Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Як сёння пад гэтай скалой, калi сонца свiдруе каменную глыбу над маёй галавой, я доўгiмi днямi сядзеў на кукiшках у доме фетыша, крыху вышэйшым за iншыя, абгароджаным плотам з солi, без вокнаў, ахiнутым у iскрысты змрок. Доўгiмi днямi мне прыносiлi пiць толькi мiсу гаркава-салёнай вады i кiдалi, нiбыта курыцы, жменю зерня, якое я збiраў па драбочку. Удзень дзверы былi заўсёды зачыненыя, але цемра ўсё роўна крыху святлела, нiбы неадольнаму сонцу ўдавалася прасачыцца праз тоўстыя салявыя муры. Не было нiякай лямпы, нi каганца, але сунучыся навобмацак уздоўж сцен, я адчуваў пад пальцамi нiзкi сухога пальмавага лiсця, якое ўпрыгожвала пакой, i ўглыбiнi - маленькiя, груба абчасаныя дзверы з ледзь прыкметнаю ручкай. Доўгiмi днямi пазней, калi я ўжо не мог злiчыць нi начэй, нi гадзiн, але зерне мне кiдалi ўжо не менш за дзесяць разоў, i я ўжо паспеў сабе выскрабцi ямiну пад нечыстоты, якiя марна прысыпаў, бо вакол усё роўна тхнула бярложным смуродам, але многа пазней дзверы раптам шырока расчынiлiся, i яны ўвайшлi.

Адзiн рушыў да мяне. Я сядзеў на кукiшках у куце, адчуваючы, як шчокi мне палiць соль, i, дыхаючы пыльным пахам пальмавых лiсцяў, глядзеў на яго. Ён спынiўся за метр ад мяне i доўга моўчкi ўзiраўся мне ў твар, знак - i я ўстаў, ён зноў глядзеў на мяне сваiмi блiскуча-абыякавымi металiчнымi вачыма на конскiм смуглявым твары, потым падняў руку. Гэтаксама бясстрасна ён ухапiў мяне за нiжнюю губу, пацягнуў да сябе, пакуль не разадраў яе да самага мяса, i, не расцiскаючы пальцаў, прымусiў перакруцiцца вакол i адступiць на сярэдзiну пакоя, а потым пацягнуў за губу яшчэ, каб я ўпаў на каленi, i, кiнуўшы там, атупелага ад болю, з акрываўленым ротам, адышоў да другiх, што стаялi ўздоўж сцен. Яны глядзелi, як я курчуся ў нясцерпнай спякоце дня, што ўлiваўся праз шырока расчыненыя дзверы, не пакiдаючы нiякага ценю, i раптам у гэтым сляпучым святле ўзнiк шаман - з пальмавым пакуллем замест валасоў, перлавым панцырам, што пакрываў усё цела, у кароткай саламянай спаднiцы, з-пад якой тырчалi голыя ногi, i ў масцы, сплеценай з кугi i жалезнага дроту, з дзвюма краткамi дзiрак на вочы. За iм iшлi музыкi i жанчыны ў цяжкiх пярэстых халатах, пад якiмi нават не ўгадвалiся iх целы. Яны скупiлiся ля дзвярэй углыбiнi пакоя i пачалi скакаць у нейкiм дзiкiм, ледзь зрытмаваным танцы, яны варушылiся, вось i ўсё, i нарэшце шаман адчынiў маленькiя дзверы ў мяне за спiнай, настаўнiкi не варухнулiся, яны глядзелi на мяне, а я павярнуўся i ўбачыў фетыш, яго двухтварую галаву, як у двухвострай сякеры, яго доўгi жалезны нос, закручаны, як змяя.

Мяне падцягнулi i кiнулi перад iм, ля самага подыя, i прымусiлi пiць чорную i горкую ваду, i адразу ў галаве ў мяне запякло, i я засмяяўся, вось яна, абраза, мяне абразiлi. Мяне раздзелi, пагалiлi галаву i цела, абмылi алеем i пачалi сцябаць па твары вяроўкамi, умочанымi ў соль i ваду, а я смяяўся i адварочваў галаву, але кожны раз дзве жанчыны бралi мяне за вушы i падстаўлялi мой твар пад удары шамана, у якога я бачыў адно квадратныя вочы i ўвесь час смяяўся, захлынаючыся крывёй. Потым яны раптам спынiлiся, нiхто не гаварыў, апроч мяне, у маёй галаве пачыналася каша, а яны паднялi мяне i прымусiлi ўзняць вочы на фетыш, я больш не смяяўся. Я ведаў, што цяпер я адданы яму - каб яму слугаваць i каб iм захапляцца, я больш не смяяўся, о не, я задыхаўся ад страху i болю. I вось тады, там, у гэтай белай хацiне, за гэтымi сценамi, якiя звонку старанна палiла сонца, са скажоным аблiччам i знямоглаю памяццю, я паспрабаваў, але, паспрабаваў памалiцца фетышу, ва ўсiм свеце быў толькi ён, i нават ягоны жахлiвы твар быў меней жахлiвы за ўсё астатняе ў свеце. I тады яны звязалi мне ногi па шчыкалатках вяроўкай, даўжынёй на звычайны крок, i зноў пачалi скакаць, але цяпер ужо перад фетышам, а настаўнiкi выйшлi адзiн за адным.

Калi ж дзверы за iмi зачынiлiся, музыка зайграла зноў, а шаман запалiў з кары вогнiшча i пачаў скакаць i тупаць вакол, высока задзiраючы ногi, доўгi абрыс ягонага цела ламаўся ў кутах белых сцен, дрыжаў на iх роўных паверхнях, напаўняў увесь пакой трапяткiмi ценямi. У адным куце ён накрэмзаў чатырохкутнiк, i жанчыны зацягнулi мяне туды, i я адчуваў на сябе iх сухiя i мяккiя рукi, i яны паставiлi перада мной мiсу з вадой i насыпалi кучку зерня, а потым паказалi на фетыш, i я зразумеў, што мушу ўвесь час глядзець на яго i не зводзiць вачэй. Тады шаман пачаў адну за адной выклiкаць iх да вогнiшча i некаторых бiў, i яны енчылi, а потым iшлi i падалi нiцма перад фетышам, маiм богам, шаман жа тым часам зноў пачынаў скакаць i пасля загадваў кожнай пакiнуць пакой, пакуль не засталася ўсяго адна, зусiм маладая дзяўчына, што сядзела побач з музыкамi i якую ён яшчэ не пабiў. Ён узяў яе за касу i пачаў цягнуць, мацней i мацней, накручваючы касу на кулак, дзяўчына закiнулася назад, вырачыла вочы i выгiналася ўсё больш, пакуль нарэшце не ўпала на спiну. Тады шаман выпусцiў яе i зароў, музыкi адвярнулiся да сцяны, а крык за маскай з квадратнымi адтулiнамi для вачэй мацнеў i рос, здавалася, да немагчымага, i дзяўчына пачала курчыцца на зямлi нiбыта ў прыпадку i нарэшце, стаўшы на карачкi, абхапiла i сцiснула голаў рукамi i таксама закрычала, але цiха i глуха, i тады шаман, нi на хвiлiну не прыпыняючы свайго крыку i ўвесь час пазiраючы на фетыш, узяў яе, порстка i люта, але твару ў дзяўчыны было не вiдаць, бо цяпер ён увесь быў схаваны пад цяжкiмi складкамi задзертага на голаў халата. А я - праз самоту i праз разгубленасць - я, напэўна, таксама крычаў, але, я роў ад жаху, крычаў нешта фетышу, пакуль ударам нагi мяне не адкiнулi да сцяны i я не ўпiўся зубамi ў соль, як цяпер грызу гэту скалу сваiм без'языкiм ротам, чакаючы таго, каго мушу забiць.

Сонца ўжо крыху зрушыла з сярэдзiны неба. Скрозь расшчылiны ў каменi я бачу дзiрку, якую яно прапякае ў распаленай блясе неба, - бы рот, балбатлiвы, як мой, якi ванiтуе нястомна патокамi полымя над палiнялай пустэльняй. На сцяжыне перада мной - нiчога, нiякай былiнкi да самага небакраю, а ззаду, там - яны ўжо, напэўна, шукаюць мяне, не, яшчэ не, адно адвячоркам яны адчынялi дзверы, каб я мог прагуляцца, пасля таго як увесь дзень працаваў у доме фетыша, прыбiраў i абнаўляў ахвяраваннi, а ўвечары пачыналася цырымонiя, i часам мяне бiлi, iншы раз не, але ўвесь час я слугаваў фетышу, фетышу, чыя выява адбiлася ўжо жалезнай пячаткаю ў маёй памяцi, а цяпер - i ў надзеi. Нiколi яшчэ, нiякi бог не апаноўваў мною настолькi i нiколi мяне так не парабашчаў, усё маё жыццё, дзень i ноч, было прысвечана толькi яму, i боль, i адсутнасць болю, цi ж гэта не радасць, - усё залежала ад яго, i нават жаданне, так, нават жаданне - пасля таго, як амаль кожны дзень я быў сведка гэтаму бясплоцеваму i лютаму акту, якi ўжо цяпер толькi чуў, але болей не бачыў, бо як i музыкi, павiнен быў глядзець на сцяну пад пагрозаю быць пакараным. Але калi я, уткнуўшыся тварам у соль, распластаны звярынымi ценямi, што мiтусiлiся на сцяне, слухаў гэты доўгi, працяглы крык, глотка сохла ў мяне, i джгучае, бясполае жаданне сцiскала мне скронi i працiнала жывот. Так iшлi днi i днi, i я ўжо амаль не адрознiваў iх адзiн ад аднаго, нiбыта яны расплаўлялiся ў сляпучай спякоце i ўяўным дрыжаннi салёных сцен, цячэнне часу злiлося ў адзiн невыразны плёхкат, з якога выляталi, праз аднолькавыя iнтэрвалы, крык авалодання i стогны ад болю, адзiн доўгi бясчасы дзень, над якiм панаваў уладарны фетыш, як дзiкае сонца над маiм домам, збудаваным са скал, i цяпер, як тады, я плачу ў няшчасцi i ад жадання, мяне спапяляюць надзея i злосць, i я прагну здрадзiць, i лiжу рулю ў стрэльбы, i лашчу яе душу, недзе там, усярэдзiне, яе душу, толькi ў стрэльбаў ёсць душы, о, сапраўды, у той дзень, як яны адрэзалi мне язык, я навучыўся любiць неўмiручую душу нянавiсцi!

3
{"b":"77876","o":1}