IV
Юрка бег у сваю скрайнюю, найдалейшую за ўсiх палатку, як-бы старт меўся быць ужо, зараз во, i ён ня ўхопiць падрыхтавацца. Гнала яго тая шалёная думка, што раптам выблiснула пад канец гаворкi зь Вiктарам.
- Але, дадому - хоць раз добра вырзаў дурны Жарабец, - праказаў ён сам сабе ўжо ля самое свае палаткi, i тут-жа палахлiва азiрнуўся, цi не пачуў хто. Блiзка ня вiдаць было нiкога...
Толькi як гэта зрабiць - трэба абдумаць зараз канкрэтна, грунтоўна, а галоўна - бяз панiкi, спакойна. Каб i назад як зьвярнуцца? Не, як скочыш далоў - назад ужо дудкi... Дый навошта? Там-жа Вера, дык якраз будзе зь ей i адзiн... А гэтыя два тут застануцца - яшчэ лепш. Але як сама Вера гэта прыйме? Не, хiба-ж не "патрыятычна" - чаму-ж сама засталася пад акупацыяй, калi Вiктар прыйшоў сюды (ня хлусiць-жа хiба). I якраз гэтым цяпер можна й заваяваць яе канчальна, што для яе-ж скочыў. А вайны гэтае й лётаньня ён мае ўжо аж за самае годзе, хай iншыя даваёўваюць, хто хоча, усё роўна, перамога - вiламi па вадзе, дзе... А так - яны будуць разам iзь Верай, што-б там ня было. I якое ўва ўсiм гэтым вар'яцтва, шаленства, як здалося было адразу?
I Юрка супакоiўся канчальна на цьвёрдай, непахiснай пастанове: сяньня ён пакiне i гэтую эскадрыльлю, i Вiктара з Валiкам, i "Макрыцу", i ўсю гэтую "доблесную, непераможную". I назаўсёды. З парашутам - далоў, у "каханы горад", дадому, хоць i няма яго ў бяспрытульнага Юркi, але - да Веры... Дык рыхтавацца, бо старт - нязвычайны будзе старт...
Ды вось адразу - першая "закавыка": як-жа зь iм, iз гэтым штурманам-радыстым Гадэнкам? Бо, дазволiўшы на ўтварэньне "сяброўска-зямляцкага", ледзь не нацыянальна-беларускага зьвязу, пабаялiся-ж пакiнуць яго чыста такiм, дадаўшы, на ўсякi выпадак, штурманамi чужых. Што праўда, сваiх i ня было пад рукамi.
Добра, хоць цяпер гэтага Гадэнкi тут, у палатцы, няма...
- Трэба пачысьцiць рэвольвэр, - iзноў праказаў уголас Юрка. Ён ня любiў свайго штурмана й без таго. Не падабалася яму навет i тое, што прозьвiшча ў гэтага палтаўца - гатовая мянушка, перарабляць ня трэба. I здавалася, што штурман добра й апраўдвае гэнае прозьвiшча-мянушку. Усюды, гад, мяшаецца, крытыкуе, устаўляе свае тры грошы, а сам - доўбня-доўбняю. Падазравалася навет, што ён сочыць Юрку, ды цi ня зь Вiктаравага даручэньня - "сачком" у "сачкома"... Дык гаду хай i будзе гадава... Нi здагадацца, нi зварухнуцца ня ўхопiць - гэткi цяльпук...
Толькi - не: пакуль яго няма, трэба перш iз вопраткай якi парадак даць ня будзеш-жа там франтаваць у гэтым "сакалiным", сваё цывiльнае трэба паднiз, каб гэта пасьля - ськiнуў i пайшоў сабе...
Юрка борзьдзенька распрануўся, дастаў з куфэрка свой адзiны й сьвяточны дагэтуль, людзкi, як называў ён, цывiльны гарнiтур. Так, цяпер на гэта адразу - камбiнэзон... I анi ня знаць толькi што мо зараньня яшчэ гэтак выстраiўся... Ды хто там спасьцеражэ, i што ў гэтым нязвычайнага? Ага, вось i грошы тут добра, што не распусьцiў. Хоць, зрэшты, ня было й на што. Плацяць, што праўда, добра - за добрую й рызыку, толькi цяпер - навет паўлiтра ня купiш звыш таго што "ў прафэсii" "для запраўкi" належыць... Ага, i гэтага рэшткi трэба "зьнiшчыць", "каб i люлька не дасталася ўражаму ляху"... Але пасьля лепш, перад самым адлётам, якраз - для настрою... А грошы - прыдадуцца, пэўна прыдадуцца...
I Юрка ўзяўся чысьцiць сваю зброю, якая мелася сяньня выканаць ня зусiм прыемную ўсё-ж рэч, але бяз гэтага ня выйдзе нiчога... Не, ужо каго-каго, а Гадэнкi не шкадаваць... Ня йдзе вось - хай адгуляе сваё апошняе на гэтым сьвеце, i - марш...
Няўзнак, сам сабою накруцiўся той матыў, якi нядаўна гундосiў iм Жарабцоў. Добрая мэлёдыя, хоць ужо й цяпер для Юркi яна павiнна быць "iхнаю", але ўсёдна - добрая. Упраўляючыся з рэвальвэрам, Юрка сьцiху насьпёўваў сам сабе тое:
Каханы горад сябру усьмiхнецца,
Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...
Апошняя думка спынiла яго яшчэ на мамэнт: хiба гэта ён - адзiны з трох найразумнейшы, што ягоную галаву наведала раптам такая генiяльная iдэя? Што, калi й з гэных двух каторы падобна разважыў i - наважыў? Вiктар - дык напэўна не: ён нiзашта ня кiне свае, так блiзскучае, кар'еры тут, ардэноў, якiя ўжо перад iм маячаць... Быў-жа ўжо апынiўся на тым баку, i зь Вераю бачыўся навет - назад усё-ж прыгнала. Але - Валiк? Бедны Валiк, якую "сьвiньню" падлажыў яму сяньня гэты сьмярдзюх. Аднак, бадай, мае рацыю: Верын дом сяньня будзе ў поўнай бясьпецы, гэтага "Сьнягурачка" дапiлнуе, як свайго вока. А дадумацца да такой iдэi, як у Юркi, ды адважыцца пагатоў - цi-ж стане на гэта "авечкi"?
I зноў, супакойваючы й абнадзейваючы, выплыла слаўная, задушэўная мэлёдыя на тых самых словах:
Знаёмы дом, зялёны сад
I той пагляд...
V
Валiк ляжаў нярухома на сваiм паходным ложку, уталопiўшыся ў вадзiн пункт перад сабою распаленымi вачыма. Гэтым пунктам выпадкам сталася маленькая, акуратненькая кругленькая дзiрачка ў палатне палаткi, прабiтая куляю. Празь яе вiдаць было чыстае, ужо цёмна-сiняе неба. Дзiрачку нядаўна зрабiў Юрка, як быў у Валiка ў палатцы i, п'яному, заманулася яму застрэлiць iз рэвальвэра муху, што сядзела была на тым месцы. "Куля прабiла маленькае вакенца ў неба", падумалася, прыгадаўшы гэта, Валiку. Але гэтая думка ня спынiла на сабе тымчасам ягонае ўвагi, склiзгануўшы й зьнiкшы, як i ўсе iншыя, ды варочаючы ўсё назад да таго аднаго - што за подласьць зрабiў яму Вiктар, i што наагул будзе сяньня, за гадзiну-другую, зараз во... Гэта мучыла й пякло, i кавалачак неба ня мог анi супакоiць, анi ўцiхамiрыць сваёй чыстаю сiняй. Можа замалы быў ён на гэта. I Валiк, хоць увесь час глядзеў на яго, не заўсёды й бачыў, апанаваны цяпер сваёй нявымоўнай пакутаю.
...А гэтая скацiна, Жарабцоў, iржэ й лезе з агiдным сваiм лапаньнем. Можа й праўда, такому - i на свой родны горад, як любяць яны казаць - "напляваць", i ўсёроўна, што "напляваць" - сыпаць у яго бомбы, сеючы пажары, руiны, сьмерць. Можа ў iх ува ўсiх i праўда няма Бацькаўшчыны, цi бо ёсьць, але толькi "сацыялiстычная", i зьнiкае тады, як воляю лёсу стаецца "абшарамi", хоць i "часова", але "акупаванымi ворагам". Ды што там - пэўна-ж, на Валiкавай Бацькаўшчыне ўсiм iм няма бацькаўшчыны, ня можа быць дый быць не павiнна.
А Вiктар, Юрка? Вiктар - зусiм такi, як усе яны, мо яшчэ й больш, а ў подласьцi - дык пэўна. Юрка-ж iз школы знаны сваёй "нязвычайнай лёгкасьцяй у думках". Будзе сабе бястурботна раськiдваць направа й налева, абы куды, Галушка - галушкi... Не, ня сьмешна. Яму, Валiку, аднаму балiць гэта i за сябе, i за iх, i за...