi прыяцеляў. Я ўжо запляла маю касу i схавала чароўную костку.

I адказаў Дзiкi Кот:

- Я не друг i не слуга. Я, Кот, хаджу, куды ўздумаю, гуляю сам сабою, i вось мне ўздумалася забрацца ў Пячору.

I спытала яго Жанчына:

- Чаму ў першы ж вечар ты не прыйшоў з Першым Другам?

Кот раззлаваўся i сказаў:

- Напэўна, Дзiкi Сабака ўжо нахлусiў табе пра мяне!

Жанчына адказала са смехам:

- Ты, Кот, ты гуляеш сам сабою i ходзiш, куды табе ўздумаецца. Ты сам кажаш, што ты не слуга i не друг. Iдзi ж адсюль сам сабою куды ўздумаецца!

Кот прыкiнуўся пакрыўджаным i сказаў:

- Няўжо мне iншы раз нельга прыйсцi да цябе ў госцi i пагрэцца каля гарачага агню? I няўжо ты нiколi не дасi мне паспытаць белага сырадою? Ты такая разумная, ты такая красуня, - не, хоць я i Кот, а ты не будзеш жорстка абыходзiцца са мною.

Жанчына сказала:

- Я ведаю, што я разумная, але што я красуня - не ведала. Давай заключым умову. Калi я хоць раз пахвалю цябе, смела заходзь у Пячору.

- А калi ты пахвалiш мяне два разы? - спытаў Кот.

- Ну, гэтага не будзе, - сказала Жанчына. - Але калi гэта здарыцца, уваходзь i сядай каля агню.

- А што, калi ты пахвалiш мяне тры разы? - спытаў Кот.

- Ну, гэтага не будзе, - сказала Жанчына. - Але, калi гэта здарыцца, прыходзь i атрымлiвай малако тры разы ў дзень да сканчэння веку!

Кот выгнуў спiну i сказаў:

- Ты, Заслона каля ўвахода ў Пячору, i ты, Агонь у глыбiнi Пячоры, i вы, Малочныя Гладышыкi, што стаiце каля агню, вас я бяру за сведак; запомнiце, што сказаў мой Вораг, Жонка майго Ворага!

I, павярнуўшыся, пайшоў у Дзiкi Лес, дзiка памахваючы дзiкiм хвастом.

Калi ў гэты вечар Сабака, Мужчына i Конь вярнулiся з палявання ў Пячору, Жанчына нi слова не сказала iм пра сваю ўмову з Катом, бо баялася, што iм гэта не спадабаецца.

Кот пайшоў далёка-далёка i так доўга хаваўся ў Дзiкiм Лесе, што Жанчына забыла i думаць пра яго. Толькi Лятучая Мыш, якая вiсела дагары нагамi каля ўвахода ў Пячору, ведала, дзе хаваецца Кот, i кожны вечар падлятала да таго месца i паведамляла Кату ўсе навiны.

Неяк увечары прылятае яна да Ката i кажа:

- А ў Пячоры - Дзiцянё! Яно зусiм, зусiм новенькае. Такое ружовае, тоўстае i маленькае. I яно вельмi падабаецца Жанчыне.

- Вельмi добра, - сказаў Кот. - А што ж падабаецца Дзiцяняцi?

- Усё мяккае i гладкае, - адказала Лятучая Мыш. - Як iсцi спаць, яно бярэ ў ручкi што-небудзь цёпленькае i засынае. Потым яму падабаецца, каб з iм гулялi. Вось i ўсё, што яму падабаецца.

- Вельмi добра, - сказаў Кот, - калi так, то мой час прыйшоў.

На наступны вечар Кот прабраўся да Пячоры па Дзiкiм Лесе i праседзеў недалёка да самай ранiцы. Ранiцою Сабака, Чалавек i Конь пайшлi на паляванне, а Жанчына пачала гатаваць ежу. Дзiцянё плакала i адрывала яе ад работы. Яна вынесла яго з Пячоры i дала яму каменьчыкаў пагуляць, але яно не сунiмалася.

Тады Кот працягнуў пухлую лапку i пагладзiў Дзiцянё па шчочцы, i замурлыкаў, i забурчаў, i давай церцiся аб яго каленi, i хвастом казытаць яму падбародак. Дзiцянё засмяялася, i Жанчына, пачуўшы яго смех, усмiхнулася.

Тады ўскрыкнула Лятучая Мыш - маленькая Лятучая Мыш, якая вiсела дагары нагамi каля ўвахода ў Пячору:

- О Гаспадыня мая, Жонка майго Гаспадара, Мацi Гаспадарскага Сына! З Дзiкага Лесу прыйшло Дзiкае Стварэнне, i як слаўна яно гуляе з тваiм Дзiцём!

- Дзякуй Дзiкаму Стварэнню, - сказала Жанчына, разгiнаючы спiну. - У мяне так многа работы, а яно зрабiла мне вялiкую паслугу.

I вось, мiлы хлопчык, не паспела яна сказаць гэта, як у тую самую хвiлiну i ў тую самую секунду - бух, бух! - падае конская скура, якая вiсела хвастом унiз каля ўвахода ў Пячору (гэта яна ўспомнiла, што ў Жанчыны з Катом была ўмова), i не паспела Жанчына падняць яе, а Кот вунь ужо сядзiць у Пячоры, усеўся зручней i сядзiць.

- Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Мацi майго Ворага, - сказаў Кот, - паглядзi: я тут. Ты пахвалiла мяне - i вось я тут i буду сядзець у Пячоры векi вечныя. Але ўсё ж запомнi: я, Кот, хаджу куды ўздумаю, гуляю сам сабою.

Жанчына вельмi раззлавалася, але прыкусiла язык i села за праснiцу прасцi.

Але Дзiцянё заплакала зноў, бо Кот пайшоў ад яго; i Жанчына не магла яго суняць: яно бiлася, тузала ножкамi i ўсё пасiнела ад крыку.

- Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Мацi майго Ворага, - сказаў Кот, - паслухай, што я скажу табе: вазьмi адарвi кавалачак нiткi ад той, якую ты прадзеш, прывяжы да яе сваё верацяно, i я так начарую табе, што Дзiця ў тую ж хвiлiну засмяецца i будзе смяяцца мацней, чым плача цяпер.

- Добра, - сказала Жанчына, - я ўжо зусiм страцiла галаву. Але помнi: дзякаваць табе я не буду.

Яна прывязала да нiткi глiнянае верацяно i пацягнула яго па падлозе, i Кот пабег за iм, i хапаў яго, i куляўся, i кiдаў яго сабе на спiну, i лавiў яго заднiмi лапамi, i знарок адпускаў яго, а потым кiдаўся наўздагон, - i вось Дзiцянё засмяялася яшчэ мацней, чым плакала; яно поўзала за Катом па ўсёй Пячоры, i забаўлялася, i рагатала, пакуль не стамiлася i не задрамала разам з Катом, абняўшы яго ручкай.

- А цяпер, - сказаў Кот, - я спяю яму песню, залюляю яго на гадзiнку.

I як пачаў ён мурлыкаць то гучней, то цiшэй, то цiшэй, то гучней, Дзiцянё i заснула моцным сном.

Жанчына паглядзела на iх на абодвух i з усмешкай сказала:

- Вось гэта добра! Што б там нi было, а ўсё ж ты, Кот, разумнiк.

Не паспела яна дагаварыць - пффф! - дым ад Агню хмарамi пачаў клубiцца ў Пячоры: гэта ён успомнiў, што ў Жанчыны з Катом была ўмова. I калi дым разышоўся, - зiрк, Кот сядзiць каля агню, усеўся зручней i сядзiць.

- Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Мацi майго Ворага, - сказаў Кот, - паглядзi: я тут. Ты зноў пахвалiла мяне, i вось я тут, каля цёплага ачага, i адсюль я не пайду на векi вечныя. Але ўсё ж запомнi: я, Кот, хаджу куды ўздумаю i гуляю сам сабою.

12
{"b":"78235","o":1}