Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён доўга ляжаў на канапе, назiраючы, як неба паступова пачынае цямнець, i прыслухоўваўся да цiшынi. Першыя днi, калi ён прыехаў сюды пасля вайны, яму цяжка было адчуваць гэтую цiшыню. Ён прасiў месца ў маленькiм гарадку каля падножжа спiчастых вяршынь, што аддзялялi пустэльню ад высокiх узгор'яў. Там iшла мяжа з вечным летам, накрэсленая скалiстымi мурамi, зялёнымi i чорнымi з поўначы i ружовымi i бэзавымi з поўдня. Яму далi месца болей на поўнач, на гэтым узгор'i. Спачатку ён цяжка пераносiў самоту i беспрытульнасць гэтых голых абшараў, дзе жылi адны камянi. Барозны часам маглi навесцi на думку, што некаму прыйшло ў галаву займацца тут земляробствам, але разоры рабiлiся толькi дзеля таго, каб нарадзiць у нейкi дзень новы камень, прыдатны на будаўнiцтва. Тут аралi, каб пасля збiраць каменне. Iншы раз, калi ў навакольных лагчынах збiраўся тонкi слой глебы, мясцовыя жыхары саскрабалi яго, каб угноiць зямлю ў чэзлых садках сваiх вёсак. I так было паўсюль, каменне займала тры чвэрткi гэтай краiны. Тут нараджалiся, квiтнелi i потым знiкалi гарады, жылi, любiлi цi ненавiдзелi i ўрэшце памiралi людзi. У гэтай пустэльнi нiхто, нi ён, нi гэты араб не значылi нiчога. I ўсё ж Дару ведаў, што далёка ад гэтых краёў, на чужыне, яны не здолелi б знайсцi сабе людскага жыцця.

Дару ўстаў, з класнага пакоя не даносiлася нiякiх гукаў. Настаўнiк здзiвiўся той шчырай радасцi, якая ахапiла яго пры адной толькi думцы, што араб уцёк, што ён зноў застаўся адзiн i яму нiчога не трэба вырашаць. Але вязень быў на месцы. Ён толькi лёг i выпрастаўся на ўвесь рост памiж печчу i сталом. Ён ляжаў з расплюшчанымi вачыма, утаропiўшы позiрк у столь. У такой паставе яго тоўстыя вусны асаблiва кiдалiся ў вочы i надавалi яму насуплены i незадаволены выгляд. "Хадзi, - паклiкаў Дару. Араб устаў i падаўся за iм. У пакоi настаўнiк паказаў яму на крэсла, што стаяла побач са сталом, каля акна. Араб сеў, па-ранейшаму гледзячы на Дару.

- Есцi хочаш?

- Хачу, - адказаў вязень.

Дару паставiў на стол дзве талеркi, паклаў вiдэльцы. Потым узяў мукi, алею, замясiў у мiсе i запалiў маленькую газавую плiтку. Пакуль праснак пёкся, ён пайшоў пад паветку, прынёс сыру, яек, смокваў i згушчанага малака. Праснак быў гатовы. Ён паклаў яго астыць на падаконнiк i падагрэў разведзенае вадой малако. Разбоўтваючы ў малацэ яйкi, ён выпадкова крануў рэвальвер, якi ляжаў у правай кiшэнi. Тады ён адставiў мiсу, прайшоў у класны пакой i засунуў рэвальвер у шуфляду пiсьмовага стала. Вярнуўшыся, ён заўважыў, што на дварэ пачынае цямнець. Ён запалiў святло i паклаў арабу яечнi. "Еш", - сказаў ён. Той узяў кавалак праснака, хацеў ужо есцi, але не стаў.

- А ты? - спытаўся ён.

- Еш. Я зараз таксама буду.

Тоўстыя вусны трошкi растулiлiся, араб вагаўся. Але нарэшце рашуча ўкусiў праснак.

Падсiлкаваўшыся, ён зноў глядзеў на настаўнiка.

- Гэта ты - суддзя?

- Не, ты ў мяне застанешся да заўтра.

- Чаму ты ясi са мной?

- Таму, што галодны.

Араб змоўк. Дару падняўся i выйшаў. Ён прынёс з-пад павецi раскладны ложак, паставiў яго перпендыкулярна да свайго, памiж сталом i грубкай. З вялiзнага чамадана, якi стаяў у куце замест палiцы пад розныя паперы, ён дастаў два прасцiрадлы i паслаў iх на прынесеным ложку. Потым выпрастаўся, адчуў, што цяпер можна адпачыць, i сеў на канапу. Усё было зроблена, усё было падрыхтавана. Заставалася адно: глядзець на араба. I ён глядзеў, намагаючыся ўявiць сабе яго твар у гневе. Яму гэта не ўдавалася. Ён бачыў толькi яго цёмныя i адначасова блiскучыя вочы i вялiкi, нiбыта ў жывёлiны, рот.

- Чаму ты яго забiў? - спытаўся Дару i здзiвiўся варожасцi свайго голасу.

Араб адвёў вочы.

- Ён хацеў уцячы. Я пабег за iм.

Ён зноў зiрнуў на настаўнiка, i ў яго вачах можна было прачытаць нешта накшталт пакутлiвага пытання.

- Што цяпер са мной зробяць?

- Табе страшна?

Араб увесь напружыўся i зноў адвёў вочы.

- Ты шкадуеш, што забiў?

Араб зiрнуў на Дару, разявiўшы рот. Было вiдаць, што ён не разумее. Дару гэта пачынала злаваць. Але разам з тым ён адчуваў сябе неяк няёмка, ненатуральна, зацiснутым сваiм дзябёлым целам памiж двух ложкаў.

- Кладзiся, - нецярплiва сказаў ён. - Гэты ложак табе.

Араб не варухнуўся. Ён гукнуў Дару:

- Скажы...

Настаўнiк зiрнуў на яго.

- Жандар заўтра вернецца?

- Не ведаю.

- А ты пойдзеш з намi?

- Не ведаю. Чаму цябе гэта цiкавiць?

Вязень устаў i лёг проста на прасцiрадлы нагамi да акна. Святло ад лямпачкi бiла яму ў вочы, i ён iх адразу заплюшчыў.

- Чаму цябе гэта цiкавiць? - паўтарыў Дару, устаўшы з ложка.

Араб расплюшчыў вочы i глядзеў на яго, намагаючыся не мiргаць пад яркiм электрычным святлом.

- Хадзем з намi, - сказаў ён.

Была сярэдзiна ночы. Але Дару ўсё яшчэ не спаў. Перад тым як легчы ў ложак, ён цалкам раздзеўся, бо звычайна спаў голы. Аднак калi ён застаўся без вопраткi, яго чамусьцi апанавала нерашучасць. Ён адчуў сябе безабаронным, i яму захацелася адзецца зноў. Урэшце ён толькi пацiснуў плячыма: з iм здаралася ўсякае, i калi спатрэбiцца, ён скруцiць гэтага араба ў абаранак. Ён мог назiраць за iм са свайго ложка i бачыў, як араб па-ранейшаму нерухома ляжыць на спiне i рэзкае святло б'е яму ў заплюшчаныя вочы. Дару патушыў лямпачку, i ўвесь пакой адразу патануў у сляпым чорным змроку. Але патроху ноч зноў ажыла за акном, дзе цiха плыло бяззорнае неба. Хутка настаўнiк разгледзеў распасцёртае побач цела араба. Той па-ранейшаму не варушыўся, але здавалася, што вочы ў яго расплюшчаныя. Лёгкi ветрык гуляў вакол школы. Мабыць, ён разгонiць хмары, i тады зноў вернецца сонца.

Уначы вецер памацнеў. Крыху паквакталi куры, потым сцiхлi. Араб павярнуўся на бок, спiнай да Дару, i настаўнiку здалося, што ён застагнаў. Дару пачаў прыслухоўвацца да яго дыхання, якое зрабiлася больш роўным i глыбокiм. Ён чуў яго блiзкi подых i мроiў, хоць так i не мог заснуць. Яго бянтэжыла прысутнасць гэтага араба ў пакоi, дзе вось ужо год ён спаў адзiн. Яна бянтэжыла яго i таму, што азначала пэўную еднасць з арыштантам, еднасць, якую ён не мог прыняць у гэтых абставiнах i якую добра ведаў. Людзi, якiм даводзiцца спаць у адным пакоi, салдаты цi вязнi, злучаюцца памiж сабою дзiўнаю, таямнiчаю сувяззю; скiнуўшы з сябе разам з вопраткай свае абарончыя даспехi i нягледзячы на ўсю сваю рознасць, яны нiбыта яднаюцца ў адзiнай спрадвечнай суполцы стомы i сну. Але Дару схамянуўся, яму не падабалася ўсё гэта глупства, трэба было спаць.

3
{"b":"77800","o":1}