Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Вельмi рады, што вы змаглi прыйсцi, - яшчэ нехта звярнуўся да Леапольда, i той, азiрнуўшыся, убачыў маладых, што вярнулiся з цэнтра залы. Зблiзку Вiкi аказалася сапраўды прыгожай дзяўчынай, якая тулiлася да мужавага пляча, як i належыць сапраўднай маладой.

- Ну, як жа я мог не прыйсцi, - сказаў Леапольд.

- Гэта Тэд, - сказала Вiкi, прадстаўляючы мужа.

Леапольд пацiснуў руку маладога, адзначыўшы ў душы цвёрдасць рукi i прыязнасць вачэй Тэда.

- Наколькi я ведаю, вы - адвакат, - пачаў размову Леапольд.

- Так. Праўда, займаюся ў асноўным грамадзянскiмi справамi, стараюся не звязвацца з крымiнальнiкамi.

Яны пагаварылi яшчэ некалькi хвiлiн, пакуль натоўп гасцей не раз'яднаў iх. Павiнны былi выстаўляць закускi, i найбольш згаладалыя сталi ў чаргу каля сталоў, на якiя падавалiся стравы. Вiкi i Тэд пайшлi да сталоў, каб пачаць усю цырымонiю, а Леапольд узяў яшчэ адзiн бакал пуншу.

- Я заўважыў, што на вулiцы чакае машына, - сказаў, зноў падыходзячы да Леапольда, Фантэйн. - Вы павiнны ехаць на дзяжурства?

- Вось толькi дап'ю бакал i мушу iсцi, - кiўнуў галавой Леапольд.

- Монiка тут, прыехала з Захаду.

- Так, я чуў.

Нечакана пад нацiскам натоўпу з Леапольдам сутыкнуўся хударлявы мужчына з вусiкамi, якi хуценька папрасiў прабачэння. Фантэйн схапiў чалавека за руку i прадставiў яго Леапольду.

- Гэта д-р Фелiкс Тэрзбi. Ён прыехаў сюды разам з Монiкай. Доктар, пазнаёмцеся. Гэта капiтан Леапольд, былы муж Монiкi.

Леапольд нязграбна пацiснуў працягнутую руку, адчуваючы няёмкасць i за новага суразмоўцу, i за сябе.

- Цудоўнае вяселле, - прамармытаў ён. - Вы ўпершыню тут, на Ўсходзе?

Тэрзбi адмоўна пахiтаў галавой.

- Я сам з Нью-Йорка. Але ўжо даўно там не быў.

- Я некалi служыў там у палiцыi, - заўважыў Леапольд.

Яны пагаварылi яшчэ некалькi хвiлiн, i Леапольд пачаў прабiрацца праз натоўп да выхаду.

- Так рана? - спытаў хрыплы незабыўны голас.

- Прывiтанне, Монiка. Колькi часу прайшло...

Леапольд узiраўся ў прыгожую жанчыну сярэднiх год, якая перагарадзiла яму шлях да выхаду. Яна дабавiла крыху ў вазе, асаблiва гэта было бачна па бюсце, у валасах з'явiлася сiвiзна. Толькi вочы ўразiлi i нават крыху напалохалi Леапольда. Такi шалёны позiрк яму даводзiлася заўважаць толькi ў вачах псiхiчна ненармальных злачынцаў.

- Не спадзявалася, што ты прыйдзеш. Думала, пабаiшся мяне, - сказала Монiка.

- Глупства. Чаго мне баяцца?

Зноў зайграла музыка, чарга, нiбыта змяя, пачала нетаропка распаўзацца ад сталоў па зале. Леапольду i Монiцы здавалася, што яны адны сярод пустынi.

- Пройдзем сюды, - сказала яна, - тут мы зможам пагаварыць. - Яна рушыла ў канец залы, агароджанай дзвярамi-гармонiкам. Леапольд, бездапаможна павiнуючыся, пайшоў следам. Монiка адамкнула дзверы i рассунула iх настолькi, каб яны маглi зайсцi ў гэты вольны закутак залы. Потым зачынiўшы i замкнуўшы за сабой дзверы, яна стала да Леапольда тварам. У гэтым пустым пакоi яны засталiся сам-насам.

Пакой быў каля дзесяцi метраў у шырыню i даўжыню з вокнамi ў дальнiм канцы i замкнёнымi дзвярамi-гармонiкам за спiнай Леапольда. У вокны, прадзiраючыся праз галiны дрэў, заглядала сонца, праз прыглушаныя галасы гасцей было чутно цiхае вуркатанне кандыцыянера.

- Памятаеш дзень нашага вяселля? - спытала яна.

- Так. Ну, вядома.

Монiка падышла да цэнтральнага акна, правяла пальцамi па раме, можа, шукаючы засаўку, каб адчынiць яго. Але акно так i засталося зачыненым, калi яна зноў павярнулася тварам да Леапольда.

- Наш шлюб быў такi ж змрочны i пусты, як гэты пакой. Пазбаўлены жыцця, марны.

- Бог сведка, Монiка, я заўсёды хацеў дзяцей.

- Нiчога, апрача гэтай праклятай работы палiцэйскага, ты не хацеў, выбухнула ў адказ Монiка, у яе ў вачах усё мацней палаў агонь гневу.

- Слухай, мне трэба iсцi. Там у машыне мяне чакае чалавек.

- Iдзi. Гэта ты рабiў i раней, цi не так! Iдзi, iдзi! Iдзi на сваю праклятую работу, кiнуўшы мяне адну ў змаганнi, кiнуўшы...

- Гэта ты пайшла ад мяне, Монiка. Памятаеш? - напомнiў ён цiха.

Яна была настолькi безабаронная, што не мела нават сумачкi, каб шпурнуць у яго.

- Зразумела, я пайшла! Таму што мяне чакала кар'ера! I ты ведаеш, што здарылася са мной толькi таму, што ты нс паехаў разам са мной? Ты ведаеш, што здарылася са мной там? У мяне адабралi грошы, самапавагу, рэшткi ўласнай годнасцi. Ператварылi ў шлюху i, атрымаўшы ад мяне ўсё, што змаглi, засадзiлi ў псiхiятрычную бальнiцу на тры гады. Тры гады!

- Я табе спачуваю.

- Кожны дзень там я ўспамiнала цябе. I думала пра тое, што зраблю, калi выйду на волю. Так, я думала пра гэта. Планавала. Меркавала. Так, ты цяпер вялiкi дэтэктыў! Часам аб справах, якiя ты вядзеш, паведамляюць нават у калiфарнiйскiх газетах. - Монiка хадзiла ўзад i ўперад па пакоi, нiбы загнаная ў клетку, з пагрозлiвым выглядам. - Вялiкi дэтэктыў! Але я магу ўсё парушыць, як гэта ты зрабiў са мной.

Леапольд азiрнуўся на зачыненыя дзверы, шукаючы магчымасцi выйсцi. Усё было ў тысячу разоў горш, чым ён меркаваў. Яна была вар'ятка, помслiвая i страшэнна небяспечная.

- Монiка, табе трэба звярнуцца да лекара.

- Я звярталася да лекараў. - Вочы Монiкi звузiлiся. Яна спынiлася каля цэнтральнага акна, стоячы тварам да Леапольда. - Я ехала сюды з Захаду, у гэткую далячынь, бо ведала, што ты прыйдзеш. Гэта месца куды лепш за тваю кватэру цi твой кабiнет альбо вулiцу. Тут за дзвярамi паўтары сотнi сведкаў.

- Чорт, што ты вярзеш!

Вусны Монiкi перакрывiлiся ў жудаснай усмешцы.

- Ты зведаеш тое, што зведала я. Краты, камеру прынiжэнне. Ты зведаеш адчай, якi мучыў мяне ўсе гэтыя гады.

- Монiка...

У той момант яны стаялi адно ад аднаго на адлегласцi, вiдаць, метраў сем. Монiка ўзняла руку, як бы баронячы сябе, потым крыкнула з жахам у голасе:

- Не! О Божа, не!

Леапольд замёр, не здольны крануцца з месца, i тут рэхам па зале грымнуў стрэл. Ён убачыў, як у грудзi Монiкi трапiла куля i яна адхiнулася назад нiбыта ад удару магутнага кулака. Потым неяк так здарылася, што ён выцягнуў з кабуры пiсталет i крутануўся тварам да дзвярэй.

Тыя па-ранейшаму былi зачыненыя i замкнёныя. У пакоi былi толькi Монiка i ён.

Леапольд азiрнуўся i ўбачыў, як яна курчыцца на падлозе, вакол чорнай iрванай дзiркi на сукенцы разлiлася кроў. Леапольд перавёў позiрк на вокны. Яны таксама былi зачыненыя i замкнёныя. Ён патрос галавой, намагаючыся сканцэнтраваць увагу на тым, што здарылася.

2
{"b":"76286","o":1}