Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Так ён бег гэтай ноччу, то спяваючы, то пакрыкваючы, i адчуваў сябе сама шчаслiвым у джунглях, пакуль пах кветак не сказаў яму, што блiзка балоты, - а яны знаходзiлiся куды далей сама далёкiх лясоў, у якiя ён звычайна хадзiў на паляванне.

I тут таксама чалавек, выхаваны чалавекам, праз тры крокi правалiўся б з галавой у дрыгву, але ў Маўглi нiбыта былi вочы на нагах, i гэтыя ногi неслi яго з купiны на купiну i з астраўка на зыбкi астравок, не просячы дапамогi ў вачэй. Ён кiраваўся да сярэдзiны балота, успуджваючы на бягу дзiкiх качак, i там сеў на аброслы мохам ствол, што тырчаў з чорнай вады.

Усё балота навокал Маўглi не спала, бо ў вясновую пару птушыны народ спiць вельмi чуйна i чародкi птушак лунаюць над балотам усю ноч навылёт. Але нiхто не прыкмячаў Маўглi, якi сядзеў сярод высокага трыснягу, напяваў песню без слоў i разглядваў цвёрдыя падэшвы смуглых ног, шукаў старую стрэмку.

Дзiкая буйвалiца ў трыснягу прыўзнялася на каленi i чмыхнула:

- Чалавек!

- У-у! - сказаў дзiкi буйвал Меса (Маўглi было чуваць, як ён варочаецца ў гразi). - Гэта не чалавек. Гэта ўсяго толькi безвалосы воўк з Сiянiйскай Чарады. У гэткiя ночы ён заўсёды бегае ўзад i ўперад.

- У-у! - адказала буйвалiца i зноў нагнула галаву да травы. - А я думала, што гэта чалавек.

- Кажу табе, што не. О Маўглi, хiба тут небяспечна? - зарыкаў Меса.

- "О Маўглi, хiба тут небяспечна!" - перадражнiў яго хлопчык. - Толькi пра адно i думае Меса: цi небяспечна тут? Апрача Маўглi, якi бегае ўзад i ўперад па лесе i пiльнуе вас, нiхто нi аб чым не думае!

Маўглi не ўтрымаўся ад спакусы: падкраўся з-за трыснягу да буйвала i кальнуў яго вастрыём нажа. Вялiзны, увесь аблiты граззю буйвал выскачыў з лужыны з такiм грукатам, нiбы побач разарваўся снарад, а Маўглi зарагатаў так, што ажно прысеў.

- Расказвай цяпер, як безвалосы воўк з Сiянiйскай Чарады пасвiў цябе, Меса! - крыкнуў ён.

- Воўк? Ты? - чмыхнуў буйвал, месячы нагамi гразь. - Усе джунглi ведаюць, што ты пасвiў свойскую жывёлу. Ты гэтакi ж хлапчук, як тыя, што крычаць у пыле вунь там, на засеяных палетках. Ты - воўк з джунгляў! Хiба паляўнiчы будзе поўзаць, як змяя, сярод п'явак i дзеля жарту, якi да твару толькi шакалу, няславiць мяне перад сяброўкай? Выходзь на цвёрдую зямлю,i я... я... - Буйвал гаварыў з пенай па-над ротам, бо на ўсе джунглi няма звера больш запальчывага.

Маўглi з тым жа выразам вачэй пазiраў, як сапе i чмыхае буйвал. Калi стала магчыма што-небудзь пачуць скрозь шум ад пырскаў, якiя ляцелi на ўсе бакi, ён спытаў:

- Якая чалавечая чарада жыве тут, каля балота, Меса? Гэтых джунгляў я не ведаю.

- Iдзi на поўнач! - зароў сярдзiта буйвал, бо Маўглi кальнуў яго даволi моцна. - Гэтак жартуюць каровiны пастухi! Iдзi раскажы пра гэта ў вёсцы каля балота.

- Чалавечая чарада не любiць слухаць пра джунглi, ды я i сам думаю, што лiшняя драпiна на тваёй шкуры - не такая важнасць, каб пра яе расказваць. А ўсё ж я пайду пагляджу на гэтую вёску. Ага, пайду! Супакойся! Не кожную ноч Гаспадар Джунгляў прыходзiць пасвiць цябе.

Ён пераступiў на дрыгвянiсты край балота, добра ведаючы, што буйвал не кiнецца туды за iм, i пабег далей, смеючыся з яго гневу.

- Вунь там зорка сядзiць над самай зямлёй, - сказаў ён i пiльна прыгледзеўся да яе, склаўшы далонi трубкай. - Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, гэта Чырвоная Кветка, тая самая Чырвоная Кветка, каля якой я ляжаў яшчэ да таго, як трапiў у Сiянiйскую Чараду! А цяпер я ўсё бачыў, i трэба канчаць мой бег.

Балота пераходзiла ў шырокую лугавiну, дзе мiгцеў агеньчык. Ужо вельмi даўно Маўглi перастаў цiкавiцца справамi людзей, але ў гэтую ноч мiгценне Чырвонай Кветкi вабiла яго да сябе, нiбы новая здабыча.

- Пагляджу, - сказаў ён сабе, - цi вельмi змянiлася чалавечая чарада.

Забыўшы пра тое, што ён не ў сябе ў джунглях, дзе можа рабiць усё, што ўздумаецца, Маўглi бесклапотна ступаў па ўсыпанай расой траве, пакуль не дайшоў да той хацiны, дзе гарэў агеньчык. Тры-чатыры сабакi ўзнялi брэх, Маўглi быў ужо на ўскраiне вёскi.

- Хо! - сказаў Маўглi, бясшумна сядаючы i пасылаючы iм у адказ воўчае глухое бурчанне, якое адразу ўцiхамiрыла сабак. - Што будзе, тое будзе, Маўглi, што табе да бярлогаў чалавечай чарады?

Ён пацёр губы, бо ўспомнiў пра той камень, якi рассек iх шмат гадоў назад, калi другая чалавечая чарада прагнала яго ад сябе.

Дзверы хацiны адчынiлiся, i на парозе з'явiлася жанчына. Яна ўзiралася ў цемру. Заплакала дзiця, жанчына павярнулася да яго i сказала:

- Спi! Гэта проста шакал разбудзiў сабак. Хутка развiднее.

Маўглi, седзячы ў траве, задрыжаў, быццам у лiхаманцы. Ён добра памятаў гэты голас, але, каб ведаць пэўна, крыкнуў нягучна, сам дзiвячыся, як лёгка чалавечая мова вярнулася да яго:

- Месуа! О Месуа!

- Хто мяне клiча? - спытала жанчына дрыготкiм голасам.

- Хiба ты забыла? - сказаў Маўглi: у горле ў яго перасохла пры гэтых словах.

- Калi гэта ты, скажы, якое iмя я дала табе? - Яна прычынiла дзверы i схапiлася рукою за грудзi.

- Натху! О Натху! - адказаў Маўглi, бо, як вы памятаеце, гэтым iменем назвала яго Месуа, калi ён упершыню прыйшоў у чалавечую чараду.

- Iдзi сюды, сынок! - паклiкала яна.

Маўглi выйшаў на святло i глянуў у твар Месуi, той жанчыны, якая была добрая да яго i якую ён выратаваў калiсьцi ад чалавечай чарады.

Яна пастарэла, i валасы ў яе пасiвелi, але вочы i голас засталiся тыя самыя. Як усе жанчыны, Месуа думала, што ўбачыць Маўглi гэткiм жа, якiм бачыла яго апошнi раз, i здзiўлена ўзняла вочы ад грудзей Маўглi да яго галавы, якая даставала ледзь не да столi.

- Мой сын... - пралепятала яна, падаючы да яго ног. - Але гэта ўжо не мой сын, гэта лясны бог! Ах!

Ён стаяў у чырвоным святле масленай лямпы, высокi, дужы, прыгожы, з нажом на шыi, з чорнымi доўгiмi валасамi, што спадалi на плечы, у вянку з белага язмiну, i яго лёгка было палiчыць за казачнага бога лясоў. Дзiця, што драмала на ложку, усхапiлася i моцна закрычала ад страху. Месуа павярнулася, каб супакоiць яго, а Маўглi стаяў нерухома i пазiраў на збанкi i гаршкi, на скрыню са збожжам i на ўсе людскiя рэчы, такiя незабыўныя для яго.

- Што ты будзеш есцi цi пiць? - прашаптала Месуа. - Гэта ўсё тваё. Мы абавязаны табе жыццём. Але цi той ты, каго я называла Натху, цi ты i праўда лясны бог?

- Я Натху, - сказаў Маўглi, - i я зайшоў вельмi далёка ад дому. Я ўбачыў гэтае святло i прыйшоў сюды. Я не ведаў, што ты тут.

44
{"b":"78192","o":1}