Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Але ж дзеля гэтага вас i садзяць у турму, - сказаў ён.

- Як гэта дзеля гэтага?

- Ну але ж! Бо вас пазбаўляюць свабоды, а свабода якраз у гэтым i ёсць.

Я нiколi не думаў пра гэта. I словы наглядчыка здалiся мне слушнымi.

- Ваша праўда, - сказаў я. - Iначай што б гэта было за пакаранне?

- Вядома! Вось вы разумееце. А iншыя - не. Праўда, яны ўрэшце самi сабе робяць палёгку.

Пасля гэтага наглядчык пайшоў.

Была яшчэ праблема - цыгарэты. Калi я трапiў у турму, у мяне забралi пас, матузкi з чаравiкаў, гальштук i ўсё, што ляжала ў кiшэнях, у прыватнасцi цыгарэты. Апынуўшыся ў адзiночцы, я папрасiў, каб мне iх аддалi. Але мне сказалi, што гэта забаронена. Першыя днi было вельмi цяжка. Тое, што не было тытуню, прыгнятала мяне, мусiць, больш за ўсё. Я смактаў трэскi ад дашчанага ложка. Увесь дзень мяне нудзiла. Я не разумеў, чаму мяне пазбаўляюць таго, што нiкому не прыносiць нiякай шкоды. Але пазней я ўцямiў, што гэта таксама ўваходзiць у пакаранне. Праўда, палiць на той час я ўжо адвык, i пакараннем мне гэта больш не было.

Калi ж не лiчыць гэтых невыгод, я быў не такi ўжо няшчасны. Уся праблема зноў жа ўпiралася ў тое, якiм чынам прабавiць час. I калi я навучыўся ўспамiнаць сваё мiнулае, мне нарэшце ўдалося пазбавiцца ад нуды. Часцей за ўсё я думаў пра свой пакой, я ўяўляў, што стаю ў адным куце, i пачынаў рухацца ўздоўж сцен. Я перабiраў у думках усё, што мне траплялася, пакуль не вяртаўся ў той самы кут. Спачатку ў мяне гэта выходзiла неяк хутка. Але кожны раз, як я пачынаў зноў, займала ўсё болей часу. Я перабiраў усю мэблю, дзе што стаiць, дзе што ляжыць - кожную рэч, кожную дробязь, дзе якая iнкрустацыя, дзе расколiнка, дзе край вышчарблены, што якога колеру, якое навобмацак. У той жа час я стараўся не зблытаць чарговасцi i нi пра што не забыцца. Праз некалькi тыдняў я ўжо цэлымi гадзiнамi мог займацца толькi тым, што пералiчваў рэчы ў сваiм пакоi. Чым больш я думаў i прыгадваў, тым больш у маёй памяцi ўзнiкала новых дробязяў, на якiя раней я зусiм не зважаў. I я зразумеў тады, што нават той, хто пражыў усяго адзiн дзень, мог бы сто год спакойна правесцi ў турме. Яму б хапiла ўспамiнаў, каб не знудзiцца. У пэўным сэнсе, успамiны - вялiкая выгода.

Ну, i пасля яшчэ - сон. Спачатку ўначы я спаў дрэнна, а ўдзень - наогул не мог заснуць. Але патроху з ноччу справа наладзiлася, дый удзень спаць я таксама навучыўся. Апошнiя месяцы я спаў шаснаццаць - васемнаццаць гадзiн на суткi. Заставалася прабавiць толькi шэсць гадзiн, на што iшлi ежа, натуральныя патрэбы, успамiны i гiсторыя пра чэха.

Справа ў тым, што аднойчы я знайшоў на ложку прылiплы знiзу да сеннiка жоўты i амаль празрысты кавалак газеты. Гэта быў урывак з крымiнальнай кронiкi, пачатку не ставала, але дзея, вiдаць, адбывалася ў Чэхаславакii. Нейкi чалавек пакiнуў родную вёску, каб пашукаць шчасця ў iншых краях. Праз дваццаць пяць гадоў, ужо багаты, з жонкаю i дзiцём ён вярнуўся дадому. У роднай вёсцы яго сястра i мацi трымалi невялiчкi заезны двор. Каб здзiвiць крэўных, ён пакiнуў жонку з дзiцём у iншым месцы, а сам пайшоў да мацi - i тая яго не пазнала. Тады, дзеля жарту, яму захацелася зняць пакой. Ён пахвалiўся сваiмi грашыма. А ўначы мацi з сястрой забiлi яго малатком, абрабавалi i выкiнулi труп у раку. Ранiцай прыйшла яго жонка i, нiчога не ведаючы, паведамiла, хто быў гэты падарожнiк. Мацi павесiлася. Сястра кiнулася ў студню. Я перачытваў гэту гiсторыю, мусiць, тысячу разоў. З аднаго боку, яна была неверагодная. Але з другога - абсалютна натуральная. Ва ўсякiм выпадку, я думаю, што гэты чалавек атрымаў у пэўнай ступенi тое, чаго заслужыў - нiколi не трэба прыкiдвацца.

Вось так я гадзiнамi спаў, успамiнаў, чытаў урывак сваёй кронiкi, святло пераходзiла ў цень, i час iшоў. Я, вядома, чытаў некалi, што ў турме паняцце часу знiкае. Але тады я не бачыў у гэтым вялiкага сэнсу. Я не разумеў, якiм гэта чынам дзень можа быць адначасна кароткi i доўгi. Зразумела, ён быў доўгi - бо доўга было яго перажыць, але нарэшце ўсе яны расцягвалiся настолькi, што пачыналi наплываць адзiн на адзiн, зблытвалiся i гублялi сваё iмя i твой твар. Толькi словы "ўчора" i "заўтра" не страцiлi яшчэ свайго сэнсу.

Аднойчы наглядчык сказаў, што я сяджу тут ужо пяць месяцаў, i я паверыў, але ўцямiць не змог. Для мяне ўсё гэта быў адзiн дзень, ён хваляю набягаў у маю камеру i адыходзiў, нiбыта прыбой, i мэта ўвесь час у мяне была адна. Калi наглядчык пайшоў, я ўзяў бляшаную мiсу i зiрнуў на свой твар. Мне падалося, што ён застаецца сур'ёзны нават тады, калi я стараюся яму ўсмiхнуцца. Я пачаў круцiць мiсу ў розныя бакi, я трос яе. Я ўсмiхаўся, але адбiтак глядзеў на мяне па-ранейшаму змрочна i сумна. Дзень канчаўся, i гэта быў той час, пра якi я не хачу гаварыць, час без iмя, калi астатнiя вячэрнiя гукi ўздымаюцца з усiх паверхаў турмы, каб хутка ацiхнуць, пакiнуўшы ўладу цiшынi. Я падышоў да акенца i ў апошнiх водблiсках шэрага святла зноў зiрнуў на адбiтак. Ён быў гэткi ж сур'ёзны, i што тут дзiвiцца, калi цяпер i я быў такi? Але раптам, першы раз за доўгiя месяцы, я выразна пачуў свой голас. Ну але, гэта ён гучаў у маiх вушах усе гэтыя днi, i я зразумеў, што ўвесь гэты час я гутарыў сам з сабою. Тады я прыгадаў, што сказала сядзелка на мамiным пахаваннi. Праўда, выйсця не было, i нiхто не здольны ўявiць, што такое вечар у турме.

III

Можна сказаць, што, увогуле, адно лета вельмi хутка змянiлася новым. Я ведаў, што з прыходам спёкi ў маiм жыццi нешта пераменiцца. Мая справа была вынесена на апошнюю сесiю суда, якая мелася скончыцца ў чэрвенi. Калi працэс адкрыўся, на двары ўсё зiхцела ад сонца. Адвакат запэўнiў мяне, што ўсё зойме не больш як два цi тры днi.

- Суд не будзе марудзiць з вашаю справай, - сказаў ён, - яна не сама важная ў сесii. Адразу пасля вас будзе хлопец, якi забiў свайго бацьку.

А палове восьмай ранiцы па мяне прыйшлi, пасадзiлi ў турэмную машыну i завезлi ў Палац правасуддзя. Два жандары правялi мяне ў невялiчкi пакой, дзе пахла вiльготнай цемрай. Мы селi i пачалi чакаць, з-за дзвярэй даносiлiся галасы, крыкi, соўганне крэслаў, нейкая валтузня, i мне адразу падумалася пра вясковае свята, калi ў зале пасля канцэрта ўсё прыбiраюць, каб наладзiць скокi. Жандары сказалi, што трэба чакаць, калi пачнецца паседжанне, i адзiн прапанаваў мне цыгарэту, але я адмовiўся. Крыху пасля той спытаў:

16
{"b":"77587","o":1}