Литмир - Электронная Библиотека

Крок за крокам спускаючыся ўніз, Алесь не пераставаў махаць ліхтарыкам. Часта свяціў пад ногі і вакол сябе. Святло казала пра тое, што падвал глыбока схаваны, а металічная лесвіца праходзіла праз бетонныя кольцы, мацавалася за іх і вяла пад зямлю. Хлопец сільнымі рукамі моцна хапаўся за халодную, злёгку вільготную канструкцыю. Чорныя туфлі з гладкай падэшвай насцярожвалі яго. Можна было паслізнуцца і зваліцца на дно.

Спусціўшыся ў падвал, Алесь павярнуўся, стаў спіной да лесвіцы, і, асвятліўшы ўсю прастору перад сабой, агледзеўся. Унутры прахалоднага памяшкання не было Віктара. Нібы цяжкі груз упаў з душы Алеся, і ён з палёгкай выдыхнуў. Тады ж, ён яшчэ больш паверыў у тое, што бацька жывы. Побач, справа, хлопец знайшоў рубільнік і тут жа тузануў уверх рычаг – уключылася святло ў падземным пакоі. Бетонна-сталёвая канструкцыя сцен, апор, столі і падлогі больш нагадвала прытулак. Усе рэчы і прадметы, былі добра расстаўленыя на шматпалоснай канструкцыі ў левай чыстай сцяны. Астатнія сцены былі цалкам распісаны белым маркерам: малюнкі людзей, іх зброя, караблі, пачвары, маскі. Шмат надпісаў на незразумелай для Алеся мове. Было падазрона. Алесь задаваў сабе занадта шмат пытанняў, адзін з якіх быў: «Чаму я ніколі раней не чуў, што ў хаціне ёсць падвал?». Усё больш цікавячыся гэтым месцам, хлопец павольна рабіў маленькія крокі наперад, разглядаючы ўсё вакол сябе. Тут ён знайшоў клетку для птушак, вельмі шмат розных датчыкаў. І раптам, на невялікім тонкім жалезным стале, ён убачыў скураны карычневы аброжак з гравіроўкай, святло адлюстроўвала пазалочаную пласціну, што вабіла Алеся да сябе. Хлопец павольна ўзяў аброжак у рукі і прачытаў слова на квадратнай пласціне: «Джэм». Гэта было імя таго самага сабакі, што знік калісьці недалёка ад горада, імя якога Алесь прачытаў на знойдзенай лістоўцы. Хлопец цяжка задыхаў. Ён адкінуў аброжак, адышоў ад яго. Зноў, хутка разгледзеў усё памяшканне. Яго ахапіла злосць, лёгкая паніка. Ад не разумення і ад душэўнай стомы, хлопец імгненна здаўся. Уся нявырашанасць і адчай, у спробе знайсці наступную «хлебную дробку», прывяло яго да таго, што ён апусціў рукі. Хлопец спалохана сеў на халодную бетонную падлогу, абапіраючыся спіной на шэрую сцяну, насупраць рознага сабранага барахла на металічных паліцах. Алесь, ад думкі, што яго бацька выкраў сабаку, злосна перакуліў галаву назад. Стукнуўшыся патыліцай аб цвёрдую паверхню сцяны, ён адчуў боль. Ад гэтага, хлопец імгненна злавесна скрывіў твар і паклаў правую далонь на патыліцу, моцна прыціснуў кароткія светла-русыя валасы. Вочы хлопца глядзелі ўніз на сухую бетонную падлогу. Справа ён заўважыў, як самотна ляжала фігурная адвертка з сіняй ручкай і доўгім металічным стрыжнем. Ён на хвіліну прыпыніў свой погляд на кінутым інструменце. Углядаўся, злаваўся. І ў гэты кароткі момант да яго закралася вар'яцкае цёмнае пачуццё. Алесь хутка і моцна схапіўся за адвёртку. І што ёсць сіл кінуў яе ў металічную канструкцыю. Насупраць, на яе паліцах, было нямала каробак і разнастайных дробных дэталяў, некалькі паяльнікаў, павелічальнае шкло, розныя мяшочкі з парашком, платы, секундамеры. Лятучы прадмет, круцячыся ў паветры, сваім вострым канцом уваткнуўся ў адзін з некалькіх мяшочкаў, што стаялі на трэцяй паліцы, ледзь вышэй сярэдзіны ўсёй канструкцыі. Пасля адвёртка ўпала ўніз, застукала, скачучы па падлозе, спынілася. З прадзіраўленага карычневага мяшочка пасыпаўся серабрыста-залаты пясок. Дробныя пясчынкі, нібы вадаспад, імкліва папаўзлі ўніз. Але на шляху да падлогі пясок наткнуўся на лёгкую папяровую скрынку, якая была, у спешцы, неакуратна пакладзена на ніжнюю паліцу. Алесь глядзеў на край белай скрынкі, які выглядваў, сустракаў і прымаў увесь груз на сябе. Ад гэтага адзін край стаў цяжэй і схіліўся ўніз. Пасля чаго скрынка павольна перакулілася, раздаўшы звонкія ўдары. Тонкі папяровы кантэйнер разарваўся, паказаў усё сваё змесціва. Да ног Алеся пакаціліся тры залатых, ідэальна роўных шара. Памерам яны былі з невялікі апельсін. Яны мякка і ціха наблізіліся да хлопца. І бачачы ўсё гэта, раздражнёныя пачуцці выганяліся, перамяніліся думкі ў галаве хлопца.

Алесь падабраў першы шар, які апынуўся бліжэй да яго правай руцэ. Залацісты шар быў лёгкі, быццам зроблены з кардона, паверхня была цвёрдай і гладкай. Хлопец устаў, пацягнуўся да святла. Пад штучным асвятленнем, для вачэй стала прыкметна лёгкая гравіроўка «Д-4». А на адваротным баку шара – дзве маленькія перасякаючыя паміж сабой драпіны, падобна тым, што ён пакідаў у дзяцінстве пад сталом ці тым, што пакінуў бацька на падлозе пад ложкам. Таямніцы ўсё ніяк не заканчваліся. А падазрэнні вялі Алеся да нейкай разгадкі. І цяпер, дваццацішасцігадовы хлопец быў ужо не так схільны да страхаў. Яму хацелася прадоўжыць пошукі, якія былі без адказаў і з інтрыгуючымі падзеямі гэтага нялёгкага дня.

Абышоўшы ўсе часткі сцяны, Алесь разгледзеў усе насценныя надпісы, сімвалы і малюнкі, пакінутыя яго бацькам. Стала яшчэ больш заблытана. Хлопец заплюшчыў вочы і падумаў пра бацьку, прасіў у яго больш ясных падказак. Пры гэтым Алесь павольна круціў у сваёй буйной далоні таямнічы шар. Круціў яго, лёгка дакранаючыся, перабіраў пальцамі. Затым ён спыніўся, калі вялікі палец правай рукі крануў метку «х». У гэты момант Алесь адчуў мімалётны боль. Вострая іголка, што вылезла з цэнтра перасячэння двух кароткіх ліній прама з сярэдзіны знака, імгненна пракалола скуру, праліў толькі кроплю крыві. Алесь хутка выпрастаў параненую далонь, зірнуў на палец. На яго вачах крывяная кропка згарнулася, рана знікла, не пакінуўшы і следу. А на шары цёмна-чырвоная вадкасць заліла сабой западзіны адзнакі «х» і застыла ў ёй.

У гэты позні вечар, які пераходзіў у ноч, твар хлопца быў нячулым, а сэрца бегла марафон. І праз адну долю секунды, шар ператварыўся ў маланкавы жоўты выбліск, пасля якога, цела Алеся ўміг выпарылася, знікла з падвалу.

3.

Залаты шар імгненна перанёс Алеся на іншы бок. Не зрабіўшы першы крок, хлопец стаяў на драўлянай падлозе і імгненна замёр з працягнутай рукой. Быццам трымаў у далоні шар, якога ўжо не было ў руцэ. Нешта спыніла хлопца, перахапіла яго хуткае дыханне. Апынуўшыся ў невялікім светлым памяшканні, хлопец адразу ж павярнуўся, паглядзеў сабе за спіну. За ім цяпер стаяла без ваконная сцяна з тоўстых свежых бярвенняў. Бацькоўскі падвал бясследна знік. Алесь быў разгублены, спалоханы, не разумеў, дзе ён знаходзіцца. І адчуваючы лёгкі дыскамфорт у галаве, ён не прамовіў ні слова. Што ж адбылося з ім за імгненне часу? Гэта толькі трэба было даведацца Алесю.

У цёплым памяшканні было мала мэблі: адна лаўка, ды доўгі стол. Алесь аглядаўся, а думкі ў галаве блыталіся і не пакідалі яго ў спакоі. Думкі, быццам хаос незвязаных слоў, што шукаюць сваё месца, пакуль ён прыбываў у новым свеце. Перад ім, на лаве, за белым накрытым сталом сядзеў малады рудавалосы юнак, у чыстай белай кашулі, у шырокіх шэрых нагавіцах і ў лапцях. З выгляду, гадоў яму было дзесьці пятнаццаць. На яго далікатнай шыі свабодна вісеў чырвона-зялёны бранзалет, які быў не таўсцей паказальнага пальца хлапчука. Юнец трымаў у руцэ драўляную лыжку і, не заўважаючы Алеся, звонка хлюпаў боршч. За спіной хлапчука было квадратнае акно, якое ўпускала ў памяшканне мяккае святло. Па краях вісеў бел-чырвоны цюль. Алесю было відаць як за акном у двары стаяў чорны конь, а каля яе маячыў нейкі стары. Алесь, з хвіліну, моўчкі стаяў у пакоі. Галава па-ранейшаму налівалася цяжарам, усё павольна плыло каля яго.

У пабудове пахла свежай драўнінай, лётала пара маленькіх чорных мух. Было цёпла, утульна і чыста.

Калі ж у пакой увайшла нізкарослая тоўстая бабулька, сапучы сваім тонкім носам, Алесь тут жа заварушыўся, апусціў правую руку. Затым ён зрабіў крок назад, прыціснуўся спіной да сцяны і паглядзеў на яе маршчыністы твар. Пажылая жанчына была прыгожа апранутая: бел-чырвоныя ўзоры ўпрыгожвалі шэрае ўбранне, на галаве была чырвоная хустка. Яе кароткую старую шыю атачаў такі ж чырвона-зялёны лёгкі бранзалет, што быў на юнаку. Бабулька трымала ў руках свежы, толькі што выпечаны хлеб, падносіла яго да стала. У тую ж секунду, яна, краем вока, заўважыла чалавечы цень і імгненна павярнулася.

4
{"b":"774738","o":1}