Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Кiра маўчала.

Яна ў той вечар наогул не азвалася словам. Выйшла з кухнi ў пакой гаворка адбывалася ў кухнi, за абедам - напахнёны сьвежымi кветкамi, i там глядзела тэлевiзiйную праграму. Сьцяпан прыхiнуўся да акна, таго самага, ля якога ў зiмовую пору ажыў павук, i прыглядаўся да вулiчнага руху. Ён любiў наглядаць за паводзiнамi пешаходаў i машынаў, знаходзячы ў гэтым яснасьць сваiм думкам. Кiра, калiсьцi застаўшы яго пад час такiх назiраньняў, спужалася. Здарылася што? Га? Кажаш, нiчога... Дык чаго глядзiш туды, што? Нехта сочыць за нашай кватэрай? Нiхто, кажаш, ня сочыць... Ну, што цiкавага ты ўгледзеў там? Адыйдзi ад акна, бо суседзi падумаюць, што мы - пляткары, цiкуны языкiя, гультаi! Што? Так могуць думаць у вёсцы? А Беласток - горад?

У Сьцяпана Сумленевiча нараджалася крыўдаваньне на жонку. Гэтае пачуцьцё яшчэ ў iм не ўстаялася, i можна было-б пазбыцца яго. Але ён ня вельмi хацеў таго.

Сам аб тым ня ведаючы, ён iмкнуўся пакрыўдзiць Кiру. Ня раз будучы сам пакрыўджаным, ён знаходзiў палёгку ў сварлiвай гутарцы зь ёю, у тым, каб давесьцi яе да разгубленасьцi, пужлiвай няўпэўненасьцi. Такое й было ягонае крыўдаваньне: пакрыўдзiць таго, хто адчуваў гэтаксама, як ён.

3

Сумленевiч быў блiзкi зразумець тое, менавiта, у час водпуску, сонечнага, праведзенага ў кэмпiнгу каля возера. Кiра, высьвежаная бесклапоцьцем, з аднолькавай сымпатыяй адносiлася да жанчынаў i мужчынаў. Яна нават папрасiла ў Сьцяпана прабачэньня за некалi ўчыненую яму вымову: "Я, Сьцёпачка, думала, што ты заляцаесься да чужых... Разумею, дурная, што быць да кагосьцi мiлым не заўсёды зьяўляецца пазнакаю чагосьцi iншага... Прабач, Сьцяпулёк!" Пацалавала яго: спачатку ў шчаку. Перажылi яны тады цудоўную ноч каханьня, пасьля якой ледзь пасьпелi на абед у прыазёрнай сталоўцы. "Ты абдымаў мяне ў сьне", шаптала Кiра, каштуючы гарачы суп. I ад гэтых яе словаў успомнiлася яму, што меў страшэнны сон. Кiра, адна, сядзела ў палатняным крэселцы на ганачку домiку й - гэта зьдзiвiла Сьцяпана найбольш - курыла зьверабойныя папяросiны даўняга вырабу; яна заклала нагу на нагу, чаго, таксама, нiколi не рабiла. Навокал трымцела гарачыня й пахлi смалою сосны. З суседняга домiку выйшаў франт з вусiкамi, зграбны ды загарэлы, у штонiках калiфарнiйскай кройкi. Кiра павабiла яго пальцам, сказала: хадзi. Расьсьмяялася поўным зубоў ротам, агледзелася, устала, падняла рукi й працягнулася, быццам кошка, гiдлiва адкiнуўшы ў бок папяросу. Вусiк - так назваў франта Сьцяпан - выпнуў грудзi, паказваючы мускулы, ад якiх блiшчэла сiлаю. Ну, хадзi хутчэй, няма часу, панукала яго Кiра, узяўшыся расшчэмленымi пальцамi за свае набрынялыя грудзi. Той прагна глядзеў на Кiру й не разумеў яе або баяўся. У цябе муж, прамармытаў ён, i Сьцяпану гэта спадабалася. Таму нам трэба хуценька, яна клiкала яго ў домiк, у якiм яны абое неўзабаве зачынiлiся; цераз ваконца вылецеў пакамечаны Кiрын купальнiк. Сьцяпан бегаў вакол, i не ўдавалася яму закрычаць... Дзьверы, тонкiя й скрыплiвыя, расчынiлiся, i зь iх выбег, голы, той-жа Вусiк, а за iм Кiра, пра якую цяжка было сказаць, што яна выгледзела засаромленай, хоць яе твар аказаўся заслонены вялiзным саламяным капялюхам, процiсонечным, мэксыканскай формы, з бруднай стужкай сiняга колеру. Ляпаючы далонямi па сваiх незагарэлых азадках, яна прасiла Вусiка, якi на хвiлю прыпынiўся: скажы суседу, каб i ён хуценька йшоў да мяне. Павярнулася, засьмяялася да Сьцяпана, хiба каб прыхаваць гэтым сваю зьбянтэжанасьць, i далiкатненька скокнула ў домiк. Сьцяпану, урэшце, удалося схапiць рукою за клямку...

"Ты абдымаў мяне..."

Абедалi паволi й дакладна; яны папрасiлi дабаўку (хлеба Сьцяпан прынёс зь нiкiм не занятага стала). Пахла воднай прасторай i селядцамi... Сьцяпан успомнiў, што ў фiзычнае каханьне з жонкай ён уяўляе сабе iншых жаданых... Гэта так! Кiра, вядома, не павiнна ведаць аб гэтым зусiм не таму, што ўсё закончылася-б непрыемнасьцю; ён ня здолеў-бы вытлумачыць, што, магчыма, у ёй, мiлай Кiры, знаходзiць тое лепшае, чым надзеленыя знаёмыя яму жанчыны. Больш таго - ён не супроць падобнага i ў яе... Не, нельга расказаць ёй сну зразумее яго проста.

4

"Адносiны памiж мужчынам i жанчынаю - самае галоўнае, самае элемэнтарнае..." - новая сакратарка адносiлася да Сьцяпана Сумленевiча зь беспамылковай ветлiвасьцю й гэта падалося яму крыху ненармальным. Ён дыктаваў ёй у пратакол формулы пастановаў управы; старшыня, перад выездам у мiнiстэрства, папрасiў менавiта яго пакiраваць пасяджэньнем, зрэшты, чарговым i малаважным. Я вас вельмi прашу, гаварыў старшыня... Я, ведаеце, ня быў падрыхтаваны на такую просьбу, адказваў яму Сумленевiч, маючы на ўвазе тое, што ва ўправе не займаў ён нiякага становiшча, зьяўляўся бесфункцыянерным членам. Вы самi дасканала разумееце, чаго варты мой намесьнiк, наракаў старшыня. Прыкра будзе, пане старшыня. Няхай гэта iм будзе прыкра, пане Сумленевiч. Усё-такi, пане старшыня... Я ўсё бяру на сябе. Старшыня дадаў: дзейнiчаць - гэта тое-ж, што ўчыняць людзей разумнейшымi. (Запрапанаваў выпiць па чарцы каньяку.)

Пачуўшы слова "дзейнiчаць", Сьцяпан Сумленевiч пацёр далоняй карак: па нутры прабег яму халадок, бы дакрануўшыся да нечага невядомага. Ён любiў паўтараць, што чалавек столькi варты, колькi зможа паўплываць на рэчаiснасьць, на яе зьмену да лепшага. Выслухоўвалi яго няўважлiва, асаблiва малодшыя, тыя, каму цяжка быць няшчырым. Слухачом вузелi вочы, брала iх на пазяханьне й праяўлялi яны абражальную зацiкаўленасьць нейкай дробязьзю, сьцiральнай гумкай, пашчэрблiнкамi на ёй.

Яго аглушваў гнеў.

- Сваiмi словамi, гэтымi гутаркамi, Сьцяпанка, крыўдзiш людзей, - аднойчы сказала Кiра, перабiваючы яму.

- Як гэта, Кiра?

- Ты, звычайна, маеш жаль да ўсiх за тое, што яны ня роўня табе. Хочаш, каб людзi былi падобныя да цябе. Злуесься, калi хто аказваецца горшы або й няўмекаваты. Нiкога не шануеш.

- Кiра! Я, здаецца, нiкому не сказаў благога слова...

- Ня толькi дрэннае слова абражае.

У Кiры былi свае прычыны дзеля таго, каб так гаварыць. I, як гэта памiж iмi здаралася, выкарыстоўвала яна першую нагоду, каб вылiць набалелае, змоўчанае; выпеставала iдэал жыцьця, пабудаваны з выкрытых памылак Сьцяпана. У прынцыпе - вельмi жаночы, падрабязны.

Сьцяпан, зь некаторым перапалохам, слухаў i глядзеў на яе.

3
{"b":"77205","o":1}